Запусціўся сайт Covidmonitor BY
- Рубрыка: УЛОЎ
- 30.04.2020
- 6953
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta запусціла сайт для маніторынгу пандэміі COVID-19 у Беларусі, каб тады, калі ўсё вернецца ў нармальнае рэчышча, прааналізаваць (не)зробленыя дзяржавай дзеянні.
Рэсурс Covidmonitor фіксуе храналогію падзей, заяў, дзеянняў і рэакцый дзяржаўных органаў. Таксама на сайце збіраюць рэлевантныя нарматыўна-прававыя акты, што прымаюць чыноўнікі падчас пандэміі.
Цяпер праект дазваляе даведацца, як рэагавалі розныя дзяржорганы Беларусі на распаўсюд віруса пачынаючы з 22 студзеня, калі ў Кітаі было толькі каля 200 выпадкаў заражэння, да 30 красавіка, калі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вырашыла перавесці святкаванне Першамая ў анлайн. Інфармацыю можна фільтраваць па рэгіёне, часе, тэме і арганізацыі, якая прымае рашэнні.
Кожны(-ая) жадаючы(-ая) можа паўдзельнічаць у маніторынгу, націснуўшы на кнопку «Дадаць інфармацыю» ў шапцы сайта або звязаўшыся з Human Constanta па пошце legal@humanconstanta.by.
Актывісты нагадваюць: «Кожнае абмежаванне, якое ўводзіцца дзяржавай, павінна быць законным, прапарцыйным і недыскрымінацыйным».