Мастацтва Беларусі: Ад старажытных абразоў да сармацкіх партрэтаў
- Рубрыка: ПАДКАСТЫ ПРА МАСТАЦТВА
- 31.03.2021
- 11037
Мы запускаем новы падкаст ад 34mag і 34travel, які робім сумесна з МТС, – ён будзе прысвечаны беларускаму мастацтву ад старажытных часоў да сучаснасці. Будзем вывучаць самае цікавае ў гісторыі мастацтва, браць каментары ў тых, хто працуе з беларускім мастацтвам кожны дзень, і знаходзіць нешта новае, што пра мастацтва варта ведаць кожнаму.
У першым выпуску мы падарожнічаем ад самых старажытных артэфактаў, накшталт скульптур з біўня маманта, да велічных партрэтаў гордых шляхціцаў. Якія сюжэты былі ў фрэскавых роспісах? Дзе на беларускіх абразах знайсці нацыянальны арнамент? Чаму для сарматаў быў так важны рыцарскі партрэт, а памерлая жонка на падвойным партрэце выглядае шчаслівейшай і прыгажэйшай за жывую? Усё гэта, а яшчэ дэтэктыўная гісторыя пра знойдзеныя ў склепе скарбы – у падкасце.
Працы, пра якія ідзе гаворка ў падкасце, можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі. Вось некаторыя з іх:
Спас Уседзяржыцель (XVI стагоддзе)
Нараджэнне Маці Божай (Пётр Аўсіевіч Зураста, аўтар (?) / заказчык (?), 1649 год)
Катажына і Марыя Радзівіл (Іаган Шрэтэр, 1646 год)
Крыштаф Весялоўскі, Аляксандра Марыяна Весялоўская, Грызельда Сапега (Гродзенскі мастак (?), 1640-е)
***
У падкасце гучала мелодыя «Tryton» з альбома «Санта Марыя» гурта «Стары Ольса». Гэта мелодыя са зборніка музыкі «Полацкі сшытак» XVI–XVII стагоддзяў, які быў складзены ў вёсцы Астрамечава на Брэстчыне, але належаў Полацкаму біскупу, таму і атрымаў такую назву.
Дзякуем за дапамогу Любові Сысоевай, вядучаму навуковаму супрацоўніку аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
***
Падкаст можна паслухаць па-руску.
Над падкастам працавалі: Маша Гуліна (тэкст і голас), Антон Кашлікаў (рэдактура), Radio Plato (саўнд-дызайн).
У падкасце прагучалі трэкі: Стары Ольса – Tryton; Aaron Kenny – In the Temple Garden; Emmit Fenn – Wander; Kevin MacLeod – Folk Round; Jesse Gallagher – The Blue Pearl; Puddle of Infinity – Little Drunk, Quiet Floats; Audionautix – Minor With Cricket; Twin Musicom – With a Stamp.
Гэты матэрыял зроблены пры падтрымцы МТС.
ЧУП «Проспектпресс», УНП 101520868