Metronomy і рэйв да світання: навошта ехаць у Вільню 7 і 8 верасня?

7–8 верасня ў Вільні адбудзецца Loftas Festival, які ўжо не першы год ажыўляе горад. Танцы да раніцы пад музыкаў з усёй Еўропы і новы погляд на звыклае месца гарантаваныя. А каб правесці гэтыя два дні максімальна насычана, мы склалі табе падрабязны гайд. Вулічная ежа, музеі, лепшыя тэрасы горада і поўны адрыў на Loftas Festival – лавi нечаканую ўікэнд-праграму на восеньскія выходныя.

 

 

 Раніца 

 

Раніца ў Вільні – гэта час павольных сняданкаў у светлых кавярнях і назірання за соннымі мясцовымі жыхарамі. Пачаць свой дзень можна ў Test Map, кавярня працуе з 7-й раніцы. Тут вараць каву ўласнага абсмажвання, а да яе падаюць веганскія ды сыраедчаскія-дэсерты.

Яшчэ адно прыемнае месца, дзе вельмі сур'ёзна ставяцца да кавы, – кавярня Huracan Coffee. Самыя раннія птушкі могуць зайсці туды а 7-й раніцы і павольна снедаць, адначасова высвятляючы ў барыста, якія 8 альтэрнатыўных спосабаў заваркі кавы тут прапануюць.

У гэтую ж катэгорыю – гэта значыць у лепшую катэгорыю прыемных расслабленых месцаў – уваходзiць Strange love.

Калі хочацца чагосьці больш грунтоўнага, абірай Cozy, дзе заўсёды ўтульна і смачна. З 8-й раніцы тут можна выбраць сабе ангельскі або французскі сняданак, амлет, сырнікі ці кашы.

Калі хочаш сняданак у стылі хард, зазірні ў кругласутачную кебабную на Тауро гатве. Jammi працуе кругласутачна, так што можаш пачаць свой дзень хоць у 4 раніцы. Дарэчы, тут жа ты можаш яго скончыць – пасля выдатнай вечарыны (але пра гэта крыху пазней). Акрамя кебаба, тут можна з'есці бурыта, гарачы бутэрброд са смажаным яйкам і чарыза або круасаны з рознымі начынкамі.

Пасля таго як падмацуешся, адпраўляйся блукаць па горадзе. Нават калі здаецца, што Вільня ўжо вывучана ўздоўж і ўпоперак, горад заўсёды знойдзе чым цябе здзівіць. У 11 гадзін ад Званіцы на Кафедральнай плошчы стартуюць пешыя экскурсіі па горадзе. Каштуюць яны 10 еўра і праходзяць па самых маляўнічых месцах. Падрабязную інфармацыю можна знайсці тут.

 

 

 Дзень 

 

Дзень раім пачаць з фермерскага рынку Halės Turgus, які размясціўся зусім непадалёк ад вакзала. Тут ты знойдзеш лакальную прадукцыю літоўскіх фермераў – сыры, гародніну, садавіну – і зможаш набыць усё гэта для пікніка на траве ў адным са шматлікіх гарадскіх паркаў, пакуль надвор'е яшчэ дазваляе.

Калі жадаеш ежы для розуму, раім зазірнуць у Цэнтр сучаснага мастацтва, у якім сабрана велізарная калекцыя балтыйскага сучаснага мастацтва. А калі сучаснае мастацтва здаецца занадта радыкальным – заходзь у Нацыянальны мастацкі музей, дзе размешчана найбуйнейшая калекцыя літоўскага жывапісу і архітэктуры. Мастацтва стане таксама часткай фестывалю Loftas. Недалёка ад старога горада і цэнтральнага вакзала ты знойдзеш альтэрнатыўныя творчыя праекты: карціны на фабрычных сценах, скульптуры, спектаклі і кінапаказы. Сачы за поўнай праграмай тут.

Калі хочацца прыгажосці, можна ісці па яе не толькі ў музеі ці ў галерэі, але і ў вінтажныя крамы, якіх у Вільні таксама вельмі шмат. У пошуках скарбаў раім адпраўляцца ў De'Zavu, Marga krautuvele, Šarka, Baltas Miškas. Або проста ўважліва глядзець па баках, калі шпацыруеш па старым горадзе, і зазіраць у самыя цікавыя крамкі.

Цёплыя вераснёўскія выходныя – гэта яшчэ і выдатная нагода, каб злавіць апошняе цяпло ды перавесці дых на самых прыгожых тэрасах горада. Поўны іх спіс знойдзеш вось тут.

 

 

 Вечар 

 

На вечар мы прызапасілі для цябе нешта асаблівае. Пакінь бары на іншы раз, у гэты цябе чакаюць танцы да ўпаду пад адкрытым небам, перформансы, інсталяцыі ды кінапаказы. Усё гэта – на Loftas Festival.

Фестываль праходзіць у цэнтры Вільні ў клубе Loftas, які знаходзіцца ў цэхах былога завода радыёэлектронікі. На час фэсту клуб умоўна дзеліцца на тры зоны: Аўдыё з чатырма музычнымі сцэнамі, Віжуал з арт-сцэнай, галерэяй і начнымі кінапаказамі ды Урбан з вулічнай ежай, вінілавым маркетам і рэйвам да самай раніцы.

Хэдлайнерам першага дня фестывалю стане брытанскі электронны дуэт Metronomy, пад рытмы якога можна танчыць да дзірак на красоўках. Акрамя гэтага ў першы дзень распальваць публіку будуць латвійцы Carnival Youth ды літоўцы Garbanotas Bosistas.

У суботу, 8 верасня, на фестывалі абяцаюць рэйв да світання: на галоўнай сцэне будуць натхняць дыджэі з розных краін. Хэдлайнерам гэтага дня стане DJ Hell - родапачынальнік напрамка элетраклэш, які спалучае ў сабе элементы новай хвалі, панка і танцавальнай музыкі. Увогуле, на танцполе не засумуеш. Акрамя яго сэты адыграюць француз пад нікам DOP з сэтам электроннай музыкі, немец Christian Loffler, вядома, прадставіць тэхна. А яшчэ ты зможаш адарвацца пад румынскі электрапоп Goland і трып-хоп ад аўстрыйцаў 5K HD.

Дарэчы, на Loftas можна будзе выдатна адарвацца і пад ужо знаёмыя табе банды. Нароўні з Metronomy і зоркамі нямецкай тэхна-сцэны выступяць і беларускія гурты Super Besse, Weed & Dolphins і Бакей з Какорай. Увогуле, танцаваць на еўрапейскім фэсце пад беларускі клаўд-панк або колдвейв - больш не утопія.

У перапынках паміж дзікімі танцамі не забывай пра тое, што на фестывалі можна пацікавіцца арт-сцэнай, паглядзець кіно ноччу пад адкрытым небам ці ж прыдбаць адборны вініл на маркеце.

 

 

 Loftas Festival  – гэта дзве ночы выдатнай музыкі, гарадскога мастацтва і смачнай вулічнай ежы. Гасцей чакаюць чатыры музычныя сцэны, інсталяцыі, кінапрагляды, вінілавы маркет і танцы да світання. Больш інфармацыі знойдзеш вось тут.

 

Фота: з афiцыйнай старонкi Loftas Festival у FB

ООО «Ирвинга группа»
УНП 191751509

КАМЕНТАРЫ (1)

Slava Tsimoshchanka | 19.08.2018 13:11

> француз пад нікам DOP

их там трое, есть даже видос на сайте)

0 0
Piarshak Party #2

Piarshak Party #2

Другая сяброўская тусоўка ад музычнага праекта 34mag.

Squat Opening

Squat Opening

Фота- і відэарэпорт з грандыёзнага адкрыцця тэхна-клуба на Кастрычніцкай.

Новые альбомы: U.S. Girls, Rejjie Snow и Ryuichi Sakamoto

Новые альбомы: U.S. Girls, Rejjie Snow и Ryuichi Sakamoto

Яркая U.S. Girls, бодрые Fischerspooner и долгожданный Реджи – закрываем рабочую неделю топливным баком новых альбомов.

Графическое интервью с питерской группой «Увула»

Графическое интервью с питерской группой «Увула»

Что делать, если набухла увула, – расспрашиваем музыкантов накануне концерта.

Personal David

Personal David

Редакторка 34travel Маша Гулина – о концерте Depeche Mode, которого все ждали 15 месяцев.

Больше шума: история панк-сцены Бреста

Больше шума: история панк-сцены Бреста

Главные фигуры и этапы DIY-хардкор-движения в городе, где «все на месте».

Как выбрать портативную колонку за 50$, 150$ и 300$?

Как выбрать портативную колонку за 50$, 150$ и 300$?

Разбираем, что следует учитывать при выборе главного атрибута карманной вечеринки.

Як Weed & Dolphins ездзілі на MENT у Любляну

Як Weed & Dolphins ездзілі на MENT у Любляну

Інсайдарскі рэпорт з першага еўратрыпу беларускіх клаўд-панкаў.

Гід па стылі: афрабіт(с)

Гід па стылі: афрабіт(с)

Распавядаем пра музычны трохкутнік, вуглы якога раскінуліся ў Гане, Нігерыі і Брытаніі.