Мы пісалі пра крутыя ініцыятывы, якія робяць Беларусь краінай, у якой хочацца жыць. Сёння прапануем табе пяцёрку дзіўных праектаў ЕС, пра якія ты наўрад ці чуў(-ла) праз іх вузкую спецыфіку. Даследаванні графену, знішчэнне боепрыпасаў і эксперыментальнае агародніцтва – прыадкрываем завесу, пра што клапоціцца Еўрасаюз у Беларусі.
Тэрмін дзеяння: 01.10.2013 – 31.09.2022
Бюджэт: € 1 млрд
Бюджэт для Беларусі: € 46 600 у фазе праграмы фінансавання FP7, € 81 000 – у H2020 (да 31 сакавіка 2018-га)
«Флагманская ініцыятыва еўрапейскай камісіі “Графен”» (Graphene Flagship) – адзін з найбуйнейшых на сённяшні момант праектаў ЕС: на яго выдаткавалі рэкордны 1 мільярд еўра. Падтрымлівае групы навукоўцаў, раскіданыя па лепшых універах і лабараторыях свету, якія вывучаюць унікальныя якасці новага матэрыялу – графену – двухмерную мадыфікацыю вугляроду таўшчынёй у адзін атам. У 2010 годзе Андрэй Гейм і Канстанцін Навасёлаў атрымалі нобелеўку па фізіцы менавіта за вопыты з гэтым рэчывам, пасля чаго яго і сталі называць самым перспектыўным матэрыялам будучыні: кажуць, што праз дзесяць год толькі яго і будуць выкарыстоўваць у нана- і мікраэлектроніцы.
У Беларусі каманда навукоўцаў працуе над графенам у Інстытуце ядзерных праблем БДУ, іх вузкая мэта – стварыць з графену структуру, якая зможа служыць абаронай ад мікрахвалёвага апраменьвання. Пакуль што вынікі даследаванняў маюць тэарэтычны характар, пачытаць пра іх падрабязней можна тут. Дасягненні з іншых краін праект рэгулярна публікуе ў штогадовых справаздачах.
Праект можна назваць сапраўды еўрапейскім: звярні ўвагу на раздзел Women in Graphene: там менеджары ўважліва лічаць кожную жанчыну, якая працуе на іх, а сёння гэта 392 асобы (ці 28% ад усяго стафу).
Варта заўважыць, што «Графен» – адкрыты праект. Калі ты непрызнаны геній фізічных навук і ведаеш пра графен болей, чым іншыя, можаш пачаць з падачы заяўкі на канферэнцыю Graphene Week, якая адбудзецца ў верасні, – так можна стаць часткай сусветнага праекта. Да таго ж ад праекта можна атрымаць даследчыцкі грант ці ўвогуле махнуць працаваць у адну з лабараторый, хаця б у той жа Кембрыдж. Карацей, палі, свет штурхаюць актыўныя!
Тэрмін дзеяння: 01.01.2012 – 30.09.2016
Бюджэт: € 7,1 млн (унёсак ЕС – € 6 млн)
Праект па знішчэнні састарэлых пестыцыдаў праводзіўся ў Беларусі супольна Мінпрыроды і Харчовай сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН і скончыўся літаральна пару месяцаў таму, але, хутчэй за ўсё, будзе мець новы этап.
Падчас існавання Савецкага Саюза сельская гаспадарка існавала па ўласных законах, не набліжаных да экалагічных ідэалаў, збольшага праз актыўнае выкарыстанне розных дадаткаў, то-бок пестыцыдаў. Адкіды, якія застаюцца пасля, – гэта як маленькі лакальны Чарнобыль для раслін, глебы і нават людзей.
У Беларусі доўгі час гэтыя адкіды захоўваліся на складзе ў вёсцы Мізгіры ў Гродзенскай вобласці – можаш уявіць, які там экалагічны фон. На складзе перад пачаткам праекта захоўвалася каля 300 тон старых пестыцыдаў. На працягу рэалізацыі прыкладна палову з іх вывезлі на спецыяльны знішчальны завод у Францыю, астатнюю частку перавезлі ў склад на Навагрудчыне, нібыта больш надзейны і экалагічны. Каманда праекта таксама распрацавала шэраг рэкамендацый для дзяржаўных устаноў Беларусі, якія будуць займацца праблемай далей. Усяго на тэрыторыі Беларусі да гэтага часу знаходзіцца больш за 10 000 тон непрыдатных пестыцыдаў.
Тэрмін дзеяння: 8.02.2011 – 08.03.2018
Бюджэт: € 3,9 млн
За ўвесь час незалежнай Беларусі мы так і не паспелі развітацца з савецкай спадчынай, асабліва што тычыцца збройнай і ваеннай справы. ПФМ-1 – так называюцца проціпяхотныя фугасныя міны «Пялёстак», якія былі таленавіта скапіяваны савецкімі інжынерамі з амерыканскіх Blu-43/B aka «Зуб дракона».
Беларусь у 2004-м ратыфікавала Атаўскую дамову, згодна з якой трэба знішчыць 3,4 мільёна «пялёсткаў», якія знаходзіліся на нашай тэрыторыі. Тады на 3,9 мільёнаў еўра, выдзеленых Еўрасаюзам, з дапамогай іспанскай кампаніі Expal пад Рэчыцай пабудавалі цэнтр для ўтылізацыі мін. Тэхналогія, па якой яны знішчаюцца, называецца «халодная дэтанацыя». Тут можаш паглядзець інфарматыўны відос ад «АНТ», каб разабрацца ў тэхналогіі, але сутнасць яе менавіта ў бяспечнасці працэсу – для людзей і наваколля. Праект скончыцца ў сакавіку 2018-га, калі ў краіне не застанецца ніводнага «пялёстка».
Тэрмін дзеяння: 01.12.2014 – 30.11.2018
Бюджэт: € 5,5 млн
Еўрасаюз хоць і часта абвінавачваецца ў пэўнай долі бюракратызму, але мае паперкі і планы дзеянняў на кожную жыццёвую сітуацыю, у тым ліку і тады, калі здарыцца які-небудзь татальны гамон. Сярод такіх дакументаў – Механізм грамадзянскай аховы ЕС, дзе апісана, якім чынам будуць дзейнічаць еўрапейскія краіны ў выпадках прыродных і тэхнагенных катастроф (і як будуць дапамагаць іншым краінам у такіх выпадках).
Пакуль што праца праекта носіць больш тэарэтычны характар. Напрыклад, для кожнай краіны напісаныя вось такія рэкамендацыйныя планы на выпадак форс-мажораў. Таксама хутка будзе створана база дадзеных, дзе можна будзе маніторыць патэнцыйную небяспеку ў розных рэгіёнах.
За апошнія два гады 79 супрацоўнікаў МНС з’ездзілі на адукацыйныя семінары ў Еўропу, а да канца 2017-га ўдзельнікаў праекта чакаюць вельмі прыбліжаныя да рэальнасці вучэнні EU MOLDEX. Так што будзьма напагатове!
Тэрмін дзеяння: 01.11.2013 – 31.10.2016
Бюджэт: € 335 тыс, унёсак ЕС – € 300 тыс
Хоць чарнобыльскі рэактар і накрылі «капелюшом», прырода Беларусі ўсё яшчэ пакутуе ад наступстваў катастрофы. Сярод такіх рэгіёнаў і Століншчына, дзе існуюць праблемы не толькі з сельскай гаспадаркай, але і з працоўнымі месцамі.
Мясцовыя жыхары падышлі да пытання рашуча, атрымаўшы згоду і падтрымку ЕС, і стварылі «Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна». Дзякуючы праграме кожны мог падаць заяўку на правядзенне эксперыментаў з вырошчваннем гародніны і садавіны, якая б добра існавала ў экалагічных умовах раёна. Удзельнікі праекта ездзілі за мяжу на адукацыйныя семінары, праводзілі ўласныя распрацоўкі, выдавалі інфармацыйныя бюлетэні і паўнавартасныя справаздачы. Праектаў было шмат: ад арашэння кроплямі і ацяплення глебы да апылення таматаў чмялямі. І хай тое падаецца крыху наіўным, але, можа, гэтыя эксперыменты трохі наблізяць нас да вырашэння харчовага пытання ў свеце/
Лиза – про новый проект и свою жизнь в 2019 году.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
У Браславе на грошы ЕС праведезена рэканструкцыя і закуплена нейкая абсталяванне (шафы і г.д.), Гульнявая пляцоўка на стадыёне гораду таксама зроблена за сродкі ЕС.
Сядзіба Агіньскага таксама адноўлена за грошы ЕС