Анлайн-пляцоўкі для самавыяўлення надзейна адбілі сваё месца ў крэатыўных індустрыях і змянілі правілы гульні. Раптам здарылася, што самае цікавае адбываецца не ў нетрах студый, лэйблаў і павільёнаў, а ў руках чалавека, які бярэ камеру, графпланшэт ці сэмплер. Куды выкладаць плён сваіх творчых эксперыментаў і як з гэтым прабіваць акенца да сусветнага прызнання, глядзі ў нашым аглядзе анлайн-платформ для творчай самарэалізацыі.
Буйнейшая пляцоўка для выкладання аўтарскай музыкі. Ты бясплатна можаш заліваць свае трэкі агульнай працягласцю да трох гадзін, сачыць за праслухоўваннямі, лайкамі, каментаваць, рэпосціць, слухаць стужку фолавінгаў – карацей, усё як у паўнавартаснай сацсетцы. Толькі памятай пра капірайт: сэрвіс мае механізм распазнавання трэкаў – за кожнае парушэнне даюць страйкі, пасля трох папярэджванняў знішчаюць акаўнт. Калі хочаш больш гадзін для сваёй музыкі ці зарабляць з трэкаў, набывай Pro ці Premium акаўнты. Глядзі некалькі ціпсаў па развіцці сваёй старонкі ў саўндклаўдзе.
Найбольш вядомы як логвішча ўсіх дыджэяў і селектараў, Mixcloud насамрэч з’яўляецца таксама і буйным радыёсховішчам: тут можна выкладаць гутарковыя падкасты на тэмы, якія цябе хвалююць, і, уласна, радыёпадкасты з музыкай. Паглядзі, як гэта робяць жвавыя кіеўскія вундэркінды з радыё «Арыстакраты», якія за 2015 год сталі 7-мі брадкастарамі ў сетцы вяшчання Mixcloud. Выкладваць падкасты можна бясплатна і неабмежавана па колькасці, але кожны павінен складацца з не менш васьмі трэкаў. Сэрвіс перакладае адказнасць за плагіят цалкам на цябе, толькі злёгку сочыць, каб не было занадта шмат трэкаў аднаго выканаўцы ў міксе. Часам Mixcloud праводзіць брэндавыя конкурсы для дыджэяў, галоўным прызам якіх можа стаць гіг на Dimensions, рэзідэнцтва ў топавых клубах Ібіцы або гадавы кантракт з лэйблам.
Гэтая пляцоўка больш пасуе індзі-лэйблам з фарматам альбомных рэлізаў і сінглаў, але ты можаш піярыць і свае адзіночныя бутлегі. Правілы сайта забараняюць посціць каверы без пісьмовага дазволу ад аўтараў і загружаць чыесьці трэкі, вядома, таксама. Галоўнае, што робіць сэрвіс і што не дазваляюць першыя дзве платформы, – прадае тваю музыку. Сэрвіс не зарабляе на акаўнтах пачаткоўцаў – толькі про- і лэйбл-акаўнты платныя – і ганарыцца тым, што скарачае доўгі ланцуг паміж слухачамі і музыкамі, вымаючы з яго ўсіх гэтых незразумелых маркетолагаў/прамоўтараў/босаў. 15% кампанія забярэ сабе, астатняе пералічыць на твой PayPal амаль у той жа дзень. У месяц Bandcamp зарабляе музыкантам парадку 3 мільёнаў долараў. Дарэчы, толькі тут статыстыка продажаў альбомаў адносна асобных трэкаў 5:1, для астатняга свету паказчык – 1:16. Апроч гэтага, тут ты можаш баньчыць сваім мерчам і падаграваць інтарэсы перадзамовамі, а таксама прадаваць вінілавыя лімітэд эдышны сваіх рэлізаў. Хочацца расцалаваць гэтую платформу!
З платформамі для партфоліа разабраліся, а вось гэтыя два лінкі адкажуць табе на пытанне «Як трапіць у iTunes ды Spotify?» Буйныя стрымінгавыя сэрвісы і крамы амаль не працуюць з фізічнымі асобамі, таму табе патрэбен або лэйбл, або дыстрыбутар лічбавага кантэнту. Ну і паколькі мы тут пра DIY-прамоўшн, засяродзімся на апошніх. Кожны з сэрвісаў працуе як маркет, на якім аўтар можа выставіцца, а грошы за ўваход здымае арганізатар.
Для старту табе патрэбен трэк (або альбом), візуал да яго, банкаўская картка, да якой можна прывязаць акаўнт PayPal, і стартавы капітал на падпіску ад $10 (гадавая падпіска за сінгл) да $50 (за альбом). Праз 2-3 тыдні пасля таго, як ты заліваеш свой трэк ці альбом, пляцоўка прысвойвае кантэнту UPS barcode (штрыхкод, карацей) і выстаўляе твой гук на продаж. Tunecore працуе толькі з крамамі, на CDBaby кантэнт можа купіць і звычайны смяротны.
За дадатковыя грошы абодва сэрвісы прапануюць паслугі па мастэрынгу, паблішынгу і юрыдычных пытаннях распаўсюду тваёй музыкі і ўвогуле адкрываць для цябе дзіўны новы свет, таму што буйныя стрымінгавыя платформы ў Беларусі нават слухаць нельга, а ты атрымаеш шанец на іх прадавацца. Але калі зараз усё гучыць як панацэя, нагадаем, што проста стаць на маркеце не дастаткова. Спатрэбяцца крычалкі, кідкая шыльда і іншы маркетынг – усё, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Таму, пакуль чакаеш першыя лічбы ў чэку, займайся сваім прома яшчэ актыўней.
Найбуйнейшая пляцоўка для дызайнераў усіх масцей. Калі ты любым чынам плануеш працаваць не ў стол, то табе патрэбен там акаўнт, каб развівацца сярод прафесіяналаў. Стандартны профіль уключае: кантактныя дадзеныя, спецыялізацыю і партфоліа. Клапатлівыя стваральнікі платформы кнопку дызлайк не дадавалі, таму ў кам’юніці пераважна рэагуюць на працы пазітыўна ці проста ігнаруюць. Калі ў цябе няма сябра-праграмера, можаш скарыстацца дадатковай функцыяй Behance ProSite і зрабіць уласны сайт, не кранаючы код. Раздзел Work for sale дазваляе прадаваць свае працы, а ў раздзеле Jobslist кампаніі кшталту Apple, Amazon, Microsoft, Adobe, Booking.com шукаюць сабе дызайнераў. Лаві шанец!
Наступны лэвел – закрытае кам’юніці Dribble. Платформу называюць «твітэрам для дызайнераў», бо сэрвіс дазваляе падгружаць толькі адзін скрыншот 800х600 рх, які мусіць адказаць на пытанне «Над чым цяпер працуеш?». Абмежаванні сэрвісу дазваляюць выкладваць толькі 48 скрыншотаў у месяц і толькі тым, хто атрымаў інвайт: іх клічуць player’амі. Астатнім (prospects) застаецца натхняцца выстаўленымі працамі і спадзявацца, што хтосьці з кам’юніці цябе задрафтуе, то-бок пазначыць як вартага залічэння ў суполку. Сістэма падаецца мо не вельмі фрэндлі, але робіць сэрвіс мінімалістычным, а кам’юніці – сапраўды цікавым. Для апруфнутых дызайнераў унутры сэрвісу ёсць Hire me Messages, якія дазваляюць знайсці працу на клёвым праекце.
3ddd.ru / 3dsky.org / turbosquid.com / designconnected.com
Гэты шэраг лінкаў ахоплівае платформы, якія рана ці позна спатрэбяцца кожнаму, хто працуе з інтэр’ерамі, гульнямі ці фільмамі. Так званыя 3D-стокі будуць карысныя ў двух выпадках:
– ты мадэліш усё, што бачыш вакол, і лічыш, што з гэтага ўжо нешта можа атрымацца. Тады заводзь акаўнт і грузі туды свае працы. Найлепшыя з іх могуць зацікавіць дызайнераў у пошуках мадэляў, а ты заробіш нешта на сваіх практыкаваннях;
– ты сам распрацоўваеш інтэр’ер і вельмі шукаеш, напрыклад, канапу. Мадэлі са стокаў могуць выратаваць табе дзень жыцця.
Самая вядомая пляцоўка з пералічаных – Turbosquid – больш падыдзе тым, хто шукае мадэлі для рэкламы, кіно ці гульняў: ужо замадэленыя і зарыгаваныя выявы каштуюць тут ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень даляраў. Designconnected, таксама як і 3ddd/3dsky, – сховішча ўсіх магчымых мадэляў прадметаў інтэр’еру і архітэктуры.
Недаацэнены ў нашых шыротах інструмент для прамоўшна сваіх дызайнерскіх скілоў. Брэнды і крэатары са Штатаў і Заходняй Еўропы даўно акупавалі гэтую пляцоўку і збіраюць дзясяткі тысячаў фолавераў на свае дошкі. Сэнс у тым, каб быць самому сабе куратарам і абіраць лепшыя прыклады візуалаў, якія табе спадабаліся ў вэбе. Прышпільвай піны, калі табе нешта спадабалася, і фармуй з гэтага дошкі з рэферэнсамі. Пакуль ты збіраеш сабе рэферэнсы, незаўважна расце і твая аўдыторыя, якая падпісваецца на дошкі. Назапашвай свой сацыяльны капітал, а потым карыстайся ўвагай фолавераў, каб прасоўваць уласныя працы.
Блог-платформа, на якой перамаглі візуальныя спосабы самавыяўлення – тэксты там посціць мала хто, а вось калі ты ствараеш нейкі візуал, карыстацца ім можна некалькімі спосабамі:
– Проста праглядаць сваю стужку ў пошуках натхнення. Шукай адмысловыя блогі, прысвечаныя фатаграфіі, прамдызайну, каліграфіі, графічнаму дызайну.
– Весці ўласны блог, куды збіраць усе цікавыя працы.
– Прапаноўваць свае працы для публікацыі на папулярных старонках, тыпу гэтай. Глядзіш, калі-небудзь і цябе запосцяць на аўдыторыю адразу ў 100 000 чалавек. Вось табе спіс папулярных блогаў для пачатку.
Найбольш папулярная платформа для захоўвання сваіх фотаздымкаў. Адзін з нешматлікіх поспехаў Yahoo! – абноўлены Flickr прапаноўвае 1 тэрабайт (!) месца для тваіх фотаздымкаў і мабільны дадатак для смартфона, які дазваляе заўсёды цягаць свае фота з сабой і нават апрацоўваць іх анлайн. Ну і бясконцае натхненне ад іншых чальцоў суполкі. Там, дарэчы, усё яшчэ тусуюцца вядомыя фатографы.
500px аб’ядноўвае ў сабе кам’юніці і маркетплэйс. Тарыфныя планы для фатографаў вар’іруюцца ад $0 (можна загружаць да 20 здымкаў у тыдзень і ліцэнзаваць іх для маркетплэйсу), праз $6.25/месяц за неабмежаваны аб’ём фотаздымкаў, сайт-візітку на паддамене 500px.com і да $16.67/месяц за магчымасць атрымаць у карыстанне пакет Adobe Creative Cloud. Усе свае фатаграфіі на гэтай пляцоўцы можна ліцэнзаваць, то-бок дазволіць кампаніям набываць іх для карыстання з рэкламнымі мэтамі.
У прадстаўленні патрэбы не мае. Карыстацца ім ты можаш так жа, як гэта робяць студыі. Загружаеш трэйлер і максімум прома-матэрыялаў свайго фільма: інтэрв’ю з аўтарамі, бэкстэйдж, тызеры, whatever – і распаўсюджваеш лінк, дзе толькі магчыма. Не раім заліваць сюды сам фільм, калі ты яшчэ маеш намер яго пракатаць на фестывалях.
Сапраўдны хаб для сучасных самастойных фільммэйкераў. Тут табе і сховішча дадзеных, і сэлф-прамоўшн, і кам’юніці, і VoD-сэрвіс на адной платформе. Прафесійны акаўнт дазваляе загружаць свае фільмы і прома да іх, распаўсюджваць прыватныя лінкі для фестываляў і баераў, выстаўляць трэйлеры ў якасці партфоліа, а таксама наўпрост дзяліцца сваёй творчасцю з гледачамі праз стрымінгавы сэрвіс, які прапануе платформа. Карысным будзе прачэкаць блог, які посціць даступныя ролікі і тэксты на кіношныя тэмы: ад працы са святлом да пошуку першага досведу ў кінематографе. Проста загрузіць некалькі ролікаў можна бясплатна, а вось каб займацца сваім партфоліа больш прафесійна, патрэбна праапгрэйдзіцца хаця б да Plus-акаўнта. Тарыфы глядзі тут.
Сайт – выклік для фільммэйкера. Тут месцяцца крэатыўныя брыфы на здымкі відэа (ад рэкламных ролікаў да міні-фільмаў) ад сусветных брэндаў кшталту AirB&B, Ogilvy, Saatchi&Saatchi, Sony, E-bay, карацей, заказчыкаў тваёй мары. Схема працы простая: робіш прафесійны акаўнт, посціш папярэднія працы і шукаеш брыфы па сваім гусце. Адразу кідацца здымаць не трэба. Для пачатку, як у добрым дакументальным праекце, робіцца трытмент – апісанне ідэі, сцэнар, калі патрэбна – раскадроўкі, чарнавы бюджэт, запланаваны касцінг. Брыф можа быць прывязаны да канкрэтнай лакацыі, у гэтым выпадку або драфтуй свае трэвэл-кошты ў бюджэт, калі будзеш рабіць пітч, або падумай двойчы, ці варта менавіта ў гэтым чэленджы ўдзельнічаць. Кліент выбірае трытмент, і толькі тады пачынаецца рэальная праца. Нават калі ты не перамагаеш у конкурсе, за час падрыхтоўкі атрымліваеш моцны скіл планавання ўласнага прадакшну.
Памятаеш, як беларусы здымалі неверагодна прыгожы кліп для Sigur Rós? Адбывалася ўсё менавіта праз гэтую платформу. На TalentHouse кампаніі пастаянна шукаюць прафесіяналаў рознага профілю: то Lexus Film Fest патрабуецца дызайн постара, то берлінскі гатэль шукае мастацкія працы для аздаблення свайго хола, то BØRNS здымае новы ролік, а Penguin Books малюе новую вокладку для сваёй наступнай кнігі. Працуе ўсё па аналогіі з Genero.tv, але тут патрэбна будзе ўключыцца ў працу і падаць на конкурс гатовы прадукт. Перамагаеш – грошы і ўсе пернікі ад праекту твае, а калі не – тваю працу ўбачаць тысячы чалавек на этапе адбору, а ў партфоліа застанецца дакументальна зафіксаваны прыклад тваіх здольнасцяў.
Withoutabox / Shortfilmdepot / Reelport
Фестываляў ужо болей за дзён у годзе, а хутка стане болей за фільмы, таму прапануем табе шорткат, каб трапіць на большасць патрэбных. Тры агрэгатары дазваляюць табе ахапіць пераважную колькасць кінафэстаў сваімі заяўкамі. Схема працы простая: рэгіструешся на пляцоўцы, заліваеш свой фільм разам з прэс-кітам і падаеш заяўкі на фестывалі, якія цябе зацікавілі. Звярні ўвагу на розныя мадэлі манетызацыі гэтых сайтаў. Withoutabox не патрабуе ад цябе ніякіх плацяжоў, акрамя фестывальных entrance fees. А калі падаешся на некалькі адразу праз Discount Packs, то можна атрымаць зніжку. Нагоду для такой шчодрасці, здаецца, тлумачыць лога Амазона, змешчанае ў цёмным закуточку сайта. Бонус – са свайго акаўнта на Withoutabox ты можаш экспартаваць старонку фільма на IMDB. Shortfilmdepot і Reelport працуюць выключна з кароткім метрам. Для Reelport першая загрузка бясплатна, потым аплата ідзе за кожны фільм. На абедзвюх пляцоўках з цябе спагоняць па €3 за фільм (+ entrance fee, калі ўдзел у фестывалі платны).
Калі ты яшчэ не ведаеш, пра што зараз будзе ісці гутарка, абавязкова наведай Artstation, каб проста пазнаёміцца з тым, як ствараюць віртуальную рэальнасць вакол цябе. Мабыць, ты знойдзеш там свой апошні танк або заліпнеш на making of галівудскага мульта. Так ці інакш, камп’ютарная графіка (CG = computer graphics) – гэта асобны свет, у якім жывуць «людзі з чыгуннымі азадкамі» (цытата), прамымі рукамі і тонамі трываласці. На пляцоўцы яны змяшчаюць свае працы, натхняюцца, адграбаюць па вушах за недапрацоўкі (крытыка на мяжы з тролінгам – нармальная справа). Дысклэймер: убачанае можа занадта ўразіць – і вось ужо тваё жыццё коціцца пад адхон, а ты малюеш на графпланшэце.
Аналагічным чынам працуюць сайты cgplus.com, cgsociety.org, drawcrowd.com, але вопытныя мастакі раяць усе ж такі Artstation і падпісацца на шматлікія паблікі па тэме, кшталту гэтага, а то і на інстаграмы мастакоў.
Пра канцэрты інды-гуртоў і пра магчымасці самавыяўлення для кожнай і кожнага.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (2)
Instagram! Какой там Flickr.
У фликр приложение недоступно для нашей страны (