Сёння памёр легендарны беларускі дызайнер, графік, фатограф, паэт і перакладчык, аўтар «Народнага альбома» Міхал Анемпадыстаў – паведаміла яго жонка Алена «Радыё Свабода». Стваральніку беларускай рок-паэзіі было 53 гады.
У ноч на 23 студзеня Міхал Анемпадыстаў быў дастаўлены ў лякарню ў крытычным стане з дыягназам «інсульт». Выратаваць жыццё вядомага беларуса лекары не змаглі.
Музычны журналіст Сяргей Будкін трымае сувязь са сваякамі Міхала і прапануе ў сваім Facebook: «Хто жадае рэальна дапамагчы ў зборы грошай на пахаваньне, набірайце, калі ласка, мяне ў самы бліжэйшы час».
Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года ў Менску. Ён вядомы як дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст, выкладчык. Песні на вершы Анемпадыстава выконвалі N.R.M., «Новае Неба», Зміцер Вайцюшкевіч, IQ48 і іншыя. Таксама ён перакладаў польскія рок-хіты для беларускіх выканаўцаў, ствараў вокладкі для музычных альбомаў. Многім Міхал Анемпадыстаў вядомы ў першую чаргу як аўтар культавага «Народнага альбома».
Партал TuzinFM зрабіў падборку топ-12 песен Міхала Анемпадыстава.
Фотa nn.by