Аляксандра Лазарэнка

  • 19.07.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 4807

Арганiзатарка арт-праекту «Прамянi Дабрынi» Аляксандра Лазарэнка распавядае, як праз мастацтва дапамагаць дзецям, якія апынуліся ў складаных умовах, і чаму варта гэтым займацца.

 

 Гераіня:  Аляксандра Лазарэнка, 25 гадоў. Выпускніца ЕГУ 2016 года, маладая маці і шчаслівая жонка, заснавальніца праекта «Прамяні Дабрыні», благапраекта OP SHOP і летняй анімацыйнай школы «Рухавічок». Нефармальны аглядальнік, культурная менеджарка.

 Чым займаецца:  працуюе з дзецьмі з сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў Гомелі.

 

VK «Прамяні Дабрыні»    VK «Рухавічок»    VK Op Shop    Instagram

Арыгінальная дата публікацыі – 19.07.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

 

Як з’явіліся «Прамяні Дабрынi»

– Праект «Прамяні Дабрынi» нарадзіўся ў Вільні ў кастрычніку 2013 года, а ў красавіку 2015-га стартаваў у Гомелі.

Ідэю прыдумалі мы з актывісткай Сашай Грышкевіч падчас школы праектнага менеджменту. Саша хацела стварыць валанцёрскі рух, а ў мяне было жаданне рабіць нешта для дзяцей. Мы прыйшлі да таго, што нам трэба аб’яднаць свае сілы і зрабіць доўгайграючы праект для выхаванцаў сацыяльна-педагагічных цэнтраў і дзіцячых дамоў, які будзе адрознівацца ад астатніх.

Пачалі з малога: прыходзілі да дзетак, сумесна малявалі, ляпілі. Потым ужо панесліся ідэі – дэкупаж, лега-канструяванне, дыджэінг і гэтак далей.

Я складаю план, накідваю ідэі, а потым дзейнічаю па месцы і сітуацыі. Шукаю людзей, якія могуць нешта расказаць і паказаць, правесці які-небудзь цікавы майстар-клас, шукаю месцы, куды дзяцей можна адвесці.

«Магчыма, калі б я жыла адна і ў мяне не было дзіцяці, ездзіла б па бясплатных міжнародных праграмах падымаць пінгвінаў і пераварочваць чарапах»

Пакуль на пастаяннай аснове мы працуем толькі з адным сацыяльным цэнтрам. Сутнасць у тым, каб дзеці разумелі, што мы не проста адзін раз прыйшлі, а каб ведалі, што за сценамі ёсць канкрэтныя людзі, да якіх заўсёды можна звярнуцца, якія могуць дапамагчы, нешта расказаць і падказаць. Гэта, з аднаго боку, інфарматыўны адукацыйны праект, а з другога – заснаваны на сяброўскіх узаемаадносінах.

Калі мы рабілі калядную вечарынку для дзяцей, яны мне ўручылі грамату, і там былі такія словы: «за чулыя адносіны да дзяцей». Гэта было не проста «ўзнагароджваюцца ордэнам працы...», а вельмі ўтульна, па-хатняму. Было нечакана! Нарэшце я зразумела, што людзі вераць у мяне, цэняць, разумеюць, што я раблю і навошта. Гэта вельмі прыемна. Кожны раз, калі мы сустракаемся, яны кідаюцца мяне абдымаць. І вось гэтая аддача, сумленная і адкрытая, – галоўная заслуга, якую можа атрымаць чалавек, працуючы з дзецьмі.

 

 

«Нарэшце я зразумела, што людзі вераць у мяне, цэняць, разумеюць, што я раблю і навошта»

 Праекты ў праекце

– Ад «Прамянёў Дабрыні» адгаліноўваюцца іншыя маленькія тэмы. Яшчэ адзін праект, якім я ганаруся, – анімацыйная школа «Рухавічок». У Гомелі мы яе арганізоўвалі двойчы: у 2016 і 2018.

«Рухавічок» – гэта пляцоўка для навучання навыкам анімацыі і абмену вопытам для моладзі і людзей сярэдняга ўзросту з усёй Беларусі. У 2018-м мы разглядалі анімацыю як інструмент для прасоўвання сваіх праектаў, ініцыятыў і ідэй. Праект апынуўся вельмі ўдалым, на мой погляд, таму будзем яго працягваць. Дарэчы над яго распрацоўкай акрамя маёй каманды працавала выпускніца анімацыйнай школы 2016 года Лена Літвінава і яшчэ два запрошаных эксперта Аляксандр Балабан і Яўген Бойка.

Таксама наша каманда займаецца нефармальнай адукацыяй. Мы ладзім праект «Медыя канікулы STAGE». Візуальны стыль для яго распрацавала яшчэ адна дызайнерка з ЕГУ – Маша Крывалапава. Дзякуючы яго яркасці і новаму для нашага горада падыходу да адукацыі нас заўважылі і запрасілі працаваць у гомельскі філіял MTVS (Маскоўская школы тэлебачання).

Летам 2016-га мне пашчасціла пабываць у Паўночным Уэльсе і ўбачыць класічную ангельскую мадэль працы дабрачыннага крамы. Ужо тады я падумала, што гэта магло б стаць добрым рашэннем. А ў красавіку 2017-га я з падтрымкай мамы і яшчэ некалькіх людзей адкрыла ў Гомелі арт-прастору «Каўчэг», каб у «Прамянёў» з'явіўся дом. Пазней, 26 жніўня, быў запушчаны благапраект Op Shop.

 

 

Пра падтрымку ды развіццё

Фінансавую падтрымку напачатку аказваў толькі ЕГУ. Але арганізацыі, да якіх звярталіся «Прамяні Дабрыні», ахвотна ішлі насустрач. Так, сетка крам «ПолитеХ» дала бясплатна камп’ютары для анімацыйнай школы, дзіцячы клуб «Йети и дети» дазволіў правесці вечарынку за іх кошт, тайм-клуб «Флэт» выдзяляў памяшканне для івэнтаў.

– У канцы 2016 года я прыняла ўдзел у школе сацыяльнага прадпрымальніцтва Soin School ў Берліне. Там мне пашанцавала стаць часткай якаснага адукацыйнага працэсу і пазнаёміцца з натхняльнымі лакальнымі ініцыятывамі. Я больш падрабязна пазнаёмілася з тым, што такое сацыяльнае прадпрымальніцтва, і мне захацелася зрабіць з «Прамянёў» устойлівы праект, які змог бы жыць не за кошт знешняй падтрымкі, якую яму ўвесь гэты час аказваў ЕГУ. Рэбрэндынг «Прамянёў» атрымаўся грунтоўны. Таксама ў праекта з'явілася моцная каманда, гэта мае сяброўкі: Наташа Злотнікава, Оля Сафронава, Аня Царкова.

«Сутнасць у тым, каб дзеці разумелі, што за сценамі ёсць канкрэтныя людзі, да якіх заўсёды можна звярнуцца»

У выніку, калі «Прамяні Дабрыні» атрымалі падтрымку ад Open Society Foundations і ЕГУ, мы за год правялі каля 40 мерапрыемстваў, стварылі 3 новыя напрамкі ў праекце: дабрачынныя вечарынкі; падпраект JOBBY – сустрэчы хлопчыкаў і дзяўчынак з СПЦ з прадстаўнікамі розных прафесій; кулінарныя сустрэчы. У івэнтах прынялі ўдзел больш за 50 дзяцей і больш за 150 маладых людзей з Гомеля.

А яшчэ мы атрымалі каля 10 запрашэнняў для ўдзелу ў іншых маштабных мерапрыемствах і фестывалях у горадзе, з апошняга гэта вулічны фестываль «Сожскі стрыт», сямейны фестываль «Будзьма дзецьмі», велафестываль «Паміж Сожам і Дняпром».

 

 

«Мне здаецца, гэта вельмі важна, каб дзеці бачылі не толькі “іншых” дарослых, але і “іншых” аднагодкаў»

Пра складанасці

– Ёсць некаторыя дэталі, якія не дазваляюць скласці пазл цалкам. Адна з іх – стэрэатыпнае стаўленне да дзяцей. Быў адзін вельмі непрыемны выпадак, калі мастак, якога мы хацелі прыцягнуць да праекту, сказаў: «Дык яны ж хворыя». Прычым гэта прагучала нават не як пытанне, што паказвае ступень негатовасці некаторых быць часткай «Прамянёў».

На шчасце, нашыя валанцёры ведаюць, што гэта далёка не так, што дзеці такія ж, як усе, проста яны знаходзяцца ў іншых умовах, апынуліся ў цяжкай сітуацыі.

Гэтыя дзеці – у падвешаным стане, яны не ведаюць, наколькі трапілі ў сацыяльны цэнтр, пойдуць потым у дзіцячы дом, вернуцца ў сваю сям’ю альбо іх забяруць у прыёмную. Некаторыя па 2-3 разы вяртаюцца сюды. Гэта месца, дзе, на мой погляд, вельмі цяжка знаходзіцца. І зразумела, што кожны чалавек у складанай сітуацыі псіхалагічна рэагуе па-рознаму. Але калі ў нашым сучасным грамадстве, якое выхоўваецца талерантным (кажуць жа, што беларусы такія), чую падобныя нават не пытанні, а сцвярджэнні, мне робіцца страшнавата.

Я працую з тымі, у каго няма падобных перадузятасцяў. Хацелася б, каб больш людзей убачылі знутры, як гэтыя дзеці жывуць, што яны такія ж, як усе. Ім патрэбныя зносіны, як і любому іншаму чалавеку. Мы дапамагаем з’явіцца магчымасці атрымліваць новую інфармацыю, практыкавацца ў творчых кірунках, камунікаваць з людзьмі, з якімі яны, магчыма, ніколі б у жыцці не сустрэліся.

 

Тэкст by jstarin
Фота by Наталля Трукутулая