На YouTube выйшаў лайв беларускага электроншчыка Pocket Rave
Pocket Rave адыграў амаль 1,5-гадзінны сэт ў жанрах гіпнотык-тэхна, брэйкбіт і эксперыментальны IDM у драўляным купале, які ўласнаруч сабраў для DJ-сцэн беларускіх фэстаў Letucień і Varušniak. Цяпер канструкцыя стане сімвалам лайваў The Dome.
Выступ менчука Pocket Rave, які цяпер базуецца ў Кракаве, – першы ў серыі. У яго ўвайшлі трэкі, над якімі музыкант працаваў каля двух гадоў. Здымалі ў PROPS Studio, сцэнаграфічнай майстэрні ў прамзоне Кракава, дзе фарбуюць і выпілоўваюць рэквізіт для тэатра і кіно.
«Калі я нарэшце сабраў апошнюю секцыю купала, я зразумеў, што гэты праект стаў працягам маёй музычнай ідэі: бярэш матэрыял з фізічнага свету, дадаеш час і натхненне, і ў выніку атрымліваецца нешта з сусвету мар», – кажа Pocket Rave, які ў сваім крафтавым імпэце натхняўся дзіцячым успамінам пра шкляны геакупал з брытанскага тэлешоу The Crystal Maze.
