Няёмкія пытанні пра мужчынскае здароўе

  • 27.10.2026
  • Аўтар: 34mag
  • 106

Ці праўда, што вузкія штаны шкодзяць семені? Ці варта правяраць сэрца, калі «не стаіць»? Ці магчыма пасля зацяжнога порнамарафону вярнуць смак сэксу на дваіх? Мужчынскае здароўе авеяна міфамі і легендамі, але мы намагаемся расставіць некаторыя кропкі над «і». На пытанні 34mag ласкава пагадзілася адказаць кандыдатка медычных навук, рэпрадукталагіня ў варшаўскай клініцы Bocian Алена Новікава.

 

«Чаму мужчыны ў цэлым нібыта радзей абследуюцца? Іх здароўю не пагражаюць незаўважныя хваробы?»

Рэч не толькі ў саміх мужчынах, але і ў тым, як у нас наладжаная прафілактычная праца і асвятляюцца тэмы, звязаныя са здароўем. Напрыклад, усе мы добра ведаем, што да стаматолага трэба хадзіць мінімум раз на год. Жанчыны ведаюць, што раз на год ім варта наведваць гінеколага. Існуюць дзяржаўныя праграмы па прафілактыцы раку шыйкі маткі і раку малочнай залозы, таму па дасягненні пэўнага ўзросту жанчынам рэкамендуюць праходзіць прафілактычныя абследаванні. Падобных дзяржаўных праграм, спецыяльна накіраваных на барацьбу з чымсьці ў мужчын, няма. Вось і атрымліваецца, што жанчыны абследуюцца часцей за мужчын.

Між тым у мужчын таксама ёсць схаваныя пагрозы. Напрыклад, рак прастаты вельмі доўга працякае без якіх-небудзь сімптомаў, яны з’яўляюцца на позніх стадыях. Таму праграмы для мужчын па выяўленні раку прастаты, накіраваныя на групу рызыкі па ўзросце, дакладна не былі б лішнімі.

 

«Ці трэба рэгулярна рабіць спермаграму, каб прадухіліць праблемы з мужчынскім здароўем? Што ўключыць у мужчынскі чэкап?»

Мужчыну пасля 40 гадоў у якасці чэкапу мае сэнс раз на год рабіць УГД прастаты, здаваць аналіз на прастатспецыфічны антыген (ПСА) і правяраць узровень гармонаў шчытападобнай залозы, таму што ў беларусаў вельмі часта назіраецца схаваная паталогія гэтага эндакрыннага органа. Таксама можна дадаць сюды аналіз на ўзровень тэстастэрону.

А вось масава рабіць спермаграму не варта, паколькі яе паказчыкі вельмі моцна змяняюцца пад уплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Дастаткова, напрыклад, здаць спермаграму пасля саўны – і паказчыкі будуць дрэннымі. Таму ў якасці чэкапу яна не падыходзіць. А вось як першасны метад абследавання, калі пара не можа зачаць дзіця, – гэта на 100% неабходны метад.

 

«Як праходзіць спермаграма?»

1. Падрыхтоўка да аналізу: давядзецца захоўваць палавы спакой на працягу 3–4 дзён, адмовіцца ад курэння і алкаголю, выключыць усе цеплавыя працэдуры (лазня, саўна, гарачая ванна, падагрэў сядзенняў і г. д.). Лекар дасць усю неабходную інфармацыю.

2. Працэс: сперму збіраюць шляхам мастурбацыі ў спецыяльны кантэйнер. Як правіла, матэрыял здаюць непасрэдна ў клініцы, таму што для аналізаў ён павінен быць свежым, з актыўнымі сперматазоідамі.

3. Даследаванне: спецыялісты ў лабараторыі вызначаюць канцэнтрацыю сперматазоідаў, іх рухомасць, жыццяздольнасць, будову і іншыя параметры.

– Спермаграма – гэта нават не аналіз крыві, метад неінвазіўны, і ніякіх ускладненняў тут быць не можа. Каштуе яна даволі нядорага. Лабараторый, якія могуць правесці гэтае абследаванне, поўна, і ў большасці з іх у вас не запатрабуюць ніякага накіравання.

Саромецца тут абсалютна няма чаго. Па-першае, ніхто не даведаецца пра ваш аналіз – існуе медыцынская таямніца і правілы захоўвання персанальных дадзеных. Па-другое, у мастурбацыі няма нічога ганебнага: гэта ўсяго толькі метад, спосаб здачы матэрыялу. Па-трэцяе, гэта вельмі даступны метад. Часта пары, якія хочуць нарадзіць дзіця, прыходзяць з кучай аналізаў жанчыны, якой рабілі нават інвазіўныя працэдуры (напрыклад, шукалі схаваны эндаметрыёз з дапамогай лапараскапіі, гэта значыць справа дайшла да аперацыі), у той час як партнёр за ўсе гады пошукаў так і не здаў спермаграму. А ён, напрыклад, забыўся, што калісьці зрабіў вазэктамію, і цяпер у яго эякуляце адсутнічаюць сперматазоіды. Даведацца пра гэта было б вельмі проста, калі б ён здаў спермаграму.

 

«Хлопчыкаў часта палохаюць, што нельга насіць надта цёплыя штаны – маўляў, дзяцей не будзе. Колькі ў гэтым праўды? Што насамрэч уплывае на мужчынскае насенне?»

  Пераграванне. Якое заўгодна: падагрэў сядзенняў; нашэнне спецыяльнай спартыўнай бялізны для бегу ці язды на ровары; нашэнне цесных плавак і баксёраў, якія парушаюць адток крыві ад палавых органаў і, адпаведна, ствараюць мясцовую высокую тэмпературу; саўна, лазня, гарачая ванна; праца ў гарачым цэху – то-бок усё, што прыводзіць да павышэння тэмпературы. Прырода так уладкавала, што машонка вынесена вонкі для таго, каб сперматазоіды не пераграваліся. Унутры нас тэмпература вышэйшая за 37 градусаў, а такі «клімат» негатыўна адбіваецца на рухомасці сперматазоідаў.

  Вібрацыя і вытворчая хімія. Напрыклад, на якасці эякуляту можа дрэнна адбівацца праца на будоўлі, дзе часта моцна вібруе тэхніка. Могуць шкодзіць і фарбавальныя працы на СТА, і клінінгавыя задачы, дзе выкарыстоўваецца шмат рэагентаў.

  Працяглы перыяд устрымання. У перыяд, калі пара плануе цяжарнасць, сэксуальныя кантакты павінны быць не радзей за тры разы на тыдзень. Калі радзей – якасныя параметры падаюць, хоць і ўзрастае канцэнтрацыя сперматазоідаў.

  Алкаголь і курэнне. Параметры курца і чалавека, які не курыць, адрозніваюцца кардынальна – і па рухомасці, і па канцэнтрацыі, і асабліва па будове сперматазоідаў, па іх марфалогіі. Не мае значэння, што менавіта чалавек курыць: звычайныя ці электронныя цыгарэты. Чым даўжэй цягнецца перыяд курэння, тым горшымі будуць параметры ў спермаграме.

– Але мужчынам важна памятаць, што яны маюць велізарную перавагу: у іх сілах нібы павярнуць час назад. Калі пачаць весці здаровы лад жыцця, то з высокай доляй імавернасці параметры эякуляту вернуцца ў норму. У жанчын з яйцаклеткамі гэта так не працуе.

 

«Якія хваробы ўплываюць на якасць насення?»

  Генетычныя анамаліі. Сумарна чалавек можа мець нармальны набор храмасом, але бывае так, што адна храмасома перавернутая, альбо адбываецца перамяшчэнне кавалачкаў храмасомы, альбо іх пераварот, гэта значыць разнастайныя транслакацыі і г. д. Сюды ж – носьбіцтва манагенных мутацый, напрыклад носьбіцтва гена мукавісцыдозу. Нярэдка чалавек здаровы, у яго адзін ген нармальны, а другі – з паломкай, і тады ён можа мець вельмі зніжаныя параметры ў эякуляце.

  Цукровы дыябет. Калі мужчына ведае, што хварэе на цукровы дыябет, то гэта нагода здаць спермаграму.

  Інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППШ). Зразумела, што, напрыклад, хламідыёз паўплывае на параметры эякуляту не пазітыўным чынам.

  Перанесеныя з высокай тэмпературай дзіцячыя інфекцыі. Напрыклад, свінка (паратыт) таксама вельмі моцна адбіваецца на параметрах эякуляту.

  Перакручанае ў дзяцінстве яечка. Яечка – рухомы орган у машонцы, і ў хлопчыкаў гэта распаўсюджаная гісторыя. Пытанне ў тым, як хутка аказалі медыцынскую дапамогу. Калі яечка раскруцілі хутка, то далей параметры спермаграмы звычайна добрыя. Але калі перакрут быў працяглым і кровазабеспячэнне яечка аднавіць не выйшла, давялося яго забіць, то параметры, натуральна, будуць пагоршаныя.

  Хіміятэрапія і прамянёвая тэрапія. Разнастайныя злаякасныя захворванні любых органаў (не толькі тэстыкулярны рак), перанесеныя ў любым узросце, негатыўна адбіваюцца на параметрах эякуляту.

  ​​​​​​​Варыкознае пашырэнне вен.

 

«Ці дастаткова спермаграмы, каб даведацца, што са сперматазоідамі нешта не так? І што рабіць далей, калі яна паказвае, што справы не вельмі?»

Лекары арыентуюцца па першай спермаграме. Яна пакажа, ці ёсць сперматазоіды, ці рухомыя яны, якая ў іх марфалогія. Калі ў спермаграме ўсё добра, на гэтым можна ставіць кропку. Калі ж у спермаграме ёсць нейкія адхіленні, то ў першую чаргу трэба выключыць уплыў фактараў знешняга асяроддзя і зрабіць паўторнае даследаванне праз цыкл сперматагенезу – праз 2–3 месяцы.

Калі змены захоўваюцца, як і былі, то пацыента абследуюць далей. Даследуюць яго кроў на гармоны, бяруць з палавых шляхоў змесціва на даследаванні ў напрамку ІППШ, робяць пасевы на разнастайныя бактэрыі, якія могуць прысутнічаць у палавых шляхах і ўплываць. Потым ідзе абследаванне ў напрамку дыягностыкі варыкознага пашырэння вен яечка. Робіцца УГД.

Калі параметры эякуляту ў разы меншыя за норму, робяцца генетычныя тэсты. Гэта карыятып, мікрадэляцыя Y-храмасомы, мутацыя AZF і мукавісцыдоз. І далей з гэтымі вынікамі пацыент ідзе да доктара-ўролага-андролага альбо да рэпрадуктолага.

У медыцыне важна ісці ад простага да складанага. А самае простае – гэта збор анамнезу. На гэтым этапе становіцца зразумела, у які бок рухацца. Калі, напрыклад, у чалавека цукровы дыябет, то лекару прыкладна ясна, якімі будуць параметры ў эякуляце і што трэба будзе пракантраляваць. Калі пацыент кажа, што меў нейкія парушэнні ў перыяд пубертату, напрыклад, дрэнна рос або, наадварот, рос занадта хутка, у яго позна з'явілася авалосенне ці нешта яшчэ было незвычайнае, то можна не чакаць паўтарэння спермаграмы праз 2–3 месяцы, а ўжо даваць накіраванне на генетычнае тэставанне.

 

«Што рабіць, калі пра перакручанае яечка ці іншыя моманты біяграфіі расказаць няёмка?»

– Трэба знайсці спецыяліста, якому атрымаецца выкласці ўсё. Кансультацыя лекара каштуе не так дорага. Таму, калі штосьці не падабаецца, вы пачуваецеся скавана і не можаце раскрыцца на прыёме ў доктара, самі разумееце, што недагаворваеце, то трэба знайсці іншага спецыяліста. Таму што менавіта збор анамнезу мацней за ўсё дапамагае зарыентавацца.

Да рэпрадуктолага звычайна прыходзіць пара, але заўсёды можна з якой-небудзь прычыны папрасіць партнёрку выйсці – напрыклад, каб яна падпісала неабходныя дакументы ці адправілася здаваць кроў, пакуль з партнёрам не скончылі. Важна, каб была магчымасць даверыцца.

 

«Усе жанчыны ведаюць, што ў іх “гадзіннічак цікае”. А што ў мужчын з канцэпцыяй часу? Ці бывае ў іх свая “менапаўза”?»

У мужчын сперматазоіды выпрацоўваюцца ўсё жыццё, але з узростам зніжаецца ўзровень тэстастэрону, сэксуальныя кантакты становяцца менш актыўнымі, могуць быць праблемы з эрэкцыяй і эякуляцыяй. Таму аптымальны ўзрост для планавання дзіцяці ў мужчыны, калі ў яго добрыя параметры эякуляту, – гэта да 55 гадоў.

З узростам парушаецца мікрацыркуляцыя, гэта значыць сценкі сасудаў становяцца менш эластычнымі, плюс усе мы набываем багаж нейкіх хранічных захворванняў, плюс інфекцыі – нас акружаюць мікраарганізмы, і яны таксама могуць уплываць. Вось чаму 55 гадоў – гэта ўзрост адсячэння бясплатных праграм ЭКА для мужчын. Пасля гэтага ўзросту паспяховасць працэдуры рэзка зніжаецца.

Хоць цяжарнасць магчымая і ад мужчыны, якому 70 гадоў, зацяжарыць можа быць складаней праз праблемы сэксуальнага характару. Хранічны прастатыт і дабраякасныя ўтварэнні, адэнома прастаты пачынаюць адыгрываць сваю ролю. Нярэдка з'яўляецца сардэчна-сасудзістая паталогія, напрыклад гіпертэнзія, а прэпараты, якія зніжаюць артэрыяльны ціск, аслабляюць эрэкцыю.

 

«Ці праўда, што мужчынскія праблемы ў ложку могуць быць звязаныя з сэрцам?»

Эрэкцыя звязаная з напаўненнем палавога члена крывёю, груба кажучы, гэта значыць яна наўпрост звязаная з кровазабеспячэннем. Таму, калі ёсць праблемы з сасудамі, будуць праблемы з эрэкцыяй. А прэпараты, якія зніжаюць артэрыяльны ціск, нярэдка аслабляюць эрэкцыю.

 

«Як можна падоўжыць жыццяздольнасць сваіх сперматазоідаў?»

Мужчыны могуць захаваць сваю фертыльнасць. Калі мае адбыцца аперацыя на палавых органах ці на любым органе сістэмы па лініі анкалогіі, то можна замарозіць эякулят. У Польшчы анкафертыльнасць развітая вельмі добра: пацыенты з анкалагічным дыягназам могуць бясплатна замарозіць эякулят (таксама, як і жанчыны – свае яйцаклеткі), прычым пры добрых параметрах эякуляту можна з аднаго падыходу зрабіць тры порцыі.

Захоўванне эякуляту не абмежаванае па часе, а замарозіць яго можна ўжо з таго моманту, як пачаліся палюцыі, – гэта значыць сваю фертыльнасць можна захаваць з падлеткавага ўзросту. У Беларусі таксама ёсць магчымасць так зрабіць, але толькі за свае грошы.

 

«Насенню шкодна застойвацца. Але ці шкодна абнаўляць яго часта? Напрыклад, гледзячы порна»

– Адна справа, калі чалавек мае частыя сэксуальныя кантакты з палавым партнёрам, кожны дзень, пару разоў на дзень – на здароўе, кожны выбірае свой рытм сэксуальнага жыцця. Але існуюць пары, дзе мужчына злоўжывае порна, і ў яго адбываецца гіперстымуляцыя палавога члена, так што звычайная стымуляцыя ў межах звычайнага палавога акту для яго ўжо недастатковая.

У такім разе трэба пастарацца зрабіць перапынак, паспрабаваць радзей мастурбаваць. Калі не атрымліваецца па нейкай прычыне вярнуць сабе былыя адчуванні ў кантакце з партнёркай, то ёсць такая спецыяльнасць, як сэксалогія. Абсалютна не сорамна і абсалютна нармальна звярнуцца да сэксолага для таго, каб выйсці з гэтай сітуацыі.

Мастурбацыя раз-два на дзень – акей, але калі стымуляцыі механічнай і візуальнай на працягу дня набагата больш, гэта прыводзіць да розных наступстваў, аж да таго, што людзі потым прыбягаюць да інсемінацыі, бо эякуляцыя ў звычайным палавым кантакце ўжо не адбываецца. Для пары пачынаецца цяжкая праца. Палавы акт становіцца занадта доўгім, у канчатковым выніку спадае эрэкцыя, семявывяржэнне не адбываецца, адпаведна, не здараецца цяжарнасці. Палавое жыццё можа ператварыцца ў пакуту.

 

​​​​​​​

«Наколькі небяспечныя аптэчныя стымулятары эрэкцыі?»

Гэта лекавыя прэпараты, якія выкарыстоўваюцца па паказаннях, і гэта добрае рашэнне, але заўсёды трэба пастарацца знайсці прычыну, чаму не атрымліваецца без дадатковай стымуляцыі. Магчыма, ёсць гарманальныя парушэнні, напрыклад, парушэнне функцыі шчытападобнай залозы – гіпатэрыёз. Магчыма, ёсць нейкая інфекцыя. Магчыма, прастатыт. Гэта значыць, трэба ў першую чаргу абследавацца, а ўжо потым адным з рашэнняў можа быць у тым ліку прызначэнне таблетак. Такіх сродкаў шмат, іх трэба падбіраць індывідуальна.

Праблема можа хавацца ў занізкім узроўні тэстастэрону, але і гэтае пытанне вырашаецца. Існуюць крэмы з тэстастэронам і ін'екцыі. Бывае стымуляцыя сперматагенезу, якая паралельна павялічвае ўзровень тэстастэрону. То-бок варыянтаў безліч, і гэта ўсё можна вырашыць, але для рашэння трэба звярнуцца да лекара.

 

«Атрымліваецца, калі кажуць “гэта ад стрэсу”, усё роўна ўсё ўпіраецца ў фізіялогію?»

– Як правіла, так. Напрыклад, ёсць такі гармон пралакцін. На стрэсе ідзе гіперпрадукцыя пралакціну, а пры гіперпралакцінеміі вельмі часта зніжаецца лібіда. Як у мужчын, так і ў жанчын. Вось і атрымліваецца, што «ўсё ад стрэсу».

Бывае, што праблема «ў галаве». Напрыклад, раз, другі, трэці здарылася няўдача – апала эрэкцыя ці не было эякуляцыі. Мы ўсе ўмеем заганяцца, і, магчыма, тут спатрэбіцца кансультацыя псіхолага. Але першапачаткова заўсёды трэба шукаць арганічную прычыну, нейкае парушэнне. Калі з целам усё ў парадку, мы канстатуем: гэта ўсё ж такі псіхалагічны фактар.

 

«Якія звычкі ўвесці ў жыццё, каб даўжэй заставацца здаровым і сэксуальна актыўным?»

Антыэйджынг-тэрапія завязаная на тым, каб увесці ў наша жыццё звычку займацца спортам. Цягліцы цяпер вызначаюцца як асобны орган, прычым орган, які мае велізарнае значэнне менавіта ў захаванні нашай маладосці.

Лічыцца, што мужчыну трэба займацца спортам ад 4 да 6 гадзін на тыдзень, калі ён хоча мець добрыя параметры насення. Вядома, гэты спорт не мусіць быць звязаны з празмернымі нагрузкамі. Усё ў меру.

Мінімум раз на два дні неабходна мець сэксуальныя кантакты або мастурбаваць. Так ці інакш трэба, каб адбывалася апаражненне і эякулят абнаўляўся.

Варта звярнуць увагу на суплементы дыеты (БАДы), якія дапамагаюць змагацца з аксідатыўным старэннем і паляпшаюць параметры эякуляту: гэта дабаўкі, якія падтрымліваюць L-карніцін і L-аргінін. Трэба прымаць вітамін D. І, вядома, важная дыета: менш тлушчаў (асабліва насычаных), больш бялку, павольныя вугляводы, дастатковая колькасць вадкасці.

А самыя галоўныя ворагі мужчынскага здароўя – курэнне і алкаголь.

 

Ілюстрацыі: Вольга Руммо для 34mag