34 Media Day vol.2: Грузія

  • 09.11.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 8937
Працягваем рэпартаж з 34 Media Day, на якім мы абмяркоўвалі краінавы маркетынг і турызм. Вынікі першай часткі падзеі можна паглядзець тут. Другі акт сустрэчы і наступная госця – Дар’я Халадзіліна, супрацоўніца аддзела брэндынгу Адміністрацыі турызму Грузіі, грузінскі local guru на Like a Local Guide. Дар’я распавяла, як Грузія прыцягвае турыстаў і чаго яшчэ чакаць ад краіны, акрамя сонца, мора ды віна.

 

– Перш за ўсё патлумачу, чаму Грузію прадстаўляе дзяўчына без -швілі ці -дзэ ў прозвішчы. Я сама ўкраінка, вучылася ў Германіі, а потым аднойчы прыехала ў госці ў Грузію. Паглядзела Тбілісі і Мцхету і зразумела, што гэтага мала. І потым прыехала, каб застацца. Новы ўрад Грузіі робіць стаўку на маладых і энергічных з досведам і адукацыяй з іншых краін. Так я ўладкавалася на працу і стала першай замежніцай у грузінскім міністэрстве, а год таму прэзідэнт выдаў мне грузінскі пашпарт.

 

 

 

Турызм у эканоміцы

– У Грузіі няма моцнай прамысловасці, таму асноўныя эканамічныя перспектывы краіны – у сельскай гаспадарцы і турызме. Зараз 150 000 чалавек афіцыяльна працуюць у гэтай галіне. А неафіцыйна яшчэ больш. Турызм ужо складае 6,7% ВУП краіны.

Колькасць турыстаў павялічваецца з кожным годам. За мінулы краіну наведала 4,5 мільёны гасцей. І яшчэ каля 1,5 мільёна транзітных наведнікаў, якіх мы не ўлічваем як турыстаў.

Найбольшая колькасць турыстаў, вядома, з суседніх краін – Турцыі ды Азербайджана. За імі – Расія і Украіна, дзе ў Грузіі заўжды быў добры імідж. Потым Іран. Чаму? Таму што год таму мы з імі адмянілі візы, і цяпер яны ездзяць да нас па свабоду: выпіць віна, пагуляць, адчуць сябе бяспечна. Краіны кшталту Польшчы і Германіі прыязджаюць па экзотыку і прыгоды, бо думаюць, што ў Грузіі ўсё яшчэ небяспечна. Беларусаў цікавіць мора, кухня і віно.

 

 

Стратэгія

– Стратэгію развіцця турызму пісала шмат ведамстваў. Мне пашанцавала ўбачыць, як усе гэтыя структуры могуць узаемадзейнічаць. Удзел прымаў і прыватны сектар, бо, калі іх не запытаць, яны будуць ставіцца да вынікаў як да зверху спушчанага рашэння. Гэта нікому не патрэбна.

Калі мы пісалі маркетынгавую стратэгію, падавалася, што трэба прасоўваць кожны рэгіён асобна. Аднак пасля даследавання высветлілася, што нават у СНД уяўленне пра Грузію слабое. Не кажучы пра Еўропу і больш аддаленыя месцы. Так мы вырашылі павышаць узровень ведаў пра ўсю краіну.

Бюджэт гэтага года ў нас склаўся з $ 8 000 000 і дадатку на маркетынг у памеры $ 1 500 000. Гэта ўсё грошы, заробленыя на турызме, падаткі грамадзян тут не ўдзельнічалі.

Мы працягваем працаваць з традыцыйнымі метадамі прасоўвання краіны. Ездзім на выставы, але пераглядзелі іх спіс, падлічыўшы эфектыўнасць. З не вельмі эфектыўных для нас засталіся толькі Турцыя з Азербайджанам, але мы ж не праігнорым суседзяў.

 

 

 

 

«Інавацыі»

– Важная частка прасоўвання – падзеевы турызм. Калі мы заўважылі, што ў нас палова аддзела ездзіць у розныя краіны на Coldplay, зразумелі, што нам патрэбныя свае мерапрыемствы ў Грузіі. Нашыя зоркі Ніно Катамадзэ, Mgzavrebi і ансамбль Сухішвілі гастралююць паўсюль, на іх ніхто не паезде ў Грузію.

Так з’явіўся праект Check-in Georgia, які аб’ядноўвае каля 200 мерапрыемстваў у адзіную карту падзеяў, на якія варта прыехаць. У яго межах мы прывозілі ў Грузію Maroon 5 i Робі Уільямсa, рабілі GEM Fest, які павінны быў сабраць каля 10 000 наведнікаў з усей краіны. А сабралося каля 20 000, з якіх толькі палова была грузінамі. У наступным годзе будзем рабіць яго на працягу месяца.

Мы ператвараем нашыя мінусы ў плюсы. Сванэція, папярэдне вядомая як дзікі рэгіён, дзе да апошняга жылі традыцыі кроўнай помсты, і цяпер мае вялікі арэол зямлі наравістых людзей і прыгожай прыроды. Калі BBC зрабілі фільм пра найнебяспечнейшыя дарогі свету і ўключылі туды дарогі Тушэці, туды павалілі турысты, паглядзець, што ж там такое.

Вядома, шмат бюджэту пакуль што ўсё роўна ідзе на тэлебачанне і прынт, але мы шмат працуем з дыджыталам: рэдагуем інфармацыю на трыпэдвайзары і больш дробных пляцоўках (Like a Local, Trip2 і інш.).

Мы стараемся быць сумленнымі ў нашых рэкламных роліках. Раней выходзілі такія вельмі гучныя і глянцавыя, цяпер спрабуем зрабіць іх больш натуральнымі, каб паказаць, што ўбачаць нашыя госці, калі прыедуць. Раней мы стараліся запіхнуць усё, чым можна прыцягнуць у Грузію, у адно відэа. Цяпер зразумелі, што трэба рабіць сезонныя ролікі, бо летам мы можам прапанаваць мора, узімку – горы.

Нам трэба было ўпэўніцца, што мы расказваем праўду і госці атрымаюць тое, на што разлічваюць пасля рэкламы. Таму мы падцягвалі інфраструктуру. Ладзілі навучальныя семінары для гатэляў, турыстычных кампаній і іншых сэрвісаў. Вось, напрыклад, робіць дзядуля гасцявы дом са свайго жытла і сустракае турыстаў. Ён дазваляе сабе ну не нахабства, але панібрацтва: набіваецца ў сябры і ўсё прапаноўвае выпіць з ім чачы. Гэта ад шчырасці, але патрэбна з гэтым працаваць.

Унутраны турызм па-грузінску – ведаць пра тое, што недзе ёсць цудоўныя азёры або Баржомі, і ўсё роўна ехаць да бабулі ў Саленджык. Бо калі ты не паедзеш у Саленджык, бабуля пакрыўдзіцца. Таму грузіны часцей едуць у госці, потым ад’язджаюць што-небудзь паглядзець і вяртаюцца ночыць да родных. Грузіны ў гатэлях – рэдкая справа, якая сустракаецца, толькі калі яны едуць на канферэнцыі.

 

 

Лісты да Тбілісі

– Калі мы ладзілі GEM Fest, я ўжо месяц сядзела ў Анакліі і моцна сумавала па Тбілісі. Нават размаўляла з ім. Раптам я падумала: «А што, калі я не адна такая?» І папрасіла сваіх сяброў напісаць лісты да Тбілісі. Яны атрымаліся такімі шчырымі і кранальнымі, што я пачала збіраць іх адусюль. Дамовілася з некалькімі хостэламі і барамі, каб у іх стаялі скрыні для лістоў. Цяпер іх ужо сотні, з іх я атрымліваю інфармацыю пра тое, як успрымаецца горад. А ў снежні буду ладзіць выставу гэтых лістоў у музеі Тбілісі. Яна будзе выглядаць як тыповы тбіліскі дворык, але замест бялізны на вяроўках будуць лісты да горада.

Яшчэ для адной ідэі я зараз шукаю кагосьці, хто робіць упрыгожанні са шкла або празрыстага пластыку. Я ўжо некалькі год збіраю зямлю з розных рэгіёнаў Грузіі, было б файна зрабіць з ёй упрыгожанні. Так можна заўсёды мець кавалачак гэтай краіны з сабой. Мяне на гэта натхніла сцэна з фільму «Карані». Там два грузіны-эмігранты сустракаюцца і адзін запытваецца, ці сумуе другі па Грузіі. «Так, – адказвае, – сумую, але я заўсёды хаджу па грузінскай зямлі». Высветлілася, што ён зашыў у падэшвы крыху зямлі.

У мяне нават абхазская зямля ёсць. Калі ладзілі фэст, я пасябравала з памежнікамі там, і мне дазволілі прайсці і набраць зямлі. Выручаныя сродкі ад вырабаў планую накіраваць на дапамогу тым, каго адсялілі з акупаваных тэрыторый.

 

 

 

 

Менск для Young Creatives

− Мае ўяўленні пра Менск зусім разышліся з рэальнасцю. Я чула, што тут усё зялёнае, і ўяўляла, як прыеду сюды ўлетку. Атрымалася, што еду я ў лістападзе, і мой сябра просіць сфоткаць як мага больш, каб ён паглядзеў на камуністычныя будынкі і шэры горад. Прыязджаю, а тут – графіці на ўсе муры, шмат цагляных будынкаў, горад каляровы. Мяне сустракаюць прыгожыя людзі і арганізоўваюць культурную праграму да 4-й раніцы.

Я не шмат бачыла, але ў прамоцыі Менска я б рабіла націск на тое, што гэты горад для young creatives. Ён натхніў мяне тым, што тут ёсць месца для іх, ім дазволена змяняць горад.

 

 

Фота by palasatka