Учора Tallinn Music Week аб'явіла спіс артыстаў, які выступяць на гарадскіх пляцоўках фестываля ў 2017 годзе. Сярод 240 музыкантаў з усёй Еўропы (і не толькі) свае шоўкейсы пакажуць беларускія музычныя праекты: Awlnight, ili-ili, Shaman Jungle, Evand і «Сразумай». Пакуль музыкі рыхтуюцца да зорных выступаў, мы распавядзем пра гурты, якія дабіліся поспеху, дзякуючы ўдзелу ў Tallinn Music Week. Ад індзі-фолка і лоўфайнага дыска да нуарнага кантры і лайв-лупінга на скрыпцы – сочым, як самародкі прабівалі глебу сваімі гранямі.
Tallinn Music Week пачынаўся ў 2009 годзе з ідэі прамоцыі маладой эстонскай музыкі, але даволі хутка перарос у магутную стартавую пляцоўку для музыкаў не толькі з Эстоніі, але і з іншых суседніх ці нават больш далёкіх краін. Цяпер гэта тыднёвы фестываль з 250+ выступамі на розных пляцоўках горада: у барах, клубах, канцэртных залах, кватэрах, джазавым тэатры і нават вялізным ангары марскога музея з субмарынаю ў цэнтры. Акрамя свята музыкі, фестываль ладзіць канферэнцыі, дыскусіі, кірмаш ежы, крафтавых бровараў і дызайн-маркет. Наша арт-дырэктарка Palasatka прывезла відэасправаздачу летась.
Бадай, самая гучная гісторыя поспеху на Tallinn Music Week. Чатыры светлавалосых эстонскіх сябра пачалі граць у 2008-м спачатку каверы на The Police, Radiohead, Джэфа Баклі, а пасля пераключыліся на ўласны матэрыял: атрымаўся англамоўны лірычны indie folk з гісторыямі пра сталенне і персанальныя чэленджы. Шчыра і па-простаму, быццам хлопцы раслі з табой у адным горадзе.
У сакавіку 2010-га, пасля 5 месяцаў з выпуску дэбютнага альбома The Hills Behind The Hills, гурт выступіў на другой эдыцыі Tallinn Music Week – і панеслася! У траўні яны адправіліся ў свой першы балтыйскі тур, летам выступілі на латышскім Positivus. У 2011-м – яшчэ адзін выступ на TMW, з якім яны ўзялі прыз галоўнага спонсара фестывалю Skype “Go Change The World”. Затым новы альбом Good Man Down, з якім музыкі аб’ехалі буйныя еўрапейскія шоукейс-фестывалі: нямецкі Popkomm, аўстрыйскі Waves Vienna, нідэрландскі Eurosonic Festival – і які стаў плыткай-бэстсэлерам у самой Эстоніі. У 2013-м яны выйгралі прэстыжную прэмію European Border Breakers Awards, якую таксама бралі, напрыклад, Adele, Tokio Hotel, Stromae і Mumford and Sons. Карацей, яшчэ тыя красунчыкі!
Зараз яны падпісаныя на амерыканскі лэйбл Sire Records, дзе выдаваліся сямідзюймовікі Talking Heads і Ramones, першыя альбомы Мадонны, а цяпер Рэгіна Спектар разам з Сіндзі Лопер. Уладальнік лэйбла Сэймур Штайн неаднаразова наведваўся на канферэнцыі Tallinn Music Week, адкуль і даведаўся пра абаяльных баюноў софт-рокавай фармацыі.
Наступны прыклад поспеху – замежны бэнд, які пасля выступу на TMW пачаў rule the world, а дакладней Europe. Дацкае трыа (цяпер дуэт) утварылася ў 2008 годзе, але да 2012-га ніхто з еўрапейскіх шоукейс-фестываляў не хацеў іх браць у лайнап праз тое, што яны не былі падпісаныя ні на які лэйбл. Першымі іх узялі менавіта эстонцы, ім проста спадабаліся дэмкі. Пасля фэсту музыкаў запрасіў расійскі прамоўтар Алекс Келман з IceCreamDisco ў тур, пра іх напісалі ў фінскай і амерыканскай прэсе, пасля пайшлі выступы: французскі Trans Musicales у 2012-м, буйнейшы шоукейс-фестываль Reeperbahn Festival у 2013-м і нарэшце іх айчынны фестывальны флагман Roskilde Festival у 2014-м.
Get Your Gun грае вельмі цікавую і незвычайную музыку, фанаты на youtube акрэсліваюць яе як «стоўнэр з элементамі змрочнага кантры». Слухаецца, сапраўды, як экспрэсіўнае аўтарскае выказванне з унікальнай падачай, якое то дзьме на цябе калючай экзістэнцыяльнай завірухай рэальнасці, то абвявае шчыльным ветрам поспеху, як запраўскага сёрфера, а то і ўвогуле паглынае полымем вобразаў і пачуццяў. Дужа раім!
Салодкая музычная цукерка Tallinn Music Week. Штогод выступала на фэсце з 2010-га па 2013-ы. Двойчы ўдзельнічала ў эстонскім адборы на Еўрабачанне Eesti Laul, але займала другое і чацвёртае месцы. Пасля дэбютнага выступу на TMW атрымала запрашэнні на нямецкі Popkomm, фінскі Musiikki & Media і эльдарада ўсіх шоукейсераў – брытанскі The Great Escape Festival.
У яе актыве – паўнафарматнік The Magic Gift Box, выдадзены на фінскім падраздзяленні EMI/Virgin Records і дзве іпішкі. Яе часта параўноўваюць з Б’ёрк, Кейт Буш ці Florence & The Machine, нам жа яна нагадвае шалапутную Grimes, хамелеонавую Ўілаў Сміт ці мяўкаючую Элсіан Каплет з Elsiane. Як кажа сама Iiris, яе музыка – гэта звер з целам поп-музыкі, пёрамі альтэрнатывы і нагамі электра. На наш погляд, выдатнае спалучэнне!
Трохі атанальная лірыка з лоўфайнымі рытмамі ранняга хаўса і эксперыментальнага арту – Марыя Юур па мянушцы Мінерва амаль адразу стала ўлюбёнкай музычных часопісаў Dazed, Resident Advisor і Pitchfork. І не дзіва: яна нават была кантрыбутаркай брытанскага The Wired, а цяпер атрымлівае магістра ў Голдсміцкім каледжы ў Лондане.
Яе першы выступ адбыўся якраз на Tallinn Music Week у 2010 годзе. Праз паўгода яна звязалася з эксперыментальным лэйблам з Лос-Анжэлеса Not Not Fun Records, які выпусціў ужо чатыры яе альбомы і адну калабарацыю з LA Vampires. Пладавітая асоба!
Яшчэ адна зорачка Tallinn Music Week, але якая ззяе зусім іншым святлом. Маар’я робіць музыку трыма шляхамі: скрыпкай, традыцыйнымі эстонскімі спевамі і лайв-лупінгам. Атрымліваюцца мінімалістычныя пейзажы, якія ўражваюць сваёй прастатой і наіўнасцю выканання. Адчуваеш сябе быццам на летняй верандзе, дзе цемру разганяе толькі яе музыка, а паабапал сабраліся паслухаць усе цвыркуны ваколіцы.
У TMW яна ўдзельнічала на працягу 2013-15 гадоў, у апошні атрымала прэмію фестывалю Wire Prize. Яе дэбютнік Soloo адзначыў у твітары фронтмэн Duran Duran Сайман Ле Бон, во як! А пасля талінскага шоукейса Маар’я адправілася ў паўночнаамерыканскае турнэ і скарыла сваімі выступамі некалькі фестываляў world-музыкі. Летась у яе выйшаў другі альбом, ад якога таксама атрымліваеш абсалютнае задавальненне.
Гісторыя эстонскага фолк-бэнда Trad.Attack! – гэта суцэльная гісторыя поспеху. Гурт стартаваў у 2013-м, а вясной 2014-га яны адыгралі свой першы канцэрт. І дзе б вы думалі? Ну, оф корз, на Tallinn Music Week. Адразу пасля фэсту музыкі адправіліся ў міні-тур па Эстоніі, улетку запісалі дэбютны EP, зрабілі солд-аўт і паехалі далей за мяжу: Латвія, Польшча, ЗША, Фінляндыя, Германія, Малайзія, Кітай, Паўднёвая Карэя, Бразілія, Украіна, Расія, Беларусь (Камяніца 2015) – артысты паставілі сабе мэту выступіць ва ўсіх краінах свету. Цяпер на іх рахунку – 26.
У групе яны граюць утрох – гітара, валынка і барабаны, да якіх дадаюць архіўныя дыктафонныя запісы фальклорных спеваў. Напрыклад, першая іх песня, якая адразу стала хітом, Kooreke перакладаецца як «вяршочкі» – гэта традыцыйная песня, якую выконвалі ў вёсках пры ўзбіванні вяршкоў. Каардынатарка фестывалю Хелен Сільдна кажа: «Trad.Attack! падобныя да грэйпфрутавага соку: ён бадзёрыць і дае зарад на цэлы дзень, яго хочацца піць кожную раніцу!»
Часцяком умовай для ўдзелу ў буйным шоукейс-івэнце з’яўляецца выступленне на фестывалі паменш. Так, напрыклад, здарылася з Reeperbahn Festival. Таму, калі ты жадаеш будаваць сваю музычную кар’еру такім шляхам, падавай заяўку, рыхтуй прома і рэпетуй як мага больш. Пачытай яшчэ тут, мы падрабязна пісалі, як падрыхтавацца да шоукейс-фэсту: ад «што пісаць у заяўцы?» да «як пабудаваць свой сэт?».
Дарэчы, на Tallinn Music Week прыём заявак сканчаецца ў лістападзе, але ты можаш у 2017-м з’ездзіць паглядзець як слухач, а восенню спакойна, з веданнем справы далучыцца да творчай віхуры шоукейс-фестывалю як музыкант.
Адзін з заснавальнікаў клуба Student Network Ілья Карусейчык распавядае пра тое, як дапамагаць студэнтам атрымліваць неабходныя веды за межамі ўніверсітэта.
Все еще не знаешь, куда рвануть летом? Лови полезный гайд от участника Anyway.
Рэдактарка 34mag Таня Аліпчыкава – пра спробу зрабіць жыццё меншым лайном пры дапамозе псіхатэрапіі.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.