5 свежых і перспектыўных беларускіх ініцыятыў
- 20.12.2019
- 7060
28–29 верасня пад Менскам адбыўся першы Idea Generation Camp. Удзельнікамі кэмпа сталі 120 актыўных людзей, якія на працягу двух дзён генеравалі ідэі і натхняліся экспертнай падтрымкай. Распавядаем пра пяць задум, што прайшлі (ці амаль прайшлі) усе стадыі развіцця – ад кукалкі да імага, і прапануем сачыць за актыўнасцю гэтых рабят.
Школа па ілюстрацыі і SMM «Draw & Save»
Канцэпцыя: Ніхто не прыйдзе і не выратуе панд, пакуль хтосьці не раскажа пра гэта ў медыя ды інстаграм-сторыз. Пасля першага курса па ілюстрацыі блогерка Лізавета Ганчарова зразумела, што хоча вучыць ілюстрацыі іншых, натхняючы на стварэнне праектаў, якія не толькі прыгожа выглядаюць, але і нясуць карысць. Напрыклад, распавядаюць аб праблеме раскладу пластыка або штурхаюць задумацца пра знікаючыя віды жывёл.
У межах афлайн-курса Школы ўдзельнікі пачалі сваё развіццё ў сферы ілюстрацыі і SMM, навучыліся асновам лічбавай ілюстрацыі, а ў фінале курса стварылі свой унікальны візуал для рэальна існуючых экалагічных праектаў.
Хто ладзіць: Лізавета Ганчарова, digital-ілюстратарка і блогерка, ментарка шматлікіх варкшопаў па ілюстрацыі. Акрамя яе, у распрацоўцы ідэі прынялі ўдзел Антон Матолька – беларускі актывіст, стваральнік кампаніі #мотолькопомоги – і Бася Пучынская – менеджарка культурнай арганізацыі «Арт Сядзіба», ментарка Idea Generation Camp.
Гісторыя: «Каб прыняць удзел у занятках, дастаткова мець свой планшэт і стылус, быць гатовым выконваць хатнія заданні і, вядома, быць заматываваным, жадаць навучыцца новаму, каб змяняць свет да лепшага. На заняткі Школы прыйшлі людзі з розным досведам у ілюстрацыі і сумежных сферах: у некага быў досыць моцны бэкграўнд, а нехта меў нулявы ўзровень у ілюстрацыі, але дзякуючы матывацыі паспяхова прайшоў навучанне і рэалізаваў свой праект.
Нас падтрымаў i-Store – мы займаліся ў аўдыторыі, якая знаходзілася на базе адной з крамаў. Таксама я вельмі ўдзячная за тое, што нам далі інструменты для тых удзельнікаў Школы, у якіх не было магчымасці прынесці на заняткі свой iPad. Такое партнёрства вельмі натхняе.
У выніку ўдзельнікі Школы рэалізавалі пяць вельмі розных экапраектаў для розных арганізацый. У прыватнасці, яны працавалі для блога Habbit for planet (Лізавета Жарнавая), крамы Ecokit (Кацярына Бароўская), некамерцыйнай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (Алеся Русак і Святлана Міронава), праекта па вывазе смецця з дамоў Plan Eco (Марыя Лімонава).
У хуткім часе мы плануем запусціць яшчэ адзін набор Школы “Draw & Save”: сачыце за навінамі ў Instagram і на сайце».
Чым дапамог IGCamp: «Ментары далі ўпэўненасць у сваіх сілах і адчуванне таго, што я нешта магу. У будучыні вельмі хацела б сабраць каманду, якая будзе ствараць візуалы для экалагічных арганізацый і кампаній, артыкулаў у СМІ, – каб пра праблемы экалогіі даведалася як мага больш людзей».
Канцэпцыя: Інфармаванне пра разлад харчовых паводзінаў (РХП). Спачатку актывісткі планавалі стварыць буклет пра тое, як выявіць у сябе РХП, як сабе дапамагчы, якая ёсць медыцынская і немедыцынская дапамога ў Беларусі, куды можна звярнуцца па гэтую дапамогу. Потым усё перарасло ў афлайн-мерапрыемствы ў розных гарадах Беларусі.
Хто ладзіць: Актывісткі Маша Колб і Лізавета Мімікава. Пазней да іх далучылася Паліна Дарошчанка.
Гісторыя: «На кэмпе падчас распрацоўкі партрэта нашай аўдыторыі выявілася, што першапачатковая ідэя, з якой мы прыехалі, зусім нерэлевантная для той групы, з якой мы збіраліся працаваць. Наша мэтавая аўдыторыя – гэта дзяўчаты 16–30 год, якія сутыкаліся або жывуць з РХП. Сыходзячы з таго, для якой аўдыторыі мы хочам дзейнічаць, мы ў выніку выйшлі на той праект, якім ён стаў цяпер.
Сутыкаліся з цяжкасцямі праз тое, што ўсё трэба было рабіць хутка. У нас было два месяцы на рэалізацыю – за гэты час было неабходна арганізаваць шэсць мерапрыемстваў, дзе мы дыскутуем з аўдыторыяй і дзелімся сваімі гісторыямі, а таксама даем неабходную базавую інфармацыю пра бодзіпазітыў і РХП ды руйнуем стэрэатыпы.
Шэсць мерапрыемстваў у розных гарадах краіны за тры тыдні – гэта зашмат. Але ў нас былі партнёркі на месцах, якія вельмі моцна дапамагалі арганізацыі. Да таго ж мы выбралі гарады, у якія нас запрасілі альбо дзе мы ўжо мелі кантакты партнёрскіх арганізацый або ініцыятыў».
Чым дапамог IGCamp: «Падтрымаў нас, паверыў у нашую ідэю. Мы змаглі актывізавацца і вельмі хутка зрабіць тое, што, магчыма, рабілі б паўгода. У нас былі рамкі, і мы павінны былі паспець усё. Мы ўдзячныя, што ў нас выдалася магчымасць надаць гэтай тэме голасу, бо, на жаль, у нас не так багата кажуць сёння пра РХП».
Канцэпцыя: Фестываль з удзелам актыўных цікавых людзей, якіх аб'ядноўвае паходжанне з Ліды. Сёлета фэст #lidskie не адбыўся, але арганізатары абяцаюць вярнуцца да яго ў 2020-м. Падтрымку ж кэмпа яны накіравалі ў іншы праект – #lidskiezoooooo. #lidskiezoooooo – гэта краўдфандынгавая кампанія на ulej.by па зборы сродкаў для дапамогі бяздомным жывёлам у Лідзе. Ты можаш падтрымаць чатырохлапых, набыўшы стыкерок, паштоўку з лідскім краявідам або цішотку #lidskie.
Хто ладзіць: Каманда Back in 1323.
Гісторыя: «Ідэя з'явілася ў сярэдзіне – напрыканцы лета, калі мы зразумелі, што якаснага цікавага варушняку ў горадзе не хапае. Напачатку планавалася, што будзе дзве часткі івэнта: спачатку інфармацыя, а потым рэлакс. Першая – гэта выступы цікавых лідзян, якія займаюцца добрымі справамі, маюць нейкія дасягненні, карацей, каму ёсць што распавесці і каго цікава паслухаць. Другая частка – канцэрт, бо вельмі хацелася прывезці ў Ліду музыкаў.
Першая спроба зрабіць мерапрыемства была яшчэ да кэмпа. Мы дамовіліся з заснавальнікам арт-пляцоўкі ga11ery, каб правесці івэнт у апошні дзень лета. Усё ішло нядрэнна, і мы нават дамовіліся з большасцю тых, каго планавалі запрасіць на той момант. Але... за два тыдні даведаліся, што пляцоўка закрываецца: заснавальнік вырашыў прыпыніць сваю дзейнасць, адпачыць і заняцца іншымі справамі.
Мы крыху пасумавалі, падумалі і вырашылі івэнт не пераносіць. Потым даведаліся пра кэмп, падалі заяўку, дапрацавалі ідэю і заручыліся падтрымкай журы.
Пасля кэмпа мы пайшлі ў лідскі музей. Там наша ідэя спадабалася, але трэба было ўзгадніць правядзенне з уладамі – аддзелам культуры і аддзелам ідэалогіі. Займалася гэтым кіраўніцтва музея, і праз некалькі дзён мы атрымалі адмову з афіцыйнай прычынай – адсутнасць памяшканняў, занятасць плошчаў пад выставы.
Зноў засумавалі, пачалі шукаць іншыя варыянты – знайшлі выдатнае памяшканне з добрай геалакацыяй, дамовіліся і пачалі рыхтавацца далей. Калі амаль усё было гатова і мы пачалі распаўсюд інфармацыі і афіш, патэлефанаваў арэндадаўца і адмовіў у арэндзе, маўляў, на яго пачалі ціснуць з боку ўлады, каб ён не дазваляў праводзіць івэнт у сваім памяшканні. На жаль, ніякай афіцыйнай паперы ці нават звароту да нас не было.
Апошняй ідэяй выратаваць сітуацыю ці атрымаць адказ, што мы робім не так, было звярнуцца ў аддзел культуры, каб, можа, яны дапамаглі з памяшканнем ці сказалі, што не падабаецца, або хоць неяк дапамаглі. Вынік: ідэя не зайшла, памяшканняў ніякіх няма, трэба загадзя пісаць звароты, бо там планы ўсялякія і гэтак далей.
Падчас падрыхтоўкі да фестывалю мы пазнаёміліся з сузаснавальніцай Zoo-Help Аленай Куляшовай. Яшчэ на фэсце мы планавалі падымаць гэтую тэму, а пасля таго як стала канчаткова вядома, што фестывалю ў бліжэйшы час не будзе, узнікла ідэя скарыстацца падтрымкай, каб зрабіць добрую справу і дапамагчы жывёлам. Так мы запусцілі праект lidskie+zoooooo».
Чым дапамог IGCamp: «Больш дэтальна дапрацаваць ідэю і дадаць рашучасці, каб узяцца за яе рэалізацыю. Да кэмпа мы планавалі мерапрыемства як сустрэчу на значна меншую аўдыторыю. Ментары задалі нам кірункі, і мы адчулі падтрымку, распавялі пра сябе, пра нас даведалася больш людзей».
Канцэпцыя: AduCamp – школа па софт-скілах і палітычнай пісьменнасці: без сумных лекцый і семінараў, пабудаваная па прынцыпах нефармальнай адукацыі – цікава, карысна, з практыкай. Ва ўніверсітэтах не вучаць выступаць на публіцы, лагічна выказваць сваю пазіцыю і крытычна разглядаць кожную сітуацыю. Усё гэта патрабуюць, але ўпор робяць на тэорыю і інфармацыю. Калі студэнты не вучацца на юрыстаў ці палітолагаў, у іх вельмі мала нават базавых ведаў пра тое, як працуе дзяржава, якія бываюць палітычныя ідэалогіі і адкуль бяруцца бясплатная адукацыя і медыцына. AduCamp дзейнічае на выпраўленне сітуацыі.
Хто ладзіць: Аня Раманава – студэнтка, актывістка, спікерка, якая два гады арганізуе мерапрыемствы ў сваёй ініцыятыве FREECH у Гомелі; Паліна Пічыц – ІТ-бізнэс-аналітык, праектная менеджарка, актывістка.
Гісторыя: «Асноўныя крыніцы актыўнасці і большасць мерапрыемстваў сканцэнтраваныя ў Менску. Але ў рэгіёнах таксама ёсць шмат таленавітай моладзі. І яны альбо не ведаюць пра нефармальную адукацыю, альбо ў іх няма магчымасці пастаянна прыязджаць у Менск.
Школа AduCamp у Горадні – гэта ўжо другая школа. Першую мы правялі ў Гомелі ў сакавіку 2019-га. І мы першапачаткова ведалі, куды варта звяртацца для пошуку рэсурсаў. Нас падтрымала арганізацыя Students for Liberty, бо мы з'яўляемся лакальнымі каардынатарамі гэтай арганізацыі ў Беларусі. Але на першай школе бюджэту не хапіла, нам прыйшлося нешта аплачваць самастойна, таму гэтым разам мы вырашылі выкарыстаць любую магчымасць і прынялі ўдзел у IGCamp, каб такая сітуацыя не паўтарылася. Нам было вельмі прыемна, што наш праект ацанілі, адобрылі і дапамаглі з рэалізацыяй».
Чым дапамог IGCamp: «Кэмп падтрымаў рэсурсна. Дапамог знайсці дызайнера для нашых стыкераў. Дапамог з рэкламай – мы выступілі на “Еўрарадыё”. У нас з’явілася магчымасць пазнаёміцца з вялікай колькасцю актыўных людзей, якія гатовыя нешта падказаць і дапамагчы».
Канцэпцыя: Многія людзі паляць вогнішчы, і ўсё засцілае дымам – немагчыма дыхаць, немагчыма адчыняць вокны. І кампостар – гэта невялікая лепта ў тое, каб мяняць свядомасць людзей, каб яны не выкідалі ні лупіну, ні сапсаваныя яблыкі: гэта ж не смецце, а патэнцыйнае біяўгнаенне. Асобная перапрацоўка арганічных адкідаў паменшыць нагрузку на асноўныя палігоны, і астатняе смецце будзе больш «чыстым». Напрыклад, калі кардон будзе брудны, запэцканы чымсьці арганічным, то яго не возьмуць у перапрацоўку. І адпаведна, з усім астатнім смеццем. Кампостар знімае гэтую праблему.
Хто ладзіць: Зоя Ананьева – маркетолаг і грамадская дзеячка. Яна прасоўвае клуб здаровага ладу жыцця ў Гомелі, арганізуе тэматычныя сустрэчы, таксама стварыла клуб «Бартер товаров и услуг».
Гісторыя: «Я ўбачыла пост у сацыяльных сетках пра тое, што ў Венгрыі стварылі калектыўны агарод, і папярэдне я заяўляла ўдзел у кэмпе са стварэннем чагосьці такога: вылучыць невялікі кавалак зямлі, каб там былі цёплыя градкі для ўдзельнікаў і была б магчымасць перапрацоўваць арганічныя адкіды насельніцтва.
Але падчас ментарскіх сесій Святлана Гатальская, дырэктарка крамы Zero Waste, падштурхнула мяне стварыць “мінімальны жыццяздольны прадукт” (гэта ўжо я як маркетолаг дала азначэнне) – апрабаваць гэтую ідэю на невялічкім праекце. Літаральна за пару гадзін да фіналу я змяніла канцэпцыю і перапрацавала сваю заяўку пад кампаставанне арганікі.
Я жыву недалёка ад Гомеля: гэта, лічы, курортная зона – тут ёсць некалькі санаторыяў і лагераў. Была ідэя даць ім гэты кампостар, каб яны на месцы перапрацоўвалі арганічныя адкіды і далей выкарыстоўвалі для сваіх патрэб. Але я не знайшла там чалавека, які б займаўся гэтым крыху больш, чым проста выкінуць смецце і здаць яго спецыяльным службам, якія б вывезлі гэта на палігон, дзе ўсё б раскладалася разам.
Мы жывём у прыватным сектары, таму ўзнікла ідэя зрабіць тут калектыўнае кампаставанне. Я вырашыла паставіць кампостар у сябе перад домам на прылеглай да вуліцы тэрыторыі. І гэта не толькі пра перапрацоўку смецця, але і пра навочны прыклад, што можа быць інакш».
Чым дапамог IGCamp: «Гэта такая вялікая і класная тусоўка, дзе можна было запазычыць новыя ідэі і прыцягнуць спецыялістаў у сваю каманду. Была вельмі насычаная праграма, мы шмат паспелі за два дні».