Якім быў 2018 год для беларускіх СМІ?
- 24.12.2018
- 5474
Неспакойны год выдаўся для беларускіх медыйшчыкаў. І добра, калі цябе проста з аднаго седала на другое перакінулі, а што, калі шыюць сапраўдную крымінальную справу? Успамінаем, якімі бедамі, пераменамі, казусамі і маленькімі перамогамі быў напоўнены 2018-ы для беларускіх СМІ і вакол іх.
Перамога года: «Беларусь», а не «Белоруссия»
17 студзеня здарылся нешта гістарычнае для ўсіх тых, у каго павека торгаецца ад згадвання ў рускамоўных СМІ міфічнай краіны Белоруссии. Нарэшце Руская служба BBC вырашыла называць Беларусь Беларуссю.
Праўда-1: гэта здарылася найперш таму, што змяніліся трэнды ў пашукавіках, а не таму, што ў кагосьці торгаліся павекі. Проста людзі часцей убіваюць у Google «Беларусь», чым «Белоруссия».
Праўда-2: Meduza, «Афиша Daily» і іншыя папулярныя выданні працягваюць распавядаць нешта пра міфічную краіну Белоруссию, і хоць бы ім хны.
Блакіроўка года: «Хартыя’97» (зноў)
24 студзеня беларускія інтэрнэт-правайдары заблочылі апазіцыйны сайт «Хартыя’97». Прымаючы такое рашэнне, Міністэрства інфармацыі Беларусі спаслалася на дужа абцякальны пункт 38 закона «Аб СМІ». Што канкрэтна не спадабалася чыноўнікам – ведаюць толькі яны (і нябёсы), але блакіроўкі для «Хартыі» не навінка: гэта ўжо здаралася ў 2001-м, 2006-м, 2011-м і 2014-м. Сёлета сайт да кучы заблочылі і ў Расіі.
Прысуд года: 5 гадоў пазбаўлення волі з
адтэрміноўкай на 3 гады
2 лютага Менскі гарадскі суд прызнаў трох калумністаў расійскага інфармагенцтва «Рэгнум» вінаватымі ў распальванні нацыянальнай варожасці. Справа цягнулася ажно са снежня 2016-га.
У тэкстах асуджаных можна было, прынамсі, прачытаць, што на беларускай мове нельга выразіць нешта большае, чым «iдзi выпасi карову»; што беларусы – гэта «прамежкавы праект Расіі», які створаны, каб «расчляніць рускі народ»; што ВКЛ не было беларускай дзяржавай, а Ефрасіння Полацкая – беларускай.
Праваабаронцы мелі да працэсу шмат прэтэнзій і падкрэслівалі, што нельга судзіць чалавека за асабістае меркаванне. Але маем, што маем: прысуд публіцыстам – 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 3 гады.
Айці года: бот-радыё ў Горадні
У лютым гарадзенскі партал s13.ru пачаў тэставае вяшчанне ўласнага бот-радыё – першага ў Беларусі. На думку распрацоўшчыкаў, эфір, у якім навіны чытае робат, з'яўляецца файнай альтэрнатывай класічным радыёстанцыям.
Блогеры года: берасцейцы Пятрухін і Кабанаў
Увесь год жыхары Берасця і найбліжэйшых вёсак супрацьстаяць будаўніцтву акумулятарнага завода, грамадскія абмеркаванні якога павінны былі адбыцца яшчэ ў 2016 годзе, але даведацца пра гэта можна было толькі ў не самым папулярным выданні «Зара над Бугам». Праціўнікі будаўніцтва пішуць прэзідэнту, запісваюць кліпы і выходзяць на плошчу «карміць галубоў» па нядзелях.
Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў асвятляюць супрацьстаянне на YouTube-канале і ў сувязі з гэтым рэгулярна прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. У траўні міліцыя канфіскоўвала ў Пятрухіна ноўтбук, планшэт і смартфон, у жніўні да яго ўрываўся АМАП, у верасні блогера прымусова вазілі на судова-псіхіятрычную экспертызу, і канца гэтай барацьбе пакуль не відаць.
Працэс года: «справа БелТА»
7 жніўня ў рэдакцыях незалежных медыя – TUT.by, БелаПАН і некаторых іншых – адбыліся ператрусы, некаторыя супрацоўнікі былі затрыманыя і адвезеныя на Акрэсціна на «суткі». Журналістаў абвінавачвалі па ч. 2 арт. 349 КК («Несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі»): маўляў, платную падпіску дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА не куплялі, а навіны з яе «тырылі».
Па справе праходзілі 15 чалавек. Узнялася шуміха. Па сацсетках запусцілі хэштэг #tutbyживи, заходняя прэса выказала заклапочанасць, сусветная прагрэсіўная дыпламатыя запратэставала, Германія нават падумвала пра байкот Еўрапейскіх гульняў 2019 года.
Нарэшце 30 лістапада расследаванне па «справе БелТА» скончылася. Супрацоўнікі незалежных рэдакцый заплацілі па ісках дзясяткі тысяч рублёў. Крымінальны пераслед у адносінах да большасці фігурантаў справы спынены, адзінай абвінавачанай застаецца галоўрэд TUT.by Марына Золатава – ёй ставяць у віну бяздзеянне службовай асобы.
Такі сабе Кафка па-беларуску.
Страта года: Алесь Ліпай
23 жніўня пайшоў з жыцця кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і выдання Naviny.by, стваральнік незалежнай беларускай журналістыкі, медыяменеджар, пра якога не даводзілася чуць ніводнага дрэннага слова. Яму было ўсяго 52.
«Алесь Ліпай быў чалавекам з вельмі абвостраным пачуццём праўды і справядлівасці. Аднак, у адрозненне ад большасці з нас, ён быў практыкам, а не толькі тэарэтыкам, і ведаў, што рабіць, каб праўды і справядлівасці было хаця б крыху больш». Чытай калонку 34mag, прысвечаную памяці Чалавека і Прафесіянала.
Скарга года: «Дакуль?»
4 верасня дэпутатка Ганна Канапацкая паскардзілася ў МАРТ на манаполію дзяржСМІ. Яна справядліва адзначыла, што дзяржаўныя вытворцы інфармацыі фактычна падмялі пад сабе рынак рэкламы і дыскрымінуюць «прыватнікаў» з дапамогай такіх інструментаў, як акрэдытацыя на мерапрыемствы, што праводзяцца рознымі органамі дзяржкіравання, доступ да стэнаграм пасяджэнняў органаў дзяржкіравання, да друкарняў, тэлебачання і радыё. МАРТ абяцаў падумаць.
Арт года: плакаты пра цэнзуру
Мастакі Юрый Тарэеў і Уладзімір Цэслер атрымалі прызы на VII Міжнароднай біенале сацыяльна-палітычнага плаката ў Асвенціме за плакаты «Цэнзура» і «Міністэрства культуры» адпаведна.
Рэпутацыя года: забудоўшчык рэстарана ў Курапатах
13 верасня суд адмовіў бізнэсмену Аркадзю Ізраілевічу ў задавальненні іску да незалежнай газеты «Новы час». Бізнэсовец спрабаваў даказаць, што не мае дачынення да будаўніцтва ядальні «Поедем поедим» у месцы масавых расстрэлаў і таму рэпутацыю яму папсавалі дарма. Але ў выніку ісцец застаўся яшчэ і вінен 600 рублёў на адваката для журналіста, які асвятляў сітуацыю, чэрпаючы інфу з адкрытых крыніц.
Звальненне года:
«Белсат» выгнаў SMM-шчыка за фотку ў Facebook
20 верасня Іван Шыла перастаў эсэмэміць на польскі тэлеканал. Прычынай там – фотачка з сустрэчы прэзідэнтаў Анджэя Дуды і Дональда Трампа, на якой амерыканец паважна сядзіць у фатэлі, а паляк не ў самай зручнай позе нешта падпісвае. «Злева – прэзідэнт Польшчы», – так падпісаў здымак Шыла на сваёй асабістай старонцы ў FB.
Хутка намесніца дырэктара «Белсата» Беата Красіцка запыталася ў сацсетачнага менеджара: «Ці ёсць у цябе разуменне, дзе ты працуеш? Ці не да канца?». А крышачку пазней тэлеканал ад паслуг Івана адмовіўся, чым спрадукаваў хвалю разважанняў на тэму свабоды слова.
Пасля звальнення Іван вырашыў сканцэнтравацца на сваім клінінг-бізнэсе, які дазваляе яму «спакойна пісаць у Фэйсбуку пра тое, дзе знаходзяцца прэзідэнты Польшчы і Беларусі».
Фэйк года: «еўрамайданец» з коткай
Беларускія медыя рэдка вырошчваюць «качачак». Часцей прыкормліваюць замежных (напрыклад, разам з усімі «забіваюць» і «ўваскрашаюць» журналіста Аркадзя Бабчанку). Але раз-пораз могуць і нашы падкінуць суседзям ці то качку, ці то свінню.
21 лістапада расійскі «Первый канал» паказаў сюжэт, прысвечаны пяцігоддзю ўкраінскага Еўрамайдана, – зразумела, пра тое, як жа дрэнна ўкраінцам жывецца без расійскага брата. Адным з герояў прапагавідоса стаў расчараваны жыхар Крывога Рога, якому Еўрамайдан «не даў нічога» і які не ведае, што рабіць зімой з халоднымі батарэямі. Пазней аказалася, што ў гэтага хлопца з батарэямі парадак, завуць яго інакш, жыве ён увогуле дзесьці ў Беларусі, а ў сюжэце зняўся па замове нядобрасумленных стрынгераў. Дык ладна сам, ёлупень, але котку нашто на ганьбу падпісаў?..
Папраўкі года: Закон «Аб СМІ»
1 снежня ўвайшлі ў сілу асноўныя змены ў Законе «Аб СМІ».
З галоўнага адзначым, што ў законе з’явіліся такія тэрміны, як «сеткавае выданне», «інтэрнэт-рэсурс» і таму падобныя, і зараз, каб лічыцца паўнавартасным СМІ, інтэрнэт-рэсурс можа прайсці дзяржаўную рэгістрацыю – у гэтым выпадку ён ператворыцца ў «сеткавае выданне». Але рэгістрацыю можна не праходзіць, і тады рэсурс – ніякае не СМІ.
Таксама ўладальнікаў сайтаў абавязалі ідэнтыфікаваць карыстальнікаў праз нумар тэлефона. Калегі адзначаюць, што баталіі на форумах рэзка паменшылі градус.
А яшчэ асвежаны Закон «Аб СМІ» пашырыў спіс відаў інфармацыі, распаўсюджваць якую забаронена: гэта кантэнт, які заклікае да самагубства, неналежная рэклама, інфа пра спосабы вырабу выбуховых прылад і рэчываў.
Прывоз года: Адам Міхнік
15 снежня Менск размаўляў з чалавекам, партрэтам якога можна было б ілюстраваць артыкул «Дысідэнт» у тлумачальных слоўніках. Да нас прыехаў Адам Міхнік – грамадскі дзеяч, праціўнік серпаста-малаткастых рэжымаў, бяльмо на вачах нячыстых на руку чынуш. Менавіта ён заснаваў і кіруе Gazeta Wyborcza, якая амаль 30 гадоў застаецца адным з галоўных, аўтарытэтных і свядомых медыя ў Польшчы.
Сустрэчу з легендарным журналістам зладзілі арганізатары WATCH DOCS Belarus. Вялікі ім рэспект за глыток натхнення на новы год.