Да 29 жніўня ў Горадні праходзіць выстава «Сусветнае прэс-фота – 2019»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 14.08.2019
- 4308
Фота: Wally Skalij, ЗША для Los Angeles Times
Горадня зноў прымае вялікі агляд лепшых прэс-фотаздымкаў. Уразіцца працамі пераможцаў конкурсу World Press Photo 2019 можна да 29 жніўня ў «Цэнтры гарадскога жыцця».
Аўтарытэтны конкурс сусветнага прэс-фота ладзіцца 62-і раз. Як і раней, ён адзначае прафесійных фатографаў за найлепшыя кадры – асобныя здымкі або серыі, – зробленыя імі на патрэбу візуальнай журналістыкі цягам мінулага года.
Сёлета на конкурс прыляцеў 78 801 здымак ад 4738 фатографаў са 129 краінаў. Эксперты адабралі працы, якія найбольш дакладна, сумленна і пераканаўча адлюстроўваюць тое, што адбываецца на нашай планеце. Ніякіх фаташопаў і іншых хітрыкаў. Толькі «гісторыі, што маюць значэнне».
На беларускія землі выставу ўжо ў чацвёрты раз прывозіць культурніцка-адукацыйны цэнтр «ЦЭХ». Сёлета яго каманда ладзіць экспазіцыю ў партнёрстве з «Цэнтрам гарадскога жыцця» пры фінансавай падтрымцы амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.
Фота: John Moore, ЗША для Getty Images
Юлія Дарашкевіч,
дырэктарка культурніцка-адукацыйнага цэнтру «ЦЭХ»
«У Горадні з'явілася новая выдатная пляцоўка – “Цэнтр гарадскага жыцця”, са сваёй утульнай атмасферай і вельмі прафесійным падыходам да працы. Нам было цікава і карысна папрацаваць з новай прасторай і яго крутой камандай. Рабяты фактычна ўсю працу на месцы ўзялі на сябе: арганізавалі валанцёраў, правялі мантаж, запусцілі рэкламу – і ўсё на высокім узроўні.
Вельмі важна, што такія месцы з'яўляюцца па-за Менскам, дзе ўсё культурнае жыццё засяроджана ў некалькіх кропках, а большасць праектаў не выбіраецца за межы кальцавой. Да таго ж Гродна – мой родны горад, і вяртацца туды, а тым больш прывозіць нешта цікавае, – заўсёды прыемна.
Што тычыцца актуальных тэм сёлетняга World Press Photo, то па-ранейшаму ў топе тэма мігрантаў. “Фота года” стаў здымак гандураскай дзяўчынкі, якая плача, калі яе з мамай арыштоўваюць памежнікі ў ЗША».
Дзе: «Цэнтр гарадскога жыцця», вул. Кірава, 3.
Калі: да 29 жніўня, 12:00 – 20:00 штодня.
Колькі: уваход вольны.
34mag з вялікім імпэтам здымае адкрыцці World Press Photo ў Беларусі: вось як там было ў 2016, 2017 і ў 2018 гадах.