Калі ты ўжо атрымаў(-ла) дыплом, але бясстрашна прагнеш новых ведаў, прыгледзься да нашага спіса. Нефармальная адукацыя не дае паперкі і наўрад ці ўразіць патэнцыйнага працадаўцу, але стоадсоткава ўзбагаціць цябе карыснымі ведамі. Беларускі калегіум, Лятучы ўніверсітэт, ECLAB ды іншыя скарбонкі: вучэнне – святло!
Мінулі тыя часы, калі можна была навучыцца раз і на ўсё жыццё. Цяпер пануе ідэя пра пажыццёвае навучанне: хочаш паспець на параход сучаснасці – давядзецца круціцца без надзеі на пенсію. Моцныя зубы рынку цягнуць нас, небарак, штодзённа развівацца, каб працаваць на любімай працы, а публічнасць сучаснага жыцця не дае адлыньваць ад самаўдасканальвання, бо будзе балюча сорамна.
Калі ты скончыў(-ла) нейкую дзяржаўную ўстанову і больш не хочаш выхоўвацца дзяржавай, прыглядзіся да нефармальнай адукацыі. Калі хочаш грунтоўна пазнаёміцца з нейкай спецыяльнасцю, падумай пра курсы, разлічаныя на доўгатэрміновае наведванне.
На шчасце, зараз у Менску столькі ўсяго, што можна складаць спісы адукацыйных пляцовак. Гэта мы для цябе і зрабілі.
У Калегіуме ёсць чатыры аддзяленні: журналістыка, найноўшая гісторыя, філасофія і літаратура, еўрапеістыка. Калі ты лічыш гэта вельмі сціплым спісам, то паглядзі яшчэ на спецкурсы і семінары. Там і перакладчыцкая майстэрня з Хадановічам, і спецкурсы па фатаграфіі і палітычнай тэорыі, і яшчэ курс пад назвай «Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Еўрапейскага звязу».
Калегіумам кіруе Ірына Дубянецкая, а аддзяленнем філасофіі і літаратуры – абаяльны Валянцін Акудовіч, дагледжаную бараду якога ты зможаш з замілаваннем разглядаць падчас атрымання новых ведаў. Навучанне ў Калегіуме бясплатнае.
На сайце падрабязна напісана пра тое, чым займаюцца на кожнай спецыяльнасці і кожным спецкурсе. Таксама знойдзеш інфу пра само навучанне і пра тое, як адбіраюць студэнтаў і студэнтак.
Варыянт для тых, хто гатовы аддаваць свой час на сур'ёзнае вывучэнне Бібліі і філасофскія дыспуты. Можа, працы ў крэатыўнай індустрыі яно і не паспрыяе, але ж не ўсё ў гэтым жыцці трэба манетызаваць. Мець магчымасць цытаваць Уладзіміра Мацкевіча за пляшачкай ці філіжанкай чаго-небудзь моцнага – таксама някепскі сацыяльны скіл.
Структура Лятучага не вельмі звыклая: там ёсць дзве ступені, якія адрозніваюцца ўзроўнямі паглыблення ў працэс філасофскага мыслення. Першая – для неафітаў, якіх трэба зарыентаваць у гуманітарных і інтэлектуальных практыках. Другая – для тых, хто ўжо можа гуляць у гульні розуму пад апекай Настаўніка (мы не можам патлумачыць, што хаваецца за гэтай загадкавай фразай).
Навучанне ў Лятучым універсітэце бясплатнае. Падрабязней пра Лятучы на сайце. Праз церні да зорак! Задаваць пытанні і пісаць пра жаданне вучыцца можна на пошту flyuniby@gmail.com.
Нефармальны каледж ECLAB працуе па сістэме Liberal Arts. Гэта значыць, што не трэба будзе вучыць на памяць нейкі набор дагматаў у той ці іншай сферы – наадварот, цябе навучаць крытычна мысліць і выказваць свае думкі з нагоды ўсяго, што тычыцца абранага прадмета.
Сучаснае мастацтва і тэатр, публічная гісторыя, масавая культура і медыя, сучаснае грамадства, этыка і палітыка – самі назвы канцэнтрацый ужо прымушаюць інтэлігентаў і інтэлігентак драпежна сціснуць сківіцы і напружыць вечна галодны да ведаў розум.
Мы імкнуліся рабіць антыкрызісную падборку, але за навучанне ў ECLAB прыйдзецца заплаціць. За вучэбны год давядзецца выкласці 360 умоўных адзінак. Падрабязней пра выкладчыкаў і выкладчыц, канцэнтрацыі і праграмы чытай на сайце. Дарэчы, новы набор ужо адкрыты. Дэдлайн падачы заяўкі – 10 верасня.
Калі ты пішаш апавяданні ў кожным новым нататніку, вытрымліваеш творчыя пакуты, але ніхто ўсё адно не пазнае цябе на вуліцы, то прыйшоў час вучобы ў Школе маладога пісьменніка.
Школа добра дысцыплінуе: заняткі па суботах, таму ляжаць да абеду ў выходны не давядзецца. Кожная другая сустрэча – гэта разбор работ. Натуральна, іх трэба пісаць – тры апавяданні за два тыдні, як табе такі выклік?
Акрамя дысцыпліны, Школа – гэта людзі. Выкладчыцы і тыя, хто будзе вучыцца з табой побач, дакладна змогуць стымуляваць пісьменніцкую актыўнасць у тваім сэрцы, бо лёгкая прафесійная канкурэнцыя – галоўнае паліва развіцця.
Новы набор хутка будзе абвешчаны, таму сачы за сайтам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Навучанне бясплатнае. Калі ты не з Менску, праезд кампенсуюць.
Калі ты прагнеш працаваць у digital-рэкламе, але жаданне не падмацаванае досведам, то лепей запісацца на базавы курс школы крэатыўнага і стратэгічнага мыслення IKRA. Яшчэ ў іх ёсць тэматычна размежаваныя спецыялізацыі, модулі і інтэнсівы, якія разлічаныя на тых, хто ўжо трошачкі паараў цяжкую рэкламную ніву і абраў для сябе найцікавейшую дзялянку.
З фінансавага боку гэта самая недэмакратычная пазіцыя ў спісе, але ж і курсы арыентаваныя на тое, каб зарабляць мільёны. Чэкай кошты на сайце, бо яны залежаць ад курсаў і модуляў, якія ты абярэш. На Facebook знойдзеш менскую суполку IKRA.
І яшчэ
Рэкамендуем сачыць за рассылкамі і абвесткамі на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў, Асамблеі НДА Беларусі і Аdukacyja.info – тут багата прапаноў, ад якіх слінкі цякуць.
Фота з суполак арганiзацый
Экскурсія па раёне, дзе хутка на чалавечых костках могуць вырасці панэлькі.
Высвятляем, як планаваць абарону зялёных волатаў у сваім двары.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.