Што рабіць, калі трапіў(-ла) пад адміністрацыйны працэс?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 10.02.2020
- 8616
Калі ты з чымсьці не згодны(-ая), трапіць пад адміністрацыйны артыкул у Беларусі вельмі лёгка. Пасля мітынгаў супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй на суграмадзян абрынуўся ўсплёск судоў і адміністрацыйных арыштаў. Разам з праваабаронцам Сяргеем Усцінавым з «Прававой ініцыятывы», актывісты якой асвятлялі суды, вялі прамыя трансляцыі і складалі скаргі, мы падрыхтавалі на будучыню гайд пра тое, што рабіць, калі ты (т-т-т!) трапіш пад адміністрацыйны працэс.
Спосабы выкліку ў суд рэгулюе арт. 10.9 ПІКоАП РБ. Калі позву прыносяць дадому, то яна павінна ўручацца асобе пад распіску і ўтрымліваць наступную інфармацыю: хто і ў якасці каго выклікаецца, куды і да каго, час яўкі, а таксама наступствы няяўкі без паважных прычын. Калі цябе не заспелі, позву могуць уручыць сваяку, начальніку, дэкану ВНУ, дзе ты вучышся, і г.д. – усё гэта цалкам законна.
Таксама выклік у суд робяць поштай або па тэлефоне.
Калі SMS была дастаўленая на тэлефон, то па агульных правілах лічыцца, што апавяшчэнне ты атрымаў(-ла). Не прыйдзеш у суд – і той мае права разгледзець справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў тваю адсутнасць. Аднак пры абскарджанні вынесенай пастановы можна даказваць той факт, што тэлефон не знаходзіўся ў тваім валоданні.
Калі ты быў(-ла) за мяжой з адключаным роўмінгам, то адпраўнікі SMS убачаць, што апавяшчэнне не дастаўленае. І будуць павінны адправіць яго зноўку.
Цябе могуць падвергнуць прываду. Ухіленне ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, згодна з арт. 24.6 КоАП, можа быць пакаранае папярэджаннем, штрафам да 30 базавых велічынь (1 базавая = 27 BYN на студзень 2020 года) або адміністрацыйным арыштам.
Любое парушэнне закона варта асвятляць у СМІ, сацыяльных сетках і даводзіць да агульнага ведама іншымі даступнымі спосабамі. Калі справа тычыцца парушэння правоў чалавека, ідзі да праваабаронцаў. Табе могуць дапамагчы ПЦ «Вясна», «Прававая ініцыятыва», Human Constanta. З распаўсюдам інфармацыі дапаможа суполка dissidentby.
Як сябе паводзіць?
Патрабаваць тлумачэнні ўсіх правоў.
Не адмаўляцца ад падпісання пратакола, бо без подпісу ён усё роўна мае юрыдычную сілу. Лепш выкласці свае пярэчанні ў пратаколе і толькі тады падпісаць.
Патрабаваць выдаць копію пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Азнаёміцца з матэрыяламі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні або адразу пасля заканчэння падрыхтоўкі справы, або перад судовым пасяджэннем.
Чаму гэта так важна?
Азнаёміўшыся са справай загадзя, ты маеш пэўную перавагу: можаш падрыхтаваць сваю пазіцыю абароны, выклікаць сведак, аформіць усякія карысныя дакументы для суда.
Лепш за ўсё падрыхтаваць сваю пазіцыю пісьмова – у выглядзе заявы, каб далучыць яе ў судзе да матэрыялаў справы. Так ты будзеш цалкам упэўнены(-ая): усе паказанні застануцца ў справе.
Да суда ты можаш знайсці адваката або хадайнічаць перад судом аб прадстаўленні сваіх інтарэсаў абаронцам – блізкім сваяком.
На судзе ты маеш права задаваць пытанні любым сведкам. Не бойся гэтага рабіць.
Пасля вынясення пастановы аб адміністрацыйным правапарушэнні прасі выдаць копію пастановы.
Калі цябе штрафуюць, прасі скласці матывавальную частку судовага рашэння.
На што звяртаць увагу ў пратаколе?
Усе радкі пратакола, няхай тое будзе дата, час і пасада асобы, якая складала дакумент, або дадзеныя аб сведках, павінны быць запоўненыя.
Пустыя радкі смела выкрэслівай.
Чытай пратакол уважліва. Унось свае заўвагі і толькі тады падпісвай.
Дарэчы, калі заўважыў(-ла) недакладнасць у напісанні твайго прозвішча або адраса, з заўвагамі не спяшайся. Можна пакінуць гэтыя недахопы для суда і хадайнічаць у судзе аб тым, каб пратакол вярталі на дапрацоўку.
Ці можна адмовіцца ад дачы тлумачэнняў?
Правы фізічнай асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйнай працэс, выкладзеныя ў арт. 4.1 ПІКоАП.
Напрыклад, ты маеш права:
– адмовіцца ад дачы тлумачэнняў;
– прадстаўляць доказы;
– заяўляць адводы і хадайніцтвы;
– мець абаронцу з моманту адміністрацыйнага затрымання;
– падаваць скаргі на дзеянні суддзі.
З якога моманту адміністрацыйны працэс лічыцца пачатым?
З моманту складання пратакола або з моманту затрымання.
Затрымліваюць. Што рабіць?
Неадкладна патрабаваць адваката. Адвакат, калі будзе прынятае рашэнне пра затрыманне да суда, зможа паведаміць тваім сваякам пра тое, што здарылася.
Права на званок беларускім законам не прадугледжанае, аднак службовая асоба абавязаная паведаміць тваім блізкім сваякам аб затрыманні, калі ты пра гэта папрасіў(-ла).
Аб затрыманні непаўналетніх бацькі павінны быць апавешчаныя абавязкова.
Як доўга доўжыцца затрыманне?
Адміністрацыйнае затрыманне не можа доўжыцца больш за тры гадзіны. Аднак калі за правапарушэнне прадугледжаны арышт, а таксама калі асоба знаходзіцца ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення, то яна можа быць затрыманая да суда на тэрмін да 72 гадзін. Гэтае правіла не распаўсюджваецца на непаўналетніх: іх у любым выпадку не могуць затрымліваць даўжэй, чым на тры гадзіны.
На што звярнуць увагу пры затрыманні?
Трэба патрабаваць скласці пратакол на месцы. Калі супрацоўнікі міліцыі непахісныя, звярні ўвагу на час затрымання – з гэтага моманту адлічваецца тэрмін «адседкі».
Што рабіць, калі твае правы парушаюцца пры затрыманні?
Ты маеш права скардзіцца, калі супрацоўнікі неабгрунтавана ўжылі фізічную сілу і спецсродкі, не забяспечылі доступ да адваката, ігнаравалі просьбу паведаміць блізкіх сваякоў аб затрыманні, забаранілі карыстацца мабільным тэлефонам па дарозе ў аддзяленне міліцыі або да складання пратакола асабістага ператрусу і канфіскацыі прадметаў.
Любое парушэнне правоў, у тым ліку перавышэнне тэрміну затрымання, можна і трэба абскардзіць. Беспакаранасць спараджае далейшае беззаконне.
Як падаць скаргу?
Скаргу адрасуюць пракурору або вышэйстаячай службовай асобе.
У скарзе трэба пералічыць усе парушэнні, пажадана са спасылкай на заканадаўства.
Адпраўляюць скаргу заказным або электронным лістом.
Лепш, калі з абскарджаннем дапамогуць праваабаронцы.