«35-я краіна, якую я адкрыла, – Беларусь»
- 19.02.2020
- 6797
Мінулым летам Таццяна Сініцава – архітэктарка, дызайнерка, дырэктарка інтэр'ернага салона Rooms – занялася пошукам ідэальнага для яе дома ў вёсцы, а ў выніку адкрыла нешта большае. Публікуем яе здымкі-думкі пра краіну, якую ўсе мы, здаецца, крыху недалюбілі.
Далёкія сусветы ў гадзіне язды ад Менска
– У нейкі момант я зразумела што мне проста жыццёва неабходнае месца ў вёсцы, каб пераключацца, напаўняцца энергіяй, адчуваць час, песціць тоўстых катоў. Гэта неабходнасць, бо праца ў мяне вельмі інтэнсіўная і мяне пастаянна атачаюць сотні людзей.
Калі я думала пра свой дом, мне хацелася рэальнай свабоды і сувязі з прыродай. Высветлілася, што ў межах 50 кіламетраў ад Менска такіх месцаў практычна няма. Гэты радыус шчыльна асвоілі менчукі, аўтэнтычных дамоў тут засталося вельмі мала. Былыя жыхары паміраюць, прадаецца ўчастак, дом зносіцца – і пачынаецца нешта новае.
Новы аб'ект – гэта абавязкова вялікі катэдж, які «прэзентуе» заможнага чалавека. У нас вельмі важна абмежаваць сябе плотам – зрабіць клетачку: «Паглядзіце, гэта мой кавалак маёмасці». Але калі задумацца: ёсць у цябе плот, значыць, твая плошча – да плота, а няма ў цябе плота – дык усё тваё, бяры не хачу.
Я стала разглядаць радыус пабольш – 50-100 кіламетраў. Завяла сабе мапу, і цяпер яна выглядае крыху па-вар'яцку. Я пабывала практычна ва ўсіх месцах у гэтым сектары, і цяпер мапа стракацее адзнакамі: тут класны сасновы лес, тут прыгожае возера, тут «заброшка».
«Наша непрыняцце ўласнага асяроддзя абумоўленае тым, што нацыя хворая непрыняццем сябе. У нас нізкая самаацэнка»
Як пошукі дома ператварыліся ў нешта большае
– Я заўсёды шмат падарожнічала: ёсць тры дні выходных – паеду ў Барселону, ёсць месяц – паеду на Балі. Цяпер у мяне так: «О, клас, хутка пяць вечара, паеду па ваколіцах, класна пабаўлю час». Для мяне гэта стала рэсурсам. Я не проста шукала дом, а асвойвала новыя месцы з іх атмасферай.
Да Беларусі я раней ставілася як да балотнага краю, якому ты энергію аддаеш, а ён табою корміцца. То туманам накрые, то бруду падкіне. Тут ты заўсёды пакрысе тонеш. Вылез, нешта разгроб, а цябе зноў зацягнула. Але нядаўна гартаю фатаграфіі з маёй апошняй вандроўкі на поўдзень Францыі – і тут пайшлі фатаграфіі з Беларусі. Гляджу: якая прыгожая фатаграфія, якая яркая краіна!
І мне як быццам падарункі сталі падкідваць: то на абсалютна чорным небе – вясёлка, то ўзрушальна ружовыя аблокі. У мяне з'явілася новае ўяўленне пра тое месца, дзе я жыву.
Смерць і прыгажосць
– Мае здымкі можна падзяліць на дзве часткі. Першая – гэта рубрыка «пра прыгожае», тут шмат зачаравальнай прыроды. Другая – гэта «заброшкі», ад якіх усе спрабуюць адвярнуцца, як ад смерці: людзі не хочуць ствараць сабе дыскамфорт, выклікаць сумныя ўспаміны.
Гэта дзіўная рэч – як хутка мы можам знікаць. Хата, якую паставілі гадоў восемдзесят таму, ужо практычна не бачная за дрэвамі і хмызнякамі, фарба сышла, не зразумела, дзе быў агарод, і толькі па відавочна не дзікай яблыні разумееш, што тут некалі быў сад. І быў чалавек. Аўтэнтычная архітэктура раствараецца. Гэта выклікае, з аднаго боку, сум, а з другога – адчуванне раўнавагі і правільнасці. Адно змяняе іншае. Гэта натуральна і бясшкодна.
Пра вёску
– Усе шчаслівыя моманты ў дзяцінстве я правяла ў вёсцы ў любімых бабулі і дзядулі. Я заўсёды горача жадала, каб вакацыі наступілі хутчэй. Магла легчы спаць у пяць гадзін вечара, каб хутчэй наступіла заўтра, калі я падымуся раніцай на электрычку, пераадолею 260 кіламетраў і прыеду на свабоду, дзе час будзе напоўнены велізарнай колькасцю прыгод і задавальненняў. Майму сыну цяпер 20 гадоў, і я задумваюся: як гэта кампенсуе ён?
Цяпер вёска іншая. Раней людзі былі бліжэйшыя да прыроды, таму што шмат чаго ім даводзілася рабіць уласнымі рукамі. Ты займаўся фізічнай працай, адчуваў сённяшні момант, разумеў, што ёсць вельмі важныя рэчы: прырода, зараджэнне жыцця, смерць – а не бізнэс-працэсы і лайкі ў інстаграме.
Асаблівае задавальненне ў маіх падарожжах – аўтэнтычная беларуская архітэктура. Яна прыгожая, гарманічная і прапарцыйная, дэкору тут заўсёды ў меру, колеры спалучаюцца не паныла, ярка і ў той жа час з густам. Хоць і раней былі часы, калі можна было зрабіць нешта заможна, але чамусьці ўсё заставалася ў межах гармоніі. Адкуль у нас узялося столькі безгустоўшчыны? Чаму за апошнія 20-30 гадоў з'явілася шмат выродлівых дамоў пад Менскам? Гэта што, нейкія новыя людзі прыехалі?
«Ты разумеў, што ёсць вельмі важныя рэчы: прырода, зараджэнне жыцця, смерць – а не бізнэс-працэсы і лайкі ў інстаграме»
Пра дзіўнае
– Улетку ў мяне склалася невялікая чарга з сяброў, якія прасілі, каб я ўзяла іх у сваё падарожжа. Здавалася б, усяго адзін вечар з сямі да адзінаццаці, але гэта заўсёды вельмі атмасферна. Ты ўключаеш музыку, едзеш у зусім новае месца, і там абавязкова будуць прыгоды: ты можаш затрымацца ўвечары ў лесе і сустрэць там сабаку, які невядома адкуль узяўся, ці апынуцца пасля змяркання на возеры, якога не чакаў тут бачыць.
Мяне здзівіла, што нават у межах гадзіны язды ад Менска ёсць шмат руін – старыя сядзібы, храмы. Гэтымі аб'ектамі ніхто не цікавіцца. Я неяк запосціла ў інстаграме касцёл, які будаваў італьянскі архітэктар у барочным стылі, вельмі ўражальны. Усе такія: «А дзе гэта?» Я: «Ну вось, 60 кіламетраў ад Менска». Потым гляджу – мае сябры там перафоткаліся. Гэта вельмі класна.
Аднойчы я ехала паглядзець на сядзібу недалёка ад Высокага Берага і ўбачыла дыхтоўны санаторый 80-х гадоў у закінутым стане. Высветлілася, што ў 40 кіламетрах ад Менска была радыеактыўная пляма, і гэты санаторый аказаўся закінутым. Тут усяго рукой падаць, ніякіх загародак – а вось і закінутае месца.
Чаму беларусы не любяць сваё
– На Балі вельмі маляўнічыя захады: кожны вечар неба проста крычыць. І я, вядома, фатаграфую, але мне няёмка гэта посціць, таму што ўжо занадта «перастаралася» прырода з фарбамі. Значна больш гарманічнымі мне здаюцца спакойныя адценні, паўтоны. Верагодна, у сілу нашага месцазнаходжання і нашай прыроды мы здольныя адчуваць больш тонкія адценні і больш складаныя гармоніі.
Хоць за апошнія паўгода я зразумела, што не такое ўжо ўсё ў нас і шэрае. Увосень мы рабілі з фатографам агалёнку – хацелі адлюстраваць уразлівасць чалавечага цела. Калі я ўбачыла гэтыя фатаграфіі, то падумала, што сярод бур'яноў і шэрага апалага лісця чалавек выглядае іншапланетнікам. Дзіўна, што ён наогул адаптаваўся да гэтага асяроддзя і адчувае сябе ў ім камфортна.
Наша непрыняцце ўласнага асяроддзя абумоўленае тым, што нацыя хворая непрыняццем сябе. У нас нізкая самаацэнка. Нам здаецца, што дзесьці лепш і цікавей. Нам цяжка прызнаць, што мы з сябе нешта ўяўляем. І мы любім пакрытыкаваць усіх вакол, таму што думаем, што не вельмі здольныя на нешта самі. Нам здаецца, быццам ёсць прычына, з якой мы нешта не робім ці не можам зрабіць. Гэта ўсё прыкметы несфармаванай асобы, а ў цэлым – нацыі.
«У сілу нашага месцазнаходжання і нашай прыроды мы здольныя адчуваць больш тонкія адценні і больш складаныя гармоніі»
Пра месца, дзе дом
– Цяпер 50 кіламетраў ад Менска ператварыліся практычна ў Менск: гэта вельмі шчыльная забудова і там не адчуваеш, што знаходзішся на прыродзе. Ты прайшоў кіламетр і ўпёрся ў новыя платы катэджнага пасёлка. Людзі хочуць свой садок, але гэта садок жорсткага рэгулявання.
У больш за паўгадзіны язды ад горада – зусім іншы свет. Ты можаш ісці два кіламетры па лесе, сустрэць па дарозе казулю, выйсці ў іншую вёску, пазнаёміцца з ветлай бабуляй, якая напоіць малаком, раскажа пра сваё жыццё. Гэта першароднае жыццё – без саранчападобнага нашэсця, і ў гэтым у разы больш сэнсу. Тут ты адчуваеш сябе чалавекам, які пражывае гэтую хвіліну – без навязаных сённяшнім днём крытэрыяў паспяховасці. Тут я і знайшла свой дом.
Фота: Таццяна Сініцава