Андрэй Карагода
Як развіваецца інфраструктура для людзей на колах у Берасці, якія ёсць плюсы і мінусы ў тым, каб быць актывістам, – пра гэта нам распавёў Андрэй Карагода, адзін з галоўных удзельнікаў роварнага руху «За Вела-Брэст».
Чым займаюцца: развіццё безбар’ернага асяроддзя Берасця.
Дата заснавання: 2009.
Структура: 4 чалавекі і валанцёры.
Кантакты:
З кім гутарым: Андрэй Карагода, 25 гадоў. Скончыў сацыяльна-педагагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Працуе ў школе. Апошнія 2 гады з’яўляецца актывістам, валанцёрам арганізацый «Аазіс» і «За Вела-Брэст».
Гісторыя Андрэя
– Я пачаў займацца валанцёрствам яшчэ ва ўніверсітэце. Хацелася заняць час чымсьці больш карысным, цікавым, чым сон ці сядзенне ў інтэрнэце. Наша валанцёрская каманда студэнтаў падымала пытанні на такія агульнавядомыя тэмы, як гандаль людзьмі, мы ладзілі розныя перформансы на цэнтральнай вуліцы Берасця – Савецкай, арганізоўвалі сацыяльныя гульні, у якіх удзельнічаў цэлы ўніверсітэт.
Больш сур'ёзнай актывісцкай дзейнасцю я заняўся гады два таму. Пачалося з таго, што я ўбачыў афішу ў сацсетках аб тым, што ідзе набор у школу «Віртуальнасць для рэальнасці». Моладзевая ініцыятыва «Аазіс», якая была асноўным арганізатарам, абяцала навучыць удзельнікаў усялякім крутым штукам: як ажыццяўляць грамадскую дзейнасць, з чаго пачаць, як вызначыць праблему і шмат іншага.
«Хацелася заняць час чымсьці больш карысным, цікавым, чым сон ці сядзенне ў інтэрнэце»
У гэтай школе трэнеры Ганна і Вітаўт Руднікі з Горадні нас вельмі заматывавалі займацца грамадскай актыўнасцю; іх вопыт, якім яны падзяліліся, пакінуў глыбокі след. Мы рэалізавалі круты праект, звязаны з праблемамі людзей з інваліднасцю і безбар’ернага асяроддзя для іх. Мяне вельмі зацікавіла гэтая тэма, таму што пасля знаёмства з гэтымі людзьмі я даведаўся, як складана ім перасоўвацца ў горадзе. З дапамогай маіх аднадумцаў вырашыў рэалізаваць ідэю па абароне правоў інвалідаў-вазочнікаў і стварэнні спрыяльных умоў для іх.
Жыць без бар’ераў
– Мы стваралі карту безбар’ернага асяроддзя: хадзілі па грамадскіх месцах у горадзе – крамах, кінатэатрах, прачасалі цалкам Савецкую на прадмет наяўнасці пандусаў, дапушчальнай вышыні бардзюраў.
На карце было тры колеры: чырвоны – для месцаў, недаступных інвалідам-вазочнікам, жоўты – часткова даступных, зялёны – цалкам даступных для наведвання. Перад тым як арганізаваць такога роду маніторынг, мы схадзілі ў беларускае грамадства інвалідаў у Берасці, распавялі пра сваю ідэю, абмеркавалі, атрымалі адабрэнне і рэкамендацыі.
Усё настолькі закруцілася, што нас запрасілі прэзентаваць гэтую карту на семінары «Даступны адпачынак», удзельнікамі якога былі госці з Фінляндыі. Класна было.
«Мы стваралі карту безбар’ернага асяроддзя: хадзілі па грамадскіх месцах у горадзе – крамах, кінатэатрах»
У хуткім часе я прыняў удзел у школе «Будзь валанцёрам!», арганізаванай агенцтвам рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч».
«За Вела-Брэст»
– У рамках школы я пазнаёміўся з Уладзімірам Красько, прадстаўніком «За Вела-Брэст». А паколькі я сам актыўны раварыст, Уладзімір змог мяне пераканаць у тым, што ў Берасці трэба дамагацца развіцця інфраструктуры для раварыстаў, праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю веларуху ў горадзе, трэнінгі для школьнікаў па бяспецы роварнага руху.
«За Вела-Брэст» з’явіўся ў 2009 годзе, калі Уладзь купіў ровар і зразумеў, што ў Берасці ездзіць вельмі складана: высокія бардзюры на адзінай на той час веладарожцы былі істотнай перашкодай. Гэта падштурхнула яго на стварэнне руху, асноўным напрамкам якога было развіццё інфраструктуры для раварыстаў горада, а таксама для інвалідаў-вазочнікаў і людзей з дзіцячымі вазкамі.
«Нядаўна быў усталяваны першы святлафор для раварыстаў, на якім можна не спешвацца»
Супраца, планы і трабл
– Сёння «За Вела-Брэст» супрацоўнічае і з еўрапейскімі арганізацыямі, у прыватнасці з горадам Люблінам, дзе таксама развіваецца веларух. Зусім нядаўна мы арганізоўвалі маркіроўку трасы ЕўраВела 2, маршрут якой цягнецца ад Ірландыі да Масквы. А ўвесну будзе класны велафэст. Арганізацыя таксама падтрымлівае сувязь з ДАІ, абараняе правы раварыстаў, калі гэта патрэбна.
Таксама мы складаем карысную мапу Берасцейскай вобласці з адзначанымі месцамі для зручнага кемпінга, крамамі і паштовымі аддзяленнямі, дзе часцяком можна набыць велакамеру, і іншыя карысныя месцы.
Нядаўна арганізавалі падлік трафіку, каб даведацца прыкладную колькасць раварыстаў у Берасці. Але гэта было складана: каб нават прыкладна ведаць гэтую колькасць, трэба лічыць не ўсіх людзей з роварамі, а тых, хто іх часта юзае, бо цяжка назваць чалавека раварыстам толькі праз тое, што ў яго ёсць двухколавы сябар.
«Калі казаць пра праблемы, з якімі мы сутыкаемся, то гэта, у першую чаргу, рыгіднасць і пасіўнасць сучаснай моладзі»
Калі казаць пра праблемы, з якімі мы сутыкаемся, то гэта, у першую чаргу, рыгіднасць і пасіўнасць сучаснай моладзі. Не ведаю, як у іншых гарадах, але стаўленне большай часткі берасцейскай моладзі да таго, каб рабіць нешта карыснае, у асноўным абыякавае. Падаецца, на жаль, што інтарэсы абмяжоўваюцца іхняй «зонай камфорту».
У цэлым, займаючыся такой дзейнасцю, заўсёды можна пазнаёміцца з новымі цікавымі людзьмі, ад якіх атрымліваеш велізарную матывацыю далей рабіць нешта карыснае для свайго горада.
Тэкст by Наталля Майская
Фота by Раман Чмель
Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, 34mag.net, платформы Talaka.by і анлайн-часопіса «Имена».
217 124 +93
леха13-11-2016, 19:56
Велосипедство как заскок и социальная проблема. streithahn. livejournal. com/168815. html
200 121 +79
LUna25-07-2017, 12:46
OMG!!!!!!!!!!! Якая есць магчымачць далучыцца да гэтага дзівоснага праекту, асабліва калі вяртаешся з-за мяжы,????