Human Constanta дапаможа абараніць твае правы ў інтэрнэце. Бясплатна
- Рубрыка: УЛОЎ
- 08.03.2019
- 6136
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta пачала бясплатна кансультаваць па пытаннях абароны лічбавых правоў.
Хто можа звярнуцца па дапамогу: фізічныя асобы і некамерцыйныя арганізацыі.
Куды тэлефанаваць/дасылаць лісты: +375 44 562 3842 (можна таксама ў мэсэнджарах), legal@humanconstanta.by.
Каманда HC дапаможа, калі ты:
зайшоў(-ла) на сайт дзяржаўнай арганізацыі, але не разумееш, як дакапацца да неабходнай табе інфы;
хочаш аб нечым спытаць у чыноўнікаў, але не ведаеш, куды пісаць і як аформіць запыт;
напісаў(-ла) афіцыйную скаргу, але адказу ўсё няма;
кіруеш сайтам, але сумняваешся, ці правільна захоўваеш персанальныя дадзеныя сваіх каментатараў і падпісчыкаў;
супрацоўнічаеш з заходнімі арганізацыямі ды імкнешся шанаваць GDPR;
вядзеш паблік у сацсетках, а яго забанілі;
хочаш зрабіць апытанне і не ведаеш, як бяспечна захоўваць інфу, атрыманую ад карыстальнікаў сеціва;
пішаш матэрыял у СМІ, у якім утрымліваецца шмат адчувальных звестак пра прыватнае жыццё герояў;
знайшоў(-ла) у інтэрнэце свае тэлефоны ці фоткі, якіх там быць не павінна;
жадаеш выдаліць акаўнты з сацсетак так, каб у інтэрнэце не засталося ніякіх слядоў;
і гэтак далей.
Звярнуліся да Аляксея Казлюка па дэталі.
– Адкуль з’явілася патрэба ў такім сэрвісе?
– Людзі сутыкаюцца з праблемай лічбавых свабод пастаянна, і чым далей мы рухаемся ў бок IT-краіны, тым больш парушэнняў пераходзяць з так бы мовіць рэальнага свету ў свет віртуальны. Калі ў кагосьці выдалілі групу з Facebook, дзе была вялікая колькасць людзей, то па сваіх наступствах гэта будзе вельмі падобнае да таго, каб б закрылі арганізацыю ў рэальным свеце. Каб абараніць свае правы ў анлайне, трэба мець спецыяльныя веды, часам нават разуменне нейкай тэхнічнай часткі.
– Па якой схеме дапамагае HC?
– Мы з большага юрысты, і мы разумеем, якія правілы існуюць, якія законы дзейнічаюць у краіне і за мяжой, якія правілы ўстаноўленыя канкрэтнай пляцоўкай. Напрыклад, раптам у інтэрнэце з’яўляюцца вашы персанальныя дадзеныя, якія вы калісьці пакідалі ў інтэрнэт-краме ці дзесьці яшчэ. Мы распрацуем алгарытм: што з гэтым рабіць, як шукаць таго, хто гэтыя дадзеныя распаўсюдзіў, як скласьці правільныя лісты, куды іх дасылаць.
– Чым сэрвіс адрозніваецца ад сэрвісу адвакацкіх кантор?
– Большасць адвакатаў заточаныя на тое, каб вырашаць пытанні ў фізічным свеце. Спецыялістаў, якія працуюць з лічбавай позвай, не так шмат. Да таго ж, калі вы прыходзіце да адваката, вы часцей за ўсё атрымаеце кансультацыю толькі па беларускім заканадаўстве. Калі мы гаворым пра інтэрнэт, то там часцяком беларускае заканадаўства адыгрывае вельмі маленькую ролю. Таму што ў інтэрнэце вы карыстаецеся замежнымі сэрвісамі, і інфармацыя захоўваецца дзесьці за мяжой. Важна разуменне кантэксту, і мы гэтае разуменне прапануем. Мы можам распавесці, як сітуацыя будзе разглядацца з пункту гледжання еўрапейскага заканадаўства, амерыканскага права і гэтак далей – у глабальным кантэксце.
– Ці можа па кансультацыю звярнуцца ўладальнік бізнэсу?
– Мы як некамерцыйная арганізацыя не можам бясплатна абслугоўваць яшчэ і бізнэс, але мы заўсёды можам падказаць, якія першыя крокі трэба зрабіць для таго, каб паклапаціцца пра карыстальніцкія дадзеныя. Гэтыя кейсы могуць дапамагчы нам аказваць такія ж кансультацыі бясплатна ўжо некамерцыйным арганізацыям або асобным людзям.
– З якімі праблемамі звяртаюцца НКА?
– Часцей за ўсё пытаюцца, як абыходзіцца і як захоўваць дадзеныя прыхільнікаў, напрыклад, з базай валанцёраў ды членаў арганізацыі; што можна ўключаць у рассылку, што не; як карэктна збіраць дадзеныя для рассылкі; калі трэба выдаляць нейкія дадзеныя. У Беларусі ўсё гэта ў законах падрабязна не прапісана, але ёсць еўрапейскія стандарты GDPR, якія асабліва актуальныя, калі арганізацыі працуюць з замежнымі партнёрамі. Да таго ж літаральна праз год у краіне ўступіць у сілу закон аб персанальных дадзеных і ўсе павінны будуць выконваць гэтыя правілы, якія досыць блізка зробленыя да нормаў GDPR.
– З якімі праблемамі звяртаюцца СМІ?
– СМІ пытаюцца пра тое, ці можна публікаваць інфармацыю, дзе выкарыстоўваюцца чыесьці асабістыя дадзеныя. Мы можам прааналізаваць беларускае заканадаўства і міжнародныя законы і сказаць, што калі вы вось нешта такое зробіце, то з пункту гледжання беларускага заканадаўства гэта будзе вось так разглядацца, а з пункту гледжання сацыяльных сетак гэта можа весці вось да такіх наступстваў.
– Як можна дапамагчы, калі сайт заблочылі?
– У Беларусі прававая практыка па аспрэчванні рашэнняў па блакаванні сайтаў яшчэ не склалася. З іншага боку, ёсць цікавыя рэчы, кшталту: ага, наш сайт заблакавалі, незразумела, што рабіць, мы напісалі нейкі ліст, але не спаслаліся на нейкія нормы закону, не прааналізавалі сітуацыю ў коплексе і ў выніку атрымалі адпіску. Былі такія выпадкі, калі дастаткова было аднаго званка. Мы гатовыя дапамагаць з распрацоўкай стратэгіі. Гэта можа быць камунікацыя з Міністэрствам інфармацыі альбо гэта можа быць судовая справа.
– Дзе межы вашай кампетэнцыі?
– Мы не можам прадстаўляць інтарэсы чалавека ці арганізацыі ў судзе, але мы можам скласці пэўныя дакументы і падказаць, што з імі рабіць. Нашы кансультацыі не зусім юрыдычныя, таму што для юрыдычных кансультацый патрэбная ліцэнзія. Гэта, хутчэй, падказкі па арганізацыйных працэсах, складанні дакументаў і гэтак далей.
– Як чагосьці можна дабіцца ад сацсетак?
– Тут свае нюансы. Напрыклад, той жа Facebook не дае вельмі зразумелых інструментаў, якія дазволілі б аднавіць сваю старонку або аспрэчыць яе блакаванне. Можа быць так, што ў вас ёсць сайт арганізацыі, вы спрабуеце ў сваю групу запосціць спасылку са свайго ж сайта, але Facebook блакуе гэтую спасылку. У іх свае алгарытмы, ніхто толкам не ведае, як гэта працуе. Але ёсць дастаткова падрабязны пералік інфармацыі, якую яны блакуюць. Можна прааналізаваць правілы, падрыхтаваць падрабязную скаргу, у якой на гэтыя правілы спаслацца, і накіраваць скаргу для разгляду FB. Сацсетка, як правіла, не дае адказаў, але мы бачым, што рэакцыя, здараецца, следуе ўжо праз некалькі дзён.
– А што ў перспектыве?
– Калі мы бачым, як складваецца практыка, мы можам падымаць пытанні па змене заканадаўства, па змяненні судовай або правапрымяняльнай практыкі. Акрамя таго, каб дапамагчы асобнаму чалавеку, мы можам вывесці пытанне, у якога ёсць патэнцыял, на больш высокі ўзровень: праз аналітычныя матэрыялы і сустрэчы з тымі, хто прымае рашэнні, паспрабаваць вырашыць праблему не толькі чалавека, але ўсёй сістэмы.
– Што з канфідэнцыйнасцю?
– Мы не расказваем аб сутнасці спраў без дазволу тых, з кім працуем, і без лішняй неабходнасці іх не свецім. Калі ж чалавек гатовы да публічнасці (а часам гэта адзін са спосабаў вырашэння праблемы), то мы ў тым ліку можам казаць пра нейкія інфармацыйныя або адвакацыйныя кампаніі спецыяльна пад канкрэтную справу.
Дадзены тэкст падрыхтаваны ў рамках кампаніі #Stophateby