Алена Каховіч

  • 31.05.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 3080

Пагутарылі з актывісткай берасцейскага агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» і суарганізатаркай фестывалю бюджэтных падарожжаў «Самаход» Аленай Каховіч. На ўласным прыкладзе яна распавяла, як развіваць роварны і валанцёрскі рух у горадзе, ладзіць клёвыя мерапрыемствы, а таксама зрабіць так, каб ад мовы перасталі кідацца.

 

 Чым займаюцца:  Павышаюць грамадскую актыўнасць моладзі.

 Дата заснавання:  лістапад 1999 года.

 З кім гутарым:  Алена Каховіч, 27 гадоў, актывістка агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч», кампаніі «У Беларусь і Еўропу − без візы», адна з арганізатараў фестывалю мабільнасці «Самаход». Гісторык культуры, настаўніца.

 

Сайт    ВК    FB    Instagram   Twitter   YouTube

Арыгінальная дата публікацыі – 31.05.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Алены

– Я скончыла Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт паводле спецыяльнасці «Гісторыя культуры». Безумоўна, улічваючы маю адукацыю, тэма культуры мяне цікавіла заўсёды. Ведаеце, ва ўніверсітэце нам давалі дастаткова абмежаваную інфармацыю: гэтак, «сучаснае» ў нас скончылася на мяжы 1994 года, больш пра яго я нічога не ведала. Але ж жаданне змяніць мой горад было вялікае, хацелася праз атрыманую адукацыю вырашыць яго пэўныя праблемы. Менавіта тады, у 2010 годзе, я і трапіла ў «Дзедзіч».

Для мяне «Дзедзіч» – вельмі асаблівая тусоўка. Пачынаючы з таго, што тут размаўляюць выключна па-беларуску, і скончваючы тым, што гэта, насамрэч, суполка аднадумцаў, якія разумеюць культуру і гісторыю Беларусі.

«Жаданне змяніць мой горад было вялікае, хацелася праз атрыманую адукацыю вырашыць яго праблемы»

Першым праектам, якім я займалася разам з агенцтвам, было распаўсюджванне ў грамадскім транспарце абвестак з вытрымкамі цытатаў беларускай літаратуры. Выгляд у іх быў абсалютна камерцыйны, плюс мы плацілі за іх размяшчэнне. Спачатку думалі, што нам забароняць рабіць такое, але ж дазвол далі, і амаль месяц па горадзе ездзілі аўтобусы з цытатамі па-беларуску.

Пасля заканчэння ўніверсітэту я пайшла працаваць у школу. Гэта было вельмі цікава, але расхістаць сістэму цяжка, самыя элементарныя навінкі, якія магчыма было б увесці, амаль немагчыма зрэалізаваць. Сёння я падпрацоўваю гідам, распавядаю пра Берасце так, як жадаю, паказваю, што ў нас ёсць не толькі крэпасць, але і шмат іншага.

 

 

«Я наагул лічу, што не трэба маліцца толькі на традыцыйную культуру Беларусі, гэтым справа не абмяжоўваецца»

«Дзедзіч»: ад мовы да валанцёраў

– За 19 гадоў існавання мы, безумоўна, займаліся шмат чым, але цяпер у нас ёсць некалькі галоўных кірункаў працы. Па-першае − гэта папулярызацыя беларускай мовы і культуры, па-другое − развіццё роварнага руху ў горадзе. Таксама мы працуем са студэнтамі, прасоўваючы іхныя адукацыйныя магчымасці ў межах Балонскага працэсу, развіваем валанцёрскі рух у горадзе.

У нас распрацаваная кампанія «Наша мова», асноўная мэта якой – паказ пазітыўнага вобразу беларускай мовы. Мы намагаемся зрабіць так, каб людзі добра ставіліся да яе. Дзеля гэтага ладзім сустрэчы з рознымі знакамітымі дзеячамі Беларусі: ад эканаміста Сяргея Чалага да вандроўніка Ромы Свечнікава. Яны распавядаюць пра сваё стаўленне да мовы, на асабістым досведзе паказваюць, як карысна выкарыстоўваюць яе ў музыцы, дызайне, журналістыцы. Гавораць пра тое, што беларуская мова − гэта не страшна.

Я наагул лічу, што не трэба маліцца толькі на традыцыйную культуру Беларусі, гэтым справа не абмяжоўваецца. Калі мы будзем думаць толькі пра народныя строі, то хутка забудземся на сённяшні дзень. Трэба адаптавацца. Трэба паказаць людзям, што нашая культура можа быць сучасная.

Калі гаварыць пра роварны кірунак нашай працы, то мы распачалі кампанію «Вела-Брэст». «Дзедзіч» праводзіць лекцыі аб правілах дарожнага руху ў школах, робіць прапановы наконт змены роварных сцежак у генплане гораду, пры магчымасці супрацоўнічае з ДАІ.

 

 

З апошніх навінаў «Дзедзіча» і сяброў:

  У снежні 2018-га ў Берасці ўпершыню за 20 год адбыўся Форум НДА Берасцейшчыны. Ён сабраў каля 80 прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый вобласці, прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці, СМІ, гасцей з Менску, Гомеля, Віцебску і Варшавы.

  У лютым 2019-га запусціўся курс навучальны курс «Біржа ідэй» для актывістаў і актывістак, карысны для ўсіх, хто мае вялікае жаданне зрабіць месца, дзе жыве, больш камфортным, даступным і прываблівым.

  12 сакавіка 2019-га адбылася сустрэча ініцыятараў кампаніі «Аўтавакзал па-беларуску» з кіраўніцтвам аўтавакзала і прадстаўнікамі «Брэстаблаўтатрансу». Перамога: аўтавакзал Берасця загучыць па-беларуску!

 

 

«Берасцейцы жадаюць дапамагаць, але большасць з іх проста не ведае, да каго звярнуцца і каму патрэбная дапамога»

Фестываль «Самаход»

– Апроч «Дзедзіча», я з часоў навучання ва ўніверсітэце бяру ўдзел у праектах кампаніі «У Беларусь і Еўропу – без візы». Гэта каманда, якая ставіць перад сабою мэту дабіцца спрашчэння візавага рэжыму паміж нашаю краінай і Еўразвязам. Менавіта гэтая арганізацыя прыдумала фестываль «Самаход».

Калі казаць проста, «Самаход» − гэта фестываль пра бюджэтныя вандроўкі. То бок мы запрашаем шэраг дасведчаных вандроўнікаў і просім іх распавесці пра свой досвед вандравання або выбіраем пэўную тэму і робім лекцыі, плюс да ўсяго гэтага ладзіцца музычная частка. На пачатку мы збіралі проста кватэрнікі, на якіх хтосьці распавядаў пра свае прыгоды. Але ж такія мерапрыемствы адбываліся толькі ў Менску, бо амаль усе валанцёры жылі ў сталіцы, тады я, як рэгіянальная прадстаўніца, і ўзялася ладзіць фэст у рэгіёнах. Упершыню мы з’ездзілі ў Берасце, пабачылі, што людзям гэта вельмі цікава. Працягнулі. Былі з «Самаходам» у Магілёве, Горадні, Гомелі, Віцебску.

Асабіста для мяне гэта вельмі круты досвед, магчымасць паглядзець на тое, чым жывуць іншыя абласныя цэнтры, чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, якія існуюць там магчымасці зладзіць культурнае мерапрыемства. Усё гэта дапамагае зразумець, чаго не стае Берасцю, якія ў яго ёсць плюсы і мінусы, што магчыма было б змяніць. Таксама цікава заўважаць, чым адрозніваюцца людзі ў Беларусі, якая ў іх ментальнасць, якія інтарэсы.

 

 

Цяжкасці мясцовага актывізму

– Гаворачы зноўку пра «Дзедзіч», трэба адзначыць, што нам вельмі цяжка змяніць свой імідж. Цяпер мы мусім шмат працаваць, каб да нас прыслухоўваліся. Напрыклад, калі мы спрабуем у некаторай ступені супрацоўнічаць з дзяржаўным або камерцыйным сектарам, то часта ўзнікаюць пэўныя пытанні наконт таго, што мы – недзяржаўная арганізацыя. Асаблівасць нашай працы − гэта і адная і тая ж аўдыторыя. Мы не першыя, хто з гэтым сутыкаецца. Але ў апошні час адбываюцца змены − да нас пачалі прыходзіць новыя людзі. Яны падабаюцца нам, яны маладыя, больш смелыя і адкрытыя, да той жа самай беларускай мовы, напрыклад.

Што датычыць «Самахода», то яго галоўная праблема − адлегласць. Бо, калі ты едзеш куды-небудзь арганізоўваць фэст, ты ўсё роўна не ведаеш мясцовага культурнага поля. Так, падаецца, што Беларусь невялічкая, але ўсе нашыя гарады адрозніваюцца, асабліва, калі весці гаворку пра сітуацыю «ўсход-захад». Калі я раблю мерапрыемствы ў Берасці, то прыблізна ведаю аўдыторыю, ведаю, што ім спадабаецца, якія тэмы ім цікавыя, а калі апынаюся ў іншым асяроддзі, то час ад часу здаецца, што гэта нейкая іншая краіна.

«Культура і актыўнасць − гэта тое, праз што магчыма вырашыць усе свае праблемы»

Чаму трэба варушыцца

– Культура і актыўнасць − гэта тое, праз што магчыма вырашыць усе свае праблемы. Прычым як асабістыя, гэтак і агульныя. Бо людзі праз культуру і адукацыю, самі таго не разумеючы, робяць крутыя справы ў абсалютна розных сферах.

Калі б я сядзела толькі ў Берасці, то ніколі б не дазналася пра культурнае поле нашай краіны. Калі я бачу яго, у мяне з’яўляецца надзея, што як мы ўсе будзем у ім працаваць і нешта рабіць карыснае, то, магчыма, калісьці будзем жыць неяк па-іншаму.

Тэкст by Сцяпан Балашоў
Фота by Марк Водка