Памяці Алеся Ліпая. Ад рэдакцыі 34mag

  • 24.08.2018
  • Аўтар: 34mag
  • 7547

Учора, 23 жніўня, пайшоў з жыцця Алесь Ліпай. Асэнсаваць яго сыход немагчыма. 

 

Алесь Ліпай быў – і, вядома, ужо застанецца ў гісторыі – тым, хто ствараў і стварыў беларускую незалежную журналістыку. «БелаПАН» і Naviny.by усе гэтыя доўгія гады былі і ёсць арыенцірамі на нашай медыйнай мапе, праектамі, па якіх можна было звяраць гадзіннікі.

Акрамя іншага, гэта была выдатная журналісцкая школа, праз якую так ці інакш прайшлі калі не ўсе, то ўжо дакладна вялікая частка беларускіх медыйшчыкаў.

Пра Ліпая-кіраўніка, здаецца, было немагчыма пачуць чагосьці дрэннага. Ён умеў і любіў працаваць менавіта з людзьмі, а не толькі з інфармацыяй. Заўсёды ветлівы, разважлівы, з прыемнай усмешкай на твары. Паспрабуйце, дарэчы, узгадаць хаця б яшчэ аднаго медыяменеджара (ці наогул топ-менеджара чаго заўгодна), пра якога пры жыцці кажуць толькі добрае.

 

 

У Алеся была рэпутацыя чалавека, які заўжды ўпісваецца за сваіх. Дапамагае і не здраджвае прынцыпам. Калі літаральна пару тыдняў таму рэдакцыю «БелаПАН» шманалі па міфічнай «справе БелТА», а журналістку Таццяну Каравенкаву затрымалі, Ліпай адрэагаваў вельмі проста: «Таццяна, мы цябе ў крыўду не дамо!»

Алесь Ліпай быў чалавекам з вельмі абвостраным пачуццём праўды і справядлівасці. Аднак, у адрозненне ад большасці з нас, ён быў практыкам, а не толькі тэарэтыкам, і ведаў, што рабіць, каб праўды і справядлівасці было хаця б крыху больш.

«Яшчэ адзін пайшоў, не дачакаўшыся світанку», – напісаў пра смерць Алеся пісьменнік Віктар Марціновіч. Але хочацца дадаць, што падчас ночы, калі ўсе чакалі ранак, Ліпай быў тым, хто падтрымліваў вогнішча, каб нам было святлей, цяплей і трохі ўтульней.  


Рэдакцыя 34mag выказвае шчырыя спачуванні родным, сябрам і калегам Алеся Ліпая. Трымайцеся.

Фота: Юра Сiдун