Андрэй Горват стварыў кнігу пра нараўлянскі палац
- Рубрыка: УЛОЎ
- 12.05.2025
- 104
Аўтар бэстсэлера «Радзіва Прудок» Андрэй Горват выдаў кнігу «ДОМ» – пра нараўлянскую сядзібу роду Горватаў. Замовіць яе можна анлайн.
Новы твор Горвата ўяўляе сабой літаратурнае асэнсаванне біяграфіі палаца і людзей, якія называлі яго сваім домам, – у міксе з асабістай гісторыяй аўтара, які ўпершыню пабачыў палац у 2006 годзе. Ён прыехаў у Нароўлю, каб правесці ноч у «доме з прывідамі», пра які прачытаў у газеце. Пасля пісьменнік задумаўся пра магчымасць надаць закінутаму палацу сваіх аднафамільцаў (а мо і родзічаў) новае жыццё. У 2020 годзе ён разам са знаёмымі выкупіў будынак на перспектыву рэстаўрацыі. Беларусы талакой збіралі грошы на антыаварыйныя работы і кансервацыю таго, што засталося ад некалі пышнага палацава-паркавага комплексу сярэдзіны XIX стагоддзя.
«Кніга пісалася ў розныя гады, пачынаючы з 2021-га, – паведамляе аўтар у Facebook. – Некалькі разоў я перарываў працу над ёй, думаючы, што яшчэ не гатовы расказаць гэту гісторыю – сваю і дома. Ці проста не хацеў ставіць кропку. А потым паставіў. “Дом” – гэта не толькі тэкст, але і прыгожая рэч. Я стараўся зрабіць такую кнігу, якую хацелася б захоўваць». Кніга выдадзеная ў цвёрдай вокладцы, на шчыльнай крэйдавай паперы, прыемнай на дотык, і ўтрымлівае шмат фотаілюстрацыйнага матэрыялу, які дазваляе чытачу адчуць атмасферу палаца. Аўтар адзначае, што імкнуўся да таго, каб, трымаючы «Дом» у руках, людзі адчувалі тое, што і ён сам, калі ўпершыню пазнаёміўся з нараўлянскім палацам: «Ціхі покліч, запрашэнне затрымацца і адчуць сябе дома».
Прэзентацый кнігі не плануецца, але ёсць магчымасць атрымаць экзэмпляр з рук аўтара ў Вільні (20.05), Беластоку (21.05), Варшаве (22.05), Гданьску (23.05) і Познані (24.05), дзе Андрэй Горват будзе праездам. Кнігу можна замовіць анлайн з дастаўкай па свеце (але пакуль не ў Беларусь).