Артур Клінаў збірае грошы на «контррэвалюцыйны раман»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.08.2020
- 7928
Пісьменнік, легенда беларускага канцэпт-арту і галоўрэд альманаха «pARTisan» Артур Клінаў збірае сродкі на выданне новага рамана.
«Локісаў» пазіцыянуецца як кніга, «якая дапаможа разабрацца ў сабе», а сюжэт раскручваецца ў нашы дні ў тыповым беларускім мястэчку з тыповымі беларусамі.
Выхад рамана запланаваны на верасень 2020-га. Патрэбная сума – 3600 BYN. Лот-кніга каштуе 19 BYN. Можна ахвяраваць і меней – за гэта абяцаюць палымяную контррэвалюцыйную падзяку. Самы дарагі лот – падарожжа ў арт-вёску Каптаруны, з усялякімі нішцякамі (700 BYN).
У апісанні праекта шмат стымулаў заданаціць проста цяпер. Тут табе і пошукі героя нашага часу, і рэвалюцыя, і спасылка на «Твін Пікс», і кіўкі ў бок Кафкі ды Хармса.
Нагадаем, што апошні раман Артура Клінава – «Шклатара» – выйшаў у 2013 годзе, у 2014-м ён стаў лаўрэатам прэміі Ежы Гедройца. З моманту публікацыі бестсэлера «Мінск. Горад Сонца» мінула чатырнаццаць гадоў.