«Надзея лунае ў паветры»: валанцёры на перадвыбарах – пра матывы і спадзяванні

  • 11.06.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 4325

Беларусы даўно не цікавіліся выбарамі настолькі, каб выстройвацца ў чэргі на пікетах патэнцыйных кандыдатаў. Узрушанасць адчуваецца не толькі ў Facebook, але й на маркетах гародніны. Свой кандыдат з’явіўся нават у тых людзей, якія яшчэ ўчора знаходзіліся ў бестэрміновай ссылцы ў персанальную ўнутраную Манголію,  адварочвалілся ад палітыкі як ад нечага бязглуздага ці парнаграфічнага. Што сёлета стымулюе беларусаў схапіць падпісныя аркушы ды «пайсці ў народ»? Распыталі рабят, якія ўпершыню ўзяліся за збор подпісаў ды іншую дапамогу, пра тое, чаму яны не абралі бок скептыкаў, якія заклікаюць байкатаваць выбары, і на што ўскладаюць свае асабістыя надзеі.

 

 Карына Сітнік 

дырэктарка турыстычнай кампаніі

– Я не магу паверыць, што ўсё маё свядомае жыццё прайшло пры адным прэзыдэнце. Але чым даўжэй мы застаемся на месцы, тым шчыльней ўмацоўваецца існуючы рэжым, і сітуацыя становіцца ўсё больш і больш «стабільнай». Трэба кінуць сваю пясчынку ў пустыню, каб у гэтай краіне нешта памянялася. І зараз я выбіраю тактыку пасільнага ўдзелу, якая не шкодзіць майму уласнаму жыццю і маім родным.

Першыя і апошнія выбары, на якіх я галасавала, былі ў 2010 годзе. Тады я, хутчэй, выбірала найлепшыя з наяўных варыянтаў, аддаць перавагу на 100% было няма каму. Калі здарылася Плошча 2010-га, я вучылася на другім курсе, і мне было страшна, таму я не пайшла. Але мне здаецца, калі б не было Плошчы, то цяпер у плане надзеі ўсё было б яшчэ горш. Вулічныя акцыі даюць зразумець, што мы – народ і што мы можам згуртавацца для дасягнення агульнай мэты. Хай нічога не атрымаецца з першага разу, але атрымаецца з другога ці трэцяга. Абавязкова атрымаецца, гэта проста пытанне часу. А пад ляжачы камень вада не цячэ.

Раней людзей суправаджала пачуццё асуджанасці і бязвыхаднасці, а цяпер надзея лунае ў паветры. Кожны чалавек, які ставіць подпіс кажа: «спадзяюся на лепшае», «спадзяюся, што ў гэты раз усё атрымаецца». Адчуваецца энтузіязм, хоць многія падпісваюць з асцярожнасцю – бачна, што ў нас яшчэ не прыжыўся інстытут свабоды волевыяўлення.

 

 

 Яўген 

валанцёр

– Тыдзень я сачыў за тым, як фармаваліся ініцыятыўныя групы розных кандыдатаў у кандыдаты, але сам пайсці не рашаўся, бо разумеў, што не змагу надаваць вельмі шмат часу збору подпісаў. Потым стала зразумела, што ў камандзе майго кандыдата не так шмат людзей, калі параўноўваць з іншымі прэтэндэнтамі, і сабраць неабходную колькасць подпісаў, улічваючы яшчэ і сітуацыю з пандэміяй, будзе задачай вельмі складанай. У выніку проста захацелася дапамагчы хоць чымсьці. Звязаўся з рабятамі з ініцыятыўнай групы, і ўсё неяк само сабой пачалося. Дапамагчы ўсталяваць пікет, даць аб'явы ў сацсетках пра тое, дзе людзі могуць пакінуць подпіс...

Вельмі шмат людзей, з якімі мне давялося пагутарыць, цяпер хочуць, каб хоць штосьці змянілася. Гэта абсалютна нармальна. Любое грамадства з часам праходзіць пэўную трансфармацыю, любое грамадства паступова змяняецца, з'яўляюцца новыя інтарэсы, запыты. І многія вераць, што іх пачуюць.

Перш за ўсё трэба зразумець, што ты грамадзянін сваёй краіны і на табе ляжыць пэўная грамадзянская адказнасць. А раптам менавіта сёлета твой голас стане вырашальным для таго, як мы далей будзем развівацца? Выдаткаваць паўгадзіны, каб паставіць галачку? Чаму не? Тыя, хто будуць лічыць галасы, прыслухаюцца да запытаў грамадства. Яны таксама частка гэтага грамадства, якое праходзіць пэўную трансфармацыю, і многія з іх таксама хочуць чагосьці новага. А раптам гэта адбудзецца цяпер?

 

 

 Ксенія Галубовіч 

фатографка, рэжысёрка

– Я ніколі не хадзіла на выбары і ні за каго не падпісвалася. Толькі сёлета з'явіўся чалавек, якога захацелася падтрымаць і які, я веру, можа выцягнуць краіну з дупы.

Мне не важна, якім сцягам чалавек махае (важна, каб не расійскім, вядома, ці яшчэ што горш). Я ў прынцыпе не пайду за чалавекам, які проста махае сцягам і крычыць, але не можа нічога сказаць. Мне спадабалася інтэрв’ю Дзмітрыя Дашкевіча «Радыё Свабода», дзе ён сказаў: добра, што ў мінулыя гады апазіцыя не прыйшла да ўлады. За апошнія дні я ўбачыла столькі расісцкіх пастоў і каментароў ад нашых тыпу нацыяналістаў у сувязі з амерыканскімі падзеямі, што мне стала страшна. Яны нешта зусім не тое хочуць будаваць. Хоць, вядома, не ўсе нацыяналісты такія.

«Я ў прынцыпе не пайду за чалавекам, які проста махае сцягам»

З 2010 года вырасла яшчэ адно пакаленне. Гэта зусім іншыя людзі, яны шмат чаго бачылі, шмат куды ездзілі, яны ведаюць, чаго хочуць. І не проста могуць сказаць «Жыве Беларусь!», а разумеюць, у якой краіне яны хочуць жыць. Але наогул цяпер усё надакучыла абсалютна ўсім. Я прыходжу купляць памідоры, а прадаўшчыцы бурна абмяркоўваюць, як усе звар'яцелі прымушаць падпісвацца за Лукашэнку. Я саджуся ў таксі, і таксіст кажа аб тым жа. Здаецца, і ў пажылых людзей меркаванне таксама змянілася.

Напэўна, выбары не будуць сумленнымі, і думаю, што будзе Плошча. Але, напэўна, гэта будзе выглядаць інакш, таму што я не ўпэўненая, што ўсе вайскоўцы і міліцыя (асабліва пасля гісторыі з каронавірусам: у іх захварэла шмат людзей) адназначна падтрымаюць нейкі бок. Усё будзе залежаць ад колькасці людзей, якія выйдуць на вуліцу.

Мне пакуль проста падабаецца, што людзі ўпершыню, напэўна, у гісторыі Беларусі адчуваюць такую вялікую салідарнасць.

 

 

 Юлія Іванчыкава 

спецыялістка па маркетынгу

– Мне здаецца, сёлета мы падыходзім да выбараў з іншым эмацыяналам. У 2010-м была злосць, у 2015-м мы адчувалі безвыходнасць. Трэба было, і праўда, стаміцца ад усяго таго, што адбываецца. Цяпер мы паверылі ў сябе і ў свой голас, таму што з'явіліся кандыдаты, словам і досведу якіх хочацца верыць.

Занадта доўга мы думалі, што нічога не вырашаем. Але паглядзіце, як за апошнія дзесяць гадоў краіна, людзі, бізнэс зрабілі вялікі крок наперад. І гэта працягнецца, калі даць нам умовы, у якіх мы будзем рабіць дзякуючы, а не насуперак. Умовы, у якіх не будуць абражаць або зневажаць. Дзе будуць шанаваць твае здольнасці, мазгі і палаючае сэрца.

Мне падабаецца хваля палітычнай актыўнасці, якую мы самі і запусцілі. Я веру, што вялікая колькасць людзей з адной мэтай могуць яднацца са станоўчым вайбам і жаданнем ўсё змяніць. Без гвалту і агрэсіі, без правакацый. Разумна і разам.

Злосць і агрэсія – крайнія станы адчаю, у якіх цяжка прымаць правільныя рашэнні. Таму выдатна, што цяпер мы столькі ўсяго даведваемся пра механіку правядзення выбараў, удзельнічаем у зборы подпісаў самі або пакідаем свой подпіс за кандыдатаў. Цяпер нас гэта ні да чаго не абавязвае, але тое, з якім стараннасцю мы гэта робім, выклікае павагу і прымушае верыць у лепшае.

 

 

 Анастасія Шпакоўская 

артыстка

– У мяне заўсёды была актыўная грамадзянская пазіцыя: як чалавек творчы, музыка, паэт, актрыса, я ўдзельнічала ва ўсіх прыкметных сацыяльных з'явах у краіне. І цяпер я хачу паўплываць на лёс сваёй краіны.

Настроі на пікетах заражаюць аптымізмам і жаданнем прымаць актыўны ўдзел у гэтай перадвыбарнай кампаніі, таму што народ як ніколі адзіны. Калі раней нейкая бабуля ля метро заяўляла: «Лукашэнка наша ўсё», то цяпер я не бачыла ніводнага такога чалавека. Акрамя яўных правакатараў, якія падыходзяць і пачынаюць выкрыкваць нешта недарэчнае, што выкрыквае і сам дзеючы прэзідэнт.

Падпісваюцца людзі рознага ўзросту, рознага сацыяльнага статусу, розных прафесій. Акрамя заплаканых пажылых людзей шмат людзей ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў, якія выказваюцца цвёрда, нічога не баяцца, дзейнічаюць у рамках заканадаўства і разумеюць, што закон павінен іх абараняць. Пераважная большасць кажа: «Прыбярыце яго, калі ласка, зрабіце што-небудзь» – як быццам я не подпісы збіраю, а старшыня ЦВК.

«Галеча, бесперспектыўнасць, несвабода – гэта мы яшчэ цярпелі»

Мяркую, апошняй кропляй стала гісторыя з «ковідам». Нават «памяркоўныя» беларусы такога прыніжэньня, такога генацыду трываць не змаглі. Галеча, бесперспектыўнасць, несвабода – гэта мы яшчэ цярпелі, а калі аказалася, што здароўе і чалавечае жыццё не маюць ніякай каштоўнасці, гэта стала кропкай адліку. Цяпер мы наогул не разумеем, навошта нам ўлада, акрамя таго каб палохаць «майданамі» і вайной.

Варыянт з безграніччам не выключаны, але гэтае безгранічча будзе правакаваць толькі дзеючая ўлада. Я спадзяюся на яе здаровы сэнс – што, калі яна ўсвядоміць, якая большасць супраць, то ціхенька некуды падзенецца і мы будзем ў лёгкім здзіўленні. Вельмі разлічваю на гэты варыянт падзей, таму што сёлета людзі як ніколі цывілізавана яднаюцца, каб вырашаць пытанні мірным шляхам.

Зараз сапраўды важна змяніць існуючы рэжым, а не вышукваць «блых» у кандыдатаў. І важна максімальна актыўна прыняць удзел у выбарах (толькі не ў датэрміновым галасаванні), важна фатаграфаваць свае бюлетэні з кандыдатам, за якога прагаласавалі. Канстытуцыя 1996 года, якая была пераробленая ў дачыненні да выбарчага заканадаўства, не прадугледжвала інфармацыйных тэхналогій, якія ёсць цяпер, і гэта адзін з казыроў, якія я бачу ў 2020 годзе.

Фота: babariko.by, Юлія Іванчыкава