У Менску запрэм’ераць спектакль «Застацца нельга з'ехаць»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 30.03.2021
- 4283
31 сакавіка і 1 красавіка незалежная беларуская тэатральная кампанія HomoCosmos упершыню пакажа камедыйны спектакль «Застацца нельга з'ехаць» паводле п'есы ўкраінскага драматурга Ігара Насоўскага, што паставіў беларускі драматург, акцёр і рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі. Спектакль распавядзе пра працоўную эміграцыю і абсурдныя перыпетыі выбару паміж «застацца» і «з'ехаць».
«Жыццё галоўнага героя спектакля «Застацца нельга з'ехаць» выглядае паспяховым: у кішэні дыплом юрыдычнага, ёсць каханая – чароўная Лена з дарагім катом пароды сфінкс, кватэра ў Менску… Ну, няхай і бацькоўская, няхай і ў «Курасах», але асобная – бацькі акучваюць градкі ў Скідзелі. Няма толькі аднога – працы, а значыць і няма грошай на вяселле.
Лепшы сябра па рэкамендацыі гатовы ўладкаваць Макса ў Польшчы за «тры – тры пяцьсот на рукі», і ўжо праз паўгода можна ладзіць вяселле. Але «Лены» з коцікамі-сфінксамі не чакаюць паўгода, ды і ехаць трэба проста заўтра!.. А хто дапаможа бацьку пафарбаваць плот? А ці дачакаецца Лена? Ці не кінуць «працадаўцы»? І кот гэты яшчэ знікае ў самы нязручны час!..
Гісторыя нялёгкага выбару абрастае абсурднымі і недарэчнымі перыпетыямі, і падаецца, што з кола пытанняў і прыкрасцяў вырвацца немагчыма, як і вырашыць: з'ехаць ці застацца?» – гэтак спектакль апісваюць стваральнікі(-ніцы).
Важна, што гледачы і глядачкі могуць абраць для сябе адзін з 4 варыянтаў квіткоў: за 15 рублёў для «тых, каму зараз нялёгка»; стандартны квіток за 30 рублёў, каб акупіць працу каманды HomoCosmos; квіток «сяброўскай падтрымкі» за 50 рублёў, дзякуючы якому спектакль змогуць паглядзець людзі ў складанай сітуацыі, і «квіток дабра» за 100 рублёў, які падтрымае артыстаў(-ак) тэатральнай кампаніі.