Self-made беларускі – пра тое, што іх натхняе і зараджае. Частка 1
- 22.03.2021
- 9762
На піку паслязімняга авітамінозу 34mag пры падтрымцы Hennessy пагутарыў з дзесяццю таленавітымі беларускамі, якія ўмеюць прыдумляць ідэі і працаваць над праектамі ў рэжыме супергераінь, атрымліваючы на выхадзе задавальненне ад таго, што іх намаганнямі свет стаў яшчэ крыху больш дасканалым. На гэты матэрыял нас натхніла афармленне этыкеткі, створанае паўднёваафрыканскай мастачкай Faith XLVII у рамках штогадовай лімітаванай серыі Hennessy Very Special. Яна, мастачка-самавучка, дамаглася прызнання і павагі, не здраджваючы сабе і ўмеючы вылучыць важнае. Нашым гераіням, як і Фэйт, ёсць што распавесці свету. Мы даведаліся ў іх, дзе шукаць натхненне, калі нічога светлага ў галаву не ідзе, і як «чыніць» сябе ў моманты, калі стомленасць накрывае бронзавым прэс-пап'е. Упэўненыя, што кожная і кожны зможа знайсці нешта карыснае для сябе ў гэтай персанальнай філасофіі.
Руся Шукюрава Валянцiна Кiсялёва Кася Сырамалот Кацярына Раманоўская Яся Каралевiч-Картэль
Руся Шукюрава
спявачка, трэнерка голасу
Мне заўсёды было цікава вывучаць голас чалавека, спяваць, і я заўсёды знаходзіла магчымасць у гэтай тэме пабыць, нечаму навучыцца. Цяпер голас – гэта мая прафесія, і я шчаслівая.
Любое веданне або навык, якім вы гарыце, можна зрабіць сваёй працай і за гэта жыць. Цяпер такія часы, што магчыма ўсё.
Вельмі ганаруся, калі мы працуем з голасам і надыходзіць момант, калі чалавек пазнае свой сапраўдны голас – ён на вачах мяняецца, напаўняецца, квітнее.
Каб стаць аўтэнтычным, гэта значыць сапраўдным, чалавеку трэба накіраваць намаганні на тое, каб максімальна дэталёва сябе пазнаць і навучыцца з сабой узаемадзейнічаць, радавацца сабе і жыццю. Калі чалавек грае ролю, а не жыве сябе сапраўднага, то неўзабаве напружанне ад утрымання фальшывага фасада накрывае так моцна, што можна атрымаць нервовы зрыў.
Каб не выгараць, патрэбна структура, якая трымае хістанні жыцця ў рамках. Напрыклад, дакладнае разуменне вынікаў дзейнасці: навошта вы гэта робіце, для чаго, што вам гэта дае. Патрэбныя выразныя дэдлайны: калі мы робім справы своечасова, трывога адступае. Трэба таксама сачыць за балансам «браць-даваць» у працоўных адносінах. Я да гэтага часу вучуся дэлегаваць і размяркоўваць.
Мне дапамагаюць не выгараць псіхатэрапія, максімальная сумленнасць, камунікацыя з прафесійнай супольнасцю і рэжым (гэта самае складанае!). Каб спыніцца і адпачыць, выбіраю спартзалу, танцы або дні лічбавага дэтоксу, жыццё ў цішыні і маўчанні. А часам я іду да сяброў «на ручкі». Яны мяне шкадуюць, падтрымліваюць, нагадваюць пра мае таленты, і я ачуньваю.
«Калі вы шчаслівыя – значыць, вы на правільным шляху»
Чалавек чалавеку лекар. Часам можна праехацца ў трамваі і на працягу некалькіх гадзін слухаць і назіраць – так само жыццё падкідвае ідэі. Кантакт з іншым чалавекам ці яго выразам – музыкай, кіно, кнігамі, прадметамі – напаўняе нас.
Я б выпіла кавы з Б'ёрк ды Марынай Абрамовіч і распытала іх аб тым, як гэта – перажываць складаную любоў. Вы бачылі, як прыгожа і адкрыта Б'ёрк выказала свае пачуцці да мужа пасля разводу ў сваёй працы «Vulnicura»? Гэтая шчырасць захапляе! Вы ведалі, што маці Марыны Абрамовіч толькі на ложышчы смерці сказала ёй словы накшталт «Я люблю цябе, Марына, але ніколі не паказвала гэтага, каб ты вырасла моцнай»? Гэтыя жанчыны шмат і складана адчуваюць, выказваючы гэта ў мастацтве, і ад гэтага я заміраю.
Часта для таго, каб адчуць натхненне, трэба проста спыніцца, пабыць з сабой у цішыні, прыслухацца да сябе. У нас ужо ўсё ёсць, важна пачуць. Ёсць і другі падыход для ўключэння натхнення, нейраанатамічны: гэта тупа садзіцца і рабіць. Праз 40 хвілін засяроджанай працы, калі ні на што не адцягвацца, пачынаецца стан патоку.
Лепшая абстаноўка для таго, каб прыдумляць трэкі і праекты: студыя, ноч, пачуццё закаханасці і прадчуванне «як мы гэта будзем выконваць!».
Вялікі ганарар прыемна выдаткаваць на адпачынак, на любімых людзей, парфуму, прыгожую вопратку, новае абсталяванне, падарожжа.
Калі мяне хтосьці рэзка і непрыемна крытыкуе, дапамагае думка: «Гэты чалавек плача па каханні, у яго такі спосаб, дазволю яму паплакаць». Я гляджу на таксічнага чалавека, спачуваю яму, і яго выпады мяне не раняць.
У працы артыста дапамагаюць дысцыпліна, адказнасць, вера ў сябе і ўменне расслабляцца, не браць на сябе лішняе. Кажуць, для творчага чалавека важны спакой, а з астатнім разбярэцца сусвет. Ёсць у гэтым сэнс.
Калі вы шчаслівыя – значыць, вы на правільным шляху. Калі ў вашым жыцці становіцца больш задавальнення, удзячных людзей, грошай, вы менш трывожыцеся – значыць, вы на правільным шляху. Вы дакладна не прапусціце гэтае адчуванне: «Усё, я сябе знайшла(-оў)!» – яно выявіцца аднойчы і не знікне ніколі. Хоць і будзе час ад часу мігацець.
галерыстка, куратарка арт-праектаў
Мяне натхняюць творчыя людзі, прычым гэта не абавязкова людзі творчых прафесій.
Немагчыма рабіць праект з чалавекам, які цябе не натхняе. Бо гэта не такая праца, якая скончыцца праз восем гадзін, а шчыльная камунікацыя, падчас якой вы добра адзін аднаго пазнаяце.
З калегамі важна дыхаць у адзін бок. І наш саюз з Аняй Чыстасардовай – гэта ўнікальная з'ява, мы ўдзячныя лёсу за тое, што ён нас злучыў.
Нас выбраў сам час. Калі мы адкрывалі першую прастору «Падземка», мы не разлічвалі на галерэю, мы хацелі стварыць такое месца, дзе маглі б прысутнічаць рэчы мастакоў і дызайнераў. Але неўзабаве адбылася адна выстава, другая, трэцяя... Цяпер жартуем, што ўваход у галерэйны бізнэс здарыўся праз сувенірную краму. Мы рабілі тое, што нам вельмі цікава і што нам хацелася рабіць. Такі падыход дае шмат энергіі, нават калі ў цябе практычна 24-гадзінны працоўны дзень.
Першы паўнавартасны адпачынак з 2004 года я дазволіла сабе ў 2016-м. У адзін дзень я спантанна зразумела, што трэба з'ехаць, прычым з'ехаць далёка і з'ехаць на мора. Я знайшла маленькі гарадок на Кіпры, дзе было вельмі мала турыстаў і амаль заўсёды пусты пляж.
Мора – гэта інспіруючая сіла. Але калі межы зачыненыя, мора можна знайсці і ўнутры сябе. Насамрэч не прырода дае чалавеку энергію, а сам чалавек, калі ён на гэта накіраваны. Паездка – толькі падстава, магчымасць здабыць гэтую энергію ў іншых умовах.
Для мяне вельмі важныя перыяды адзіноты, калі ты ізалюешся ад свету, не адказваеш на тэлефонныя званкі і не адкрываеш мэсэнджары. Я шмат гадоў займаюся медытацыяй. І самыя магутныя перыяды адпачынку – гэта калі ты застаешся ўнутры сябе, слухаеш сваю цішыню. Унутры – заўсёды шмат сілы.
«Калі межы зачыненыя, мора можна знайсці і ўнутры сябе»
Лепшыя ідэі прыходзяць з шасці да васьмі раніцы, калі творчы свет яшчэ не пачаў працаваць. Гэта вельмі тонкі і адначасова вельмі насычаны час. Калі правільна выбудоўваеш ранішнія гадзіны, то энергіі хапае на ўвесь дзень.
Кожны раз, калі ты зрабіў праект, ты бачыш агрэхі і дакладна ведаеш, на што не хапіла часу або грошай. Публіка бачыць гэта не заўсёды. Але ты кожны раз разумееш, што можна было зрабіць лепш. Тым каштоўнейшы час пасля, калі ты, быццам у запаволенай здымцы, асэнсоўваеш нейкія рэчы і разумееш: усё было акей.
Абыякавае стаўленне да галерэі будзе прыцягваць такую ж абыякавую творчасць.
У моманты крытыкі важна глядзець на чалавека, ад якога яна зыходзіць, ацэньваць яго інтарэсы і запыты. Я не рэагую на крытыку хваравіта. Ідзе моцны вецер з дажджом – што ты будзеш рабіць? Злавацца? Не, такія пагодныя ўмовы.
Шчыры камплімент дае пачуццё спакою, упэўненасці, падзякі. Неяк у нас ішла падрыхтоўка да праекта, усе былі вельмі захопленыя, і абстаноўка была такая хвалюючая. Увайшла жанчына нешта спытаць, яна была ў напрузе, рэзкаватая. Хтосьці паклікаў мяне, каб я адказала. Я, адарваўшыся ад нашых спраў, выйшла і з той жа энергіяй пачала ёй нешта адказваць. Жанчына раптам уся змянілася і кажа: «Не памятаю, калі я бачыла такія жывыя вочы!» Не ведаю, ці камплімент гэта, але ўспомнілася.
Мяне матывуюць людзі. І дэматывуюць таксама людзі. Вельмі дэматывуе здрада. Але, як ні парадаксальна, яна і матывуе таксама: бо, перахварэўшы, ты лепш разумееш свае слабыя месцы.
17 гадоў я займаюся тым, што мяне моцна цікавіць і хвалюе, рэзануе са мной, і гэта ж цікавіць і хвалюе многіх іншых людзей. Расчаравання я не адчуваю. А не адчуваць расчаравання ў сваёй дзейнасці – гэта ўжо велізарны поспех.
фатограф, дызайнер
Здаецца, у мяне ніколі не было жадання сустракацца з «вялікімі», няважна, жанчыны гэта ці мужчыны. Ну, можа, хіба калі б жыццё звяло і мы былі б узаемна цікавымі або па працы, каб паназіраць за імі і зняць іх так, як яны мне бачацца. Мяркую, сапраўды значных людзей трэба пакідаць у спакоі і даваць ім шмат вольнага часу на тое, каб думаць і ствараць. Звычайна ў працы такіх людзей утрымліваюцца ўсе адказы, якія яны нам могуць даць.
Для мяне заўсёды загадка, што ў мяне атрымаецца, калі я вазьму камеру. Я не стаўлю сабе тэхнічныя заданні, калі гэта не камерцыйныя здымкі. Мая матывацыя – здзівіць саму сябе.
Мая галоўная ролевая мадэль у прафесіі – Карцье-Брэсон. Хаця я да гэтага не імкнуся, проста бачу, што ў нас падыходы да жыцця і здымак вельмі падобныя. З мастакоў вельмі люблю Сандра Батычэлі і Эдварда Хопера. Магу вельмі доўга разглядаць ілюстрацыі Валерыя Славука. Напрыклад, да кнігі казак «Вядзьмар, які рабіўся ваўком». Таксама я ў захапленні ад скульптур Радэна пасля таго, як пабачыла іх ужывую.
Прыгажосць – гэта гармонія і ўпэўненасць. Непрыгожае адразу выдае сябе дысгарманічнасцю і «нема крычыць» пра сябе з першага погляду.
Я вельмі люблю назіраць за людзьмі і святлом, і лавіць іх у тых самых момантах, якія падаюцца мне характэрнымі і гарманічнымі. Мне патрэбны час на назіранне, роздум, высновы. Творчы працэс патрабуе вельмі шмат энергіі і часу для сябе, таму я з задавальненнем пазбавілася б пэўных арганізацыйных момантаў. Але, нажаль, так мала людзей, якім можна арганізацыю даверыць.
Калі жадаеш дасягнуць многага ў дызайне або фатаграфіі, трэба забіць думку, што мусіш падабацца ўсім. І даць сабе шмат часу каб знайсці тое, што падабаецца сабе. Капіяваць форму можа кожны, а бачыць і ствараць змест – для гэтага патрэбна прорва часу.
«Трэба забіць думку, што мусіш падабацца ўсім»
Крытыку не варта ўспрымаць як асабістую абразу, яе трэба аналізаваць і, магчыма, з нечым згаджацца і ладзіць работу над памылкамі. Тады наступным разам з чыстай усмешкай і ўдзячнасцю паглядзіш на ўсіх крытыкаў, бо работа над памылкамі зробленая, ты пайшоў далей.
Мая суперздольнасць – уменне бачыць наперад і не баяцца рабіць непапулярныя на першы погляд рэчы, якія потым аказваюцца слушным крокам наперад.
Ідэі найлепш прыходзяць падчас прагулак або падарожжаў у самоце ці ў размовах з людзьмі, якіх любіш і з якімі «за адно».
Ідэальныя суадносіны рамяства і натхнення – калі ты настолькі ўпэўнены і ведаеш сваю тэхніку, манеру працы і каманду, што не хвалюешся пра тэхнічны бок. Натхненне – гэта пэўны від ведаў пра свет, які прыходзіць кожнаму ў сваім асаблівым стане.
На што прыемна выдаткаваць паўзаробку? На кнігі ў якасных выданнях, на новую тэхніку і на зручны абутак.
Калі ўсё валіцца з рук, варта пайсці пагуляць, а пасля заснуць і прачнуцца ў новым дні. Калі сілы скончыліся зусім, лепш за ўсё дапамагае абрубіць уваходныя і чытаць добрыя кнігі (менавіта мастацкую літаратуру) і слухаць музыку. Са з’яўленнем Spotify я стала складаць плэйлісты, якія пасля публікую. Гэты занятак значна ўратаваў мяне гэтай зімой. Таксама дапамагае проста змяніць абставіны і адправіцца ў падарожжа. Мой ідэальны выходны – roadtrip у прыгожыя мясціны і шмат музыкі.
дырэктар па брэндзе і камунікацыі
Мяне натхняюць у першую чаргу сапраўдныя людзі – тыя, якія не баяцца сабе прызнацца ў тым, якія яны насамрэч, якія не спрабуюць прайграваць нейкую сацыяльна ўхваляюць мадэль паводзін. Гэта патрабуе смеласці і ўразлівасці. Таксама я маю слабасць да разумных людзей, і асабліва – да тых, хто, маючы развіты гнуткі жывы розум, звяртаюць яго ў нешта светлае. І, вядома, мяне захапляюць працавітыя людзі, людзі, у якіх ёсць, як гавораць па-англійску, stamina – вытрымка, стойкасць, жыццёвая сіла.
Я не баюся быць уразлівай (да пэўных межаў). На жывым сэрцы можна зрабіць значна больш, чым на закрытым.
У маёй сферы важна расстацца са страхам браць на сябе адказнасць. Была гісторыя, калі я працавала ў выдавецтве і мне давялося вылецець на топавы кніжны кірмаш у Франкфурт у гіпсе. Тут выбар кампрамісу паміж «узяць на сябе адказнасць» і «паклапаціцца пра сябе» праходзіў у той момант, калі напярэдадні вылету я прыйшла ў паліклініку і сказала: «Здымайце гіпс!», але ў выніку прыслухалася да меркавання лекара. Я паляцела на выставу, але паляцела з гіпсам.
Я не баюся прасіць дапамогі і задаваць пытанні. Адзін з маіх прынцыпаў, пра якія я распавядаю людзям, што прыходзяць у каманду: не бывае дурных пытанняў, бываюць незададзеныя пытанні – да мяне можна падысці з любым.
У мяне ёсць пярсцёнак, які асацыюецца з працамі Захі Хадыд. Калі б у мяне была магчымасць задаць ёй пытанне, я б спытала пра тое, як нягледзячы ні на што захоўваць у сабе сілы і матывацыю пастаянна ствараць і прадстаўляць свае працы, калі ўсё тваё жыццё табе кажуць, якая ты разумная і таленавітая, але не вераць у тое, што твае працы можна ўвасобіць у жыццё?
«На жывым сэрцы можна зрабіць значна больш, чым на закрытым»
Вялікае задавальненне мне дае здольнасць, магчымасць і сам момант пераўтварэння ідэі ў вобраз ці слова, якое можа чапаць сэрца. У менеджарскай частцы любімы момант – калі ты бачыш, што твае людзі растуць, і разумееш, што ўчора гэты чалавек не мог так рабіць. А сёння можа. А сёння можа сам.
Важна аднаўляць (а лепш не губляць) сувязь з целам, інакш яно пачынае збаіць. Я заўсёды займаюся спортам. Цяпер гэта тэніс і лыжы. У мяне тата-спартсмен, і ён прывучыў мяне да таго, што спорт – гэта эмацыйная гігіена. Як бы ты ні быў заняты і якім бы ты ні быў стомленым, ты будзеш яшчэ больш стомленым, калі не пойдзеш і не патрэніруешся.
На выпадак, калі ўсё зусім дрэнна, мне дапамагае спорт, які не дае магчымасці расканцэнтравацца. Калі ты займаешся сёрфінгам, то разумееш, што калі хоць на секунду падумаеш пра штосьці акрамя сёрфінгу, ты проста ўпадзеш і атрымаеш дошкай па галаве.
Лепшы спосаб утылізаваць негатыўныя эмоцыі, калі не спорт, то размова – з мамай, сяброўкай, любімым чалавекам, псіхатэрапеўтам. У мяне ёсць любімы падкаст «Так выйшла». Там двое герояў – Каця Кронгаўз і Андрэй Бабіцкі – гутараць на розныя этычныя тэмы. Мы з імі не знаёмыя, але яны для мяне важныя суразмоўцы. Вельмі люблю часам аб ніх – не пра іх, а аб ніх – падумаць.
Сысці адной у трэк – любімы спосаб перазагрузіцца. Горы даюць мне адчуванне абароненасці, мне не бывае там страшна. Аднойчы было страшна, але ўжо ўнізе: я не разлічыла час і пасля заходу спускалася з гор у Сванетыі, у мяне сеў тэлефон і адмовіў ліхтарык, я заблукала, спускалася навобмацак, ведаючы, што ў цемры ў гарах ходзяць ваўкі. Мяне выхоплівалі пражэктары аэрапорта, а ад стрэсу я спрэс забылася назву гестхаўса. Якія высновы я зрабіла? Трэба дубляваць сістэмы жыццезабеспячэння. З таго часу ў мяне два ліхтарыка. І я не забываю браць паўэрбанк.
рэдактарка гарадскога часопіса
Я б хацела выпіць кавы (або каньяку) з Ангелай Меркель, калі яна пойдзе на пенсію, – яе прамова «Wir Schaffen Das / Мы справімся з гэтым», якая была прысвечана таму, што Германія будзе прымаць бежанцаў з Сірыі, была для мяне вельмі натхняльнай – ну, проста таму, што яна пра перамогу дабра і прыняцця.
Мая суперздольнасць – гэта цярпенне. Магчыма, мае блізкія з гэтым не пагодзяцца, але ў цэлым я магу паставіць сябе на месца іншага чалавека і паспрабаваць зразумець, чаму ён прымае тое ці іншае рашэнне.
У маёй прафесіі справа не ў таленце, а ў паслядоўнасці, таму лепш рабіць пакрысе, але рэгулярна, чым у апошнюю гадзіну перад дэдлайнам. Так, вядома, таксама атрымліваецца, але доўга на гэтым выязджаць не атрымаецца.
Пошукі лепшых умоў для класных спраў часцей за ўсё прыводзяць да таго, што вы захапляецеся стварэннем умоў, а да спраў рукі так і не даходзяць.
Як сацыялізавацца на вечарыне, дзе не ведаеш амаль нікога? Па-першае, будзем шчырымі, лепш быць з келіхам у руцэ. Па-другое, было б нядрэнна шчыра зацікавіцца канкрэтным чалавекам, з якім вы плануеце завязаць размову, а зусім выдатна будзе, калі вас яму ўсё ж такі прадставіць хтосьці, з кім вы знаёмыя. Яшчэ нядрэнна працуе ўмоўная рэпутацыя, так, вы – гэта не толькі ваша праца, але звычайна прыналежнасць да чагосьці значнага ці хаця б зразумелага – норм нагода для смол-току.
«Усе самыя жудасныя парады з дзяцінства працуюць лепш за ўсё»
Каб адысці ад рэальнасці, карысна схадзіць і адправіць ліст. Ці нават лепш тэлеграму – для гэтага трэба ў пачатку зайсці на пошту і прастаяць хвілін дваццаць у не самай заспакаяльнай чарзе, каб потым са здзіўленнем разам з не менш здзіўленай жанчынай па той бок акенца акунуцца ў свет тэхналогій мінулага стагоддзя. І самае дзіўнае – працуюць яны ў некаторых выпадках лепш за ўсё іншае.
Калі ўсё валіцца з рук, то, як кажуць гэтыя невыносныя інстаграм-коўчы, можна паспрабаваць напісаць сабе спіс рэчаў, якія, даруй божа, даюць рэсурс. Толькі вельмі шчыра да сябе: гэта нармальна, калі рэсурс дае прыгатаванне вячэры або гарачая ванна.
На жаль, усе самыя жудасныя парады з дзяцінства пра тое, што нядрэнна было б своечасова класціся спаць, добра есці і – добра, гэта ўжо не з дзяцінства – асабліва не заё*вацца – працуюць лепш за ўсё. Жудасна, жудасна з гэтым мірыцца, але, кажуць, у тых, каму цяпер васемнаццаць, атрымліваецца прасцей.
На выпадак, калі сілы скончыліся зусім, у маім спісе было тры правераныя пункты: патэлефанаваць сяброўцы і паскардзіцца на тое, што сілы скончыліся, пайсці з ёй жа пагуляць з сабакам вакол Камсамольскага возера або купіць квіткі на выходныя куды заўгодна праз Ryanair.
Мы задалі пытанні аб прафесіі, творчасці, унутраных рэсурсах яшчэ пяці дзіўным беларускам і вельмі хутка падзелімся іх адказамі з табой. Сачы за абнаўленнямі 34mag.net на сайце і ў сацыяльных сетках.
Гэты спецпраект мы зрабілі пры падтрымцы Hennessy. На працягу 10 гадоў брэнд штогод выпускае лімітаваную серыю Hennessy Very Special, візуал для якой стварае запрошаны сучасны мастак.
Тварам новай серыі стала паўднёваафрыканская мастачка і перформер Faith XLVII. Не атрымаўшы класічную мастацкую адукацыю, дзякуючы жывой цікавасці, упартасці і бясстрашнасці ў працы над складанымі тэмамі ў змешаных тэхніках, яна стала адной з самых вядомых мастачак паўднёваафрыканскага паходжання.
Гераіні нашага праекта – гэта self-made беларускі, якія змяняюць свет вакол сябе, таму што ведаюць, чаго хочуць, не баяцца эксперыментаваць і проста быць сабой. Яны як ніхто падзяляюць філасофію Hennessy: поспех – гэта не дадзенасць, ён прыходзіць праз пераадоленне сябе, раскрыццё патэнцыялу і выхаванне пачуцця балансу ў жыцці. Не важна, які ў цябе бэкграўнд на старце, важна, чаго ты можаш дасягнуць, раскрыўшы сябе свету.
Акрамя таго, Hennessy рэалізаваў матывуючы праект All I Need, распавёўшы гісторыі цалкам розных людзей, якія атрымалі поспех у любімай справе і сталі натхненнем для іншых. Паглядзець відэа і прачытаць аб праекце больш можаш тут.
Дарэчы, купіць сабе такую бутэлечку ты можаш у спірыт-буціку Biblioteka.
Фота: murmurash, palasatka, з архіваў гераінь
ООО «Дигеста Диджитал»
УНП 192317837