«Вася быў Гагарыным» – Яўген Калмыкоў пра Васіля Пачыцкага
- 09.05.2024
- 2454
Пайшоў з жыцця Васіль Пачыцкі – беларускі авангардыст, чалавек з мноствам іпастасяў і захапленняў. Чытачкі і чытачы 34 маглі ведаць Пачыцкага з розных бакоў яго таленавітай натуры: як стваральніка неверагоднага сусвету дзіўных істот, музыку андэграўнднага гурта «Перабор», арганізатара шматлікіх культурных акцый да Дня касманаўтыкі, аўтара візуалу для «Ляпіса Трубяцкога» і знакамітых карыкатурных зайцоў для «БелГазеты». Мы звярнуліся да сябра Пачыцкага, прадзюсара Яўгена Калмыкова, каб той падзяліўся ўспамінамі пра Васіля.
Дзіравіць космас
– Мы пазнаёміліся, калі ствараўся гратэскавы тэатр «Бам-Букі». Першы твор, за які мы ўзяліся, называўся «Пакарэнне космасу». Аўтарам дэкарацый і ўвогуле натхняльнікам усёй пастаноўкі і быў Вася Пачыцкі. Наогул людзі не называлі яго Вася Пачыцкі, яго называлі Гагарын. Многае, што ён рабіў, было звязана з космасам. У яго нават была татуіроўка ад рукі да рукі і праз грудзі – палёт у космас і прызямленне на Зямлю Гагарына ў спецыяльным чоўнавым шары.
І Вася быў Гагарыным. Доўгі час ён ладзіў розныя мерапрыемствы ў Дзень заваявання космасу, шмат чаго муціў: перформансы ў парку Горкага, андэграўндныя фестывалі ў клубе «ИЛИ», розныя выставы. Памятаю, калі разваліўся савок, мы з Васем удзельнічалі ў мерапрыемстве, якое называлася «Next stop – new life». Яно таксама было звязана з тэмай космасу. Да нас тады прыязджалі еўрапейцы, якія планавалі даехаць ажно да Улан-Удэ і спыняліся ў некалькіх гарадах Беларусі. Я на мерапрыемствах быў як арганізатар, а Вася крэатывіў. Акрамя гэтага ён быў часткай аб'яднання «КОЛХУи» [«Колдовские художники» – група яднала аля 20 мастакоў і ладзіла выставы ў 2000-2010-х. – заўв. 34], якое стварыў мастак Мікалай Капейкін з Піцера. Разам мы ездзілі да іх на выставы пра космас.
Сам Вася з Рэчыцы, а ў Менск ён трапіў дзякуючы галерэі Vita Nova. Арт-дырэктарам у ёй быў Коля Халезін, які тады шукаў таленты. У той час Вася ўжо працаваў у Маскве, і нейкую ягоную карціну прадалі з аўкцыёну Sotheby’s. Не ведаю, якім чынам гэта адбылося, але такі міф ён мне сам расказваў. І вось Халезін і яго кампаньёны па галерэі запрасілі Васю ў Менск, дзе стварылі яму добрыя ўмовы для працы. Ён нават мог праводзіць свае вар'яцкія мерапрыемствы. І першае, што ён зрабіў, – «Невядомае кіно Гагарына». Мерапрыемства праходзіла ў ДК Трактарнага завода. Гэта быў фестываль авангарднага кіно, які паказваў абноўленую версію «Пакарэння космасу», з якой пачыналася нашае знаёмства. Памятаю, гэта было вар'яцтва пра Белку і Стрэлку, а потым палёт Гагарына. Усё прапявалася ў вершах, музычным суправаджэннем былі «Ляпіс Трубяцкой». Вось так ён усё жыццё космас і дзіравіў.
«Гэта было вар'яцтва пра Белку і Стрэлку, а потым палёт Гагарына»
Маленькі акулярык Dr. Klein
Вася напісаў вялізную колькасць карцін і як мастак працаваў пад рознымі імёнамі. Адзін з яго вобразаў – Dr. Klein [“klein” – з нямецкага «маленькі». – заўв. 34]. Пад гэтым імем ён ствараў цэлы сусвет, дзе персанажы былі падобныя да гномікаў, а сам свет нагадваў карціны Брэйгеля. У яго нават быў партрэт самога Dr. Klein’а – лысенькага, маленькага акулярыка. І ўсе персанажы былі быццам з аднаго метасусвету.
Найлепшыя працы Васі памерам з аконную раму. Ён пісаў алеем і вельмі дэталёва ўсё прапрацоўваў, як фламандскія мастакі. Калі ён маляваў поўсць у авечкі, то рабіў гэта мільёнам рысак, вылучаў фактуру. У яго заўсёды быў вельмі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, а ў самі карціны ён закладваў нейкую сацыяльную, цікавую думку.
«Вельмі дэталёва ўсё прапрацоўваў, як фламандскія мастакі»
Вася маляваў тое, што хацеў сам, хаця для мяне ён неяк рабіў працу пад заказ. Адзін раз я папрасіў яго візуалізаваць альбом «Ляпісаў», каб на CD потым аформіць альбом. Тады ён напісаў карціну, дзе Боб Марлі скача босы на траўцы, цешыцца сонцу, рукі ўзняў уверх, фонам стаяць «Бітлз» у самых вядомых касцюмах-мундзірах, а на Бобе Марлі – майка з партрэтам Міхалка. Крэатыўны падыход у яго быў ва ўсім. Хоць гэтая карціна потым нікуды так і не пайшла, яна засталася вісець у мяне дома.
Калі мы пазнаёміліся, ён ствараў і аб'екты. Напрыклад, я бачыў у Васі аб'ёмную працу, у якой знаходзілася каля сотні тушак пацукоў: адна ляцела на драўляным самалёце, другая ехала на танку, трэцяя і чацвёртая біліся, у пятай быў дыямент у воку – сапраўдны – і гэтак далей. Гэта ўсё аб'ёмныя, сур'ёзныя творы. Але з цягам часу ўсё гэта знікла. Калі не стала людзей, якія маглі б інвеставаць у гэтыя аб'екты, працы аднеслі ў сарай, і потым яны прыйшлі ў непрыдатнасць. Пазней Вася ўжо рэдка іх ствараў. Памятаю, былі толькі на выставе ў 2021 годзе аб'екты, звязаныя з космасам. Рабіў ён іх з вясковых гаршкоў, якія знаходзіў у сябе на хутары. Шыкоўныя былі рэчы.
Гэта перабор
У Васі быў гурт «Перабор». Ён назваў яго так, бо казаў сваім музыкам: «Калі нас праз паўгадзіны не выгналі са сцэны, значыць гэта дрэнны канцэрт». Гурт «Перабор» – гэта калі гледачы павінны рэагаваць: «Ну не, гэта ўжо перабор!» Сапраўдная правакацыя.
Так, Вася – правакатар, чалавек-гісторыя. Напрыклад, аднойчы я ішоў каля філармоніі, а там выступала нейкая зорка, нямецкая піяністка. Каля ўвахода я пабачыў Васю, які трымаў чырвоную піянінку. Ён уцюхваў яе тым, хто заходзілі па квітках на канцэрт – падыходзіў і пытаўся: «Вы музыку любіце? А напэўна вы любіце добрыя творы для фано?» Потым даставаў з-за пазухі маленькую піянінку і прапаноўваў яе купіць. Такія гісторыі здараліся ўвесь час.
Васю можна назваць аматарам экстрыму. Разам са сваім сябрам, мастаком-канцэптуалістам Бісмаркам, ён мог пайсці на самую страшную ў горадзе дыскатэку ў парку Чалюскінцаў, яна называлася «Дошкі». Тамака ён станавіўся ў круг танцуючых дам, што, зразумела, правакацыя. Сканчалася яна паламанымі Васевымі рэбрамі. Неяк ён пайшоў у кавярню «Філінз» на Гарадскім вале – маленькую забягалаўку, дзе былі кава, піва і гарэлка ды стаяла піяніна. Вася сеў за гэты інструмент, і ніхто не мог яго спыніць: ён граў і драў горла. Хоць Вася і не ўмеў граць на клавішах, на працягу сарака хвілін ён даваў канцэрт. Тады адзін з бандзюганаў, што сядзелі за суседнім столікам, падышоў да яго і моўчкі закрыў піяніна проста падчас ігры – так Пачыцкі атрымаў тры пераломы пальцаў.
«Вася быў чалавек на грані з рэальнасцю, але пры гэтым душэўны і любіў людзей»
Па духу ён быў вельмі побач з каранямі тусоўкі «Ляпіс Трубяцкой». Вася Пачыцкі – наш кумір. А куміры ў Пачыцкага ўжо былі людзі на мяжы вар'яцтва. Сам Вася быў чалавек на грані з рэальнасцю, але пры гэтым душэўны і любіў людзей. Ён куралесіў, ствараў нейкія гісторыі, якія мы потым адно аднаму пераказвалі, а пасля хаваўся ад усіх і маляваў карціны. Яму трэба было выганяць з сябе ўсіх дэманаў. Відаць, у працэсе і нараджаліся творы, якія станавіліся аддушынай. Усё ж жывапіс – яго асноўны занятак. Астатняе было вобразамі. Ён сам так казаў. І дадаваў: «Я геній», а потым пытаўся: «Калмыкоў, чаму ты займаешся Міхалком, а не займаешся мной? Я ж геній!»
Карыстаючыся выпадкам, выказваю спачуванні Васевым родным і блізкім.