Freaky Summer Party не адбудзецца ў 2019-м

Менскі гарадскі пікнік Freaky Summer Party бярэ тайм-аўт і не адбудзецца ў наступным годзе. Пра гэта паведаміў у сваім Facebook арт-дырэктар фэсту Дзяніс Трусіла.

 

Тэкст паста падаўся нам вычарпальным і паказальным, таму прыводзім яго амаль цалкам:

 

«Hot News: FSP становіцца біенале – наступны ў 2020 годзе.

Зараз распавяду чаму. FSP – грандыёзны ўнутраны прадукт малюсенькага агенцтва Pocket Rocket. Год за годам FSP дапамагаў агенцтву заставацца сабой, гаварыць кліентам праўду і слова “не”, спрабаваць смелыя ідэі, памыляцца і быць эфектыўнымі. <...> Кожнаму агенцтву жадаю мець унутраныя праекты – трымаюць у тонусе.

<...> Першапачаткова ніхто не разумеў, як робіцца фестываль, збіраецца каманда, з'яўляюцца спонсары, бранююцца музыкі, робіцца рэкламная кампанія і інш. У 2018 колькасць спонсараў, фудкортаў, вендараў і найпрыгажэйшых гасцей і інстаграмаў перавысіла гістарычны максімум. Усё атрымалася і сапраўды атрымаецца ў наступным годзе. Ёсць адно “але”. Pocket Rocket – гэта платформа пуску новых нестандартных праектаў, а не касмічная арбітальная станцыя. Нам жыццёва неабходна пераадольваць прыцягненне, а не падтрымліваць вялікія сфармаваныя праекты.

Pocket Rocket сур'ёзна вырас у дызайне – атрымліваем узнагароды, назапасілі вопыт у брэндынгу, да нас прыходзяць “нашы” кліенты і часам нават тэлефануюць з Каліфорніі з замовамі на брэндынг хіпстарскіх бялковых батончыкаў. Мы паспрабавалі сябе ў рэжысуры і прадакшане ролікаў, пачало атрымлівацца і стала вельмі цікава.

Карацей, мы намацалі новыя напрамкі развіцця агенцтва, паставілі нерэалізуемыя мэты і імкнемся да іх. <...>

Развітацца з FSP было б не правільна, таму план такі – FSP пераводзім у фармат біенале (год праз год). Наступнае лета мы выдаткуем на ляноту, тусоўкі, катанне на роварах і купанне ў рэчцы – забыліся ўжо, як гэта. І ў 2020 годзе (25 і 26 ліпеня) перазапусцім FSP на новую арбіту – гэта будзе іншы фестываль, як і раней – незразумелы, які можна будзе лаяць, крытыкаваць, але схадзіць варта».

 

Сёлета FSP здарыўся ў юбілейны, дзясяты раз. Дзейства разгортвалася на ландшафтах парку «Дрымлэнд», а хэдлайнерамі выступілі Warhaus, Луна, «Пасош» ды Pompeya. Мы, вядома ж, зафіксавалі ўсё, што адбывалася, – для гісторыі і нашчадкаў.

Чакаем 2020-га!