Вольга Няснова і Валерыя Баравец
- 22.01.2019
- 8042
На сёлетняй цырымоніі Rada Awards у новай намінацыі «Медыйны праект года» статуэтку ўзяў творчы дуэт Вольгі Нясновай і Валерыі Баравец, якія ствараюць гісторыі пра легендарных жанчын нашай краіны ў незвычайным жанры – фікшн-інтэрв’ю. Актывісткі ўжо «пагутарылі» з Ефрасінняй Полацкай, Цёткай, Ларысай Геніюш, Эміліяй Плятэр і не толькі. 34mag сустрэўся са стваральніцамі праекта Girls Power BY, каб запытацца, навошта прыдумваць гутаркі, якія ніколі не адбываліся ў рэальнасці, наколькі гэта гістарычна і каму пойдзе на карысць.
Гераіні:
Вольга Няснова, 35 год, дызайнерка (скончыла БДУ і ЕГУ), ілюстратарка і ідэйная натхняльніца праекта.
Валерыя Баравец, 24 гады, бакалаўр сацыяльных навук (ЕГУ), фікшн-інтэрв’юерка.
Сайт Facebook Instagram Telegram
Вольга Няснова
Валерыя Баравец
Як з’явіўся праект Girls Power BY
Вольга: Мне хацелася атрымаць вопыт, зрабіўшы такую прышпільную і, я спадзяюся, карысную і цікавую штуку. Кожны творчы чалавек рана ці позна хоча запусціць свой праект. На нейкім этапе ўсе сталі самастойна рабіць нешта шчырае і глядзець, у што гэта ў выніку вырастае. Напэўна, таму наша прастора пачала змяняцца. Мне як мастачцы-ілюстратарцы даўно хацелася папрацаваць з партрэтамі дзеячак, значных для мяне. І працаваць без чыіх-небудзь правак: паказаць менавіта той вобраз, які я бачу.
У мяне ніколі не было свайго праекта. І я не магла адразу зразумець, ці патрэбна нейкая агульная мадэрацыя. Але гэта не нейкі прадукт для заказчыка, а жывая штука. І можна даваць волю ўсяму, проста рабіць, што хочаш, – дурэць, эксперыментаваць і глядзець, што з гэтага атрымліваецца. Ніякіх жорсткіх аўтарытарных стасункаў – толькі асабістае жаданне нешта стварыць.
«Для мяне вельмі важна, што я расту ў гэтай краіне. І тое, чаго мне ў ёй не хапае, хачу зрабіць сама. І ўбачыць, як аднагодкі робяць тое, чаго не хапае ім і мне»
Лера: Калі ўсе людзі будуць вучыцца на спадчыне Амерыкі, казаць, што ў Беларусі дрэнна і трэба з'язджаць, то гэта ўсё завяне. А не хацелася б, каб гэта завяла. Усё ж такі тут былі людзі, якія нешта рабілі. І мы можам працягнуць іх працу ў культурна-грамадскіх сферах. Для мяне вельмі важна, што я расту ў гэтай краіне. І тое, чаго мне ў ёй не хапае, хачу зрабіць сама. І ўбачыць, як аднагодкі робяць тое, чаго не хапае ім і мне.
«Я ўзяла падручнік па беларускай літаратуры, гартала – і не бачыла ніводнага знаёмага імя. Хто ўсе гэтыя людзі? Якая слава дазволіла ім патрапіць у падручнік?»
Пра фармат прыдуманых інтэрв’ю і бязглуздыя падручнікі
Лера: Мы ствараем праект у жанры фікшн-інтэрв'ю – неіснуючых гутарак з легендарнымі беларускімі жанчынамі розных эпох. Я пішу такі тэкст, каб які-небудзь умоўны падлетак чытаў – і яму было не сумна. Калі яму не захочацца паглыбляцца ў гісторыю далей, то ён хоць бы прачытае дзве старонкі. Калі захочацца – то гэта будзе файна.
Калі я рыхтавала матэрыял да тэкстаў, то гартала акадэмічныя артыкулы. Было неверагодна знаходзіць нешта, дзе нашы гераіні пісалі пра сябе ад першай асобы, як Ларыса Геніюш ці Саламея Русецкая. Шыкоўна, калі жанчына сама нешта пісала, бо тут важна не столькі пераказаць факты, колькі ўлавіць, як думаў чалавек. Я ў захапленні ад Ларысы Геніюш: нават не з-за гістарычнай значнасці яе біяграфіі, не з-за апісання лагераў, па якіх яна бадзялася, а з-за таго, што ў яе круты стыль. Пра літаратуру даведваешся ў школе, а я не ведала ў школе пра Ларысу Геніюш нічога. І пасля гэтага я разгарнула падручнік па беларускай літаратуры, гартала – і не бачыла ніводнага знаёмага імя. Хто ўсе гэтыя людзі? Якая слава дазволіла ім патрапіць у падручнік? Для мяне быць у падручніку па літаратуры – гэта вышэйшая ўзнагарода, якую можа атрымаць пісьменнік. Ты атрымліваеш Нобелеўскую прэмію, але не трапляеш у кожны школьны падручнік па літаратуры. А ўмоўны Іван Пятроў там ёсць, і зусім не зразумела, чаму я павінна ведаць менавіта яго.
Мне цікава паглядзець, што пішуць у падручніках. Калі я гартала падручнік пляменніцы па гісторыі, то засяродзілася на радку: «Пры дапамозе стварэння антытэрарыстычнай кааліцыі ЗША спрабуе стварыць гегемонію ў свеце». Гэта значыць настаўнік можа спытаць у вучня: «Што спрабуе зрабіць ЗША з дапамогай антытэрарыстычнай кааліцыі?» І дзіця адкажа: «Стварыць гегемонію ў свеце». Для яго ёсць што-небудзь за гэтымі словамі? І там можна накапаць шмат момантаў, дзе напісана: «Думай так: вось гэтыя зрабілі дрэнна, а вось гэтыя зрабілі добра». Калі я чытала падручнік сама ў школе, я не асэнсоўвала гэтага. І зараз смешна, але я б, напэўна, не хацела, каб мае дзеці вучыліся па гэтых падручніках.
Мы робім не падручнік, а вольнае пераасэнсаванне, выдуманае інтэрв'ю, таму мы вырашылі, што тэкст павінен перагукацца з сучаснасцю, але я не ствараю гэтую сувязь наўмысна: яна атрымоўваецца натуральнай. Мне цікава, пра што думалі жанчыны ў тыя стагоддзі: мне хацелася ўключыць эмпатыю, паразважаць на тэму, пабыць у чужой скуры. Хутчэй за ўсё, гераіні не думалі пра тое, пра што я пішу. Я выкладаю не факты, а фікш-рэфлексію: праганяю матэрыял праз сябе і пішу так, як бы думала сама ў гэтым становішчы. Слова «фікшн» гарыць чырвоным вогнішчам: гістарычныя моманты важныя, але тут больш важна, што ў асобы ўнутры.
Напрыклад, Цётка падпісвалася мужчынскім імем. Я таксама падпісвалася як мужчына, і ў мяне для гэтага было сваё лагічнае тлумачэнне. Але і ў Цёткі ёсць яе асабістая падаплёка. Мне было цікава – якая? І разуменне, якой была матывацыя кожнай з іх, дазваляе ўлавіць карэляцыю мінулага з сучаснасцю.
Пра канцэпцыю і пра гендар, які не перашкода
Вольга: Кніжка «Казкі на ноч для маленькіх бунтарак» ёсць у большасці еўрапейскіх і амерыканскіх дзяўчат. Падобныя праекты з адукацыйнай функцыяй сталі з'яўляцца ў большасці краін. І я думала пра тое, што я хачу стварыць такі беларускі праект. Мы вырашылі трохі пахуліганіць і зрабіць тыя рэчы, якія нам у кайф, – і ў выніку атрымалася хутчэй нешта падлеткавае.
Самае галоўнае слова ў маёй ідэі – гэта «матывацыя». Калі б я ўмела пісаць, то ў мяне б у тэкстах, напэўна, было б больш агітацыі: пагналі змяняць свет! Для мяне гэта гісторыі, якія паказваюць: не важна, хто ты, важна, што ты хочаш рабіць. Больш за ўсё хацела б, каб гэты праект даваў разуменне, што ў іншы час жанчыны верылі ў сябе і рабілі цудоўныя рэчы.
Мой гендар ніколі не перашкаджаў мне, не даваў ні на секунду спыніцца. Я не хачу, каб для іншых жанчын іх гендар быў нейкім абмежаваннем. Не шкадуй, а рабі: усё ў тваіх руках. І хочацца знайсці вобразы крутых жанчын менавіта ў нашым культурным кантэксце, у нашай гісторыі.
«Мой гендар ніколі не перашкаджаў мне, не даваў ні на секунду спыніцца. Я не хачу, каб для іншых жанчын іх гендар быў нейкім абмежаваннем. Не шкадуй, а рабі: усё ў тваіх руках»
Лера: Для мяне гэта самаадукацыйны праект: я той чалавек, які да гэтага часу пажынае плады свайго бязладнага стаўлення да гісторыі ў школе. Калі ёсць на свеце дзеці, якія ўважліва чытаюць падручнік гісторыі, то я ім нічога новага не раскажу. Гісторыкам я таксама нічога не раскажу, яны, напэўна, стаяць з камянямі напагатове. Але злавіць вось гэты дух эпохі і зразумець жаночую праблему, як яна праяўляецца ў кожнай гісторыі, я магу.
Вольга: Для нас гэта спосаб праз забаўляльна-творчую абалонку даць чалавеку натхніцца і даведацца крыху больш пра нашу культуру. Мы пастараліся ахапіць розныя эпохі, пачаць з тых часоў, калі цяжка было казаць пра такое паняцце, як Беларусь, таму што ў XIII стагоддзі ўсё было зусім інакш. Калі чалавек любіў тое месца, дзе ён нешта рабіў, калі гэтае месца на нашых землях, гэта ўжо падстава для таго, каб пра яго напісаць.
Калі гісторыя жанчыны класная, раскрывае яе сілу, калі я бачу яркія візуальныя вобразы, то я выбіраю гэтую гераіню. Спачатку я рабіла шпаргалку: жанчына – час – у чым яе сіла – яркія факты – візуальны вобраз. Далей шпаргалка адпраўлялася да Леры.
Лера: Мы працуем паралельна: да таго моманту, як у мяне гатовы тэкст, у Олі гатовыя ілюстрацыі. І Оля не бачыла, што я напісала, і я не бачыла, што Оля намалявала. Я магу напісаць дэпрэсуху, а Оля можа намаляваць вельмі радасную жанчыну – гэта ўсё сутыкаецца і атрымліваецца, як ні дзіўна, гарманічна.
«Давайце пойдзем і зробім: пакажам усім, асабліва дзяўчатам, што ў нас ёсць велізарная колькасць крутых асобаў»
Як фемінізм сябруе з патрыятызмам
Лера: У гісторыю я пачала заглыбляцца, калі паступіла ў ЕГУ. Я зразумела: калі не запоўніць прабелы, то проста не магчыма рушыць далей. Усё звязана, бо ты не можаш вольна арыентавацца ў сучасным кантэксце, калі не ведаеш, што было да яго. Важна разумець, што тут было да нас, навошта мы тут зараз, што мы павінны рабіць.
Оля расказала мне пра канцэпт – зрабіць гісторыі пра жанчын Беларусі. Мне стала цікава капнуць у гэтую тэму, бо мне блізкая тэма жанчыны ў грамадстве. Калі ты не згодны з тым, што ў жанчын ёсць праблемы, табе трэба вывучыць матэрыял, каб у цябе была база аргументацыі, раз ты хочаш давесці, што праблем няма. На другім курсе я думала, што феміністкі спальваюць усё жывое, што ёсць на зямлі, я са сваім юнацкім максімалізмам і адсутнасцю ведаў пайшла пісаць курсавую на тэму «Уплыў фемінізму на дзеянне фракцыі Чырвонай арміі ў Германіі 1960–1970-х». І паспрабавала даказаць, што феміністкі сапсавалі нам жыццё. Я заваліла курсавую, навуковая кіраўніца патлумачыла, чаму гэта нельга назваць добрай працай з моцнай аргументацыяй. Тады я стала паглыбляцца ў тэму – пісала ўсе курсавыя па жаночых праблемах у грамадстве: жанчыны і праблема мацярынства ў кіно, насаджэнне ідэалогіі праз кінематограф. Гэта мая нездаволеная цікавасць, якая зараз рэалізоўваецца праз праект.
Вольга: Я заспела час, калі ў паветры лунаў дух «Адраджэння», і я хадзіла на Чарнобльскія шляхі. Народ быў вельмі натхнёны Незалежнасцю, якую ён раптам атрымаў. Ты браў энергію і падпітваў яе з агульнага поля. Карані зацікаўленасці гісторыяй адтуль. Будучы такім максімалістам-ідэалістам у юнацтве, потым я вельмі моцна дыстанцыявалася. Зараз ідзе вяртанне да гэтага ва ўжо дарослым свядомым узросце – я ўжо вырасла з крайнасцяў. І я разумею, што лакальны кантэкст ніхто, акрамя нас, не створыць, таму давайце пойдзем і зробім: пакажам усім, асабліва дзяўчатам, што ў нас ёсць велізарная колькасць крутых асобаў. І папулярызацыя гэтых лакальных вобразаў важная. І так нечакана мы выйшлі яшчэ адну функцыю праекта – патрыятычную.
Фота: Віялета Саўчыц