Як выкараскацца з багны бяссілля? Парады псіхалагіні
- 10.10.2023
- 2861
Пачуццё безвыходнасці, бездапаможнасці, расчаравання і адчуванне, быццам далей не будзе нічога добрага, – тое, што многія перажываюць проста цяпер. Што рабіць, каб не дазволіць дэментарам у выглядзе навіновых стужак і асабістых драм высмактаць апошнюю цень асабістай радасці? 34 звярнуўся да гештальт-тэрапеўткі Волі Міхайлавай, каб атрымаць парады «першай дапамогі» сабе і блізкім у такіх станах.
Прыняць сябе і гэтыя пачуцці
Абсалютна нармальна ў чымсьці расчаравацца і замаркоціцца. Важна памятаць: магчыма, нешта ў цябе памянялася, твой стан, тваё стаўленне да чаго-небудзь, але не ты сам(-а). Ты застаешся. А цяпер такі перыяд.
Можна паспрабаваць знайсці пэўную долю карысці. Як бы дзіўна ні гучала, але ёсць людзі, якім удаецца толькі ў такім стане адпачыць. Асабліва гэта датычыцца «дасягатараў», якія ўвесь час бягуць, да чагосьці імкнуцца. У нейкі момант яны трапляюць у пункт расчаравання – і сустракаюцца з пачуццём безвыходнасці, бяссілля, роспачы. Такім людзям вельмі складана гэта перажываць, бо, як правіла, яны моцна дужаюцца з падобнымі пачуццямі. Але калі яны гэтыя пачуцці не адпіхваюць (ці ўжо не маюць рэсурсу гэтага рабіць) і акунаюцца ў сам стан, то з’яўляецца магчымасць выдыхнуць і запаволіцца.
Наогул у такім стане ёсць магчымасць зразумець, што для цябе цяпер важна, у чым твае каштоўнасці, што цябе атачае і ад чаго варта адмовіцца, бо яно аджыло сваё.
Яшчэ гэтыя пачуцці – пра магчымасць прызнаць свае абмежаванні. А прызнанне і прыняцце сваіх абмежаванняў – тая ўжо кропка, з якой магчыма паступова выбірацца і дзейнічаць. Таму першае і самае важнае: зразумець, што адчуваць расчараванне і бяссілле – нармальна.
«Ёсць магчымасць зразумець, што для цябе цяпер важна»
Не закрывацца
Варта не баяцца казаць «я стаміўся/стамілася», «я расчараваўся/расчаравалася», «у мяне скончыліся сілы», «я адчуваю, што бяссільны/бяссільная ў гэтай сітуацыі».
Напрыклад, пры пераездзе чалавек праходзіць адаптацыйны перыяд. Тады ў жыцці ёсць і радасці, і складанасці. Не варта думаць, што ты мусіш толькі радавацца. Варта знаходзіць спосабы падзяліцца сваімі пачуццямі. У госці схадзіць, расказаць там, што табе окей, а што – не, шукаць разуменне, нейкія супольнасці. Ці хаця б глядзець відосікі, як адаптуюцца на новым месцы іншыя. Так ты заўважаеш, што ты ў гэтым не адзін/адна, – і робіцца лягчэй.
Вядома, у размове ёсць рызыка атрымаць неэкалагічную падтрымку: «Гэй, ты што, ануча? Збярыся!» Калі чакаеш падобнай рэакцыі ад чалавека, з ім лепей не дзяліцца. Тады ідэальны варыянт – ісці са сваімі пачуццямі да псіхолага. Тут, магчыма, атрымаецца хутчэй (і пры гэтым плаўна і бяспечна) з гэтага стану выйсці.
З псіхолагам можна атрымаць досвед прыняцця падобных эмоцый: тэрапеўт пачне падсвятляць маленькія добрыя рэчы ў жыцці, а ты навучышся рабіць гэта самастойна, калі ў цябе будзе больш рэсурсу.
«Варта знаходзіць спосабы падзяліцца сваімі пачуццямі»
Клапаціцца пра сябе
Вельмі важна разумець, што цябе сапраўды ратуе. Напрыклад, нехта складана перажывае восень і дакладна пра сябе ведае, што ў гэтую пару правальваецца ў няўдачы мінулых дзён. І з гэтымі ведамі чалавек пачынае клапаціцца аб сваёй прасторы: робіць перастаноўку, купляе зялёныя вазоны, кветкі, факусуецца на смачнай ежы, гатуе какаву, дадае ў жыццё лазню і басейн. Гэта прыклад клопату пра сябе, які дапамагае выбудаваць апірышчы.
У кожнага чалавека можа быць свой спосаб не праваліцца ў безвыходнасць, з якой давядзецца доўга і пакутліва выходзіць.
Не ігнараваць свае пачуцці
Не варта спрабаваць адмахнуцца ад сваіх пачуццяў, бо менавіта так у іх правальваюцца яшчэ больш. Калі мы сустракаемся з нейкім расчараваннем і працягваем жыць, як жылі, а гэтае пачуццё ніяк не пражываем, то яно запіхваецца ўнутр, а потым – выбухае.
Варта, наадварот, рабіць свой стан бачным. Напрыклад, нехта пытае ў чалавека, як справы. Калі ўнутры коткі скрабуць, а чалавек кажа, што справы супер, то яму давядзецца яшчэ частку сіл марнаваць на падтрыманне сваіх слоў. Іншая справа, калі ты адразу робіш свой стан бачным, актуалізуеш яго.
Узровень «упадання» ў бяссілле залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў чалавека, досведу ў дзяцінстве, рысаў асобы, асяроддзя ў дарослым жыцці. Класна, калі ты разумееш свае схільнасці і прымаеш іх, а не спрабуеш праігнараваць, калі ўсведамляеш, у якім ты стане і што ён дае. Камусьці адчуваецца нават як цёпленька і добра – бо адбываецца легалізацыя пабыць на самоце і нічога не рабіць. А вось калі ты разумееш сваю асаблівасць і табе гэта вельмі замінае, варта ісці ў тэрапію.
«Класна, калі ты разумееш свае схільнасці і прымаеш іх»
Трымацца разам
Калі нехта з блізкіх трапляе ў дэпрэсіўны вопыт, звязаны з пачуццямі безвыходнасці, бяссілля і расчаравання, – тут важна быць побач.
Лепш за ўсё слухаць, разумець і гэта агучваць: «Разумею, што табе зараз няпроста і сумна». А бывае, чалавек кажа: «Ой, нешта так дрэнна.. і есці хачу…» За апошняе можна ўчапіцца: «О! І я хачу! А з'ямо чаго-небудзь смачненькага?» Вось такія мікрапробліскі важна заўважаць і падкрэсліваць.
Таксама пільнуй, калі ў самога чалавека будуць з'яўляцца пробліскі чагосьці пазітыўнага. Напрыклад, сябар/сяброўка кажа: «У мяне нічога не атрымліваецца», а потым пакрысе апісвае выхад з сітуацыі: «Але вось я, можа, з'езджу сёння яшчэ ў іншае месца, на ўсялякі выпадак…» Падтрымай чалавека: «Слухай, класнае рашэнне. Раптам нешта атрымаецца. А калі ўжо і тут не атрымаецца, тады ўжо будзем сядзець і плакаць».
Фота: Daria Ustenko