Тры серыялы, якіх нам не хапала, калі мы былі падлеткамі
- 20.02.2020
- 5069
Серыялы ўжо даўно ператварыліся з guilty pleasure у спосаб удумліва пагаварыць пра ўсе магчымыя праблемы сучаснасці. Рэдакцыя 34 сабралася і ўзгадала ўласныя падлеткавыя гады – і якія серыялы дакладна зрабілі б іх лепш. Тады ў нас было не вельмі шмат шанцаў на спакойныя і шчырыя размовы пра сэксуальнасць і ідэнтычнасць, дэпрэсію і суіцыд, сузалежныя стасункі і самавыяўленне. Добра, што цяпер можна проста ўключыць Netflix.
Маша Гуліна
рэдактарка 34travel
«Палавое выхаванне»
(Sex Education, Netflix, 2019–2020, стваральніца і сцэнарыстка Лоры Нан)
Як шкада, што я не паглядзела гэты серыял у пятнаццаць гадоў. У пятнаццаць гадоў замест Sex Education у нас былі часопісы Cool Girl, і гэта было нашмат, нашмат горш. Зрэшты, як добра, што я паглядзела гэты серыял у трыццаць плюс, і думаю, што ўсім нам гэта не перашкодзіць у любым узросце.
Гэта серыял пра падлеткаў з іх праблемамі, важнейшымі за ўсе сусветныя войны: табе хтосьці падабаецца, а ты не, здаецца, што ўсе вакол займаюцца сэксам, а ты не, бацькі хочуць, каб ты стаў(-ла) спартсменам(-кай), а ты не – і гэтак далей. Толькі ў аднаго падлетка, Оціса, мама – сэксалагіня і псіхатэрапеўтка, так што ён (у тэорыі, не на практыцы) ведае пабольш за іншых і пачынае кансультаваць у школе. А сам закаханы ў дзяўчыну Мэйв, якая прыдумала ўсю гэтую фішку з кансультацыямі, але выглядае занадта крута і незалежна. А яго лепшага сябра-гея буліць сын дырэктара. Ну і далей, наогул, усё закруцілася.
Гэты серыял – усе размовы, якіх нам не хапала. Размовы, разыграныя шаснаццацігадовымі падлеткамі, і таму заўсёды няёмкія. Размовы, разыграныя шаснаццацігадовымі падлеткамі настолькі свядомымі, што нам да іх расці і расці. Пра тое, што з тваім целам усё нармальна і з табой усё нармальна, нават калі ва ўсіх вакол ёсць сэкс, а ў цябе няма. Пра тое, што прынцып згоды не забівае спантаннасць, а робіць яе бяспечнай («Ты ўвесь час пытаўся, ці падабаецца мне». – «Гэта дрэнна?» – «Наогул да гэтага ніхто з маіх хлопцаў не пытаўся ў мяне пра гэта»). Пра дзяўчыну, якая ўвесь час сімулюе і не ведае, што адказаць на пытанне, чаго яна сама хоча («У мяне ніхто ніколі не пытаўся, чаго я сама хачу»). Пра тое, што няма іншага спосабу зрабіць прыемна іншаму і сабе, акрамя як казаць і распавядаць, што і як табе падабаецца, а што не. Пра нечаканую салідарнасць пад пагрозай порнапомсты з распаўсюджваннем інтымнай фатаграфіі. Пра тое, што няма гвалту, ад якога можна было б адмахнуцца як ад малаважнага: калі на адну з гераінь незнаёмы мастурбуе ў аўтобусе, яна спачатку нават не думае заявіць пра гэта як пра дамаганні, толькі потым не можа больш ездзіць у аўтобусе і ловіць панічныя атакі ад дакрананняў. Пра тое, што вопыт перажытага гвалту – тое, што аб'ядноўвае ўсіх жанчын, якімі б рознымі яны ні былі. Пра кантрацэпцыю, аборты, арыентацыю.
«Галоўнае пытанне гэтага серыяла не "Do you wanna have sex with me?", а "Do you wanna hold my hand?"»
І нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы, якія здаюцца героям сусветнымі (і я не аспрэчваю – гэта іх права), я так зайздрошчу ўзроўню прыняцця ў гэтым фільме. Падлетак-гей у рэлігійнай сям'і апранаецца як драг-дзіва на вечарыну? Давай я падвязу цябе, кажа яго бацька. Дзяўчына прыняла рашэнне пра аборт? У клініцы з ёй абыходзяцца ветліва і ўважліва. Хлопец расце ў сям'і, дзе дзве мамы? Для ўсіх відавочна, што яго праблема не ў гэтым, а ў тым, што яны не слухаюць, чаго ён насамрэч хоча. Сям'я, дзе бацька і дачка, а мама памерла, сям'я, дзе мама і сын, а ў бацькі ўжо іншая сям'я і дзеці, сям'я, дзе адно дзіця, сям'я, дзе шасцёра дзяцей, сям'я, дзе ёсць толькі ты сама, – увогуле ўсе варыянты, якімі можа быць сям'я цяпер.
Падлеткі, напэўна, адчуваюць гэта вастрэй, але мне здаецца, серыял ловіць самую сутнасць: справа не ў сэксе як такім, а ў здольнасці быць уразлівым ці ўразлівай. Адкрыць сябе, усё сваё самае няёмкае і шчырае. І можа быць, гэта яшчэ складаней – прыняць такую ж уразлівасць, няёмкасць, адкрытасць другога чалавека. Адзін момант гэтага фільма закранае мяне так моцна: калі двое герояў пасля перажытай блізкасці як ні ў чым не бывала сядзяць за партай. І незаўважна для ўсіх ледзь дакранаюцца адзін аднаго локцямі. У мяне перахапіла дыханне, таму што я так добра ведаю гэта – проста адчуваць побач іншага чалавека. І таму галоўнае пытанне гэтага серыяла не «Do you wanna have sex with me?», а «Do you wanna hold my hand?».
І, вядома, дзякуй стваральніцы серыяла за фінальную сцэну школьнага мюзікла, які інтэрпрэтуе «Рамэа і Джульету» ў духу эратычнай касмаоперы. Мне здаецца, гэта нагляднае выражэнне тэзіса аб тым, што, калі перастаць надаваць сэксу, геніталіям і іх малюнкам такую вялікую ролю, усё стане нашмат прасцей. А яшчэ гэта вельмі суцяшальна: для кожнай вар'яцкай мастачкі знойдзецца сваё рэжысёрскае крэсла.
Лёша Горбаш
рэдактар 34mag і the-flow.ru
«13 прычын чаму»
(13 Reasons Why, Netflix, 2017–2020, стваральнікі Дыяна Сон і Браян Ёркі)
Першы сезон «13 прычын чаму» я паглядзеў на хвалі ўсеагульнага хайпу: адкрываеш Netflix – табе яго тут жа падсоўваюць, адкрываеш твітар або інстаграм – усе абмяркоўваюць. Я ў агульных рысах уяўляў, пра што пойдзе гаворка: старэйшая школа, падлеткі, закаханасці – увесь класічны набор хайскул-драм. Толькі калі ў «Пляткарцы» ўсё будавалі на шыку (і сюры) жыцця вышэйшага грамадства Нью-Ёрка, а ў «Рывердэйле» – на прыгожых колерах і абсалютным абсурдзе таго, што адбываецца, тут на першы план з першых жа секунд вывелі суіцыд.
І гэта тут жа чапляла. Я не памятаю, каб у школе мне падрабязна распавядалі аб ментальных праблемах, комплексах або дэпрэсіі як хваробе, пры якой трэба звяртацца па дапамогу. Ды і вечна падбухнуты псіхолаг нават у 14-гадовага мяне не пакідаў уражанне чалавека, да якога хочацца ісці са сваімі праблемамі.
За год да выхаду серыяла пакончыў з сабой мой аднагрупнік – мы не былі асабліва блізкія, але мяне ўразіла, што чалавек, які з выгляду здаваўся вясёлым і жыццярадасным, вырашыў, што гэта ягоны адзіны выхад. І заадно я лішні раз падумаў пра тое, што адзіны спосаб атрымаць нейкія веды на тэму – гэта самаадукацыя.
Адразу хочацца абмовіцца: серыял «13 прычын чаму» не падручнік і не дапаможнік па ментальным здароўі падлеткаў. Гэта падлеткавы серыял пра школьнікаў. Проста ён пабудаваны вакол важнай і складанай тэмы, да якой стваральнікі падышлі з пачуццём велізарнай адказнасці.
Яна тут у тым, каб справакаваць гледачоў і глядачак на дыялог. Хто тут мае рацыю? А хто вінаваты? Што маглі зрабіць героі, каб прадухіліць такі фінал? А ці маглі наогул? Пры гэтым няма ніякага хрэстаматыйна правільнага адказу на гэтыя пытанні.
Важная дэталь: першы сезон «13 прычын чаму» не спрабуе чытаць табе мараль. Напрыканцы становіцца канчаткова зразумела, што станоўчых персанажаў тут практычна няма, усе гэтыя падлеткі са сваімі спрэчнымі ўчынкамі як мінімум людзі душнаватыя, як максімум – выклікаюць агіду.
«Не ўпэўнены, што прагляд «13 прычын чаму» ў 15 гадоў зрабіў бы мяне лепшым. Але я б дакладна ўжо тады задумаўся пра рэчы, якія цяпер здаюцца вельмі важнымі»
Тут хочацца зрабіць выгляд, што другога сезона «13 прычын» не было, настолькі там усё дрэнна. Тое, што задумвалася як выказванне на тэму посттраўматычнага вопыту блізкіх галоўнай гераіні сезона першага (гэта яна скончыла жыццё самагубствам, але тое не спойлер), ператварылася ў дзіўную кашу з галюцынацый, гераіну і патэнцыйнага масшуцінгу – гэта ўсё аркі розных персанажаў, ад змешвання якіх пад канец пачынала балець галава.
Замест гэтага хочацца адразу сказаць пра сезон трэці, які раптам паспрабаваў вывернуць усё ў дэтэктыў і падняць яшчэ больш вострую тэму: а як сябе адчувае 19-гадовы злачынец-гвалтаўнік? Ці можа ён прэтэндаваць на прабачэнне? Ці можна патрабаваць ад пацярпелых ад яго дзеянняў спагады? Наколькі дарэчнае размыццё іх маральных рамак? А калі яго буляць у новай школе, таму што «у, гвалтаўнік» – гэта справядліва ці страшна?
Серыял, зноў жа, не дае дакладных адказаў, дазваляючы аўдыторыі вырашыць за сябе (а я чуў абсалютна палярныя меркаванні). І адзіная думка, якая праходзіць праз усе тры сезоны, – людзям трэба быць дабрэйшымі. Адно да аднаго, да незнаёмых, да саміх сабе. Што адбываецца, калі гэтага не рабіць, якраз апісана ў трох сезонах «13 прычын». Серыял нагадвае крывое люстэрка нашага свету – так, там усё даволі гіпертрафавана, але падобныя сюжэты лёгка ўявіць не ў стужцы непрагледжаных серыялаў на Netflix, а ў стужцы сённяшніх навін.
На апошнім дні сустрэчы выпускнікоў мы якраз абмяркоўвалі, што так, у нас у класе быў булінг – і цяпер гэта здаецца досыць агіднай гісторыяй. І для булераў-агрэсараў, і для мяне – здаецца, і не ўдзельнічаў, але дакладна не рабіў нічога, каб падтрымаць чалавека. Не ўпэўнены, што прагляд «13 прычын чаму» ў 15 гадоў зрабіў бы мяне лепшым. Але я б дакладна ўжо тады задумаўся пра рэчы, якія цяпер здаюцца вельмі важнымі. І напэўна б прааналізаваў, як я камунікую з аднагодкамі.
Будзь дабрэйшым(-ай).
Маша Пархімчык
рэдактарка 34mag.net
«Эйфарыя»
(Euphoria, HBO, 2019, стваральнік і сцэнарыст Сэм Левінсан)
Серыялы майго дзяцінства можна падзяліць не дзве групы. Першая – гэта нешта пра «звычайную» дзяўчынку, якая (пакуль бацькі не бачаць) ператвараецца ў вадкасць, б'е токам з пальцаў ці вынішчае вампіраў цэлымі пачкамі. Другая – гісторыі пра еўрапейскіх школьнікаў, якія ідуць да шчасця без асаблівых запар: яны белыя, што кефір, у іх ёсць грошы на добры сінтэзатар, іх не аблайваюць бацькі і настаўнікі, яны не паляць, не п'юць, не ганяюць аўтастопам, не робяць гадасцяў, а ўсе іх праблемы абмяжоўваюцца тым, што «ён/яна неяк не так на мяне сёння паглядзеў(-ла)». Вельмі паказальна, што, калі ў траваедным серыяле «Элен і рабяты» такі з'явіліся серыі пра наркату і гвалт, то на расійскім ТБ эпізоды прайшлі з купюрамі, а ў роднай Францыі іх не паказалі наогул.
Карацей, мне пятнаццаць, і па тэлеку транслююць казкі. У гэты ж час у рэале мяне атачаюць рабяты, якія паляць «Саюз-Апалон», набыты ў суседкі, якая дакладна не раскажа маме; запраўляюцца па суботах самагонам і запіваюць яго вадой з калонкі; п*здзяць чужынцаў у мясцовым клубэшніку; рэжуць рукі пад «КіШа», калі не могуць далей выносіць неўзаемнае каханне; страляюць у неба з татавай стрэльбы, пакуль той у камандзіроўцы; пазбаўляюцца кішэнных грошай да канца года, як толькі баця выяўляе недахоп патронаў; і спадзяюцца, што вырастуць і з'едуць у раскошны горад, дзе ўсе нарэшце пакінуць іх у спакоі.
«У Зэндаі, дзяўчынцы з вокладкі, ты лёгка ўбачыш сябе – шурпатага інтраверта, які не верыць нават у сатану, але так паслухмяна растае ад кахання»
Прыкладна так і жывуць героі «Эйфарыі». Так, з папраўкай на час – 2019 год – і геаграфію – правінцыя ў ЗША. Але ў сухім астатку гэта прыкладна тыя ж падлеткі, у якіх граюць гармоны, лішкі энергіі і страх перад няўхільнасцю будучыні. Так, гэтыя персанажы занадта прыгожыя, каб быць праўдай. Але яны так часта робяць подласці, маладушнічаюць ды й проста робяць храновы выбар, што і ў Зэндаі, дзяўчынцы з вокладкі, ты лёгка ўбачыш сябе – шурпатага інтраверта, які не верыць нават у сатану, але так паслухмяна растае ад кахання. Убачыш – і будзеш апантана хацець, каб любоў зберагла Зэндаю ад рэхабу і каб закаханыя з'ехалі ў раскошны горад, дзе ўсе нарэшце пакінуць іх у спакоі.
Праўда, калі ты глядзіш «Эйфарыю» ў трыццаць тры, ты ўжо ведаеш: не з’едуць.