«ZERNO» – выстава пра рост калектыўнай самасвядомасці
- Рубрыка: УЛОЎ
- 03.08.2020
- 5348
3 жніўня ў 19:00 у менскай кавярні «Зерне» на Незалежнасці, 46, адкрываецца выстава пра рост калектыўнай самасвядомасці.
У выставе «ZERNO» бяруць удзел сем мастакоў і мастачак: Аляксандр Адамаў, Ганна Бярозка, Раман Камінскі, Дзіна Лявонава, Маша Мароз, Яўген Шпет, Марыя Шумер. Сваімі творамі яны спрабуюць пераасэнсаваць «вобраз-Мы», што з кожным днём усё выразней малюецца ў свядомасці беларусаў. Іх глабальная задача – распавесці аб тым, як фармуецца калектыўная культура ўнутры аднаго пакалення, паказаць тое зерне, з якога ўсё пачынаецца.
Канцэпцыя «ZERNO» была прадыктаваная воплескам зацікаўленасці і ўцягнутасці ў жыццё сваёй краіны з-за сусветнай пандэміі COVID-19 і палітычнай актыўнасці. Куратарам выставы выступіла каманда анлайн-часопіса пра сучаснае мастацтва Chrysalis Mag. «На наш погляд, аналіз і пераасэнсаванне падзей і з'яў, якія сталі прычынай нашых трансфармацый і паўплывалі на нашу “беларускасць”, змогуць у будучыні дапамагчы нам адчуваць сябе часткай адзінага цэлага. Бо самасвядомасць не дадзенасць, уласцівая чалавеку, а прадукт развіцця», – кажуць арганізатары. І падкрэсліваюць, што менавіта ў крызісныя часіны прыходзіць асэнсаванне адзінства як народа.
Мастакі ўзяліся за тэму з розных бакоў і абралі розныя фарматы. Так, Аляксандр Адамаў зладзіў інсталяцыю «Асцярожна, слізкая падлога», каб кожны(-ая) наведвальнік(-ца) выставы мог (магла) адчуць той сумнеў, які ахоплівае чалавека пры ступленні на нейкі шлях. Акрамя інсталяцый, абяцаюць жывапіс, калаж, графіку, фота і відэа. Усё можна будзе купіць.
Адкрыюць выставу на свежым паветры ля ўваходу ў «Зерне». Каманда Chrysalis Маg нагадвае, што COVID-19 нікуды не знік і правілы бяспекі ды сацыяльнай павагі важна выконваць па-ранейшаму пільна.
Выстава «ZERNO» працягнецца да 17 жніўня. Часы працы: пн-пт – 7:00 – 22:00, сб-ндз – 9:00 – 22:00.
Яўген Шпет
Ганна Бярозка
Раман Камінскі