Вандроўнікі Рома Свечнікаў і Воля Палевікова запісалі падкаст
- Рубрыка: УЛОЎ
- 13.08.2019
- 7173
Зараз у выдавецтве Corpus рыхтуецца перавыданне бэстсэлера пра кругасветку «Рома едзе» на рускай мове. Напярэдадні гэтай файнай падзеі вандроўнікі-летуценнікі Рома Свечнікаў і Воля Палевікова запісалі падкаст для Radio Plato, дзе ўспомнілі, як яно ўсё было.
Самі рабяты кажуць, што атрымалася «нешта сярэдняе паміж гутаркай з сябрамі ля вогнішча, візітам да псіхатэрапеўта і аўдыядакументалкай у трох частках». У ніжэйпрычэпленым аўдыя Рома і Воля шчыра распавялі пра знаёмства ў Шанхаі, вялікі амерыканскі трып, небяспечны вайб Лацінскай Амерыкі і жорсткае вяртанне. А яшчэ адказалі на сакраментальнае пытанне: ці ёсць жыццё пасля кругасветкі?
Кніга «Рома едзе» вырасла з вялікага падарожжа, за непрадказальнымі паваротамі якога чытачы і чытачкі 34mag сачылі ў межах спецпраекта «Рома едзе». Пачытаць рэаліці-нататкі ў электронным фармаце ты можаш тут і тут.
Уражанне ад прыгод Свечнікава рэкамендуем шліфануць чытаннем велізарнага інтэрв’ю, якое Рома даў 34 адразу па вяртанні на радзіму.