Андрэй Яфімчык

  • 27.01.2017
  • 5162

 

Распавядаем табе пра незвычайную бібліятэку: замест кніг у ёй – шрубавёрт, перфаратар, турыстычны намёт, баскетбольны мяч ды іншыя карысныя рэчы. У 2015 годзе баранавіцкі актывіст Андрэй Яфімчык заснаваў праект, які накіраваны супраць бяздумнага спажывецтва і дазваляе браць дарагія рэчы ў часовае карыстанне.

 

 Герой:  Андрэй Яфімчык, 37 гадоў, выпускнік БДЭУ, уласнік майстэрні па вырабе вокнаў і жалюзі ў Баранавічах, заснавальнік «Бібліятэкі інструментаў», якая дзейнічае з 2015 года і пакрысе перарастае ў «Бібліятэку рэчаў».

 Чым займаецца:   Робіць Баранавічы першым sharing city ў Беларусі.

 

ВК «Библиотека инструментов»   ВК «Библиотека вещей»

Арыгінальная дата публікацыі – 27.01.2017. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Андрэя

– Усё сваё жыццё займаюся самаадукацыяй і імкнуся самаразвівацца. Гэты шлях прывёў мяне да таго, што я асэнсаваў важнасць экалогіi і экалагiчнага ладу жыцця ў прыватнасці. Разам з гэтым асэнсаваннем адразу пачаў займацца экалагічным актывізмам.

 

«Думаю, што ў кожнага з нас ёсць рэчы, якімі мы не карыстаемся. Дык і чаму б імі не падзяліцца?»

 

Напрыклад, хачу заўважыць, што нашы ежавыя звычкі вельмі моцна ўплываюць на экалогію. Таму я ўжываю толькі натуральныя прадукты расліннага паходжання. Інакш кажучы, я веган. Жывёльная прамысловасць больш за ўсе забруджвае асяроддзе, больш за нафтахімічныя заводы альбо транспарт. Менавіта з гэтай нагоды я стаў веганам. Я прапагандую экалагічны погляд на рэчы. Стараюся сартаваць смецце, бяру ўдзел у экалагічных мерапрыемствах, якія праходзяць у горадзе, імкнуся купляць прадукты ва ўпакоўцы з прыродных матэрыялаў. 

 

 

Незвычайная бібліятэка 

– У 2015 годзе я вырашыў стварыць у Баранавiчах першую ў краiне «Бiблiятэку iнструментаў». Праект нарадзіўся з суполкі па абмене, якая ўжо дзейнічае ў Баранавічах: з 2013 года я i мае сябры Юрый Дрозд і Аляксандр Miрошнiк пачалі вельмі актыўна развіваць такі рух, як Free Market.

Цяпер у Баранавічах пастаянна адбываюцца бясплатныя кірмашы, на якіх людзі абменьваюцца сваімі рэчамі: прыносяць адзенне, абутак, бытавую тэхніку, дыскі, кнігі, гульні. Мы не абменьваемся смеццем, а проста заклікаем людзей прыносіць тое, што ім непатрэбна, але знаходзіцца ў добрым стане. Думаю, што ў кожнага з нас ёсць рэчы, якімі мы не карыстаемся. Дык і чаму б імі не падзяліцца?

Таксама Free Market паспрыяў з’яўленню валанцёрскага руху. Мы пачалі дапамагаць прытулку для жывёл, якія не маюць месца для жыцця, збіралі сродкі, ездзілі рабілі для іх домікі. Потым я прыйшоў да высновы, што трэба далей развіваць абмен рэчамі. У мяне была ідэя мяняцца кухоннымі прыладамі. Напрыклад, міксерамі, блэндарамі. Але былі некаторыя цяжкасці для вырашэння, дзе ўсё будзе знаходзіцца. Мы звярнуліся ў Баранавіцкую цэнтральную бібліятэку, але ў нас не атрымалася дамовіцца з супрацоўнікамі. 

 

«Вы ўжываеце вельмі шмат рэчаў на працягу толькі невялічкага прамежку часу ў год, а астатні час яны проста ляжаць і займаюць месца»

 

Увогуле ідэя «Бібліятэкі інструментаў» не новая. У 1976 годзе з’явілася першая ў ЗША, у горадзе Калумбус, Агаё. Пасля таго, як людзі зразумелі, што не мае сэнсу набываць рэч, у дадзеным выпадку – рамонтны інструмент, якой карыстаешся некалькі разоў на год, экалагічныя актывісты арганізавалі бібліятэку інструментаў, каб прыпыніць бясконцае спажывецтва. З цягам часу рух распаўсюдзіўся і на астатні свет. Аналагічныя «бібліятэкі» ёсць у Канадзе, Нідэрландах, Бельгіі, Вялiкабрытанii. І вось цяпер і ў Беларусі.

У Баранавічах «Бібліятэка інструментаў» месціцца ў маім асабістым гаражы. Дарэчы, усе інструменты – мае ўласныя. Мы маем электрашрубавёрт, дрыль, перфаратар, пілы, прамысловы пыласос, электрарубанак.

 

 

«Аналагічныя “бібліятэкі” ёсць у Канадзе, Нідэрландах, Бельгіі, Вялiкабрытанii»

 

Спачатку, каб скарыстацца бібліятэкай, можна было проста прыйсці з пашпартам і бясплатна ўзяць неабходную рэч на тыдзень. Потым сістэму ўдасканалілі: прысвоілі кожнаму інструменту інвентарызацыйны нумар і аформілі карткі для карыстальнікаў і карыстальніц. Год таму заўсёдных «чытачоў» было 10, зараз – 15. 

У нейкі момант ад людзей сталі паступаць запыты на рэдкія і дарагія рэчы. З мэтай набыць больш інструментаў, а магчыма, і абсталяваць асобнае памяшканне пад праект каманда «Бібліятэкі інструментаў» запусціла краўдфандынгавую кампанію на «Талацэ», але сабраць сродкі так і не атрымалася.

 

 

 

 

 

«Праз пабудову сацыяльных сувязяў людзі трымаюцца адно за аднаго»

Усім шэрынг

– Я разам з аднадумцамі стварыў першую ў Беларусі «Бібліятэку інструментаў». Нават не першую ў Беларусі, а першую ў рэгіёне: такіх праектаў няма ні ва Украіне, ні ў Расіі, ні ў Польшчы, ва ўсякiм разе, мы пра іх не ведаем. Самая блізкая да Баранавічаў «Бібліятэка» знаходзіцца ў Берліне.

Насамрэч мяняцца можна чым заўгодна. У Лондане, напрыклад, працуе першая ў свеце «Бiблiятэка рэчаў». Там вы можаце атрымаць ровар, намёт, спальнік – амаль усе, што выкарыстоўваецца не кожны дзень, але можа выпадкова спатрэбіцца. Калі вы задумаецеся, то высветліцца, што вы ўжываеце вельмі шмат рэчаў на працягу толькі невялічкага прамежку часу ў год, а астатні час яны проста ляжаць і займаюць месца. На прынцыпах шэрынгу базуецца новы тып эканомікі – sharing economy (эканоміка абмену). На ім таксама пабудаваныя модныя сэрвісы Airbnb, Uber, Couchsurfing.

Па лонданскім узоры баранавіцкая «Бібліятэка інструментаў» паступова ператвараецца ў «Бібліятэку рэчаў». Тут можна ўзяць на нейкі час турыстычны стаф (намёты, спальныя мяшкі, кілімкі) ці спартыўныя рэчы (валейбольныя ды басктбольныя мячы, роварны прычэп для дзяцей, ракеткі для бадмінтону і вялікага тэніса).
 

 

Наводзім MOSTы

– Я шмат інфармацыі шукаў пра праграмы, якія могуць дапамагчы нашаму праекту развівацца. Мы ўдзельнічалі ў конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend, але там нас не заўважылі. Але я не здаўся і працягнуў пошукі. Убачыў матэрыял пра праграму MOST, аформіў заяўку, распавёў пра праект і нас адабралі. У журы ўваходзяць прадстаўніцтва ЕС, МЗС, Брытанскі Савет у Польшчы.

Дзякуючы MOST наша каманда наведала бібліятэкі інструментаў у Эдынбургу і ў Лондане. Гэта быў вельмі карысны досвед. Мы зразумелі, што нам вельмі патрэбны сайт праекту. І я ўбачыў, што ў шатландскіх хлопцаў таксама некалі былі цяжкія часы.

 

«Ёсць амбітная мэта – зрабіць Баранавічы сталіцай sharing movement in Belarus!»

 

Зразумелі мы і тое, што не трэба здавацца, трэба працаваць і рухацца далей. Праз пабудову сацыяльных сувязяў людзі трымаюцца адно за аднаго. Вось шатландцы будуць нас падтрымліваць, мы можам з імі параіцца цяпер, яны могуць штосьці нам падказаць.

Сацыяльныя праекты развіваць вельмі цяжка. Але мы не будзем здавацца, мы будзем рухацца далей, будзем рабіць усё, што можам, каб бібліятэка стала больш напоўненай. І будзем рабіць гэта ўсімі сіламі, якія толькі маем. 

Калі мы толькі пачыналі, пра нас ніхто нічога не ведаў, але цяпер пачалі заўважаць: пра нас піша прэса, мы перамагаем у конкурсах – у нас вельмі натхнёны настрой i мы ўпэўненыя ў сваёй ідэі. Ёсць амбітная мэта – зрабіць Баранавічы сталіцай sharing movement in Belarus!

На фрымаркеце ў 2018 годзе рабяты зладзілі Repair Café – майстэрню па рамонце старых рэчаў: электронікі, адзення, ровараў, прадметаў інтэр'еру. Зараз каманда шукае памяшканне, каб стварыць мэйкерспэйс-каворкінгавую прастору для вынаходнікаў і тэхнікаў. Таксама «Бібліятэка» падалася на конкурс сацыяльных праектаў Sup Up.

 

Тэкст by sokol_mlody
Фота by Жэня Ціхановіч