Крытычна ведаць

 
29 красавіка ў Менску прадстаўнікі праваахоўных органаў разагналі акцыю «Крытычная маса». Наступным днём на двух раварыстаў завялі крымінальныя справы паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных спраў». Ім пагражае да 6-ці гадоў пазбаўлення волі. Мы выказваем салідарнасць з удзельнікамі «Крытычнай масы», адносна справаў якіх у гэтыя дні праходзяць судовыя разбіранні, а разам з тым успамінаем правілы роварнага руху на беларускіх дарогах.
 
 
Дзе можна ехаць на ровары?

 На ровары ты можаш ехаць па роварнай сцежцы, калі яе няма – па ўзбочыне, ходніку ці пешаходнай сцежцы. Калі і гэтага няма, ты можаш рухацца па дарозе, але не выязджаць на праезную частку далей за 1 м ад яе правага краю.

 Сітуацыю з роварамі на дарозе каментуе Павел Гарбуноў з «Менскага роварнага таварыства»: «Правілы дыктуюць, што пры адсутнасці магчымасці рухацца па ходніку, пешаходнай сцежцы ці ўзбочыне дапушчальны рух раварыстаў па праезнай частцы дарогі не далей за 1 м ад яе правага краю. Але сам тэрмін «немагчымасць рухацца» ніяк не раскрываецца. У горадзе ёсць некаторыя абазнаныя раварысты, якія ведаюць, што змогуць адстаяць сваю пазіцыю перад ДАІ. Але 99 % менчукоў з роварамі ўсё ж такі абіраюць ехаць па ходніках. У правінцыі трошку прасцей, бо самі працаўнікі ДАІ ведаюць сітуацыю на дарогах і з разуменнем ставяцца да раварыстаў. Пазіцыя нашага таварыства палягае на тым, што менавіта сам раварыст мусіць вырашаць, дзе бяспечней рухацца для яго, пешаходаў і астатніх удзельнікаў дарожнага руху. Мы змагаемся за тое, каб існую версію ПДР перагледзелі згодна з агульнасусветнымі стандартамі».

 

 

Як рухацца па пешаходнай сцежцы?

  Не стварай небяспекі для пешаходаў: не віхляй на хуткасці, трымайся бліжэй да праезнай часткі, асцярожна едзь побач з дзецьмі. Будзь ветлівы і дзякуй пешаходам, якія саступаюць дарогу.

 

 

Як рухацца па праезнай частцы дарогі?

  Калі на дарозе ўзнікла перашкода, ты маеш права аб’ехаць яе, выехаўшы далей за 1 м ад правага краю праезнай часткі. У дазволеных выпадках можна паварочваць налева ці разварочвацца.

 

 

Як ехаць уначы?

  У цёмны час сутак запальвай спераду і ззаду ровара ліхтарыкі. Пярэдні ліхтарык трэба нахіліць трохі долу, каб не сляпіць пешаходаў ды іншых раварыстаў.

  На праезнай частцы спераду трэба ўключаць белы ліхтар, ззаду – чырвоны.

 

Як мінаць пешаходны пераход?

  Калі ты пераязджаеш дарогу па пешаходным пераходзе, трэба злезці ды везці ровар побач з сабой.

 

 

Як ехаць з сябрамі?

  Па праезнай частцы можна ехаць групаю да 10 чалавек. Калі вас болей – трымайцеся адлегласці не меншай за 100 м паміж групамі.

 

 

На якім ровары можна ехаць па горадзе?

  На любым, калі ён спраўны, то бок: калі спраўна працуе тармазная сістэма, рулявое кіраванне і гукавы сігнал, напампоўка шынаў у норме, калодкі прыдатныя, сядло роўна і надзейна замацаванае на адпаведнай вышыні, перадачы пераключаюцца плаўна, без высілкаў.

 

 

Як рухацца на скрыжаваннях?

  На скрыжаваннях дзейнічай згодна са звычайнымі правіламі прыярытэту.

 

 

Ці можна ехаць на ровары, выпіўшы?

  Не, нельга!

 

 

Што яшчэ нельга рабіць на ровары?

  Адпускаць руль і здымаць ногі з педаляў.

  Паварочваць налева і разварочвацца на шматпалоснай дарозе ці на дарозе, дзе ходзяць трамваі.

  Ехаць па снезе і галалёдзіцы.

  Правозіць пасажыраў і грузы большыя на 0,5 м за габарыты ровара. Дзяцей да 7-мі гадоў можна перавозіць толькі на адмыслова абсталяваным дадатковым сядзенні.

  Рухацца па аўтамагістралі.

  Карыстацца тэлефонам без гарнітуры хэндз-фры.

 

 

Для абазначэння манеўру карыстайся сігналамі:

  Спыненне – паднятая ўверх рука. Паварот ці перастраенне направа – выцягнутая правая рука, налева – выцягнутая левая.

 

 

Што мне пагражае за парушэнне правілаў дарожнага руху?

  Можаш атрымаць папярэджанне ці штраф ад 1-ой да 3-ох базавых велічыняў, то бок ад Br 210 да 630 тыс.

 

 

Што такое «Крытычная маса»?

  Апошнюю пятніцу кожнага месяца раварысты па ўсім свеце масава выязджаюць на вуліцы свайго гораду, каб папулярызаваць роварны транспарт, звярнуць увагу на хібы транспартавай палітыкі, экалагічнай сітуацыі, а таксама дамагчыся ўзаемнай павагі на дарогах. «Крытычная маса» ўзнікла ў Сан-Францыска больш за 20 гадоў таму. У Менску першы велапрабег адбыўся ў 2004-ым.

 

 

Што я магу зрабіць, каб падтрымаць затрыманых раварыстаў?

  Па-першае, у сацыяльных сетках цяпер праходзіць акцыя. Ты можаш зрабіць фота з роварам і плакатам «Я таксама крытычная маса» і выкласці яго ў свае сеткі з хэштэгам #ятожекритическаямасса.

  Па-другое, ты можаш распаўсюджваць інфармацыю пра выпадак па сваіх каналах. Важна, каб пра яго даведалася як мага больш людзей не толькі ў Беларусі, але і па-за межамі.

  Калі ты рэпрэзентуеш арганізацыю ці грамадскую ініцыятыву, можна далучыцца да заявы экалагічнай супольнасці ў сувязі з разгонам «Крытычнай масы» і затрыманнем яе ўдзельнікаў праз імэйл greenbelarus@gmail.com.

 

 

Карысныя спасылкі:

Чаму актывістам і ўдзельнікам «Крытычнай масы» пагражае зняволенне да 6 гадоў? Аналіз сітуацыі.

«Менскае роварнае таварыства»

  Роварная мапа Менску

  8 цікавых веламаршрутаў Еўропы

  У падтрыхтоўцы артыкулу мы карысталіся матэрыяламі «Дапаможніка раварыста», створанага моладзеваю суполкай «Фаланстэр». З яго ты таксама даведаешся, што рабіць, калі трапіў у ДТЗ праз віну будаўнічай арганізацыі; як можна правозіць ровар у грамадскім транспарце; як паводзіць сябе, калі цябе спыняе ДАІ; як абараніць сябе ад крадзяжу; спасылкі на веласуполкі ў рэгіёнах і шмат што іншае.

 

 
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу юрыстцы, каардынатарцы прававой службы таварыства «Зялёная сетка» Марыне Дубінай.
 
 

Ілюстрацыя by Sheeborshee

 


КОММЕНТАРИИ (2)

Maria
Maria | 23.05.2016 23:15

Па снезе ехаць можна. Падчас снегападу нельга.

1 0 +1
Алексей
Алексей | 22.05.2016 20:07

Велосипедство как заскок и социальная проблема. streithahn.livejournal.com/168815.html

(продолжение) streithahn.livejournal.com/169173.html

0 4 -4