Аршанскія Курапаты
- 13.06.2018
- 16568
Курапаты – самае вядомае месца ў Беларусі, звязанае з палітычнымі рэпрэсіямі мінулага стагоддзя. Дакладная колькасць забітых да гэтага часу невядомая. Можна толькі меркаваць, колькі ўсяго людзей было расстраляна, калі цяпер афіцыйна рэабілітавана 80 000. Масавыя рэпрэсіі праводзіліся не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Мы звязаліся з Ігарам Станкевічам, актывістам з Оршы, які сваімі сіламі аднаўляе гісторыю рэпрэсій у сваім горадзе.
«Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы»
Грамадзянская ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» аб'ядноўвае аршанскіх актывістаў і нашчадкаў людзей, якія былі расстраляныя падчас масавых рэпрэсій пасля 1937 года. Цяпер у камандзе каля 20 нашчадкаў – гэта людзі з Магілёва, Оршы, Віцебска, Менска, Лепеля, з Расіі, Швецыі, Італіі. Гэта тыя, з кім удалося ўсталяваць кантакты. Гэта людзі, якія цікавяцца лёсамі сваіх продкаў.
Стваральнік ініцыятывы – Ігар Станкевіч, чые сваякі таксама былі забітыя. У 1997 годзе ён стаў цікавіцца гэтай тэмай, пачаў падымаць архівы і цяпер мяркуе, што Орша займае трэцяе месца ў Беларусі па колькасці расстрэлаў – пасля Менска і Віцебска. Мяркуе, таму што больш ніхто не праводзіў аналагічных маштабных даследаванняў – не выключана, што ў нейкіх іншых беларускіх гарадах рэпрэсіі былі значна буйнейшымі. Супрацоўнікі КДБ гэтыя дадзеныя не аспрэчваюць, але і не пацвярджаюць: кажуць, што не валодаюць інфармацыяй пра месцы расстрэлаў. Тым не менш з адкрытых крыніц сапраўды вынікае, што Орша займае трэцяе месца па колькасці расстраляных людзей.
З аналізам дадзеных Ігару дапамагаў гісторык і архівіст Зміцер Дрозд. Ён вывучыў адкрытыя базы дадзеных расійскага таварыства «Мемориал» і знайшоў амаль 1900 імёнаў чалавек, якія былі расстраляныя ў Оршы. У асноўным гэта людзі, якія афіцыйна былі запісаныя беларусамі – каля 1110 чалавек, больш за 500 палякаў, больш за 40 – габрэі, каля 20 рускіх і па 12-15 – латышоў, літоўцаў, украінцаў, немцаў. Ёсць верагоднасць, што расстраляная была значна большая колькасць людзей.
Гісторыя 1. Ссяленне хутароў
Іосіф Сяліцкі – у цэнтры
У 1930 годзе бальшавікі сталі праводзіць палітыку ссялення хутароў: яны хацелі, каб усе людзі жылі ў вёсках – так іх было б лягчэй кантраляваць. Але хутаране не згаджаліся на ўгаворы: усё-ткі свая асабістая гаспадарка шанавалася больш. Тады бальшавікі сталі гвалтоўна разбіраць хаты.
Прадзеда Ігара Станкевіча звалі Іосіф Сяліцкі. У 1939 годзе ён жыў на хутары, у яго было шэсць дачок, а самому яму быў 41 год. Калі сталі разбураць яго дом, ён выйшаў на вуліцу, прысеў на лавачку і памёр ад сардэчнага прыступу.
«Гэта рэпрэсія ці не?» – задаецца пытаннем Ігар.
«Аршанскія Курапаты»
У 2015 годзе Ігар Станкевіч пазнаёміўся з аршанскімі актывістамі, якія паказалі яму месца масавых расстрэлаў: гэта аршанская турма (цяперашні езуіцкі калегіум, які з сярэдзіны 19 стагоддзя быў турмой. – 34mag), Кабыляцкая гара і магілёўская шаша.
Кабыляцкая гара – месца, дзе сляды рэпрэсій былі выяўленыя раней, чым у Курапатах. Яшчэ ў 1982 годзе пры будаўніцтве чыгункі знайшлі пахаванне на 50 чалавек.
Афіцыйная камісія, у якую ўваходзілі прадстаўнікі Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў і судмедэксперты, устанавіла, што гэта былі людзі, расстраляныя ў перыяд сталінскіх рэпрэсій з 1937 па 1940 гады. То-бок гэта не ахвяры нямецка-фашысцкіх захопнікаў, як было прынята «спісваць» у савецкі час. Сведкі ў навакольных вёсках пацвярджалі, што немцы ў той перыяд нікога не расстрэльвалі ў гэтых месцах.
У канцы 80-х стварылі камісію па аказанні садзейнічання ў забеспячэнні правоў ахвяр палітычных рэпрэсій 1920–1980-х гадоў. Яе задача заключалася ў тым, каб сабраць усе гісторыі, абагульніць іх, прызначыць дапамогу і пазначыць месца масавых расстрэлаў.
У лістападзе 1990 года на Кабыляцкай гары быў усталяваны памятны знак з шыльдай, прысвечанай ахвярам палітычных рэпрэсій. Праз пару гадоў тут усталявалі валун. Мяркуючы па ўсім, гэта зрабілі мясцовыя або раённыя ўлады.
Потым у Беларусі змянілася ўлада і пра рэпрэсіі сталі замоўчваць. Валун застаўся стаяць, але з яго скралі шыльду з цытатай Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, но отняли список и негде узнать». Мясцовыя актывісты і сваякі загінулых больш за 20 гадоў прыходзяць на Кабыляцкую гару і наводзяць парадак.
Цяпер актывісты спрабуюць дамагчыся ад аршанскага райвыканкама выдзялення месца для мемарыяла. У траўні 2018 года ім зноў адмовілі ў гэтым.
Гісторыя 2. Стваральніца беларускага арнаменту
Матрона и Аляксей Маркевічы
У 2017 годзе Ігару Станкевічу патэлефанавала незнаёмая жанчына і сказала: «Маёй маме 95 гадоў, яе бацька быў расстраляны ў Оршы. Яна хацела б вам нешта расказаць».
Ён паехаў да Зінаіды Аляксееўны Пашкевіч – цяпер яна жыве пад Менскам. Запісаў з ёй відэа, у якім яна распавядала пра сваіх бацькоў – Матрону Сяргееўну (у дзявоцтве – Кацор) і Аляксея Захаравіча Маркевічаў. Яе маці была сялянкай і ў 1917 годзе стварыла арнамент, які пазней з'явіўся на беларускім сцягу. А бацьку рэпрэсавалі.
Сваякі кажуць, што бацька быў даволі адукаваным чалавекам і вялікім спецыялістам. Па чутках, яму зайздросцілі. І аднойчы сусед падпаліў хлеў сям'і Маркевічаў. Міліцыянтам ён сказаў, што Аляксей гнаў самагонку. Тыя арыштавалі Маркевіча, прывязалі вяроўкамі да коней і паехалі. Той ішоў следам за імі 20 кіламетраў. Дзеці пабеглі за бацькам, але ён ім крычаў: «Не трэба, не бяжыце!» Зінаіда ўспамінае, што за гэтыя рэплікі міліцыянты прыкладам білі яе бацьку.
Калі яго забралі, суседзі прыйшлі ў дом і сталі выносіць усе рэчы, ежу, вопратку.
У 1937 годзе бацьку расстралялі. Маёмасць сям'і канфіскавалі, забралі рэчы і жывёлу. Матрона адна выхоўвала шасцярых дзяцей.
У 2015 годзе Матроне Маркевіч паставілі помнік у горадзе Сянно за тое, што яна стварыла гістарычны арнамент. Яна была родам з тых краёў.
Нядаўна Зінаіда адправіла афіцыйны ліст у Аршанскі райвыканкам з просьбай усталяваць помнік бацьку. Яна пісала: «Сцяг маёй маці пабываў у космасе, а бацька ляжыць у бур'яне».
Яна атрымала такі ж адказ, як і іншыя сваякі: «Звестак пра расстрэлы ў аршанскім занальным архіве не маецца».
Як праводзілі допыты
Рашэнне аб расстрэлах прымалася так званымі «тройкамі»: супрацоўнікамі НКВД, пракуратуры і партыйных органаў. Судовых разбіральніцтваў з выклікам абвінавачаных і заслухоўваннем сведак не праводзілі. Прысуды выносіліся завочна.
Супрацоўнікі НКУС складалі «альбомы» і адпраўлялі іх на ўзгадненне ў Маскву. Там іх не асабліва разглядалі – проста візіравалі і адпраўлялі назад, дзе прысуды прыводзілі ў выкананне.
Звычайна расстрэльвалі на працягу месяца пасля арышту. У гэты прамежак людзей трымалі ў аршанскай турме. Аршанская турма знаходзілася ў будынку цяперашняга езуіцкага калегіума. Ён быў пабудаваны яшчэ ў 1590 годзе, але з 1830-х па 1990-я – больш за 150 гадоў – функцыянаваў як турма.
Орша была вялікім чыгуначным вузлом: праз гэты горад ішла перасылка зняволеных з захаду на ўсход і з поўдня на поўнач. Для гэтага каля вакзала нават пабудавалі перасыльную турму. Колькі чалавек памерла ад знясілення і хвароб, нікому не вядома.
У 2007–2008 гадах у Оршы праводзілі рэканструкцыю горада ў сувязі з «Дажынкамі». Перакопвалі горад, закранулі калегіум і знайшлі там велізарную колькасць костак, выкладзеных у некалькі слаёў. Ёсць здагадка, што ніжнія пласты – рэшткі законнікаў і святароў, а верхнія – вынікі масавых расстрэлаў.
Кажуць, што расстрэльвалі святароў не на Кабыляцкай гары, а на магілёўскай шашы.
Сцэнарый рэпрэсій
Той жа гісторык Дзмітрый Дрозд вывучыў дадзеныя па днях, у якія была пікавая колькасць расстрэлаў. 10 лістапада 1937 года за раз расстралялі максімальную колькасць – 166 чалавек. Вывозілі пачкамі, на машынах. Кагосьці расстрэльвалі альбо ў турме, альбо на магілёўскай шашы, альбо на Кабыляцкай гары.
Спускаўся план зверху: рэпрэсаваць пэўную колькасць чалавек. Сярод НКУС-аўцаў была канкурэнцыя: хто больш раскрые шпіёнаў. Гэтыя разнарадкі павялічвалі і павялічвалі.
«Гэта была сістэма перамолвання і знішчэння ўласных грамадзян на падставе любых падазрэнняў. У мяне няма тлумачэнняў гэтым масавым знішчэнням сваіх жа людзей. Думаю, што ў 1917 годзе да ўлады прыйшлі сапраўдныя бандыты, якія да гэтага шмат гадоў прафесійна займаліся тэрорам дзеля нейкай сваёй "добрай" ідэі.
Падчас грамадзянскай вайны наверх усплыла ўся каламута, якая была ў грамадстве. Чым больш крыважэрным быў чалавек, тым больш вялікіх вышынь ён мог дасягнуць. Палітыка бальшавікоў-камуністаў заключалася ў тым, каб трымаць грамадства ў татальным страху. Супраціў з боку народа быў задушаны ў пачатку 1920-х, калі скончылася грамадзянская вайна», – кажа Ігар.
Калі ў чалавека былі хоць найменшыя намёкі на сувязь з Польшчай – праз сваякоў або «падазроныя» прозвішчы, – ён трапляў пад разнарадку НКУС на рэпрэсіі. Да Польшчы кіраўніцтва СССР ставілася з падазрэннем і асцярогай: гэтая краіна разглядалася як патэнцыйны агрэсар.
Тады праводзілася «польская аперацыя», якая стала папярэднікам усіх нацыянальных аперацый супраць немцаў, балгараў, грэкаў.
«Польская аперацыя» у 1937–1938 гадах – серыя масавых забойстваў палякаў. Яны ўсе былі пад падазрэннем. Зрэшты, беларусы, рускія і ўкраінцы таксама траплялі пад гэтую зачыстку.
Гісторыя 3. Афіцэры
Антон Каменскі з жонкай Бэтай, 1930-я
У 1919 годзе трое братоў прабабулі Ігара Станкевіча сышлі ў Польшчу. У Першую сусветную вайну яны былі малодшымі царскімі афіцэрамі, ваявалі на баку царскай Расіі.
Пасля рэвалюцыі іх спрабавалі і ў Чырвоную Армію забіраць, і ў чэкісты. Але яны вырашылі, што з камуністамі ім не па дарозе, і адправіліся ў іншую краіну. На радзіме, у Оршы, засталіся бацькі, браты і сёстры.
У Польшчы трое братоў сталі польскімі афіцэрамі. Суседзі пра гэта ведалі. У допытах, якія Ігар знайшоў, гэтыя суседзі казалі: «Так, браты Каменскія сышлі ў Польшчу, вялі перапіскі, жылі пад такімі псеўданімамі».
Адзін з братоў – Антон Каменскі – у Оршы даваў паказанні. Казаў, што праз стрыечную сястру ён атрымліваў 60 рублёў ад братоў з Польшчы. А тыя адпраўлялі па 100 рублёў яго маці ў высылку.
Антона і яго сястру расстралялі, бацькоў раскулачылі і выслалі, браты засталіся жыць у Польшчы.
Гісторыя 4. Супрацоўніцтва з Польшчай
Іосіф і Марыя Каменскія, прабацькі Ігара Станкевіча
Вялікую частку інфармацыі Ігар атрымаў са Свярдлоўскага архіва – менавіта ў гэты горад былі сасланыя яго сваякі. З гэтых дакументаў ён даведаўся шмат дэталяў з гісторыі сваёй сям'і. Родны і стрыечны браты яго прабабулі былі ўпершыню арыштаваныя яшчэ ў 1927 годзе, а сачыць за імі сталі ў 1925-м. Ім інкрымінавалася дапамога польскай разведцы, але ў першы раз не змаглі нічога даказаць і адпусцілі.
Потым некалькі сем'яў раскулачылі і выслалі ў Котлас, адкуль яны збеглі ў Маскву. Прапрадзед Ігара пры ўцёках патануў. Яму было 72 гады.
Тыя, хто дабраліся, год пражылі ў Маскве. У 1931-м іх зноў арыштавалі і адправілі ў Ніжні Тагіл.
Роднага брата прабабулі Ігара ў Ніжнім Тагіле зноў арыштавалі, далі яму 3 гады лагераў. Вясной 1937 года ён вярнуўся ў Оршу. Яму прапаноўвалі перайсці ў Польшчу, але ён пабаяўся. У верасні яго арыштавалі, інкрымінаваўшы супрацоўніцтва з польскімі органамі. Казалі, што ён меў кантакты з польскай дыпмісіяй праз родную сястру.
У Ігара ёсць пратакол допыту, дзе брат пералічвае ўсіх сваякоў. У жанчын розныя прозвішчы, таму што па шлюбе яны бралі новыя. Ігар «прабіў» гэтыя прозвішчы – усе былі альбо расстраляныя, альбо сасланыя.
Гісторыя 5. Высылка без прычын
Мікалай – стрыечны брат прабабулі Ігара. Яго справа была адпраўлена на перагляд. Там было напісана, што няма паказанняў сведак, якія пацвярджаюць факты супрацоўніцтва з польскім бокам. Але з улікам папярэдняга арышту і кулацкага мінулага яго адправілі ў другую ссылку. Больш слядоў няма. Магчыма, тады яго і расстралялі.
Гісторыя 6. Расстрэл за інцыдэнт
Цётка Ігара аднойчы прыгадала, што яе дзядуля таксама быў забіты. Ён працаваў пад Оршай на піўзаводзе. Там выбухнуў нейкі кацёл. Яго за гэта расстралялі.
Ігар дапамог цётцы звярнуцца ў Генпракуратуру і архіў КДБ з патрабаваннем рэабілітаваць дзеда, але там адказалі, што звестак пра гэтага чалавека няма.
Кабыляцкая гара, 2018 год
Цяпер Кабыляцкая гара – гэта даволі недагледжаны лес. Там ёсць невялікая паляна, якую аршанскія актывісты пастаянна расчышчаюць. Канкрэтнае размяшчэнне костак яны не ведаюць – для гэтага трэба праводзіць эксгумацыю. Яе робіць асобны орган – 52-ы асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Беларусі.
«Пры гэтым эксгумацыю яны праводзяць вельмі нядбайна, інтэрпрэтуюць адвольна. Мы самі не лезем у гэтую тэму, таму што "чорнае капальніцтва" караецца крымінальным кодэксам. Разлічваць на дзяржаву мы пакуль не можам», – кажа Ігар.
Аршанскія актывісты і сваякі загінулых ужо ўсталявалі тут некалькі шыльдачак, крыжоў і гранітны помнік з імёнамі расстраляных продкаў. Яны хочуць, каб месца зноў набыло статус мемарыялу, як гэта было ў пачатку 1990-х.
Цяпер месца афіцыйна не прызнана мемарыялам.
«Аднойчы я пабываў на Левашоўскай пустцы – гэта месца масавых расстрэлаў пад Санкт-Пецярбургам. Мяне вельмі ўразіў каласальны мемарыяльны комплекс, які там устаноўлены. Там стаяць крыжы, шыльды, памятныя знакі палякам, яўрэям, беларусам. Магіл няма. Гэта магутная візуалізацыя болю і смутку. Калі ў менскіх Курапатах проста стаяць крыжы, то там можна паглядзець на фатаграфіі, убачыць гады жыцця і імёны», – дадае Ігар.
Як паўтарыць аналагічнае даследаванне ў сваім горадзе?
Калі ў цябе ёсць інфармацыя пра тое, што твае сваякі былі расстраляныя, прашарсці базу «Мемориала». Даведайся, колькі яшчэ людзей было расстраляна.
Адзіная сістэма пошуку рэпрэсаваных таксама можа дапамагчы.
Звярніся ў архіў горада, у які былі сасланыя твае сваякі. Ігару вельмі дапамог свярдлоўскі архіў. Інфармацыя была платнай.
Можаш звярнуцца ў менскі архіў КДБ, але для гэтага трэба пацвердзіць сваяцтва. Май на ўвазе, што там практычна нічога не даюць на рукі – толькі чытаюць дакументы на слых. Аргументуюць тым, што людзі могуць даведацца імёны даносчыкаў і катаў і пачаць помсціць іх нашчадкам.
Папка з біяграфіяй жыцця расстралянага чалавека складаецца прыкладна з 15 лістоў:
– пастанова на арышт (1 старонка);
– анкета (2 старонкі);
– пратакол допыту (4-6 старонак);
– пастанова аб меры ўстрымання (звычайна пішуць «ВМП» – вышэйшая мера пакарання, то-бок расстрэл);
– даведка аб тым, што прысуд прыведзены ў выкананне нейкай датай, без указання месца;
– даведка аб рэабілітацыі.
Лічыцца, што дакументы захоўваюцца ў закрытым доступе 75 гадоў пасля закрыцця справы. Потым яны пераходзяць у архіў і павінны быць у адкрытым доступе. Але органы жангліруюць гэтымі лічбамі і кажуць, што павінна прайсці 75 гадоў з моманту рэабілітацыі. Але ў кагосьці рэабілітацыя была ў 1960 гадах, а ў кагосьці – у канцы 1980-х.
Блог Ігара Станкевіча Група ў Facebook «Кобыляки. Расстрелянные в Орше»
Фота – асабістыя архівы героя, belsat.eu, Таня Капiтонава
КАМЕНТАРЫ (1)
вялiкая справа