«Мы» вярнуліся: інтэрв’ю з гуртом пасля рэюніяну

За апошнія два гады індзі-поп гурт «Мы» прайшоў шлях ад пары трэкаў у сацсетках да запісу чацвёртага альбома. Мы сустрэліся з Евай Краўзэ і Данілам Шайхінуравым напярэдадні іх менскага канцэрта, на які, дарэчы, быў солд-аўт, і пагутарылі пра менскую публіку, рэлігійную школу Евы і пра тое, што не заўсёды колькасць часу на студыі – гэта галоўнае.

 

Самая цёплая публіка – у Менску

 – Вы ўжо былі ў Менску. Можа, згадаеце свае ўражанні з мінулага разу? 

Ева: Калі мы прыехалі першы раз у Менск, я была ў шоку ад таго, якія ўсе мілыя. Мы ладзілі фан-сустрэчу, на якую прыйшло чалавек 30, і яны былі ўсе такія добрыя! З цеплынёй аддавала сябе і публіка на канцэрце – і гэта запомнілася.

Даня: Так, у мінулым туры мы вылучылі Менск як найлепшы горад у плане публікі і яе аддачы, а гэтым разам ехалі, ведаючы, што ў любым разе будзе добра.

 – Ці паспелі вы сёння нешта ўбачыць у Менску? 

Ева: Мы ўбачылі дождж.

Даня: Я тут ужо чацвёрты раз і кожны раз патрошку вывучаю горад. Нас увосень запрашалі выступаць у Варшаве, і Менск мне яе нагадвае па архітэктуры і па адчуваннях. Раслінамі ў гэтую пару года: крыху мёртвым колерам травы, выглядам дрэваў... У Расіі яны інакш выглядаюць.

«Ёсць тысячы калектываў, якія штодня могуць узаемадзейнічаць, тырчаць на студыях, але робяць менш і горш»

 – Што вы чакалі ад другога туру і як ён праходзіць? Ці падобны да першага? 

Ева: Не падобны, бо мінулы раз мы самі ўсё рабілі. А ад туру лепш нічога не чакаць, лепш ставіць мэты, бо калі ты чакаеш нечага звыш сваіх сілаў, то потым расчаруешся.

 – А якой была галоўная мэта на гэты тур? 

Даня: Убачыць на свае вочы больш людзей, якія цябе разумеюць. Бо канцэрты, у адрозненне ад праслухвання песень, – з’ява больш рэдкая, і ты вельмі цэніш гэтыя дзве гадзіны на сцэне, калі ёсць кантакт. Як у Маскве быў sold out, так і тут па памерах пляцоўкі ўсё шчыльна і лічыцца, што таксама sold out. Гэта добры паказнік, мы шчыра радыя поспеху.

 – Ты кажаш пра кантакт. Але наколькі ва ўмовах, калі ў зале шмат людзей, такі кантакт магчымы? 

Даня: Ён абсалютна цудоўны, і мы нічога для гэтага не развучвалі. Атрымліваецца, што мы з усімі як з сябрамі, натуральным чынам, – мне ёсць з чым параўнаць.

 

 

 

Бываюць камерцыйныя праекты

 – Наколькі складана быць гуртом, удзельнікі якога з розных гарадоў і нават краін? 

Даня: Ну, цяпер мы ўжо жывем у адной краіне і ў адным горадзе. Я адкрыў для сябе Тэль-Авіў паўтара года таму і стала базуюся там. Бывае, езджу па справах у Расію.

Праз занятасць, праз школу Евы мы не пачалі бачыцца часцей, але нам гэтага хапае. Ёсць тысячы калектываў, якія штодня могуць узаемадзейнічаць, тырчаць на студыях, але робяць менш і горш. І ніхто не ведае, чаму так адбываецца.

Ева: Калі б было суперскладана, то мы нічога і не рабілі б.

 – Як шмат часу на тыдзень вы аддаяце музыцы? 

Даня: Кожную хвіліну. Увесь час адбываецца працэс прыдумвання, усё звязана з гэтым.

 – Ці займаецеся вы чымсьці апроч гурта? Можа быць, засвойваеце новыя інструменты? 

Даня: Я граю на ўсіх асноўных інструментах, але мы вырашылі, пакуль што ў іх на сцэне няма сэнсу, хіба што часам на запісах.

Ева: Я пішу каверы ў інстаграме.

Даня: Апроч творчасці я часам раблю камерцыю. Але нашмат круцей займацца толькі тым, што падабаецца і чаго яшчэ не было, калі ніхто цябе не падганяе. Тады атрымліваецца крута. Усё ідзе ад настрою і адчуванняў. Бывае, здаецца, што настрой пашкодзіў, але на наступным кроку ён жа зробіць лепш. Гэта як плынь ракі.

 

 

Ультрамарынавы Ізраіль і шэрая Расія

 – Ці падабаецца вам прыязджаць з Ізраіля ў Расію? 

Ева: Збольшага не, але гэтай паездкі ў межах туру я нават чакала.

Даня: У туры – гэта зусім іншае, у кожным горадзе ўражанні, сябры, здымкі… Але калі па справах, то было не па сабе. Гэта звязана нават з колерамі: ты трапляеш у шэрую колеравую гаму пасля гэтай ультрамарынавай. Зусім іншы дух і рытм, у галовах людзей зусім іншыя думкі аб тым, што істотна і што не. А ты дзесьці на іншым узроўні прасвятлення і не разумееш іх.

 – Ева, распавядзі пра сваю школу. Яна закрытая? Як ты адаптавалася да пераезду ў Ізраіль? 

Ева: Я спачатку не хацела ехаць, але бацькі паклікалі і сказалі, што будзе класна. Першыя паўгода я была ў дэпрэсіі, не ведала, што рабіць, і ад гэтага напісала песню «Спі».

Даня: А пачуўшы песню, я напісаў ёй.

«Я ўжо была ў ваенкамаце і ўяўляю, што пайду на базу пасля 12-га класа»

Ева: Мову я вывучыла хутка, прыжылася, знайшла сяброў, рускіх і не рускіх. У школу надта не хацела, бо яна рэлігійная. Але ў выніку праз тры дні знаёмства я была ў шоку ад таго, наколькі яна крутая, нават пры тым, што школа закрытая. Я там навучаюся другі год, хутка сканчваю, і мне вельмі падабаецца.

 – А ў чым выяўляецца, што школа рэлігійная? 

Ева: Там выконваюць шабат і адзначаюць рэлігійныя габрэйскія святы. Ёсць закон пра сціпласць датычна адзення, а для хлопчыкаў і дзяўчынак асобныя дамы далёка адзін ад аднаго, нельга хадзіць у госці і разам паказвацца на людзях.

 – Ты яшчэ казала, што хацела б у войска. 

Ева: Так, хацела б. Ды ў мяне амаль няма выйсця. Я ўжо была ў ваенкамаце і ўяўляю, што пайду на базу пасля 12-га класа ці крыху пазней, калі здолею адпрасіцца. Там будзе месяцы два трэніровак і падрыхтоўкі, потым буду служыць. Дарэчы, тэрмін павялічылі з 1,8 да 2,4 гадоў. Вольных будзе адна-дзве гадзіны на дзень. Цяпер – чатыры.

 

 

Не абавязкова пакутаваць, каб напісаць пра пакуты

 – Даня, як ты пішаш музыку і што цябе матывуе? 

Даня: Гэта замкнёнае кола: знаходзіцца зачэпка ў выглядзе тэксту ці мелодыі, і потым ужо немагчыма спыніцца. Прыдумваеш у галаве, можна зафіксаваць у дыктафоне ці нататках, а часам і гэтага не трэба, запомніш так. Ноўтбука хапае, каб напісаць музыку і запісаць вакал. З жывымі музыкамі гэта можна было б разабраць у студыі, і некалі мы паспрабуем зрабіць такую праграму.

 – Што ўплывае на твой творчы працэс? 

Даня: Мне раней здавалася, што калі ў жыцці будзе ўсё добра, то не будзе аб чым пісаць. Але нядаўна, здаецца, атрымалася сінтэзаваць сумную песню, не быўшы сумным насамрэч. Як акцёры, як сцэнарысты. Не абавязкова пакутаваць, каб напісаць так, нібыта я пакутую.

 – А як наконт радасці? 

Даня: Мне заўсёды было брыдка ад радасных песень, але нядаўна я зразумеў, што яны могуць быць насамрэч прыкольнымі. З’явілася новая мэта – спазнаць гэта. У мяне былі радасныя, танцавальныя песні ў праекце La Vtornik, але гэта іншае.

 – Як вы лічыце, што азначае быць добрым музыкам? 

Даня: Калі гэта пра нас, то мне не падабаецца, калі мяне называюць музыкам. Гэта лагічна, але… Музыка – гэта прафесіянал у адным кірунку. А я пішу тэксты, граю на ўсім патроху, пры гэтым напішу для ўсіх інструментаў, але не абавязкова сыграю. Я б лепш назваў сябе кампазітарам. А паспяховаму музыканту трэба біць у адну кропку штодня, і я люблю крутых музыкаў.

 

«У 14 год я сабраў першы гурт, з якім мы натхняліся «Психеей», Amatory, Slipknot»

 

 

Сукенка – гэта прыгожа, але на сцэне я танчу

 – Пасля трагічных падзей са студэнтамі Баўманкі вы абвясцілі аб распадзе, а затым выпусцілі два сінглы, альбом і паехалі ў тур. Гурт «Мы» – гэта больш артыстычная кар’ера ці эмоцыі? 

Даня: Я не разумею, як гэта можна падзяліць.

Ева: Ну ты першапачаткова рабіў гэта, каб грэбсці грошы?

Даня: Не. Гэта першы праект, дзе атрымалася максімальна зрабіць тое, што хацелася самому. Мы супалі з Евай па духу, і яна прыняла мае ідэі як ініцыятара праекта. Раней мне даводзілася аддаваць свае сілы на чужую творчасць, і яно не выстрэльвала. А тут атрымалася без дзеянняў па прасоўванні, як было раней. Мы зрабілі запісы, усё разляталася праз сарафаннае радыё, кліп без прасоўвання набраў больш за мільён праглядаў. І тады падлучыліся СМІ.

 

 

 – Як атрымалася, што пасля распаду гурта ён зноў з’яднаўся? 

Даня: Адказ на гэта – у мінулым пытанні.

 – То-бок не магло быць іначай? 

Даня: Эмоцыі не дазволілі гэта пакінуць. Ды апроч таго шмат людзей пісала: «Чаму вы нас пакідаеце? Мы хочам вашых песень і чакаем канцэртаў…» Нібыта кожны – да мяне асабіста. І яшчэ чым менш разбурэнняў, тым лепш. Таму паўплывала ўсё разам.

 – Распавядзіце пра ваш імідж у мінулым і цяперашнім турах. 

Ева: У першым туры мы шукалі стыліста ў кожным горадзе. Але насамрэч мне не спадабалася, што ўсё такое рознае, некаторыя нас апраналі непрыгожа.

Даня: У некаторых гарадах мы апраналіся самі, і было прыкольна.

Ева: У гэтым туры вопратку нам далі Adidas. А так агулам выкарыстоўваем сваю вопратку, набываем класную рэч, калі ўбачым.

 – А якой мусіць быць вопратка на сцэне? 

Ева: Сёння я думала, апрануць сукенку ці не: гэта прыгожа, але я танчу, таму лепш не варта. Галоўнае, каб вопратка была зручнай і каб табе было камфортна, іначай ты ніяк не здолееш раскрыцца.

«Мне не падабаецца, калі мяне называюць музыкам»

Даня: Для мяне ідэальны лук – той, які сабраў у Маскве ў Adidas. Я знайшоў oversize-рэч з доўгімі рукавамі, адмыслова на памер большую; шырокія паўштаны-паўшорты, новыя яскравыя красоўкі. І калі ўся вопратка свабодная, нават крыху рэперская, мне вельмі кайфова. З іншага боку, я з задавальненнем апрануў б класічны касцюм і туфлі, але пакуль не было такой магчымасці.

Ева: Не ўяўляю цябе ў касцюме… (Дзівіцца.)

 – Ева, ты казала, што ў нязручнай вопратцы складана раскрыцца. А можаш расказаць, што гэта азначае? 

Ева: У першым туры, напрыклад, было вельмі складана, я літаральна першы раз выйшла на сцэну і была скаваная. Але на апошніх канцэртах я пачала больш рухацца, больш стасавацца з публікай пры дапамозе рухаў.

 – А наколькі часта вы рэжысуеце свае рухі? Напрыклад, на відэа. 

Ева: Мы іх не рэжысуем, хіба толькі гэтае сардэчка рукамі (паказвае).

Даня: Кажуць, што добра атрымліваецца, таму, мусіць, рэжысаваць і не варта. Хаця агулам я не супраць пастановак.

У 14 год я сабраў першы гурт, з якім мы натхняліся «Психеей», Amatory, Slipknot. Нават калі ты з гітарай скачаш і хістаешся, цела потым баліць, шыя. Потым я пайшоў у індзі і брыт-поп, дзе ты не так месішся на сцэне. А потым быў праект La Vtornik, дзе ўпершыню трэба было проста стаяць на сцэне з мікрафонам і граць танцавальную электронную музыку. Тады я натхніўся Hercules and Love Affair і, відаць, крыху ўвабраў ад іх. Плюс нам з напарнікам патрэбны быў яскравы вобраз, і я набыў два ружовыя дажджавікі. А пазней пачаў засвойваць працу з натоўпам, ролю франтмэна-вакаліста. Мая школа была ў працэсе канцэртаў, і кожны канцэрт дае больш, чым 10 рэпетыцый.

 

 

Мы дайграем тур, і выйшаў альбом, а далей – туман

 – Якія планы і мэты на 2018 год? 

Ева: На 2018? Здаць экзамены… (Вельмі задумліва.)

Даня: Апошнія падзеі са студзеня былі настолькі хуткімі, што застаўся рэжым «тут і цяпер». Ты робішся больш тактыкам, чым стратэгам, і дагэтуль я ведаю: мы дайграем тур, і выйшаў альбом, а далей – туман. Скончым справу і адпачнем, трэба перазагрузіцца.

 – Ці працягвае новы альбом канцэпцыю мінулых? 

Даня: Я б працягваў з задавальненнем, але натуральным чынам атрымалася, што «Расстояние» зрабілася бліжэй, на гэтым грунце з’яўляецца драматургія. Гэты альбом досыць сумны, але ўсё, па сутнасці, пра адно і тое ж.

 

 

 

 

 

Фота: Даша Лабанава

Free Love. У Бакея вышел клип «Наслаждение»

Free Love. У Бакея вышел клип «Наслаждение»

Поговорили с участниками и создателем клипа о любви, свободе и проблеме гомофобии.

Навагоднія міксы 2020

Навагоднія міксы 2020

Дзевяць музычных кактэйляў, адмыслова замешаных для 34mag сябрамі ды рэзідэнтамі Radio Plato.

15 лучших беларусских альбомов 2019 года

15 лучших беларусских альбомов 2019 года

И лучшим альбомом-2019 по версии «Першака» становится...

Dee Tree и минский госпел-хор дарят тебе новогоднее настроение

Dee Tree и минский госпел-хор дарят тебе новогоднее настроение

Фанк, госпел, Новый год!

Таймлайн беларусской музыки: 2010–2019

Таймлайн беларусской музыки: 2010–2019

Вместе с JagerVibes подводим итоги десятилетия в беларусской музыке.

30 мыслей о беларусской музыкальной сцене в 2019 году

30 мыслей о беларусской музыкальной сцене в 2019 году

Главные герои, события и музыкальные сюрпризы – мы вспомнили все.

Конструктор из звуков. NaviBand рассказывают о новом альбоме

Конструктор из звуков. NaviBand рассказывают о новом альбоме

Релиз получил название «NaviBand» и звучит как главный альбом в дискографии группы.

Проект Сергея Михалка Drezden выпустил альбом «Эдельвейс»

Проект Сергея Михалка Drezden выпустил альбом «Эдельвейс»

Как работает авторское право на музыку в Беларуси?

Как работает авторское право на музыку в Беларуси?

Зачем тебе регистрировать права на свою музыку, даже если ты просто выкладываешь песни «Вконтакте»?