5 лістапада мы зноў сабралі ўсіх ахвотных на дыскусійную пляцоўку .PUNKT, каб пагутарыць пра маркетынг краін і шлях Беларусі ў светлую турыстычную будучыню. Трохактовая падзея 34 Media Day падалася нам настолькі цікавай, што мы вырашылі разбіць справаздачу з мерапрыемства на тры асобныя матэрыялы. Сёння – канспект размовы пра досвед Бразіліі з яе soft power: футбол, карнавал, пляжы, мастацтва і, вядома, бразільскія серыялы.
Удзельнікі:
Паўла Антоніа Перэйра Пінта, амбасадар Бразіліі ў Беларусі;
Міла Котка, куратарка фестывалю Vulica Brasil, культурная агентка Бразіліі ў Беларусі.
Паўла Антоніа Перэйра Пінта: Лягчэй за ўсе распавесці пра турызм, паказаўшы якое-небудзь відэа. Але я хацеў бы пагутарыць пра тое, як узнікае ўзаемаразуменне паміж народамі. Я дваццаць год працаваў у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Да гэтага мне падавалася, што лягчэй знайсці паразуменне з еўрапейцамі, чым з азіятамі, але неяк мы здолелі гэта зрабіць і там. А менавіта – праз нашую soft power.
Серыялы – адна з іх. У 1985 годзе я прымаў у Пекіне акторку з серыяла «Рабыня Ізаўра», нас паўсюль суправаджаў натоўп яе паклоннікаў, а на прэс-канферэнцыю з яе ўдзелам прыйшло болей журналістаў, чым на прыём у амбасадзе ЗША ў гонар прыезду прэзідэнта.
Мы доўга не маглі зразумець, як гісторыя рабыні Ізаўры, заснаваная на кантэксце іншага кантынента, знаходзіць водгук у такіх старажытных нацый, як кітайская. Здаецца, супрацьлегласці прыцягваюцца, і вось гэтая старажытная складаная культура прыцягнулася да павярхоўнага жыццёвага светапогляду з серыялаў.
Праз нашыя культурныя каштоўнасці, прынамсі футбол, у мяне атрымалася дапамагчы хлопчыку, у якога маці была бразільянка, а бацька – тайванец, вярнуцца дадому ў Бразілію. Гэта быў вялікі скандал, які зацікавіў СМІ абодвух краін, пры тым што ў Тайвані існавала шматгадовая традыцыя прывілея бацькі на апеку.
Я ўвесь час нагадваў хлопчыку пра гэтую гульню. У тайцаў гэты спорт не распаўсюджаны, а для нас – гэта другая soft power. Гэта такая ж артыстычная праява, як танцы ці карнавал. Гульня ў футбол павінна быць прыгожай, напоўненай цікавымі гульнявымі момантамі, а не проста тэхнікай. Да мяча трэба ставіцца як да сябра або каханай, а не як да антаганіста. Гэта таксама нашая культура.
Дзякуючы ёй, а таксама гендарнай роўнасці, якую маем мы і якой не стае мачысцкай культуры Тайваня, мы дапамаглі вярнуць хлопчыка дадому. Прэцэдэнт да гэтага часу завецца ягоным імем – «Закон Іруан».
Я зразумеў, што ў Еўропе вельмі важная тэма ідэнтычнасці. У Бразіліі такога няма: у нас жыве найбольшая японская дыяспара ў свеце, больш ліванцаў, чым, уласна, у Ліване, па адсотку чарнаскурага насельніцтва мы другія пасля Нігерыі. Вакол нас 12 краін-суседак, дзе размаўляюць па-іспанску, і толькі мы – па-партугальску. Але замест рознасці мы на гэтай платформе будуем інтэграцыю. На мяжы з Уругваем, напрыклад, у нас ёсць вёска, у якой палова дома стаіць на нашай зямлі, а другая – на ўругвайскай. Там змешваюцца культуры і мовы, нараджаецца нешта сярэдняе паміж нацыямі. І гэта добра. Я, напрыклад, дагэтуль не ўяўляю, як адбылася грамадзянская вайна ў Калумбіі, калі ваююць людзі, якія размаўляюць на адной мове і ходзяць пад адным сцягам.
Я бачу, што ва Усходняй Еўропе з інтэграцыяй значна большыя праблемы. Макей нездарма кажа пра гэта ўвесь час. Беларусь мае выключную магчымасць ёй спрыяць. Гэта яднае нашыя краіны, бо Бразілія адыгрывае вялікую ролю ў інтэграцыйных працэсах на паўднёва-амерыканскім кантыненце.
На маю думку, вашыя першыя экспартныя якасці – талерантнасць і мульцікультуралізм. Студэнтам з Мазамбіка, з якімі я камунікую, значна бяспечней сябе адчуваць тут, чым, напрыклад, калі б яны былі ў Расіі.
Мяне асабліва цікавіць так званы «Менскі феномен»: вы лепш за мяне ведаеце, што пасля вайны Менск быў цалкам зруйнаваны. Адбудоўваць яго з’ехаліся людзі з усёй краіны, якія не мелі нічога агульнага. З гэтага атрымалася асаблівае грамадства, вывучэннем якога я займаюся. Культурная ідэнтычнасць менчукоў вельмі цікавая, але пакуль што, на маю думку, яшчэ размытая.
Міла Котка: У Бразіліі сапраўды няма агульнай стратэгіі. Soft power – гэта камунікацыя, спроба знайсці кропкі судакранання з тымі, хто тут жыве. Яна і дапамагае ствараць імідж краіны.
Упершыню я паехала ў Бразілію, каб паглядзець месца, дзе нарадзілася капаэйра, якой я захаплялася. Але ўразіла мяне там не гэта, а гасціннасць. Кожны імкнуўся быць і маці, і бацькам: пракантраляваць, каб ты паеў, не разгубіўся і ўсё паглядзеў. Кожны хацеў нешта паказаць, браў за руку і казаў: «Ты не можаш з’ехаць і не пабачыць вось гэта». Кожны імкнуўся паказаць менавіта ўласны такі сакрэцік пра краіну.
У нас жа ў той час была мода ганьбіць сваю краіну. Маўляў, і правы чалавека ў нас парушаюцца, і эканоміка дрэнная. Магчыма, так мы хацелі дагрукацца да нейкай дапамогі. І я вырашыла паспрабаваць зрабіць івэнт, які пакажа Бразілію з гасціннага боку. Я тады арганізавала два кінафестывалі ў кінатэатры «Перамога». Людзі з паказаў выходзілі з такімі эмоцыямі на тварах, пра якія яны, напэўна, забыліся ўжо. Тое былі базавыя чалавечыя эмоцыі – шчасце, любоў да бліжняга. Можа, таму і прывабліваюць усіх бразільскія серыялы, што яны не пра павярхоўнасць, а пра простыя рэчы.
Фестываль Vulica Brasil паўстаў з жадання паказаць Бразілію не праз футбол, карнавал ці самбу, пра якія ўсе і так ведаюць, а паказаць невядомае, што добра развіваецца ў гэтай краіне. У Сан-Паўлу на вуліцах часам можна апынуцца быццам бы ў анімацыйным фільме, таму што ўсё навокал замалявана графіці. Там нават ёсць такі «завулак Бэтмэна», дзе кожны сантыметр пакрыты працамі розных мастакоў. Так мы вызначыліся з тэмай фестывалю.
Суполка стрыт-арту адгаворвала нас ад правядзення фэсту. Маўляў, мы ўжо спрабавалі, нічога не атрымаецца. Мы пачалі размаўляць з выканкамамі, уладальнікамі будынкаў, бізнэсамі і шукаць кропкі судакранання. Для гарвыканкама аргументам быў менавіта турызм. Спрацаваў у выніку довад пра тое, што Эйфелеву вежу спачатку таксама не любілі, а потым яна стала сімвалам усёй Францыі.
Калі ты можаш зрабіць структуру, дзе кожнаму ёсць месца, – гэта ўдалы івэнт. На нашае ўрачыстае закрыццё прыйшлі людзі, якіх інакш цяжка сустрэць: супрацоўнікі гарвыканкама, мэр горада, мастакі, бразільскія і беларускія, уладальнікі бізнэсаў. Усе нармалёва пачуваліся разам і сабраліся не таму, што мы ім далі запрашальнікі, а таму, што кожны з іх спрычыніўся да гэтага свята. Гэта важна ў прасоўванні любой ідэі ці краіны, менавіта таму файна не мець стратэгію, а знаходзіць сумесныя адказы ў дыялогу.
Змрочная і брудная музыка.
Арганізатарка кўір-кінафестывалю «DOTYK» распавяла, як прывесці да поспеху буйны фестываль для ЛГБТ і кўір-супольнасцяў у надзвычай неталерантным асяроддзі.
Стваральнік даследчага праекта Meridian’28 пра цікаўнасць да фартыфікацыі і малавядомай культурнай спадчыны.
Лукішкі, Kablys, Дэвід Лінч.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.