Вольга Каскевіч

  • 12.05.2015
  • Аўтар: 34mag
  • 3244

Заснавальніца арганізацыі «Багна» Вольга Каскевіч распавядае пра тое, як змагацца з дзяржавай за свае правы, чаму трэба захоўваць багну і як выхоўваць экасумленных грамадзян.

 

 Гераіня:  Вольга Каскевіч, 31 год. Інжынер-эколаг. Заснавальніца арганізацыі «Багна», каардынатар шэрагу прыродаахоўных праектаў і грамадскіх кампаній, у мінулым адвакасі менеджар «Зялёнай сеткі» (да 2017 года) і лідар грамадскага руху «Bezbolot.net» (2011–2013 год). Сакратар навукова-грамадскага Кансультатыўнага савета па экасістэмных паслугах і біялагічнай разнастайнасці пры Навукова-практычным цэнтры біярэсурсаў Акадэміі навук Беларусі.

 Дзейнасць:  ГА «Багна» з 2013 года займаецца аховай дзікай прыроды. Фокус увагі – водна-балотныя ўгоддзі, біяразнастайнасць і асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ).

 Факты:  За час сваёй працы «Багна» зладзіла 16 грамадскіх кампаній і дзясятак прыродаахоўных талок. З 2014 года актывісты працавалі з 5 самымі буйнымі асабліва ахоўваемымі прыроднымі тэрыторыямі. У выніку працы «Багны» было захавана 7 заказнікаў і асабліва каштоўных тэрыторый. Дзякуючы намаганням арганізацыі было абаронена 1950 га балот ад асушэння – гэта па памерах як 121 (!) «Мінск-Арэна».

 

Сайт    FB    VK    Twitter    YouTube    Instagram

 

 

 Гісторыя Вольгі 

– У экалагічны рух я пачала ўключацца праз знаёмства з Ірынай Сухій. Мне вельмі спадабаліся гэтыя людзі ды іх дзейнасць, я падзяляю іх каштоўнасці, напрыклад, прынцыпы ўстойлівага развіцця. Мне падабаецца жыць і ведаць, што вакол ёсць адзінства людзей, якія мяне падтрымліваюць.

Людзі ў грамадскіх арганізацыях рэдка працуюць на поўную занятасць, яны альбо сумяшчаюць гэта з асноўнай працай, альбо курыруюць некалькі праектаў. Наогул грамадская дзейнасць пабудавана не на зараблянні грошай, а на вырашэнні сацыяльна значных праблем, так адбываецца ва ўсім свеце. Іншая справа, што наша дзяржава фінансава нам ніяк не дапамагае, а ў Еўропе ўсе грамадскія арганізацыі спансуюцца афіцыйнымі ўладамі.

На нейкія праекты мы шукаем гранты і атрымліваем спонсарскую падтрымку. У асноўным гэта вельмі малабюджэтныя кампаніі або праекты, для рэалізацыі якіх на патрэбныя буйныя грошы, кшталту арт-фестываля «Багна» альбо стужкі «Подых балот». Цяпер мы плануем з ПРААН сумесны праект па васьмі заказніках і ўстойлівым развіцці гэтых тэрыторый. Гэта будзе восем асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, на якіх прысутнічаюць водна-балотныя ўгоддзі. Зараз гэты праект знаходзіцца на стадыі абмеркавання.

«Грамадская дзейнасць пабудавана не на зараблянні грошай, а на вырашэнні сацыяльна значных праблем, так адбываецца ва ўсім свеце»

 

 

«Дзікая прырода – гэта не толькі тое, што мы абавязаны захоўваць, гэта таксама тое, чым мы можам рацыянальна і ўстойліва кіраваць»

 Што хвалюе «Багну»? 

– Адна з асноўных экалагічных праблем Беларусі – гэта знішчэнне прыродных рэсурсаў. У нас планавая эканоміка, таму, напрыклад, з балот бесперапынна выцягваюць торф для заводаў. Гэта падаецца нормай, але ж насамрэч існуюць альтэрнатыўныя спосабы выкарыстання балот.

Дзікая прырода – гэта не толькі тое, што мы абавязаны захоўваць, гэта таксама тое, чым мы можам рацыянальна і ўстойліва кіраваць: развіваць экалагічны турызм і праводзіць даследаванні. У Беларусь прыязджаюць нямецкія навукоўцы і студэнты вывучаць нашы балоты, бо ў Еўропе ў мінулым стагоддзі ўсе натуральныя багны былі знішчаныя, там не захавалася натуральнага асяроддзя. Дзякуй богу, у нас засталося яшчэ шмат дзікіх тэрыторый.

 Напрамкі дзейнасці: 

  Юрыдычная дапамога і кансультацыі. У «Багне» працуе онлайн-інфацэнтр, праз які любы ахвотны можа атрымаць адказы на свае пытанні ад экспертаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя.

  Адвакатыўныя практыкі. «Багна» з'яўляецца фасілітатарам працэсаў ўдзелу грамадскасці ў пытаннях прыняцця экалагічна значных рашэнняў, фарміравання і адэкватнай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне захавання біяразнастайнасці і ААПТ.

  Экалагічная адукацыя. Сярод іншага «Багна» прапануе бясплатны курс навукова-папулярных лекцый аб дзікай прыродзе і яе ахове – «Школа дзікай прыроды». Першы такі курс быў праведзены ў 2016 годзе і уключаў у сябе восем афлайн-сустрэч на працягу паўгода. У іх прынялі ўдзел пятнаццаць экспертаў з Беларусі, Грузіі, Украіны, Эстоніі, Расіі і больш за 150 слухачоў.

  Кансультацыі па пытаннях экалагічнага менеджменту. «Багна» распрацоўвае рэкамендацыі па ўстойлівым кіраванні водна-балотнымі ўгоддзямі, біяразнастайнасці і прыроднымі тэрыторыямі. Прымае удзел у незалежным маніторынгу службы ляснога апякунскага савета (Forest Stewardship Council) і з 2014 года працуе над развіццём сістэмы ААПТ. Праводзіць незалежныя даследаванні эканамічнай мэтазгоднасці асваення прыродных тэрыторый, роўна як і заканадаўчых актаў і нормаў у сферы аховы дзікай прыроды.

  Медыя-рэсурс пра абарону дзікай прыроды. «Багна» публікуе навіны і аўтарскія матэрыялы пра дзікую прыроду Беларусі і свету на сайце bahna.land.

  Фарміраванне экалагічнай палітыкі. «Багна» працуе з мясцовымі ініцыятывамі, з міністэрствамі і іншымі дзяржаўнымі структурамі Беларусі.

 

 

 Што ўжо зроблена? 

– Каманда грамадскай арганізацыі «Багны» вось ужо чатыры гады працуе над стварэннем іміджу беларускіх балот як унікальнай і каштоўнай з’явы. Ужо бачны вынік – тэма балот фігуруе ў мастакоў, у праектах дзяржаўных структур і СМІ. У 2014 годзе ўпершыню ў Беларусі быў праведзены арт-фестываль «Багна» на балоце, дзе было створана 12 zero-waste аб'ектаў. З іншых дасягненняў – «Багна» зняла першы дакументальны фільм пра беларускія балоты «Подых балот».

Наш першы вялікі поспех у абароне багнаў – гэта захаванне Вецярвiцкага заказніка ў сваіх межах, насуперак жаданню мясцовых уладаў. Пры рэарганізацыі гэтых тэрыторый было парушана заканадаўства, таму што не праводзілася навукова-тэхнічнае абгрунтаванне. Мы падалі скаргу ў суд, і пракурор пагадзіўся, што дзеянні райвыканкама былі неправамоцнымі. Гэты поспех даў нам шмат сілаў, бо раней падавалася, што перамагчы дзяржаву ў нейкіх пытаннях абсалютна нерэальна.

Іншая вялікая справа тычыцца заказніка «Азёры» на балоце Святое ў Гарадзенскай вобласці, якое хацеў забраць сабе мясцовы торфаздабывальны завод. Мы дапамаглі паспяхова правесці грамадскія слуханні сумесна з Мінпрыроды. На гэтых сустрэчах прысутнічала больш за 300 чалавек, прыязджалі акадэмікі і навукоўцы, было вельмі шмат арганізацый і мясцовых жыхароў. Лакальныя бізнэсоўцы распавядалі, якія ў іх ёсць планы па развіцці гэтых тэрыторый, напрыклад, экатурызм. Выказваліся нават рыбакі і дзевяностагадовыя дзядулі, гэта было так душэўна! Мясцовыя так эмацыйна распавядалі свае гісторыі, што супрацоўнікі завода нават нічога не былі здольныя сказаць.

«Сам факт падрыхтоўкі закона пра балоты – гэта вялікая перамога для “Багны”»

У выніку хутка – з пачатку 2019 года – ўступіць у сілу зацверджаны Закон «Аб ахове і выкарыстанні балот (тарфянікаў)». Усе натуральныя і ў стане блізка да натуральнага балоты будуць знаходзіцца пад аховай. Сам факт падрыхтоўкі закона пра балоты – гэта вялікая перамога для «Багны», таму што раней пастанова Савміна «Аб некаторых пытаннях здабычы торфу...» прадугледжвала выкарыстанне асобных ААПТ для здабычы торфу.

Іншы наш праект – ахова васьмі ўнікальных балот, адно з іх – Марочна на Палессі. Там такія яркія бабулі! Яны распавядалі, як сем’ямі хадзілі па журавіны і голасна спявалі, каб чуць адна адну і не згубіцца. Таксама яны прыгадалі, як аднойчы балота гарэла. Хтосьці кінуў недакурак, багна загарэлася – і шмат звяроў апынулася ў вогненным коле і не здолела выбрацца з агню. Ад гэтых уражанняў мужчыны потым проста напіліся ўвечары. Вельмі жаласна гэта ўсё было... Калі мы здымалі кіно «Подых балот», то хацелі зняць найстарэйшых зборшчыц журавін. На жаль, некаторых ужо падводзяць ногі, і яны не могуць наведваць сябровак, бо вёскі знаходзяцца ў некалькіх кіламетрах адна ад адной. Мы змаглі арганізаваць сустрэчу дзвюх жанчын, якія не бачыліся ўжо дваццаць гадоў, – і яны зноў спявалі свае песні разам.

 

 

«Экалогія для нас не пусты гук, для нас важна, якім паветрам мы дыхаем і якую ваду п'ём кожны дзень»

 Філасофія арганізацыі 
 
– Экалогія для нас не пусты гук, для нас важна, якім паветрам мы дыхаем і якую ваду п'ём кожны дзень. У не закранутых тэхнагеннымі катастрофамі краінах чыстае паветра і чыстая вада – гэта аб'ектыўнае дабро, даступнае нават жыхарам вялікіх гарадоў. Тым не менш, у гэтых краінах прыродаахоўнае заканадаўства жорстка рэгулюе выкарыстанне прыродных рэсурсаў і старанна сочыць за экалагічнай становішчам.

Мы разумеем, што нам ёсць чаму вучыцца ў нашых суседзяў, таму мы хочам павышаць экалагічную самасвядомасць і адказнасць людзей у Беларусі. З 2012 года мы наладжваем кантакты з многімі людзьмі, ад простых грамадзянскіх актывістаў, якія змагаюцца за сваё канстытуцыйнае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, да навукоўцаў-эколагаў, якія прысвяцілі сваё жыццё вывучэнню гэтага асяроддзя і таго, які ўплыў яна аказвае на якасць жыцця чалавека. Мы таксама супрацоўнічаем з мясцовымі і міжнароднымі арганізацыямі экалагічнай накіраванасці.

 

 

 Як уключыцца ў дзейнасць «Багны»? 

Каб стаць валанцёрам «Багны», трэба запоўніць невялікую анкету. У адказах раскажы, як часта ты гатовы супрацоўнічаць і ў якой сферы хочаш развівацца. Праца для добраахвотнікаў з'яўляецца рэгулярна, і яна самая разнастайная. Гэта можа быць, напрыклад, дапамога ў стварэнні дызайна брашуры, арганізацыі лекцыі або перакладзе тэксту.

 

Чытай па тэме:

«Што такое праект Е-40 і як ён пагражае Прыпяці?»

Аўдыягісторыя пра воўка і пра людзей, якія яго захоўваюць