Сацыёлаг, кіраўніца сумеснай праграмы Arts, Science and Technology ад Каледжа Liberal Arts ECLAB і IT-школы Myfreedom Лідзія Міхеева разважае пра тое, як будзе развівацца адукацыя і ці перастанем мы калі-небудзь вучыцца.
Прафесіі будучага наступаюць
Сёння шмат кажуць пра тое, што юрыстаў, бухгалтараў, менеджараў па продажах, рыэлтараў чакаюць маштабныя скарачэнні. Так, рэч у аўтаматызацыі працы, перадачы яе праграмнаму забеспячэнню... То-бок да папулярных сёння прафесій мабільных і вэб-распрацоўшчыкаў неабходна будзе дадаць прафесіі, звязаныя з робататэхнікай і архітэктурай разумных асяроддзяў. Аднак, як сведчыць Атлас новых прафесій Сколкава, патрэба будзе існаваць не толькі ў інжынерах. Спатрэбяцца і ўрбаністы, эколагі, спецыялісты па энергетыцы, будаўніцтве, праве, новых медыя, забаўляльнай сферы і г.д. А лепей – універсальныя спецыялісты, якія разбіраюцца ў некалькіх сферах, могуць ставіць задачы, адшукваць тэхнічныя рашэнні для іх і пры гэтым добра разумець сацыяльны кантэкст.
«Канструяваць сябе – значыць пастаянна крытычна ацэньваць свае веды»
Калісьці прайшоў/прайшла «прафарыентацыю»? Добра. А зараз займіся самаканструяваннем
Раней праблема юнака ці дзяўчыны пры выбары факультэта і ВНУ фармулявалася так: мне трэба ацаніць свае здольнасці, мары і амбіцыі і, зыходзячы з іх, абраць будучую прафесію. Сёння задача ўскладняецца. Прыйдзецца не проста абраць спецыяльнасць, а пастаянна канструяваць сябе. Рэальныя працоўныя пазіцыі пераўтвараюцца ва ўнікальныя комплексы навыкаў, да якіх проста немагчыма падрыхтавацца ў ВНУ.
Канструяваць сябе – значыць пастаянна крытычна ацэньваць свае веды, шукаць афлайн- ці анлайн-курсы для «прапампоўкі» слабых бакоў, сачыць за тэндэнцыямі рынка працы, развіваць камунікатыўныя навыкі, вучыць мовы… Іншымі словамі – пастаянна інвеставаць у сябе як прафесіянала. Іначай цябе заменіць іншы працаўнік. Ці робат.
Не скідвай з уліку рабочыя спецыяльнасці і дзейнасць па даглядзе і выхаванню. Іх прэстыж хутка вернецца
Кухар(ка), плітачнік-маляр-абліцоўшчык-зваршчык-фрэзероўшчык, памочнік(-ца) па даглядзе за дзіцёнкам ці хворым чалавекам – прафесіі, якія пераасэнсоўваюцца сёння як перспектыўныя. Бо якраз такіх спецыялістаў немагчыма замяніць «машынамі». Калі шмат якія аспекты бухгалтарскай працы ці працы юрыста пераходзяць ад чалавека да камп’ютара, то нават ва ўтапічнай будучыні ніякі робат не зможа праявіць эмпатыю да старога ці дзіцёнка, гатаваць смачныя стравы ці аформіць інтэр’ер кватэры.
У развітых краінах такія спецыяльнасці вельмі прыстойна аплачваюцца, ды і ў нас сёй-той менеджар па продажах не заробіць столькі, колькі зарабляе мантэсоры-педагог у прыватным садку ці добры «плітачнік», чый тэлефон перадаюць ад знаёмага да знаёмага як вялікую каштоўнасць. Дык, можа, калі рукі растуць з правільнага месца, прайсці якія курсы перакваліфікацыі?
Можна забіць на «корачку». Але не на адукацыю як такую!
Напэўна, ты ўжо забыў(ла)ся, дзе ляжыць твой дыплом аб вышэйшай адукацыі, бо пра яго ў цябе ніхто ніколі і не пытаўся. Але ж часу, сілаў і, магчыма, грошай ты на яго змарнаваў(-ла) нямала. Калі ты не інжынер ці медык (бо хірургам і метрабудаўцам дакладна не зробішся без ВНУ), дык мог/магла скарыстацца гэтым часам больш рацыянальна.
Калі ты працуеш ці плануеш працаваць у іншых сферах, найбольш карыснымі для цябе будуць разнапланавыя і глыбокія веды, якія можна атрымаць на разнастайных «фокусных» і вузка спецыялізаваных курсах, а таксама навучальных праграмах, якія шмат у чым замяняюць ВНУ, бо там выкладаюць самае важнае з гуманітарных ведаў і дапамагаюць развіць «гнуткія навыкі».
«Гнуткія навыкі» – гэта тое, што спатрэбіцца кожнаму
На англійскай мове яны завуцца soft skills, і ім не вучаць у звычайных ВНУ. А па факце, нават адбіваюць ахвоту іх развіваць, бо, памятаеш: «Ініцыятыва караецца!» Лепш не высоўвацца, не дыскутаваць з выкладчыкамі і не рвацца на стажыроўкі (асабліва за мяжу), бо потым заваляць за «хвасты» на сесіі. Таму развіваць камунікатыўныя скілы, вучыцца крытычнаму мысленню, здольнасці працаваць у камандзе, выступаць перад аўдыторыяй, дэбатаваць і дасягаць кансэнсусу прыйдзецца самастойна, з дапамогай курсаў нефармальнай адукацыі.
Пры гэтым важная частка soft skills – гэта здольнасць асвойваць інавацыі як такія. У ідэале чалавек сёння павінен быць гатовым як вывучыць новую мову, так і перакваліфікавацца з філолага ў тэсціроўшчыка, а з кодзера – у менеджара праектаў. Гэта законы выжывання.
«Нават ва ўтапічнай будучыні ніякі робат не зможа праявіць эмпатыю да старога ці дзіцёнка, гатаваць смачныя стравы ці аформіць інтэр’ер кватэры»
Падзел на «гуманітарыяў» і «тэхнароў» страчвае актуальнасць
Сферычны гуманітарый у вакууме – гэта выміраючы від. Ужо з 90-х гуманітарыі заўважылі для сябе выдатную нішу – сферу PR, якая напоўніцу дазваляла праявіць свае гуманітарныя веды і гнуткія навыкі, але і патрабавала тэхнічных кампетэнцый, напрыклад, апрацоўкі базаў дадзеных. Гэта выдатны прыклад таго, што запыт на сінтэз гуманітарных і тэхнічных ведаў актуальны ўжо вельмі даўно.
Але ж пад пагрозай хутка апынуцца і сферычныя «тэхнары», бо частку іх задач можна замяніць алгарытмамі: за чалавекам застанецца роля архітэктара софту, але сам код напіша машына. Існуе нават меркаванне, што «гуманітарыям» выжыць будзе лягчэй, бо яны здольныя да невідавочных інтэрпрэтацый інфармацыі і больш крэатыўных рашэнняў. Матываваны мастак ці лінгвіст здольны навучыцца карыстацца інавацыйнымі інструментамі і тэхналогіямі. А значыць, IT-спецыялістам важна развіваць гнуткія навыкі і прыглядацца да гуманітарных спецыялізацый, з якімі можна сінтэзаваць сваю базавую адукацыю.
Liberal Arts – гэта добры пачатак, каб пракачаць сябе як профі
Найбольш прагрэсіўны спосаб навучання адначасова soft skills, гуманітарным ведам і карысным тэхнічным інструментам – фармат Liberal Arts. Дзякуючы яму можна стаць шматпрофільным гуманітарыем з дадатковымі тэхнічнымі скіламі.
На захадзе фармат звышпапулярны, у Расіі па ім вучаць ужо ў буйных дзяржаўных ВНУ кшталту маскоўскай «Шанінкі» ці СПбДУ. У Беларусі Liberal Arts – гэта нефармальная адукацыя ад ECLAB. Плюсы такой адукацыі не толькі ў тым, што ты атрымліваеш веды адразу па некалькіх напрамках гуманітарных навук, максімальна набліжаныя да жыцця. Галоўнае – навыкі крытычнага мыслення і практычны досвед працы над мастацкімі і сацыяльнымі праектамі.
Здольнасць працаваць у камандзе важнейшая за састарэлыя веды
Сёння працадаўцы разумеюць: пры наяўнасці матывацыі навучыць працаўніка можна амаль чаму заўгодна. Цяжэй арганізаваць працу каманды, дзе ў кожнага – свой псіхалагічны профіль, свае амбіцыі і стыль камунікацыі. Таму навык каманднай працы – гэта нешта большае, чым быць мілым і ветлівым. Гэта спецыфічная кампетэнцыя, і зусім не залішне будзе пазнаёміцца з методыкамі, якая дапамагаюць рацыянальна арганізаваць працэс, а таксама атрымаць досвед працы над рознафарматнымі праектамі ў розных камандах.
Лепшае, чаму нам усім прыйдзецца навучыцца, – гэта як бавіць вольны час і якасна адпачываць
Футуролагі кажуць пра два супрацьлеглыя трэнды: анлайн-праца займае ўвесь час і становіцца кругласутачнай. Ці, наадварот, у некаторых галінах эфектыўнасць працы становіцца больш важнай за пагадзінную выпрацоўку, і таму ў людзей вызваляецца ўсё больш вольнага часу. Пакуль нам больш знаёмы першы трэнд, але ж ніхто не застрахаваны і ад другога.
Дэфіцыт ці лішак вольнага часу прымушае сур’ёзна задумацца аб тым, што ты робіш, калі не працуеш, і напоўніць гэты час дзейнасцю, якая будзе надаваць сэнс жыццю. Акрамя ёгі, веласпорту і здаровага харчавання, падумай пра экалагічны ці урбан-актывізм, мастацкія ці сацыяльныя праекты, дзе можна не толькі развівацца, але і дапамагаць іншым.
«Чалавек сёння павінен быць гатовым як вывучыць новую мову, так і перакваліфікавацца з філолага ў тэсціроўшчыка. Гэта законы выжывання»
Мы ніколі не скончым вучыцца
Калі, канешне, захочам заставацца канкурэнтаздольнымі прафесіяналамі і пашкадуем аддаць сваю працу алгарытму ці больш гібкаму маладзёну «лічбавага пакалення», які ўжо ў школцы прыдумаў свой першы стартап.
Навучальная праграма Arts, Science and Technology, якая кіруецца гэтымі прынцыпамі, распачынае набор студэнтаў і будзе прымаць заяўкі да 25 снежня.
Прэзентацыя праграмы адбудзецца 13 снежня а 19-й у зале «Нордык» бізнэс-клуба Imaguru, Фабрыцыўса, 4.
Уваход вольны!
Той самы выпадак, калі пазітыўныя змены ў сістэму аховы здароўя могуць прыходзіць не толькі «зверху».
Рома ладзіць сапраўдны top gear па-беларуску – гэтым разам ён спрабуе перасекчы Кітай на старым матацыкле.
Кароткая, але важная памятка пра тое, што рабіць у экстрэмальнай сітуацыі.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.