Заводскія байкі

Пасля сканчэння ўніверсітэта маладая спецыялістка, як гэта бывае, трапіла па размеркаванні на завод. Працоўныя ўмовы – далёка ад нармалёвых, сутнасць працы – часта незразумелая, але дзяўчына не разгубілася і пачала запісваць усю дзіч на аўдыя. У новым выпуску «Іншых гісторый» – хорар-дакументалка пра тое, што адбываецца на заводзе, пакуль мы замаўляем «альтэрнатыву» ў кавярнях «трэцяй хвалі».

 

 

 

 Стваральніца аўдыядакументалкі:

Пра маё размеркаванне на завод я даведалася за тыдзень да абароны дыплома. Пару месяцаў да гэтага я знаходзілася ў падвешаным стане: патэнцыйны працадаўца не даваў дакладнага адказу аб працаўладкаванні. І, абараніўшы сваю дыпломную работу, у элегантнай сукенцы і на абцасах я панесла дакументы на завод. Было памылкай апранацца так кідка: вахцёркі не жадалі пускаць мяне на тэрыторыю, рабацягі-ваўкалакі нешта шыпелі ўслед, чаравічкі зляталі з ног ад кожнага кроку па раздзяўбаным асфальце. З першых хвілін стала відавочна, што людзі прыходзяць сюды пакутаваць, – і на працягу года гэтае адчуванне толькі мацнела.

Першы месяц я шчыра не разумела, у чым заключаецца мая праца. Іерархія начальнікаў раздавала ўказанні, што ніякім бокам не тычыліся маёй даволі вузкай спецыяльнасці. І ў нейкі момант я злавіла сябе на тым, што разам з такімі ж размеркаванцамі гладжу абрусы ў сталовай напярэдадні ўрачыстага прысвячэння ў маладыя спецыялісты. Толькі не прасам, а проста вадой. Нас прымушалі вучыць гімн прадпрыемства, даваць клятву заводу, удзельнічаць у спартакіядах і турзлётах, быць масоўкай на нейкіх БДСМных мерапрыемствах (беларуская мова значна дакладней перадае сутнасць «БРСМ»). Гэта ўсё нагадвала трагікамедыю, толькі незразумела, для чаго быў аркестр.

«Вы тут усе рабы на гэтыя два гады размеркавання», – аднойчы сказаў маёй каляжанцы чалавек, які ў дакументалцы фігуруе пад імем Чыхуахуа. Ён нават не хаваў свайго захаплення. Рабамі былі не толькі мы: кладаўшчыцу пазбавілі прэміі за распіцце гарбаты ў недарэчны час, за пазапланавае курэнне інжынера звольніў асабіста дырэктар. Мы павінны былі жыць па строгім раскладзе, вось толькі сапраўднай працы ў графіку амаль і не было.

Гэта гісторыя пра людзей, якія затрымаліся ў мінулым і ўпарта не жадаюць даганяць час.

 

Дзякуй кампаніі Hindenburg Systems за прадастаўлены аўдыясофт.

 

 

Астатнія дакументалкі шукай тут.

 

Джынгл by Антон Сарокін
 

КОММЕНТАРИИ (3)

Sasha
Sasha | 18.01.2017 16:23

Это шедевр

7 0 +7
zina
zina | 6.01.2017 22:41

Клас, клас, клас! Дзякуй!!!!!!

9 0 +9
kashagrechka
kashagrechka | 31.12.2016 22:12

неверагодна крута!

13 0 +13