«Філіял» лонданскага тэатра HUNCH запрашае на чытку паводле Кафкі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 28.02.2019
- 6539
5 сакавіка ў Менску адбудзецца чытка і дыскусія па апавяданні Франца Кафкі «Прысуд». Івэнт ладзіцца пад шыльдай лонданскага HUNCHTheatre пры падтрымцы Гётэ-Інстытута ў Беларусі.
«Прысуд» – гэта творчае даследаванне ўзаемаадносін паміж сынам і бацькам, паміж ахвярай і катам. Скрозь прызму хатняга гвалту тут выразна праглядаецца мадэль гвалту дзяржаўнага, таму каманда HUNCHTheatre лічыць, што напісанае трывожным пражанінам у далёкім 1912 годзе апавяданне вельмі пасуе да беларускай рэчаіснасці. Фармат пакаёвай чыткі дазволіць захаваць інтымную аўтарскую інтанацыю аповеду і, на думку творцаў, ідэальна падыдзе для першага знаёмства гледачоў з Кафкам не па кніжцы, а «ў рэале».
Рэжысёрам «Прысуду» выступіў Уладзімір Шчэрбань, якога менчукі ведаюць яшчэ па пастаноўках у Купалаўскім тэатры, а пазней – у Беларускім Свабодным тэатры. Летась Уладзімір, які даўно жыве ў Лондане, сышоў з БСТ ды запусціў новы праект цалкам на брытанскай глебе – HUNCHTheatre, з якім зрывае кампліменты ад тамтэйшых крытыкаў. Днямі ў Facebook нарэшце з’явілася старонка HUNCHTheatre Belarus. Мы патэлефанавалі Уладзіміру, каб запытацца, чаго чакаць ад яго праекта нам, беларусам у Беларусі.
«Два такія радыкальныя спектаклі, як “Шчырыя паляроідныя здымкі" Марка Равенхіла і "Псіхоз 4:48" Сары Кейн, былі зробленыя яшчэ ў памяшканні Купалаўскага тэатра, і калі б яго кіраўніцтва было больш прагрэсіўным, мы б з задавальненнем працягвалі працаваць у Купалаўскім. Так што цяпер мы проста працягваем тое, што мы рабілі, і якая розніца, як гэта называецца. Проста вырашылі надаць гэтаму форму.
Першая чытка HUNCHTheatre у Менску – "Левыя дысідэнты" – адбылася ў лістападзе 2018-га ў кватэры і выклікала вялікую цікавасць у публікі. Потым нас прытулілі выдатныя рабяты – Лабараторыя сацыяльнага тэатра: у іх памяшканні мы зрабілі вялікі івэнт, прысвечаны Усеваладу Меерхольду. З "Дысідэнтамі" мы рыхтуем паўнавартасную прэм'еру ў Варшаве ў канцы вясны, другі праект будзем развіваць у Брытаніі.
Зараз у нас з'явіліся новыя партнёры – Гётэ-Інстытут. Ладзім чытку Кафкі з Янай Русакевіч у галоўнай ролі. Нягледзячы на тое, што я вельмі заняты ў Брытаніі, мы вырашылі сфармаваць нейкі філіял HUNCHTheatre у Беларусі, каб людзі маглі развівацца (Яна Русакевіч, раней вядучая актрыса БСТ, 12 лютага паведаміла пра тое, што вымушаная яго пакінуць. – заўв. 34). Калі мы з Оліверам Бенетам адкрывалі HUNCHTheatre у Брытаніі, у нас былі ідэя стварыць філіялы па ўсім свеце. Думаю, у будучыні мы аб'явім Яну як арт-дырэктара беларускага філіяла. Яна – адзінкавая актрыса. Для мяне Яна і ёсць сімвал свабоды. Яна – там, дзе свабода творчасці.
Што такое hunch? Гэта пачуццё, калі ты робіш тое, што ты робіш, без лагічнага тлумачэння, часам праз страх. Мне здаецца, што зараз надышоў час не завучаных лозунгаў, не брэндаў ці чагосьці іншага, што лімітуе цябе. Сёння трэба проста рабіць тое, што ты лічыш патрэбным, вось і ўсё».
«Прысуд».
Рэжысёр: Уладзімір Шчэрбань. Чытаюць: Яна Русакевіч, Ігар Шугалееў, Андрэй Завалей.
Мадэратарка дыскусіі: Таня Арцімовіч. Мова: руская.
Чытанне адбудзецца 5 сакавіка ў 19:00.
Адрас: вул. Веры Харужай, 25/3. Уваход вольны.
Event у Facebook