6 прыкладаў таго, як зоркі дапамагаюць актывістам

  • 22.06.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 6011

Вядомыя людзі нярэдка ўпісваюцца за добрыя справы, а паколькі да іх прыслухваюцца ўважлівей, чым да каго яшчэ, атрымліваецца, што кожнае слова з селебных вуснаў – на вагу ста. Такі сапорт можа быць вельмі каштоўным для актывісцкіх ініцыятыў: калі ў іх падтрымку зорка заспявае, напіша карціну або здыме відэазварот – рэпостаў набярэцца прапарцыйна колькасці фанбазы, а значыцца, агалоска атрымаецца на дзясятку-другую дэцыбелаў гучней.

 

Важна і тое, што вялікая колькасць людзей даведаецца не толькі пра праблему, але і пра людзей, якія займаюцца гэтай праблемай «на пастаянцы». Важна, што больш людзей будзе фолавіць не толькі зорку, але і тых, каго яна падтрымлівае. Таму, калі ты лідар(-ка) думак, то можаш зрабіць крок крыху далей за сваю інсту, а калі ты актывіст(-ка), то не засмучайся пашукаць «сваю» зорку. Вось табе да прыкладу нелькі калабаў любімцаў публікі і актывістаў.

 

 

 Музыкі заклікаюць гасіць святло 

 

 

У 2016 годзе папулярная ў свеце акцыя «Выключы святло на гадзіну – падумай пра планету» прайшла пры падтрымцы беларускіх музыкаў. «Зялёная сетка» зняла прома, у якім Леанід Паўлянок марыць, каб Зямлі «было камфортна з намі на борце», а Ілля Чарапко кажа, што «ў нас няма іншага дому». Праграму мерапрыемстваў вянчаў, дарэчы, канцэрт «Касіяпеі» – пры свечках.

 

 

 Віталь Гуркоў запрашае баксіраваць і вучыць мову 

 

 

Чэмпіён-тайбаксёр, а па сумяшчальніцтве ўдзельнік гурта Brutto Віталь Гуркоў не застаецца ўбаку ад таго, што адбываецца ў краіне, без лішніх эўфемізмаў выказваючыся ў сацсетках, а яшчэ ён рэгулярна ўпісваецца за мову ды родную культуру. Не толькі на ўзроўні промаролікаў, але і, напрыклад, майстар-класамі для слухачоў бясплатных курсаў «Мова нанова».

 

 

 Лепшыя людзі – на паштоўках у падтрымку ЛГБТ+ 

У 2016-м з нагоды International Day Against Homophobia And Transphobia (Міжнароднага дню супраць гамафобіі і трансфобіі) каманда квір-фестывалю DOTYK выпусціла серыю паштовак-постараў з партрэтамі знакамітых беларусаў і іх словамі ў падтрымку ЛГБТ-людзей. У праекце ўзялі ўдзел пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і паэтка Юля Цімафеева, тэлевядоўца Валярына Кустава, спявачка Руся, актрыса Юлія Шаўчук ды іншыя.

 

 

 

 Руся спявае супраць булінгу 

 

 

Група Shuma і кампанія памяці Мішы Пішчэўскага «Справа Пі_» запусцілі бестэрміновы флэшмоб #superparents, які прысвечаны ўзаемаадносінам бацькоў і дзяцей, праблеме цкавання і нянавісці ў адносінах да ЛГБТ-людзей. Кампанію падтрымалі кліпам на песню «Хмаркі», паклаўшы ў аснову сюжэта гісторыю трансгендарнай дзяўчыны Валерыі Шандэра з Менска. Валерыя паўдзельнічала ў здымках. Салістка Руся сыграла ролю школьнай псіхалагіні.

 

 

 Аляксандра Герасіменя – за плаванне для ўсіх 

 

 

Плыўчыха-чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя выйшла на вуліцы з мікрафонам, каб запытацца ў мінакоў, што яны ведаюць пра аўтызм і ці вераць у міфы пра людзей з разладамі аўтыстычнага спектру. Сюжэт выйшаў у падтрымку праекта «Спорт-інклюзія» ў супрацоўніцтве з МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі». Сэнс задумы: дзеці з аўтызмам могуць прапампоўваць сацыяльныя навыкі, калі будуць плаваць разам з аднагодкамі без РАС, а не ў «гета»-басейнах.

 


 
 Стынг – супраць смяротнага пакарання 

 

 

Падчас турнэ Symphonicity брытанскі спявак знайшоў хвілінку, каб сустрэцца з праваабаронцамі і падпісаць петыцыю за адмену смяротнага пакарання. У відэазвароце Стынг мовіў, што верыць у чалавечую годнасць і прапануе «пакласці канец жорсткасці». Пад гэтай жа петыцыяй БХК, «Вясны» і «Міжнародная Амністыі» падпісаліся пісьменнікі Святлана Алексіевіч і Уладзімір Арлоў, музыкі Лявон Вольскі і Уладзімір Пугач.

Фота: Лена Катушка