Важныя беларускія кнігі 1990–2010-х зноў з’явяцца на паліцах кнігарняў

  • Рубрыка: УЛОЎ
  • 28.05.2025
  • 285

Выдавецтва Gutenberg распачынае серыю «Акно ў прозу», якая верне (або адкрые) чытачам творы, што былі знакавымі ў свой час.

Серыю прэзентуюць як своеасаблівую мапу па трыццацігоддзі літаратуры Беларусі часоў незалежнасці. Кіруючыся гэтай мапай, можна адчуць настальгію па тагачасных культурных тусоўках або навярстаць тое, што прапусцілі ў сілу ўзросту ці меншай зацікаўленасці кніжным словам.

«Акно ў прозу» перакіне масткі ад школьнай праграмы, якая абрываецца прыкладна на Іване Шамякіне, да нашых дзён – праз бурлівыя 1990-я, размаітыя 2000-я і «залатыя» 2010-я. Гэтая серыя – запрашэнне занурыцца ў постсавецкі кантэкст і разам з аўтарамі і аўтаркамі парэфлексаваць над тагачаснай літаратурнай спадчынай. У кнігах можна пашукаць магчымыя адказы на пытанне «Як мы тут апынуліся?»

Першымі ластаўкамі, якія праляцяць праз «Акно ў прозу», стануць:

 

«Завяршыць гештальт», Макс Шчур

  Замовіць

У гэтым творы Макс Шчур, які з канца 1990-х жыве ў Чэхіі, разглядае Беларусь з Еўропы і адначасова хавае еўрапейскі міф. Яго герой выпраўляецца ў падарожжа з Прагі да Амстэрдама, і на шляху яго чакаюць музеі, прывіды мінулага, спантанныя каханкі і камуністы, ад якіх даводзіцца адбівацца вострым пяром і фотаапаратам.

Раман быў выдадзены ў 2015 годзе. За яго Макс Шчур быў уганараваны першым прызам Прэміі Ежы Гедройца. З водгукаў на Livelib: «Гэты твор – нешта новае ў беларускай літаратуры, хоць у беларускай літаратурнай прасторы аўтар існуе выключна віртуальна, а ў самой Беларусі не быў ужо шмат гадоў».

 

 

«Libido», Ілля Сін

  Замовіць

У 2019 годзе Ілля Сін узяў з «Libido» першы прыз Прэміі Гедройца з фармулёўкай «за канцэптуальнае ўвасабленне светаадчуваньня сучаснага грамадства і эфэктыўнае выкарыстанне авангардысцкіх тэхнік пісьма».

Твор пазіцыянуецца як сінематаграфічна-сюррэалістычная кніга пра экзістанцыйны жах у постсавецкім горадзе, дзе разам з галоўнай гераіняй пасяліліся робаты-сэксцацкі і выбуховыя снарады, а суконная шэрасць усё ніяк не сыходзіць з бясконцых 90-х. «Не летняя чытанка на пляж, а кніга для ўдумлівага азнаямлення», – падкрэсліваюць абазнаныя чытачы.

 

 

«Галоўная памылка Афанасія», Югася Каляда

  Замовіць

Калі кніга прозы Югасі Каляды «Галоўная памылка Афанасія» выйшла ў 2005 годзе, філосаф Ігар Бабкоў назваў яе «самым скандальным і кантраверсійным літаратурным дэбютам дзесяцігоддзя», а літаратуразнаўца Аксана Бязлепкіна адзначыла, што «ў незапоўненай нішы моладзевай літаратуры» твор мае ўсе шанцы «стаць настольнай кнігай для тых чытачак, якім у чаканні тэлефоннага званка ад каханага патрэбна падтрымка ў выглядзе аптымістычнай гісторыі пра недарэчнага і ленаватага анёла-ахоўніка». Пісьменніца Людміла Рублеўская пісала: «Югася з'явілася ў менскім літаратурным бамондзе, дадаткова ятрачы ўсіх рудым колерам валасоў і пафігізмам, пасля чаго бамонд разрадзіўся яшчэ некалькімі рэцэнзіямі рознай ступені яхіднасці... Тым часам кніжку працягвалі чытаць. Нават тыя, хто ніколі дагэтуль не чытаў па-беларуску».

У кнізе прозы «Галоўная памылка Афанасія» вынаходліва пераплятаюцца бесклапотнае студэнцтва, курортны Крым, піўныя рэкі, а таксама гігабайты кахання ў самых розных ягоных праявах. З водгукаў на Goodreads: «Сто старонак кайфу!!»

 

 

«Блог Усяслава Чарадзея», Павал Касцюкевіч

  Замовіць

Кніга выглядае так: легандарны полацкі князь, будаўнік Сафійскага сабора і ўладальнік звышнатуральных здольнасцяў, на старонках свайго блога расказвае, як гэта – быць у шкуры ваўка-пярэваратня і кіраваць сярэднявечным княствам, скардзіцца на недасканаласць і адсталасць сучаснага яму грамадства, дзеліцца любоўнымі перажываннямі. У «Блогу Усяслава Чарадзея» Павал Касцюкевіч знаходзіць агульныя рысы ў часінах Полацкага княства і хіпстарамі ў спакойным 2013-м, згадваючы культурныя коды гадоў, калі смузі і веганства былі на піку.

На думку некаторых чытачоў, «Блог» – самая арыгінальная кніга беларускай літаратуры ў 2013 годзе, бо «незвычайны жанр, незвычайная ідэя і незвычайны спосаб падачы».

 

 

«Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», Уладзімір Някляеў

  Замовіць

Твор сучаснага класіка (і, дарэчы, намінанта на Нобеля ў 2011-м), які прынёс яму перамогу на Прэміі Гедройца, расказвае пра савецкі/несавецкі Мінск эпохі Хрушчова, яго насельнікаў, іх складаныя лёсы і заблытаныя каханні. Шмат у чым раман аўтабіяграфічны, і ў гэтым вялікі складнік яго сацыяльна-мастацкай вартасці. Праз гісторыі прадстаўнікоў менскай шасцідзясятніцкай багемы Някляеў малюе гісторыю краіны. У чарзе па газіроўку тут стаяць Лі Харві Освальд і Кім Хадзееў, дысідэнты і спецслужбісты, тыя, хто перажылі Другую сусветную вайну, і франтавікі халоднай, тыя, хто данасілі, і тыя, на каго данасілі.

На Goodreads справядліва адзначаюць: «Пра Менск нярэдка кажуць, што беларуская сталіца пакуль што не набрыняла сваёй міфалогіяй і легендамі, дык раман Някляева істотна выпраўляе гэты прабел».

 

  Кнігі можна перадзамовіць на сайце Gutenberg.
Калі ўзяць адразу «камплектам» – будзе танней (яшчэ і тэматычныя падарункі прапануюць).

 

***

  Сачыць за навінамі выдавецтва зручна ў інстаграме. Там жа можна накідваць свае ідэі кніг, якія варта перавыдаць.