«Лома» Гомель
У правінцыі свой рытм жыцця і свае адносіны з часам – яна нікуды не спяшаецца і дазваляе разгледзець любую з’яву пад мікраскопам, лінза якога крыху дае глітчу. Агентка 34mag у Гомлі Юля Старынская сустрэлася з заснавальнікам праекту «200 метраў» Антонам Бачканавым і даведалася, чым жыве тусоўка аматараў аналагавай фатаграфіі ў горадзе над Сожам. Адчуй настальгію па фізічнай рэальнасці разам з намі.
«200 метраў» для Гомеля
Для тых, чыё знаёмства з фатаграфіяй пачалося з 4-га пакалення Iphone, мы нагадаем, што пінхол – фотаапарат без аб’ектыва. Замест апошняга – маленькая дзірка, памер якой вылічваецца адносна яе аддаленасці ад плёнкі (ці іншага святлоадчувальнага элемента). Выява, якая атрымліваецца ў такой камеры, вылучаецца сваёй артаскапічнасцю: няма лінзаў – няма і аптычных скажэнняў. Насамрэч, пінхол можна зрабіць і з бляшанкі з-пад кавы і нават са скрынкі з-пад абутку.
Цэлы склад такіх незвычайных камер ёсць у Антона Бачканава, аднаго з галоўных аматараў аналагавага фота ў Гомлі. Паводле адукацыі ён гідратэхнік, працуе цесляром-бетоншчыкам, а вольны час аддае хобі, нават зарганізаваў сваю фоталабараторыю дома. Праўда, кажа, што часцей працуе і друкуе здымкі ўначы, пакуль спіць адзін з іх галоўных герояў – сын Даня.
«У нас ёсць гурток плёнкавай фатаграфіі, − распавядае Антон, − з ліпеня 2015-га з’явіўся праект «m200film», або «200 метраў»: такую колькасць чорна-белай плёнкі мы маем». Плёнку набылі праз «Куфар» у нейкага Валодзі з Ліды, за што Антон дагэтуль яму бясконца ўдзячны. У суполцы праекту «УКантакце» больш за 100 чалавек, якія цікавяцца тэмаю пінхолу. Перыядычна яны ладзяць сходкі, дзе абмяркоўваюць камеры, спосабы здымкі і дзеляцца думкамі пра зробленыя фотакарткі.
Распавядаючы пра фотасуполку, Антон паказвае камеры, якія ён робіць амаль з чаго заўгодна. Вось трымае ў руках адную такую, з бляшанкі, яна здымае проста на фотапаперу для аналагавага друку. Новую камеру майстар распрацоўвае са скрынкі ад айфона, у ёй плануецца зрабіць вялікі панарамны кут. Самая велізарная з усіх на сённяшні дзень – скрынка з-пад абутку. Антон кажа, што самому канструяваць цікавей, хоць i можна набыць гатовыя фотаапараты для пінхолу.
Антон з паплечнікамі не проста робяць здымкі «ў стол», але за мінулы год паспелі зарганізаваць дзве выставы, адна з якіх была для дабрачыннага праекту збору сродкаў для дзіцячага дому-інтэрнату Журавіцкага раёну. У выставе бралі ўдзел пяць гомельскіх майстроў: Максім Васільчык, Харытон Цярэшчанка, Кастусь Зялёны, Дзмітрый Кумашоў і ўласна Антон. «Максім прэзентаваў здымкі прыроды, такія хатнія, утульныя – добры побыт, які чалавек змог перадаць каляровымі карцiнкамі. Харытон выстаўляўся з фотаздымкамі з розных цікавых фестываляў і вечарынаў, мульцiэкспазiцыя ў яго, дарэчы, шалёная. − Распавядае Антон.− Дзімавы здымкі – з падарожжаў, чорна-белыя ручныя адбіткі, а таксама зробленыя ў стылі цыянатыпіі. Косця здымае мульцiэкспазiцыi-пярэкруты, вельмі цікавыя. Глядзіш: здаецца, чалавек пад парасонам, а потым разумееш, што знялі праз шкло і, можа быць, праз двайное. Чым больш узіраешся ў гэты кадр, тым больш бачыш. Стэрэамалюнак нейкі». Сам Антон прэзентаваў здымкі, зробленыя на розныя віды пінхолу.
«Антон кажа, што часцей працуе і друкуе здымкі ўначы, пакуль спіць адзін з іх галоўных герояў – сын Даня»
Кожны ўдзельнік праекту «200 метраў» мае свой асаблівы стыль. Часам фатограф цікавіцца прыродаю, а потым пераходзіць на фармат 24/72 – панарамныя фотаапараты, якія здымаюць нават на перфарацыю. «Пінхол – гэта такая маленькая «рулетка», лішняя секунда можа паўплываць шмат на што. Чым менш рухаў, тым больш верагоднасць атрымаць добры кадр. Мне больш за ўсё падабаецца, што з гэтаю камерай кожны крок трэба прадумваць», – тлумачыць Антон.










«У горадзе каля 10 фотасалонаў, дзе яшчэ магчыма купіць і праявіць плёнку, аднак іх становіцца ўсё менш – кажуць, што попыт з кожным годам памяншаецца»
«Дорага, але добрасумленна»
Наступны наш прыпынак – музей фатаграфіі на вуліцы Камунараў, 7. Гэта філіял дзяржаўнай установы «Музей гісторыі гораду», які з’явіўся зусім нядаўна, увосень 2015-га. Большасць экспанатаў паходзіць з калекцыі вядомага гомельскага фатографа са стажам паўстагоддзя – Леаніда Пінскага. Часам наведнікі прыносяць у дарунак музею старую фотатэхніку або кнігі па фатаграфіі.
Пакуль мы зачаравана разглядалі экспанаты, наглядчыца музею распавяла пра самыя цікавыя і каштоўныя: малюсенькі шпіёнскі фотаапарат «Фотакор» 1927 года ды ўнікальны здымак Кексгольмскага палка, зроблены ў 1903 годзе, на якім заснятая тысяча чалавек. «Раней як казалі? Птушачка вылятае! А яна ж сапраўды была, латуневая, бліскучая, нават са спевамі. Уключалі яе адмыслова для дзяцей, якім цяжка было ўседзець на месцы, бо здымка была доўгім працэсам», – распавядае працаўніца музею. Апроч незлічонай колькасці фотаапаратаў і рэдкіх здымкаў, на сценах музею развешаныя рэкламныя плакаты фотасалонаў пачатку XX стагоддзя. «Дорага, але добрасумленна», − абвяшчае адзін з лозунгаў.
У музеі нам пашчасціла сустрэць яго заснавальніка, Леаніда Пінскага, біяграфія якога – цікавае сведчанне лёсу фатографа ў мінулым стагоддзі. Ён распавёў, што звязваць жыццё з фатаграфіяй і не думаў, больш цікавіўся спортам. Дзядзька ягоны працаваў фатографам у фотаатэлье. Аднойчы юнак зайшоў да яго ў фоталабараторыю і ўбачыў, як той у чырвоным пакоі праяўляў фотаздымкі. Працэс праяўкі малюнку на фотапаперы настолькі ўразіў Леаніда, што пазней ён паступіў у адную з менскіх ПТВ на фатографа. «Ёсць фатографы павільённыя, ёсць выязныя, ёсць рэпарцёры, а ёсць "пабягунчыкi" − тыя, хто бегае, здымае, − распавядае Пінскі. − У павільёне раней была самая складаная праца: пасля фатографа працавалі рэтушор, лабарант, пазітывіст, накатчыца».
Цяпер кожны называе сябе фотамастаком, а раней, паводле Леаніда, трэба было прайсці тры этапы. Першы – удзел у абласных фотавыставах і атрыманне месца, не ніжэйшага за 3-яе. А, каб трапіць на фотавыставу, трэба было падаць заяўку: фатографаў уважліва адбіралі. Каб атрымаць званне фатографа 1-га класу, выстаўляліся ўжо на рэспубліканскім узроўні. Заслужыць званне фотамастака можна было, толькі беручы ўдзел ва ўсесаюзных і міжнародных выставах. Карацей, слава інтэрнэту, які дазваляе пазбегнуць усіх гэтых бюракратычных кругоў пекла на шляху да сусветнага поспеху.
Настальгія па фізічнай рэальнасці
З музею мы накіроўваемся ў апошні пункт нашага падарожжа – фотасалон «Фотодром» у самым цэнтры гораду, каля ўнiвермагу «Гомель». У горадзе каля 10 фотасалонаў, дзе яшчэ магчыма купіць і праявіць плёнку, аднак іх становіцца ўсё менш – кажуць, што попыт з кожным годам памяншаецца, і добра было б прадаць тыя стужкі, што ўжо ёсць.
У фотасалоне Антона адразу пазнаюць. «Я ўсіх ведаю, і мяне ўсе ведаюць», − усміхаецца фатограф. Работнікі да яго ўжо прывыклі, ён сталы кліент з прывілеямі. Пакуль плёнку праяўляюць, мы сядзім у суседняй кавярні ды размаўляем. У Антона гараць вочы, я адзначаю пра сябе, што настолькі захопленых людзей сустракаю вельмі рэдка. «У мяне на кухні двое саракагадовых мужыкоў апладзіравалі, калі я пры іх праяўляў плёнку. А, калі на аркушы паперы пачаў кадр выяўляцца, – яны скакалі як дзeці!» − усміхаецца майстар.
«Пінхол ў правінцыі – гэта як машына часу, якая трохі дае глітчу, яна дазваляе запаволіцца і вярнуцца назад да самога сябе і ўважлівых адносінаў з сусветам»
Праз некаторы час праяўленая плёнка ў нашых руках, Антон ўхвальна ківае: атрымалася даволі нядрэнна. На здымках – цэнтральная вуліца гораду Савецкая, музей фатаграфіі разам з Пінскім. Хутка мы развітваемся. Ад гэтай сустрэчы на памяць у мяне застаецца здымак касцёлу і маленькая пінхол-камера з пачку запалак.
Здаецца, што аналагавая фатаграфія і пінхол, сярод іншага, – гэта такая машына часу ў мінулае стагоддзе, калі хуткасці ўсіх жыццёвых працэсаў былі іншыя. Гэта бясконцая настальгія па фізічнай рэальнасці. Пінхол у правінцыі – гэта як машына часу, якая трохі дае глітчу, яна дазваляе запаволіцца і вярнуцца назад да самога сябе і ўважлівых адносінаў з сусветам. Мабыць, усім тым, хто спяшаецца ў будучыню з айфонамі ў руках, варта было б паспрабаваць аднойчы зрабіць пінхол.
Тэкст by Юлія Старынская
Фота by Антон Бачканаў
Пакуль няма ніводнага каментара