Ад аўдыякасеты да Мексікі – шлях гурта Nürnberg

Паспрабавалі разабрацца, як Nürnberg стаў самым папулярным беларускамоўным гуртом у свеце і чаму іх канцэрты такія чаканыя ў Лацінскай Амерыцы.


Новы лонгплэй

Днямі Nürnberg прэзентаваў альбом «Adkaz». Гэта трэці лонгплэй каманды, ён выйшаў праз чатыры гады пасля паўнафарматніка «Paharda». Над запісам працавалі Раман Камагорцаў з Molchat Doma і Андрэй Баброўка, над вокладкай – Джонатан Сірыт з іспанскага гурта Belgrado.

Хутка музыкі павязуць свой «Adkaz» у тур па Мексіцы, Калумбіі і Коста-Рыцы. Мы прапануем паслухаць гэтыя 26 хвілін пост-панку там, дзе ты ёсць.

 

 

Мікіта Вектар,
сузаснавальнік канала «КЛІК»: 

«Ужо шмат хто адзначыў, што новы альбом Nürnberg гучыць як камбінацыя дзвюх папярэдніх работ. Нічога прынцыпова новага мы не пачулі, але з'явілася адчуванне, што гэтай працай хлопцы падвялі своеасаблівую рысу пад сваёй творчасцю. Магчыма, наступны альбом будзе зусім іншым».


Якім будзе наступны альбом – пабачым. Зараз жа паспрабуем разабрацца, у чым сакрэт поспеху той музыкі, што ўжо ёсць.

 


Фота: @coghtevrann / Nürnberg в Facebook  

 

Старт

Пост-панк адчуваецца як самая беларуская музыка. Шэрань зімовага Менску выліваецца ў змрочныя манатонныя тэксты, а шэраг аднолькавых панэлек адлюстроўваецца ў пульсуючых рытм-секцыях. Гурт Nürnberg прышчэплены гэтым настроем. Іх музыку пазнаеш па мінімалістычных аранжыроўках і адчуванні адчужанасці і ізаляванасці. Са старта займеўшы цікавасць замежнікаў, музыкі не збаўляюць тэмпу і імкліва пераходзяць ад кантрактаў з замежнымі лэйбламі да вялікіх музычных тураў.

Зробім невялічкі спойлер – вось шлях каманды ў адзін крок: 

 

 

Nürnberg складаецца з усяго двух ўдзельнікаў: Юрыя Лугаўцова (вакал, бас-гітара) і Алега Савуціна (гітара). Была спроба далучыць ударніка, але музыкам не спадабалася такое гучанне, і на месцы жывога чалавека засталася драм-машынка. Тэксты Nürnberg – выключна па-беларуску. Свой выбар тлумачаць проста: «Такая была ўнутраная патрэба і адчуванне, што трэба менавіта так. Згубіцца сярод вялізнай колькасці расейскамоўнай музыкі таксама не хацелася».

Пачынаўся Nürnberg з кавероў, з 2010-х выступаў у маленькіх беларускіх клубах. Менавіта як Nürnberg рабяты вядомыя з 2017-га. Музыкі гралі на разагрэве ў Akute, гралі з «Пятлёй Прыхільнасці». На сваім першым «самастойным» выступе дзялілі сцэну з Molchat Doma і Dlina Volny, так пакрысе і занялі сваё месца на «хвалі цёмнай беларускай музыкі», якая на той момант яшчэ не мела шырокай папулярнасці.
 

Рома Жыгараў,
Akute:

«Калісьці некалькі канцэртаў мы адыгралі разам з “Нюрнбергам”. Бо нам сапраўды падабалася іх музло і вайб. Мы вырашылі, што можам неяк дапамагчы, узяўшы з сабой. Іх вялікія туры – гэта, канешне, рэспект. Яны проста жывы доказ таго, што беларуская мова вартая сусветнай папулярнасці. Калі прадукт зроблены годна і якасна, ты зможаш здабыць запатрабавальнасць у свеце і паказваць такія афігенныя лічбы. Хлопцам – яшчэ большых поспехаў! Чакаем іх на Coachella і Glastonbury».


З першымі рэлізамі менскі гурт трапіў у поле зроку замежных лэйблаў. У 2018 годзе іх дэбютны EP «U nikudy» выйшаў на касеце на нямецкім Squall Recordings. З расповяда музыкаў – немцы знайшлі іх самі. У той жа год каманда прэзентавала першы поўнафарматны альбом «Skryvaj», і ён быў выпушчаны ўжо на трох лэйблах адразу: нямецкім Squall Records, расійскім Sierpien Records і амерыканскім Death Shadow Records. Найбольш вядомыя трэкі Nürnberg – акурат з гэтай складанкі. Да запісу ў ролі саўндпрадзюсара хутка далучыўся Раман Камагорцаў з гурта Molchat Doma – надалей ён не аднойчы будзе займацца запісам хлопцаў.

У 2018 годзе партал «Тузін гітоў» назваў Nürnberg «Адкрыццём году», а французскія і нямецкія эксперты абралі іх для ўдзелу ў Iskra Showcase Weekend – першым шоўкейс-фестывалі ў Менску, дзе акрамя Nürnberg выступілі Chapellier Fou з Францыі, Oum Shatt з Нямеччыны, нашы Intelligency, Аня Жданава, ayva, Maximalism, Dlina Volny, Molchat Doma, Lubber Louie.

 


Фота: @zdesinsky / Nürnberg в Facebook  

«Хутка гэтых хлопцаў будуць называць новымі The Cure» 

У 2020 годзе музыкі прэзентуюць другі альбом «Paharda». Амерыканскі лэйбл Death Shadow Records друкуе іх першы наклад вінілу, а паплечнікі па беларускай сцэне пакідаюць захопленыя каментары«Я быў упэўнены, што гэта будзе добры альбом, і не быў расчараваны. Магу сказаць, што хутка гэтых хлопцаў будуць называць новымі The Cure!» – раздаваў авансы Ягор Шкутко з Molchat Doma.

Юра спявае: «Маё сэрца побач з табою чырвоным агнём гарыць, яно быццам Нотр-Дам-дэ-Пары», і так пачынаецца новы час. Кавідныя абмежаванні і шэраг апакаліпсісаў карэктуюць жыццё і гастрольныя планы.

Гурт дае анлайн-выступы для міжнародных фестываляў: музыкі граюць live для Waves Vienna Festival і становяцца ўдзельнікамі галоўнага еўрапейскага шоўкейса Eurosonic. Перад пачаткам іх сэта лідар гурта «Молчат дома» перадае эстафету ўдзелу ў ESNS «Нюрнбергу».  

 

Nürnberg трапляе ў Нюрнберг 

Альбом «Ahida» выходзіць у 2023-м, і звычайна нешматслоўны «Нюрнберг» суправаджае новы рэліз паэтычным каментаром: «кожны канец – гэта пачатак». У параўнанні з папярэднім лонгплэем, у новым яшчэ больш клавіш і яркіх мелодый. Слухачы пакідаюць пад запісам каментары: «It's hard not to dance with the rhythm of the Belarus greatest music band ever existed» («Цяжка не танчыць у рытме найвялікшага музычнага гурта Беларусі»).

З новым матэрыялам музыкі гатовыя выправіцца ў тур па Еўропе. Яны анансуюць выступы ў дзесяці краінах, за месяц праязджаюць 12 158 кіламетраў і граюць 17 канцэртаў. Самае галоўнае, канешне, што тут зоры ўрэшце сыйшліся: Nürnberg трапілі ў Нюрнберг. 

Штогод праслухоўванні гурта растуць, і ў 2023 каманда дасягае ўласнага рэкорду – 6,7 мільёнаў стрымаў на Spotify! Найбольш папулярныя трэкі «Valasy» і «Biessensoŭnasć» на сёння маюць па 6 мільёнаў праслухоўванняў. 

 

 

Геаметрыя аднастайнасці

Беларускі пост-панк апошнія некалькі гадоў знаходзіцца на піку папулярнасці, і ў большай ступені – за мяжой. Чаму так склалася? Калісьці мы задалі тое ж пытанне Марку Біазіолі, выкладчыку Універсітэта Манчэстэра, які спецыялізуецца на вывучэнні культуры Усходняй Еўропы. Біязолі сфармуляваў: «Па сутнасці, гэта туга па страчанай будучыні. Тое, што магло б здарыцца, але так і не здарылася. Што магло адбыцца, калі б Ян Кёрціс не памёр?»

Калі праглядзець статыстыку праслухоўванняў гуртоў Nürnberg, Molchat Doma, Super Besse, Dlina Volny – першае месца ў топ-лісце кожнага з іх займае Мексіка. Чаму гэтая краіна так рыфмуецца з нашым нацыянальным смуткам, можа выявіць толькі адмысловае даследванне. Але вось наўскідку некалькі словазлучэнняў з артыкулаў аб Мексіцы на 34travel: «геаметрыя аднастайнасці», «захоўваць асцярожнасць», «самыя дзіўныя і развясёлыя могілкі ў свеце». 

Вядома, Nürnberg, як і іх калегі-папярэднікі, вырашылі зладзіць шэраг канцэртаў у краіне, дзе так любяць іх музыку. Гэтая амбітная задума мусіла здзейсніцца яшчэ ў 2022-ім, але тур двойчы пераносілі. Сёлетнія выступы ў Лацінскай Амерыцы мусяць адбыцца ў сакавіку. У планах – гарады Мексікі, Калумбіі і Коста-Рыкі: Багата, Медэльін, Сан-Хасэ, Ціхуана, Гуадалахара, Мехіка, Куэрэтара. 

 

Мікіта Вектар,
сузаснавальнік канала «КЛІК»: 

«Мне здаецца, што за мяжой пост-панк слухаюць з такім энтузіязмам на фоне любові да эстэтыкі шэрых СНГ-шных панэлек. Увесь гэты думерскі рух вельмі любяць на Захадзе, таму што самі ў гэтай атмасферы ніколі не жылі. У нас жа гэтая эстэтыка па зразумелых прычынах выклікае менш эмоцый. Мы самі – увасабленне гэтай эстэтыкі. 

Думаю, што падобны шлях праходзяць фонк-артысты новай хвалі з Беларусі. Паміж двума жанрамі нашмат больш агульнага, чым можа здацца на першы погляд. Выглядае, што праца з нішавымі жанрамі можа стаць шчаслівым білетам для беларускіх музыкаў, і чым лепш будуць створаны ўмовы для гэтага, тым часцей мы будзем бачыць нашых артыстаў на міжнародных фестывалях тыпу Coachella.

Тур Nürnberg па Лацінскай Амерыцы – гэта, безумоўна, поспех. Прыемна ўсведамляць, што дзякуючы музыцы гэтых хлопцаў людзі на іншым канцы свету даведаюцца пра існаванне не толькі нашай краіны, але яшчэ і нашай мовы».

 


Фота: @coghtevrann / Nürnberg в Facebook  

Рэцэпт Nürnberg: 

1 / Развівацца ў жанры, які натуральна пасуе беларускай эстэтыцы.

2 / Выдаць дэбютны EP на касеце (не ў 1990-я, а ў 2017-м!).

3 / Узяць удзел у першым беларускім шоўкейс-фестывалі.

4 / Паказаць сваю новую музыку на міжнародных фэстах, няхай і анлайн.

5 / Выправіцца ў еўратур на 10 краін і нарэшце патрапіць у Нюрнберг.

6 / Стаць самым папулярным беларускамоўным гуртом у свеце з 6,7 мільёнаў стрымаў на Spotify.

 

Адказ на заўтрашні дзень

На лацінаамерыканскім туры «Нюрнберг» не спыняецца. Каманда ўжо мае планы на канцэрты вясной, а іх новае нямецкае букінг-агентства Swamp Booking плануе восеньскі працяг еўрапейскага тура (яно ж займаецца, напрыклад, еўратурамі амерыканскага гурта Swans і нашых Dlina Volny). Гарады яшчэ афіцыйна не анансаваныя, але паводле каментароў у сацсетках можна мяркаваць, што гурт варта чакаць прынамсі ў Берліне, Варшаве і Празе.

На пытанні «Калі канцэрт у Беларусі» ў інстаграме каманды заўжды адказваюць аднолькава: «Заўтра». Спадзяемся і чакаем на тое заўтра.

 

Фота на галоўнай: @coghtevrann / Nürnberg в Facebook

«Пушка! Пышка!» Alyona Alyona выступила в Re:Public

«Пушка! Пышка!» Alyona Alyona выступила в Re:Public

«Рэп, который по-лютому прет», – фраза другого артиста, но сюда подходит идеально.

7 причин сходить на концерт Alyona Alyona

7 причин сходить на концерт Alyona Alyona

Объясняем, чем крута главная украинская рэп-сенсация последнего времени.

Выход силой. Boulevard Depo впервые выступил в Минске

Выход силой. Boulevard Depo впервые выступил в Минске

Солдаут был объявлен за два месяца до концерта. Мы поняли почему.

Потанцевали-помолчали: «Аигел» привезли в Минск «Эдем»

Потанцевали-помолчали: «Аигел» привезли в Минск «Эдем»

Фото с презентации альбома про крематорий и самолеты.

Hotline Minsk. В Re:Public выступил Perturbator

Hotline Minsk. В Re:Public выступил Perturbator

Французский синтвиртуоз превратил Re:Public в киберпанк-площадку.

«У вас бомбическая природа». Как Kedr Livansky выступила в Минске?

«У вас бомбическая природа». Как Kedr Livansky выступила в Минске?

Одна из лучших электронных артисток последнего времени приехала в Минск с новым альбомом

10 лучших беларусских заявок на Jager Music Awards: Young Blood

10 лучших беларусских заявок на Jager Music Awards: Young Blood

Мы отслушали всех претендентов на награду People’s Choice и делимся своими фаворитами.

Айгель Гайсина советует 12 молодых татарских музыкантов

Айгель Гайсина советует 12 молодых татарских музыкантов

Много техно, необычный инди и рэп на татарском.

«Как любишь ты» – Дима Ермузевич рассказывает о дебютном релизе

«Как любишь ты» – Дима Ермузевич рассказывает о дебютном релизе

Это не случай, когда «блогер решил запеть», а логичное возвращение к истокам.