9 доказаў таго, што мы ўжо жывем у «Чорным люстэрку»
- 28.12.2018
- 5981
Усюдыісная рэклама і безнаяўны разлік
У серыі «15 Million Merits» людзі жывуць у тэхналагічным «дні сурка»: спяць у пакоях, пакрытых экранамі, зарабляюць балы, катаючыся на велатрэнажорах, і выдаткоўваюць гэтыя самыя балы на ежу, тэлепраграмы і адключэнне рэкламы, якая транслюецца ў рэжыме «нон-стоп».
Мы ў акварыуме з манітораў не жывем, але ад рэкламы пакутуем сапраўды гэтак жа: дакучлівыя прапановы наганяюць нас падчас праглядаў відэа, сёрфінгу ў сацыяльных сетках і выкарыстання мабільных прылад. Рэклама пераследуе нас у кантэкстным і натыўным выглядзе, чакае нас у мэсэнджарах і бязлітасна захоплівае цалі нашых экранаў пры кожным неасцярожным кліку.
У серыяле людзі плацілі за пропуск рэкламы электроннай валютай – мы да такога яшчэ не прыйшлі, але безнаяўным разлікам карыстаемся актыўна: мабільныя плацяжы, інтэрнэт-банкінг і бескантактавыя карты нівеліруюць прэстыж «гатоўкі». Дарэчы, некаторыя краіны наогул адмаўляюцца ад папяровых купюр – у Швецыі, напрыклад, застаўся ўсяго 1% наяўных грошай.
Чат-боты, галасавыя памочнікі і штучны інтэлект
Гераіня эпізоду «Be Right Back» настолькі моцна перажывае смерць мужа, што вырашае «ажывіць» яго з дапамогай чат-бота, які ўзнаўляе паводзіны памерлага на аснове яго сацыяльных сетак. Спачатку сэрвіс існуе толькі ў выглядзе паведамленняў, потым абзаводзіцца голасам загінулага мужчыны і атрымлівае сінтэтычнае цела – цяпер прыладу немагчыма адрозніць ад сапраўднага чалавека.
Сінтэтычныя целы чалавецтва ствараць не навучылася, а вось пагутарыць са сваёй лічбавай копіяй можна проста зараз. Для гэтага трэба ўсталяваць англамоўны сэрвіс Replika – мабільны дадатак, які базуецца на штучным інтэлекце. Replika збярэ інфармацыю пра тваю персону, падключыцца да тваіх сацыяльных сетак і завядзе бясконцы дыялог – чым даўжэй ты камунікуеш з дадаткам, тым цікавейшымі становяцца яго пытанні і адказы.
Таксама да разраду найпрасцейшых суразмоўцаў можна аднесці чат-ботаў: праграмы ў VK і Telegram створаны спецыяльна для таго, каб ты засыпаў(-ла) іх пытаннямі. Калі ж табе хочацца з кімсьці пагаварыць, звяртайся да Alexa, Siri або «Алісы» – гэтыя галасавыя памочнікі не толькі знойдуць патрэбную табе інфармацыю, але і змогуць падтрымаць лёгкую гутарку.
Адлучанасць і апантанасць Instagram Stories
Цэнтральны персанаж серыі «White Bear» аказваецца ў жудасным атракцыёне: праз тэлесігнал жыхары яе горада падзяліліся на назіральнікаў, паляўнічых і ахвяр-мішэняў. Галоўная гераіня стала мішэнню, яе пераследуюць забойцы і людзі, якія здымаюць тое, што адбываецца, на камеры сваіх мабільных тэлефонаў.
Натуральна, у самой серыі табе ўсё растлумачаць, а пакуль сканцэнтруемся на вышэйзгаданых назіральніках. Здаецца, сцэнарысты «Чорнага люстэрка» яшчэ ў 2013 годзе прадбачылі жаданне людзей трансляваць падзеі ў «сторыс»: мы з аднолькавай стараннасцю здымаем як канцэрты і вечарыны, так і бойкі з ДТЗ. Незразумела, чаму мы цягнемся да смартфонаў, а не да рук тапельцаў, але факт застаецца фактам: з прыходам трансляцый узровень нашай эмпатыі стаў зніжацца, а адстароненасць ад усяго, што адбываецца па-за экранам тэлефона, – павышацца.
Разумны дом
Адна з частак спецвыпуску «White Christmas» прысвечана дзяўчыне, якая скапіявала сваю свядомасць на адмысловую прыладу. Копія лічыць сябе рэальным чалавекам, але яе стварылі толькі для таго, каб яна кіравала «разумным домам» арыгінала.
У нашым жыллі алічбаваныя асобы не жывуць, але зрабіць свой дом «разумным» можа кожны: дастаткова прыкупіць сістэму гаджэтаў, здольных вырашаць штодзённыя задачы без удзелу чалавека. Пры гэтым канцэпцыя «smart home» не абмежаваная дыстанцыйным уключэннем чайніка: «разумны дом» зоймецца эфектыўным спажываннем рэсурсаў, арганізуе ахову твайго жылля і тэхнічную бяспеку – усё залежыць ад тваіх патрэб і фінансавых магчымасцяў. Весці кругласутачны кантроль за ўсім гэтым «начыннем» не трэба – «разумны дом» звязаны з тваім смартфонам, так што кіраваць сваімі апартаментамі можна на адлегласці.
Сацыяльны рэйтынг
У серыі «Nosedive» жыцці людзей залежаць ад іх рэйтынгу ў сацыяльнай сетцы: уладальнікі высокіх балаў атрымліваюць асалоду ад рэчаў накшталт люксавых аўтамабіляў і дарагога жылля, а людзей з нізкім рэйтынгам звальняюць з працы і адпраўляюць у падабенства турмаў.
Зародкі падобнай сістэмы існуюць у рэальным жыцці: у 2020 годзе Кітай збіраецца ўкараніць «сістэму сацыяльнага крэдыту» – праграму, якая выстаўляе рэйтынг кожнаму жыхару краіны. Калі чалавек спраўна працуе і не мае праблем з законам, яго рэйтынг расце, калі не аплачвае рахункі і ездзіць у аўтобусе без квітка – губляе сацыяльныя балы і атрымлівае нізкі рэйтынг.
Уладальнікі нізкага рэйтынгу атрымліваюць адмову ў сацзабеспячэнні і авіябілетах, ім забаронена працаваць у дзяржустановах, а іх дзецям – вучыцца ў прыватных школах.
У 2017 годзе «сістэма сацыяльнага крэдыту» пачала дзейнічаць у асобных гарадах Кітая, а летась уступілі ў сілу абмежаванні для грамадзян з «нізкай ступенню надзейнасці».
Віртуальная рэальнасць
У эпізодзе «Playtest» гульнявая індустрыя выходзіць на новы ўзровень: цяпер карпарацыі аналізуюць мазгі геймераў для таго, каб стварыць для іх персанальныя светы, не адрозныя ад рэальнасці.
У 2018-м гульняробы чалавечы розум не прыручылі, а вось віртуальную рэальнасць асвоілі: апынуцца ўнутры гульні ты можаш з дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці, VR-парку або разумнага касцюма Teslasuit, прызначанага для татальнага пагружэння ў іншыя сусветы. Дарэчы, апошні дэвайс можна ўжываць не толькі ў гульнявой індустрыі, але і ў спорце, адукацыі і медыцыне: касцюм абсталяваны сістэмай захопу рухаў, клімат-кантролем і біяметрычнымі датчыкамі.
На адных гульнях віртуальная рэальнасць не сканчаецца: VR плануюць выкарыстоўваць у турызме, рэкламе і масавых мерапрыемствах. Цяпер віртуальная рэальнасць ужываецца ў кіно і навучанні персаналу, а ў агляднай будучыні стваральнікі Teslasuit плануюць зрабіць мэсэнджар, які дазволіць дакрануцца да чалавека на адлегласці.
Цкаванне ў сацыяльных сетках
У серыі «Hated in the Nation» з'явілася смяротная гульня: карыстальнікі Twitter могуць выбраць чалавека для забойства, публікуючы твіты з хэштэгам «#DeathTo». Першай ахвярай хэштэгу становіцца журналістка, якая патрапіла пад грамадскае асуджэнне з-за публікацыі крытычнага артыкула.
Сёння ахвярай інтэрнэт-ганення можа стаць кожны: цябе могуць закідаць віртуальнымі камянямі за неасцярожны рэпост, каментар, публікацыю або недарэчную гісторыю ў Instagram. Не трэба асабліва старацца для таго, каб атрымаць сваю дозу публічнай нянавісці, – слова «таксічны» не проста так стала словам 2018-га.
Вось табе прыклад вар'яцкага кібербулінгу: порнаакторку Мэрсэдэс Грабоўскі пачалі цкаваць пасля таго, як яна адмовілася здымацца ў сцэне з акцёрам-геем. Дзяўчыну абвінавацілі ў гамафобіі і падвергнулі слатшэймінгу – не вытрымаўшы цкавання, Мэрсэдэс скончыла жыццё самагубствам.
Сачэнне за дзецьмі
Гераіня эпізоду «Arkangel» баіцца страціць сваю дачку, таму ўжыўляе дзіцяці высокатэхналагічную прыладу – з ёй жанчына можа бачыць вачыма свайго дзіцяці, сачыць за яго месцазнаходжаннем і жыццёвымі паказчыкамі.
У рэальнасці чуллівыя бацькі дзяцей не чыпуюць, а сочаць за імі праз мабільныя тэлефоны. Для назірання за дзецьмі выраблена куча дадаткаў: праграмы дазваляюць даведацца месцазнаходжанне дзіцяці і гісторыю яго перамяшчэнняў, прагледзець зарад яго смартфона і даведацца, што дзіця запампоўвае з інтэрнэту. Пэўныя праграмы могуць праслухоўваць тэлефон дзіцяці – фішка ў тым, што юны(-ая) уладальнік(-ца) мабільніка пра гэта нават не даведаецца.
Сэрвісы для спатканняў
У серыі «Hang the DJ» людзі не завязваюць рамантычныя адносіны самастойна, а карыстаюцца «Трэнерам» – прыладай, якія дапамагаюць людзям знайсці «ідэальнага партнёра».
Замест «ідэальных партнёраў» рэальныя прылады для знаёмстваў пададуць табе шырачэзны выбар: зайшоўшы ў Badoo, «Мамба» або Tinder, ты спаткаеш тысячы людзей, якія шукаюць другую палову. Гуляйся з крытэрамі пошуку, шукай двайнікоў кіназорак, знаёмся з замежнікамі або людзьмі з суседняй вуліцы: толькі ў адным Badoo зарэгістравана 60 мільёнаў чалавек, так што ў цябе ёсць усе шанцы завязаць вокамгненную інтрыжку ці пабудаваць даўжэзны раман.