Чым замяніць навагодні карпарат?
- 19.12.2019
- 5377
Святы кродуться как мыш, а калядны настрой быццам стырыў Грынч? Годзе гнісці. Прапануем закінуць у сябе яшчэ кілаграмчык мараканскіх мандарынаў і выбраць пераднавагоднюю вечарыну на свой густ.
«НОВЫ .XYZ»
Калі: 28 снежня, 23:00.
Дзе: клуб Berlin (пер. Тучынскі, 2).
Колькі: 10 BYN – загадзя, 15 BYN – на ўваходзе.
Прастора «Сталоўка .XYZ» выдатная не толькі лютым холадам і флэшбэкамі з саўка, у якім ты ніколі і не жыў(-ла), але і арт-варушняком, што вакол яе бурліць. За тры гады існавання «Сталоўка» аб'яднала 10 супольнасцяў, рэалізавала 9 выставачных праектаў і правяла аж 250 мерапрыемстваў. Напярэдадні новага, 2020-га стваральнікі_цы праекта запрашаюць цябе на прэзентацыю анлайн-архіва «Сталоўка XYZ: Супольнасці, Прасторы, Камунікацыя» і вечарыну з дыджыкамі з Беларусі і Украіны. Тусоўка пройдзе не на Фабрыцыуса, а ў клубе Berlin.
ACCIDENTAL POINT
Калі: 28 снежня, 18:00.
Дзе: accidental POINT (вул. Кальварийская, 21).
Колькі: free.
Праведай новую кропку на мапе альтэрнатыўнага Менска: аб'яднанне Accidental society адкрывае бар з вінілам і музыкай. Самая цукерка: тут усталююць адзіную ў СНД кастомную сістэму TPI Sound: гэты вытворца робіць аўдыясістэмы для брытанскай студыі гуказапісу BBC News і канцэртных выступаў The Chemical Brothers. У праграме першай вечарынкі на новым месцы – дыджэй-сэты ад рэзідэнтаў супольнасці і некалькіх гасцей, а таксама прэза кнігі пра ўзаемасувязь рэйву і падзення Берлінскай сцяны. Прэзентаваць кніжку будзе галоўрэд «Mixmag Расія» Ілля Варонін, за вяртушкі стануць NSNVA, KorneJ, Gleb Gurami, 3 а, Ilya Koronez.
Калі: 28 снежня, 23:59.
Дзе: бар «Хуліган» (вул. Кастрычніцкая, 16).
Колькі: 10 BYN.
У «Хуліган» пад самую ёлку вязуць нью-ёркца па нараджэнні і берлінца па базаванні Эвана Бэгса. Гэты хлопец валодае магічнай здольнасцю знаходзіць дзівосныя плыткі на стыку тэхна, хаўсу, электра, брэйксу і зачароўвае публіку марафонскімі сэтамі. Арганізатары тусы запэўніваюць, што сэты Бэгса здольныя мяняць свядомасць. Вось і праверыш.
Калі: 24 снежня, 23:00.
Дзе: клуб Berlin (пер. Тучынскі, 2).
Колькі: 10 BYN.
Тут табе ні разумных прэзентацый, ні дзівосных аўдыясістэм, ні еўрапейскіх прывозаў. «Басота» проста запрашае цябе нармальна растрэсціся пад дабстэп у кампаніі юных і жвавых. «“Цёмная” працуе лепш любога псіхатэрапеўта, прачышчаючы галаву і выганяючы ўсю дуроту сваёй аўрай і зарадам эмоцый ад шчыльнай цёмнай атмасферы. Гэта менавіта тая туса, на якой ты можаш застацца сам-насам з самім сабой, але ў той жа час знаходзіцца ў коле вялікай колькасці людзей», – кажа адзін з галоўных дзейных асоб вечара Maklai.
Калі: 25 снежня, 17:30.
Дзе: клуб Re:Public (вул. Прытыцкага, 62).
Колькі: ад 15 BYN.
Алды тут? «Калядны фэст» – добрая нагода сабрацца разам і патрэсці даўгімі валасамі ўволю. Ствараць калядны настрой будуць ВІА сярэднявечнай і фальклорнай музыкі, прычым «Стары Ольса» адзначыць 20 гадоў творчага шляху. Пішуць, што «канцэптуальна гэты фестываль не будзе асабліва адрознівацца ад папярэдніх». Яно і да лепшага.
Калі: 22 снежня, 19:00–23:00.
Дзе: культ. цэнтр «Корпус» (пр-т Машэрава, 9).
Колькі: free.
У нядзелю перад Калядамі культ. цэнтр «Корпус» ператворыцца ў «прастору для ўяўлення, сацыяльны клуб і рэлакс-рум». Гэта мерапрыемства з разраду «стары сябар даражэйшы за новых двух»: правераная прастора; дыджэі, густы якіх ты ведаеш – і давяраеш ім; яшчэ адна магчымасць сустрэцца са знаёмцамі, патанчыць, выпіць і пагаварыць, не перакрыкваючы музло. Ну і котка Хімера, якая глядзіць на цябе так, быццам ведае тваю будучыню.
Калі: 29 снежня, 18:00.
Дзе: бар «Алкаголі» (вул. Інтэрнацыянальная, 13)
Колькі: free.
Тут не танцы, але ў якасці бонусу мы не можам пакінуць цябе без якога-небудзь бессэнсоўнага падарунка. Прыемны бар «Алкаголі» прыдумаў вынесці за межы офісаў і працоўных калектываў гульню ў таемнага Санту. Схема такая: да 22 снежня рэгіструешся тут, а 29 снежня прыходзіш на раздачу.