ALL Inclusive: кейсы рэальнай роўнасці
- 05.11.2019
- 6120
2 лістапада ў IBB Менск прайшоў форум па абмене інклюзіўнымі практыкамі ALL Inclusive. Каля 60 прадстаўнікоў і прадстаўніц розных ініцыятыў прыйшлі сюды, каб распавесці пра свае праекты ды знайсці аднадумцаў(-ак). Усё за раз, канешне, не падсвеціш, таму 34 ласкава сабраў адным артыкулам пяцёрку яскравых кейсаў пра сумленную роўнасць.
Вольга Воўк
Дзеці пішчаць ад кніжак з сакавітымі малюнкамі, і дзеці з парушэннем зроку тут не выключэнне. Але ілюстрацыі для такіх рабят трэба ствараць інакш. Дзяржаве гэта, на жаль, не вельмі цікава, таму за справу ўзяліся актывісткі. Аўтаркі праекта «Тактыльныя кнігі» шыюць і майструюць інклюзіўныя «фаліянты», а потым ладзяць інклюзіўныя чытанні, дзе за партай сядзяць разам дзеці з добрым і дрэнным зрокам.
У ініцыятывы ўжо сабралася невялічкая бібліятэка: тры кнігі па чатыры экзэмпляры, розныя па якасці і выглядзе. Самую крутую – пра прыгоды маленькага Дзеда Мароза – жанчыны шылі два гады.
Як тлумачыць Вольга Воўк, зрабіць кнігу для ўсіх няпроста. Стандарты тактыльных кніг патрабуюць спрашчэння, але ж хочацца, каб вышытыя старонкі ўсё ж такі былі падобныя да малюнкаў сапраўднай кнігі, – даводзіцца шукаць і спрабаваць. Напрыклад, як ты ўяўляеш сабе дом? Людзям, якія бачаць, на думку звычайна прыходзяць кватэра ці катэдж. А вось дзеткі з праблемамі са зрокам уяўляюць ручку, бо, калі ёю адчыняеш дзверы, ты – дома.
Паспрабаваўшы даць хлопцам і дзяўчатам тэксты, надрукаваныя літарамі і шрыфтам Брайля, актывісткі зразумелі, што гэта не варыянт: ну якое дзіцё будзе нешта чытаць, калі побач ляжыць тое, што можна памацаць? Таму цяпер інклюзіўныя чытанні праходзяць у такім фармаце: дзяцей спачатку знаёмяць з героям. Напрыклад, арганізатаркі пашылі маленькага Дзеда Мароза, і малыя могуць памацаць яго ў аб’ёме, каб потым падчас чытання лёгка пазнаваць героя на малюнках.
Сэнс праекта не ў тым, каб стварыць як мага больш кніг для дзетак, якія не бачаць, а ў тым, каб праводзіць менавіта інклюзіўныя чытанні. У перспектыве стваральніцы «Тактыльных кніг» хацелі б запусціць школу тактыльных выданняў: запрасіць туды людзей, якія добра шыюць, навучыць іх правілам стварэння кніг «для пальчыкаў» і пашыраць гэтую добрую гісторыю.
Аляксандр Аўдзевіч
Inclusive Barista – кейтарынг, у якім працуюць людзі з інваліднасцю. Бізнэс б’е ключом ужо два гады, і часам прыходзіцца нават адмаўляцца ад некаторых заказаў, бо іх зашмат.
Для многіх кампаній сацыяльная адказнасць – важны пункт у іх дзейнасці, і калі яны на сваіх афіцыйных ці нефармальных івэнтах даюць працу людзям з інваліднасцю – гэта пазітыўна адбіваецца на іх іміджы. Некаторыя ж форумы ці семінары наўпрост звязаныя з інклюзіяй – і там падобны кейтарынг упісваецца ідэальна-канцэптуальна. Дарэчы, на ALL Inclusive эспрэсы-капучыны рабілі менавіта гэтыя рабяты.
Як кажа Аляксандр, трапляюцца заказы, якія дазваляюць яго супрацоўнікам зарабіць іх паўмесячную ці нават месячную пенсію, і гэта дужа матывуе. Аднак пакуль Inclusive Barista існуе ў фармаце ІП: з барыста заключаюць дамову падраду. Справа ў тым, што большасць людзей з інваліднасцю ніколі не працавала ўвогуле. Пайсці на поўную стаўку для іх – сур’ёзны выклік, а вынікі выхаду з зоны камфорту могуць быць розныя, таму што бізнэс дыктуе жорсткія правілы. Але, магчыма, праз некалькі гадоў, калі праект маштабуецца, з’явяцца і стандартныя працоўныя месцы.
Ганна Бяляева
праект «Увядзенне дзіцячых пакояў з нянькай у медыцынскіх цэнтрах»
Пад інклюзіяй у шырокім сэнсе разумеецца не толькі пашырэнне магчымасцяў для людзей з інваліднасцю, але і ўключэнне ў жыццё грамадства розных уразлівых груп. Такой уразлівай групай часам адчуваюць сябе маладыя бацькі, якім няма з кім пакінуць немаўля. З гэтым Ганна сутыкнулася сама, калі стала маці: так, ёй было неабходна выправіцца да ўрача, але ўсе сваякі былі занятыя. Сітуацыя была не аднаразовая, і дзяўчына прыдумала выйсце – зрабіць у медыцынскіх цэнтрах дзіцячыя пакоі.
Яна правяла апытанку ў інтэрнэце, і аказалася, што паслуга выклікае цікаўнасць у большасці маладых бацькоў. Тыя, хто галасаваў «за», казалі, што з розных прычын не маюць магчымасці кожны раз адвозіць дзіцё сваякам, а нянька падаецца дарагім ці небяспечным варыянтам. Кожны раз адкладваць візіт да ўрача – таксама не дужа добра.
У сваю чаргу, для медцэнтраў такія пакоі – гэта не толькі плюс у карму, але і магчымасці прыцягнуць новых кліентаў. Нешта падобнае ўжо рэалізавана ў «Новамедзе» ў Берасці, але тое хутчэй гульнявы пакой для больш дарослых дзетак. Ганна ж спасылаецца на вопыт медцэнтраў ЗША і прапануе прымаць малых, калі ім яшчэ некалькі месяцаў. Для гэтага трэба наняць медсястру-педыятра, каб яна даглядала дзяцей і дакладна ведала, як гэта робіцца.
Святлана Паддубная
спецыялістка па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці гадзіннікавага завода «Луч»
Першыя гадзіннікі для людзей, якія слаба бачаць, менскі завод выпусціў у 1980-х, а каля двух гадоў таму на «Лучы» задумаліся пра тое, што пэўныя каштоўнасці неабходна неяк трансляваць і ў масы. Так з’явіўся партнёрскі праект – кавярня «1801» (назву ёй даў гадзіннікавы механізм), дзе было абсталяванае даступнае асяроддзе. Падыход адпавядае запыту грамадства: да іх туды ўжо прыходзіла з модным паказам Каця Цікота, якая шые інклюзіўнае адзенне.
У кастрычніку «Луч» выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў да 25-годдзя Беларускага дзіцячага хоспісу. Набыць іх магчыма толькі на спецыяльным аўкцыёне. Пры гэтым, па словах Святланы, проста даць грошы на дабрачыннасць цяпер ужо не bonton, таму «лучаўцы» напоўнілі супрацоўніцтва з хоспісам яшчэ і майстар-класамі: разам з дзецьмі малявалі і ляпілі гадзіннікі, паказвалі, што ёсць вельмі шмат розных прафесій і што яны могуць быць кім захочуць.
На думку спецыялісткі, дабрачынныя праекты класныя, але для рэальных зменаў у грамадстве і паводзінах людзей неабходна прасоўваць нейкія ініцыятывы самім, асабіста.
Ганна Бандарэнка
кіраўніца праграмы па разнастайнасці і інклюзіі ў EPAM
Яе роля і пазіцыя ў арганізацыі даволі ўнікальныя: Ганна займаецца тым, каб унутраная экасістэма міжнароднай арганізацыі адпавядала каштоўнасцям, якія тая дэкларуе.
Сфера ІТ хоць і сучасная, але нясе адбітак сацыяльных стэрэатыпаў. Напрыклад, у ёй не так шмат жанчын. Адна з прычын – выбар вектара навучання яшчэ на этапе пачатковай школы. Няшмат дзяўчат у дзяцінстве маюць магчымасці памацаць нейкія тэхнічныя штукі, і, калі на гэта не ўплываць, тэндэнцыя будзе аднаўляцца ў новых пакаленнях.
Унутры беларускай часткі кампаніі – а гэта каля 10 000 чалавек – нядаўна было зроблена вялікае даследаванне. Мэта – знайсці «вузкія» месцы, дзе магчыма дапрацаваць унутраную палітыку. Дзеля гэтага эксперты(-кі) прайшліся па ўсім «жыццёвым цыкле» супрацоўніка(-цы) кампаніі: ад найму да звальнення. Не сакрэт, што ў нашай краіне толькі 1% мужчын карыстаюцца дэкрэтным адпачынкам. У EPAM жанчыны ў сярэднім сыходзяць у адпачынак па доглядзе за дзіцём на два гады. І гэта дастаткова сур’ёзна ўплывае на хуткасць іх кар’ернага росту: матулі часта захрасаюць на адным прафесійным узроўні. Кампаніі трэба падумаць, як не губляць сувязь з жанчынай падчас дэкрэту. Напрыклад, маладая матуля магла б стаць ментаркай для чалавека, які(-ая) прыйшоў(-ла) на яе месца. Або за гэты час прайсці нейкае анлайн-навучанне. З іншага боку, трэба больш уцягваць мужчын у клопаты пра дзіця.
Адна з самых значных рэчаў для бізнэсу – гэта людзі. Яны з’яўляюцца вельмі важным капіталам кампаніі. Калі бізнэс падтрымлівае нейкую ініцыятыву, гэта вельмі класна ўплывае на ўцягненне супрацоўніка(-цы) у працу, і чалавек сам адчувае, што здольны нешта змяніць.
Фота: Юры Струкаў, Валерыя Якаўчык