Перад запускам праекту «Іншыя гісторыі», прысвечанага стварэнню дакументальных аўдыяпадкастаў, распавядаем пра кардынальна новы для Беларусі медыяжанр і яго шалёную папулярнасць у астатнім свеце.
Напярэдадні Хэлоўіна 1938 года ў эфіры амерыканскай радыёстанцыі CBS прагучала пастаноўка «Вайна светаў» па аднайменнаму раману вядомага фантаста Герберта Ўэлса. Радыёспектакль выглядаў як серыя экстранных паведамленняў пра напад марсіян на Нью-Джэрсі, пасля чаго было аб’яўлена ваеннае становішча, сувязь перарвалася і ў эфір скрозь перашкоды прабіўся адчайны радыёаматар у пошуках хоць каго-небудзь жывога. Слухачы настолькі паверылі ў рэальнасць сюжэта, што больш за мільён з іх у паніцы пачалі збіраць пажыткі і валіць на захад.
Канешне, цяпер, калі нас адначасова атачаюць столькі дэвайсаў, экспірыенс ад праслухоўвання радыё не будзе такім цэльным, але ўсё ж такі яно, як ніякае іншае медыя, запрашае нашае ўяўленне адчыніць рыпучую дзверцу ў Нарнію гаманлівых вобразаў. Чым і карыстаюцца аўдыядакументалкі. Дык што ж гэта такое?
Аўдыядакументалістыка, або feature, – гэта нон-фікшн радыёжанр, які працуе на стыку радыёспектакля, дакументальнага кіно і журналісцкага рэпартажу. Для аўдыядакументаліста галоўнае распавесці з дапамогай гуку гісторыю, а якім чынам – тут ужо за стырно сядаюць уяўленне і законы драматургіі. Балазе акустычных сродкаў хапае: голас наратара, герояў, гукі крокаў, машын, гоман лесу, вадаспаду – гэта як канструктар: ты заплюшчваеш вочы і ўяўляеш, што чутна разам з голасам расказчыка і чаму гучыць мерная паўза пасля шакуючай заявы героя.
Звычайна дакументалкі асвятляюць складаныя тэмы, моцна зацягнутыя ў гордзіеў вузел, таму падзеі раскрываюцца з розных бакоў, слова даюць відавочцам, родным, сябрам, ворагам, па магчымасці – усім. А слухач ужо пільна сочыць за дэталямі і эмацыйна перажывае тэмбр апавядання. Любімыя тэмы прадзюсараў аўдыядакументалак – прыродныя катастрофы, гучныя забойствы, палітычныя працэсы, баёпікі. Тэмп – звычайна павольны, праграма можа цягнуцца ад дзесяці хвілін да дзвюх гадзін. Але, як кажуць, калі ў выпуску ёсць добры саспіенс, не заўважыш, як пераробіш усе хатнія справы пад сюжэтныя хітрыкі.
Слухаем аўдыягісторыю ірландскіх валанцёраў, якія ўжо амаль 20 гадоў дапамагаюць Чэрвеньскаму дзіцячаму дому-інтэрнату.
Філасофская аўдыяпрыпавесць пра ваўка, пра людзей, якія яго захоўваюць, і пра людзей, якія яго забіваюць.
Аўдыядакументальная гісторыя з першых вуснаў маладой дзяўчыны, якая перажыла анкалогію, але не страціла смак жыцця.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.